Беларуская маладзёжная (радыёстанцыя)

радыёстанцыя

Радыёстанцыя «Беларуская маладзёжная» (1963—1994) — галоўная беларуская рэдакцыя праграм для моладзі. Існавала ў межах дзяржаўнага беларускага радыё.

Беларуская маладзёжная
Горад Мінск
Краіна Беларусь
Фармат беларускамоўны
Музычны фармат беларускамоўны, маладзёвы
Частата на (Беларускім радыё)
Дата пачатку вяшчання 1963
Дата канца вяшчання 1994
Заменены Радыё 101,2,
газета «Беларуская маладзёжная»
Заснавальнік Беларускае радыё
Уладальнік Першы Нацыянальны канал Беларускага радыё

Гісторыя

правіць

Была заснавана ў 1963 годзе. Гэта была другая на тэрыторыі СССР спецыялізаваная рэдакцыя са статусам радыёстанцыі пасля маскоўскага радыё «Юность» (знакаміты «Маяк» з’явіцца годам пазней). Афіцыйна яна называлася «галоўная рэдакцыя праграм для моладзі» ў сістэме дзяржаўнага радыё БССР, а «Беларуская маладзёжная», натуральна, было дасціпнай назвай, або папросту — брэндам радыёстанцыі.

З 1986 года кіраваць рэдакцыяй прызначылі 30-гадовую журналістку Жанну Літвіну, якая змяніла фарматы перадач. Вострыя тэмы, яркія выступоўцы (сярод якіх, дарэчы, не раз фігураваў і Аляксандр Лукашэнка, на той момант — заўзяты апазіцыянер), смелая і свабодная манера размоў у эфіры — вось тое, за што любілі і слухалі праграмы БМ.

Яшчэ ў канцы 1980-х радыёстанцыя запісала круглы стол з удзельнікамі руху «Талака», якія ўпершыню загаварылі аб нацыянальнай валюце, нацыянальнай арміі, суверэнітэце і незалежнасці Беларусі. (Стужкі з запісам у той жа дзень забрала КДБ, ускрыўшы мантажную, але пасля скандалу на ўзроўні кіраўніцтва Дзяржтэлерадыё запісы вярнулі).

Рэдакцыя адной з першых пачала расказваць пра нацыянальнае адраджэнне і ўздымала ў эфіры самыя вострыя тэмы, што абмяркоўваліся палітыкамі новай дэмакратычнай фармацыі — пошукі праўды пра Чарнобыль, стварэнне Свабоднага прафсаюзу, незалежнасць краіны і г.д.

Студзеньскія падзеі

правіць

З 1991 года БМ дамаглася таго, што час, у які традыцыйна выходзілі вечаровыя навіны з Масквы, замацаваўся за ёй. Праз некалькі тыдняў пасля гэтага адбыліся сумнавядомыя падзеі студзеньскага штурму Вільнюскай тэлестудыі і ўводу савецкіх войскаў у Вільнюс падчас вечаровага эфіру адбылося прамое ўключэнне Сяргея Дубаўца з рэпартажам з Літвы, і ў праграме загучалі словы пра акупацыю Літвы савецкімі войскамі[1]. Праз некалькі хвілін Васіль Крупскі распавёў у прамым эфіры, што ў Персідскім заліве раніцай пачнецца вайна.

Наступным днём пасяджэнне Вярхоўнага Савета пачалося з праслухоўвання стужкі, на якую запісваўся эфір, была створана камісія, якая мусіла разабрацца ў гэтай антысаветчыне ці яшчэ чымсьці на Беларускім радыё, а паралельна была створана і група дэпутатаў, якая накіравалася ў Вільнюс, каб на ўласныя вочы паглядзець, што ж там такое адбываецца. Санкцый з боку кіраўніцтва Дзяржтэлерадыё ў дачыненні да рэдакцыі пасля гэтага не было, хаця на змену лаяльнаму Генадзю Бураўкіну на пасаду старшыні Дзяржтэлерадыёкампаніі ў той час ужо прыйшоў Аляксандр Сталяроў. Аднак праз нейкі час вечаровыя эфіры БМ усё ж перасунулі з прайм-тайму а 19.00 на позні вечар.

Супрацоўнікі

правіць

У пачатку 1990-х у складзе рэдакцыі працавалі Уладзімір Дзюба, Валянціна Стэльмах, Анатоль Груша, Алена Сцяпанава, Іна Студзінская, Таццяна Мельнічук, Алена Радкевіч, Віталь Сямашка, Ігар Ганчарук, Уладзімір Давыдоўскі, Лявон Вольскі, Зміцер Лукашук, Алесь Дайнека.

Пасля здабыцця незалежнасці, у 1992—1993 гадах прыйшло пакаленне зусім маладых супрацоўнікаў: Алесь Хмяльніцкі, Іван Кобзік, Ганна Харужая, Генадзь Кеснер, Ірына Курапаткіна, Вольга Бабак.

Сярэдні ўзрост журналістаў рэдакцыі складаў каля 30 гадоў. БМ актыўна асвятляла падзеі ў моладзёвай культуры, рок-музыцы. Як ні складана гэта сёння ўявіць, пераважная большасць супрацоўнікаў размаўляла ў эфіры тагачаснага дзяржаўнага радыё на «тарашкевіцы».

Закрыццё

правіць

Увесну 1994 года, напярэдадні першых прэзідэнцкіх выбараў, кіраўніцтва Дзяржаўнага камітэта па тэлебачанні і радыёвяшчанні расфарміравала рэдакцыйны калектыў Галоўнай рэдакцыі вяшчання для моладзі («Беларускай маладзёжнай») у сувязі з чарговай зменай арганізацыйнага статусу Дзяржаўнага камітэта па тэлебачанні і радыёвяшчанні. Жанна Літвіна кажа, што Вячаслаў Кебіч прыняў гэта рашэнне збольшага таму, што БМ не падтрымала яго на прэзідэнцкіх выбарах 1994 года[1].

Іншыя праекты

правіць

Нягледзячы на тое, што фармальна ва ўсіх супрацоўнікаў БМ (за выключэннем А. Радкевіч і В. Сямашкі) была магчымасць працягнуць працу ў структуры дзяржаўнага радыё ў іншых рэдакцыях, большая частка калектыву напісала заявы аб звальненні па ўласным жаданні. Пасля перамоў з Жаннай Літвіной некалькі чалавек з рэдакцыі засталіся працаваць на дзяржрадыё — на новаўтвораным інфармацыйна-музычным канале «Радыё-2», які вяшчаў на Другім канале дзяржаўнага радыё. Аднак напярэдадні рэферэндуму 1996 года вяшчанне гэтага канала, які ўзначаліў былы супрацоўнік БМ Уладзімір Дзюба, таксама прыпынілі. На працягу двух гадоў усе журналісты, што працавалі раней у БМ, звольніліся з Радыё-2, а яшчэ праз год рэдакцыю трансфарміравалі ў канал «Культура».

Шмат хто з журналістаў пачаў працаваць на Радыё 101,2, якое фактычна з’яўлялася спадкаемніцай радыёстанцыі «Беларуская маладзёжная», якая была зарэгістравана ў чэрвені 1994 года напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. У канцы жніўня 1994 года Рада Фонда Сораса задаволіла заяўку на выдаткаванне сродкаў на перадатчык для радыёстанцыі. У эфір радыёстанцыя выйшла 21 ліпеня 1995 года пасля мантажу радыёперадатчыка, рамонту памяшкання радыё, і абсталявання студыі[2].

Яшчэ ў сакавіку 1994 года была зарэгістравана газета «Беларуская маладзёжная», у якой друкаваліся расшыфроўкі радыйных гутарак, анонсы эфіраў і ўсё, што не змяшчалася ў радыёфармат. Калі радыёстанцыю зачынілі, газета засталася.

Зноскі

  1. а б Закрываецца радыёстанцыя «Беларуская маладзёжная» Архівавана 17 красавіка 2020., 90s.by
  2. Прэс-служба ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў». 15 гадоў таму ўпершыню выйшла ў эфір Радыё 101.2 (Дадалося аўдыё) (недаступная спасылка). Беларуская асацыяцыя журналістаў (21 ліпеня 2010). Архівавана з першакрыніцы 3 кастрычніка 2011. Праверана 3 красавіка 2020.

Спасылкі

правіць