Беларуская марсельеза

«Беларуская марсельеза» — назва, якой азначалі дзве розныя беларускія патрыятычныя песні.

1. У пач. 20 ст. з’явілася «Адвеку мы спалі», аўтар словаў раней быў невядомым, і лічылася, што песня была пачута ў першы раз у 1906, «сярод рэвалюцыйнага сялянства Слуцкага ўезда Мінскай губерніі»[1]. Варыянт, датаваны 1917 годам, са словамі «...што трэба зладзеяў пабіць», прыпісваўся Уладзіславу Галубку[2]. Пазней было высветлена,[3] што аўтарам словаў быў паэт А. А. Мікульчык. Песню шырока называлі «Беларускай марсельезай»[2] за патрыятычны і рэвалюцыйны пафас словаў, але спявалі яе на іншую мелодыю, чым «La Marseillaise». У 1920-я і, верагодна, пазней, гэтая песня была фактычным гімнам БССР і беларускага нацыянальнага руху за мяжой.

2. У канцы 1980-х — пачатку 1990-х, у беларускім патрыятычным асяродку назвай «беларуская марсельеза» азначалі, час ад часу, верш Багдановіча «Пагоня», спяваны на мелодыю «La Marseillaise»[4].

Тэкст правіць

Вядомыя розныя варыяцыі тэксту «Адвеку мы спалі», у адным з іх першыя звароткі гучаць так:

Адвеку мы спалі і нас разбудзілі,
Пазналі, што трэба рабіць,
Што трэба свабоды, зямлі чалавеку,
Што трэ’ лепшай долі здабыць
Бо што ж то за марная доля такая
Для іншых карысці працуй
Па нашых абшарах чужынец гуляе
А ты ў родным краі гаруй

Зноскі

  1. Беларуская Марсельеза // Ф. Турук. Белорусское движение. Очерк истории национального и революционного движения белоруссов. – Москва : Государственное издательство, 1921 ; Мн. : Картографическая фабрика Белгеодезии, 1994.
  2. а б Паводле нарысу навейшай беларускай літаратуры Карскага.
  3. Беларуская марсельеза: тэкст і яго аўтар Аляксандр Мікульчык на фоне эпохі / А. Каўка // Роднае слова : Штомесячны навуковы i метадычны часопiс. - 2007. - № 9. - С. 81 - 83
  4. Звычайна, мелодыя была спрошчаная.