Беларуская навучальная акруга
Беларуская навучальная акруга — навучальна-адміністрацыйная адзінка ў Расійскай імперыі ў 1829—1850 гадах. Цэнтр знаходзіўся ў Віцебску. Утворана 17 студзеня 1829 года пасля рэарганізацыі Віленскай навучальнай акругі ў сувязі са зменай урадавага курсу ў галіне асветы на беларуска-літоўскіх землях ва ўмовах узмацнення польскага нацыянальна-вызваленчага руху.
Спачатку ў склад акругі ўваходзілі Віцебская і Магілёўская, з 1831 года Мінская, з 1832 года Гродзенская, Віленская губерні і Беластоцкая вобласць. Кіраванне акругай ажыццяўляў папячыцель, пры якім дзейнічала праўленне (у яго склад уваходзілі дырэктары гімназій і ганаровыя папячыцелі).
Рэформа асветы ў акрузе праводзіліся ў адпаведнасці са «Статутам гімназій і вучылішчаў павятовых і прыходскіх» (1828) і «Дадатковымі пунктамі да статута навучальных устаноў у дачыненні да Беларускай навучальнай акругі» (1829). Апошнім дакумент прадугледжвал уключэнне ў курс прыходскіх вучылішчаў навучанне «мясцовай мове». Пераўтварэнне навучальнай сістэмы ў Віцебскай і Магілёўскай губернях праводзілася ў 1836 годзе, у астатніх губернях — у 1838 годзе, з мэтай ліквідацыі польскага палітычнага і культурнага ўплыву, уніфікацыі навучання з рускімі губернямі навучальныя ўстановы выключаліся з падпарадкавання каталіцкага духавенства, замест польскай мовы ўводзілася руская, што мела вынікам замену значнай часткі настаўнікаў.
За час існавання Беларускай навучальнай акругі на яе тэрыторыі створана 6 гімназій (Віцебская, Гродзенская, Магілёўская, Мінская, Свіслацкая, Слуцкая), 17 павятовых вучылішчаў (Аршанскае, Бабруйскае, Брэсцкае, Віцебскае, Касцюковіцкае, Лепельскае, Лідскае, Магілёўскае, Мазырскае, Маладзечанскае, Мсціслаўскае, Навагрудскае, Пінскае, Полацкае, Пружанскае, Рагачоўскае, Слонімскае), 160 пачатковых школ і 29 пансіёнаў. У 1834 годзе адкрыта першая на Беларусі Віцебская настаўніцкая семінарыя.
У 1840 годзе на 4630 тыс. жыхароў акругі прыпадала 11,9 тыс. вучняў, у т. л. 65,2 % дзеці памешчыкаў, духавенства, чыноўніцтва, 18,5 % дзеці сялян і аднадворцаў, 16,3 % дзеці мяшчан, рамеснікаў, разначынцаў. У школах акругі працавалі 553 настаўнікі, з іх 360 чал. былі мясцовымі ўраджэнцамі; 288 настаўнікаў паходзілі з дваранскіх сямей, 137 — 3 духавенства, 128 — з падатных саслоўяў. Большасць настаўнікаў гімназій і павятовых вучылішчаў мелі вышэйшую і спецыяльную педагагічную адукацыю. У 1833 годзе пасаду настаўніка павятовага вучылішча ў акругі збіраўся заняць Вісарыён Рыгоравіч Бялінскі (пазней адмовіўся); асноўныя палажэнні яго рэферата «Мае думкі пра тое, якім чынам належыць дзейнічаць настаўніку пры навучанні рускай мове вучняў, што не могуць гаварыць на ёй, і які са свайго боку не ведае іх роднае мовы» знайшлі адлюстраванне ў метадычным пісьме, разасланым у 1834 папячыцелем у школы акругі. Пры ўтварэнні акругі ўрад меў намер адкрыць тут вышйшую навучальную ўстанову. Пасля скасавання Віленскага ўніверсітэта (1832) планавалася заснаванне вышэйшай навучальнай установы (ліцэя) у Оршы, на гэтыя мэты было выдзелена 209,5 тыс. руб. серабром і 3,5 тыс. руб. асігнацыямі.
Аднак у 1834 годзе ўрад адмовіўся ад сваёй задумы, матывуючы тым, што патрэбы краю зможа задаволіць адкрыіы тады ж Кіеўскі ўніверсітэт. Толькі ў 1848 годзе адкрыўся Горы-Горацкі земляробчы інстытут — адзіная вышэйшая навучальная ўстанова ў акрузе.
2 мая 1850 года акруга ліквідавана, навучальныя ўстановы Віленскай, Гродзенскай, Ковенскай і Мінскай губерняў аднесены да адноўленай Віленскай навучальнай акругі, навучальныя ўстановы Віцебскай і Магілёўскай губерніі — да Пецярбургскай навучальнай акругі.
Папячыцелі акругі
правіць- Р. І. Карташэўскі (1829—1835)
- Е. А. Грубер (1835—1850)
Літаратура
правіць- Асвета і педагагічная думка ў Беларусі: Са старажытных часоў да 1917 г. — Мн., 1985. — С. 182—183.
- Пасэ, У. С., Цяплова, В. А. Беларуская навучальная акруга / У. С. Пасэ, В. А. Цяплова // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1993. — 494 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-074-2. — С. 382—383.
- Пічэта, У. І. Пытанне аб вышэйшай школе на Беларусі ў мінулым. — Мн., 1991.