Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў
Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р), Партыя беларускіх эсэраў — палітычная партыя ў 1918—1924.
Пачала фарміравацца ў красавіку 1918. Ініцыятарам сгварэння БПС-Р была народніцкая група на чале з Т. Грыбам і П. Бадуновай, якая выступіла супраць правага крыла ЦК Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ) за яго падтрымку германскай арыентацыі Рады Беларускай Народнай Рэспублікі і заявіла пра сваю аўтаномію ў рамках БСГ.
Прадстаўнікі групы выйшлі з Народнага сакратарыята БНР і ў маі 1918 заявілі аб стварэнні БПС-Р. Кіруючае ядро партыі склалі выхадцы з БСГ: М. Асвяцімскі, П. Бадунова, Т. Грыб, Л. Заяц, А. Карач, Я. Ладноў, Я. Мамонька, А. Маркевіч, С. Некрашэвіч, М. Пашкевіч, У. Русак, Я. Трафімаў, Я. Чарапук, Ф. Шантыр, М. Шыла і інш. Пазней да іх прымкнулі В. Ластоўскі і А. Цвікевіч.
Друкаваныя органы — «Беларуская думка», «Грамадзянін» (Вільня), «Родны край» (Гродна), «Наша каляіна» (Слуцк), «3маганне» (Мінск). У Мінску, Гродне і Вільні дзейнічалі губернскія камітэты БПС-Р. У ліпені 1920 налічвала больш за 20 тыс. членаў, у т. л. 5 тыс. партыйных функцыянераў. Кіравала дзейнасцю «Грамады моладзі» (10 тыс. членаў), «Сувязі беларускага сялянства» (20 тыс. членаў), кантралявала Усебеларускі настаўніцкі саюз, Гродзенскую сялянскую раду.
Праграмныя палажэнні
правіць3 самага пачатку свайго існавання БПС-Р пачала прэтэндаваць на авангардную ролю ў беларускім грамадска-палітычным руху. У аснове тактыкі БПС-Р была праграма БСГ. У брашуры «Чаго дабіваецца Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў» (выдадзена ў чэрвені 1918) ЦК БПС-Р, звяртаючыся да сялянскіх мас, заявіў, што ўпэўнены «ў перамозе беларускай рэвалюцыі» і таму ўступіў «у няроўны бой за свае народніцкія ідэалы, ідэалы рэвалюцыі і сацыялізму». Ён заклікаў працоўных да актыўнай рэвалюцыйнай барацьбы супраць «прыгнёту і самаўпраўства германскіх акупантаў, за ўстанаўленне сапраўднага народаўладдзя ў Беларусі». Партыя заявіла пра сваю сацыялістычную арыентацыю, пацвердзіла, што ўвядзенне сацыялістычнага парадку магчыма праз развіццё класавай барацьбы і сацыялістычнай рэвалюцыі, застаючыся пры гэтым выразнікам сялянскіх імкненняў беларускай вёскі.
У нацыянальным пытанні БПС-Р адмовілася ад ідэі БСГ пра тэрытарыяльную аўтаномію Беларусі ў межах Расійскай дэмакратычнай федэратыўнай рэспублікі і адназначна выказалася за ажыццяўленне права вольнага самавызначэння за ўсімі народамі былой царскай імперыі, пры якім асноўныя законы і формы ўлады вызначыў бы Усебеларускі ўстаноўчы з’езд. Хоць партыя дапускала наладжванне федэратыўных адносін Беларусі з Расіяй, вырашэнне гэтага пытання яна разглядала ў кантэксце перамогі сусветнай рэвалюцыі і ўтварэння сусветнай федэрацыі.
У аграрным пытанні БПС-Р у асноўным паўтарала праграму БСГ. Але былі і некаторыя дапаўненні. У прыватнасці, ставілася задача дабівацца ўстанаўлення нормы зямельнага надзелу не ніжэй за спажывецкую і не вышэй за працоўную. Аддаючы прыярытэт працоўнаму сялянству, партыя лічыла, што неабходна ажыццявіць сацыялізацыю зямлі, гэта значыць адмяніць прыватную ўласнасць на яе і ўстанавіць ураўняльна-працоўнае землекарыстанне, якое б выключала наёмную працу. БПС-Р, як і ўсе сялянскія партыі, абвяшчала зямлю народнай уласнасцю. У гады замежнай інтэрвенцыі партыя беларускіх эсэраў высунула палажэнне «стварыць краявы зямельны фонд, з якога бясплатна надзяляць зямлёй усіх тых, хто пажадае ўласнымі сіламі яе апрацоўваць. Для планавага землеўпарадкавання стварыць асобыя зямельныя камітэты ў валасцях, паветах, губернях і цэнтральны Усебеларускі».
Многія праграмныя палажэнні БПС-Р пераклікаліся з бальшавіцкімі. Аднак у іх былі закладзены і рысы будучых разыходжанняў. Самая істотная з іх — адносіны да сялянства. Беларускія эсэры лічылі яго (за выключэннем кулацтва) працоўным і такім чынам натуральным прыхільнікам сацыялізму, а з колькаснай яго перавагі выводзілі гегемонію ў рэвалюцыі. У палітычных дэкларацыях яны прапагандавалі думку пра асаблівую ролю аграрных дзяржаў у сусветным рэвалюцыйным працэсе, якія падштурхоўвалі пралетарыят да рашучых дзеянняў.
Гісторыя
правіцьДа восені 1918 БПС-Р значна пашырыла свой уплыў на сялянскія масы, замацавала палітычныя пазіцыі на акупіраванай германскімі войскамі тэрыторыі Беларусі. ЦК партыі прымкнуў да паўстанцкага руху, спрабаваў устанавіць кантроль над партызанскімі атрадамі ў Мінскай і Гродзенскай губернях. Тут дзейнічалі «сялянскія дружыны», якія пазней былі зведзены ў «Сувязь беларускага працоўнага сялянства». Яны ў асноўным выконвалі функцыі атрадаў самаабароны — вялі барацьбу супраць бясчынстваў нямецкіх акупацыйных улад. У ліпені 1918 у Радзе БНР эсэраўская фракцыя выказала недавер ураду Р. Скірмунта, сфарміраванаму з прадстаўнікоў памешчыцкіх арганізацый. Пад націскам эсэраў «кабінет міністраў» падаў у адстаўку. Быў сфарміраваны кааліцыйны ўрад, куды ўвайшлі і эсэраўскія прадстаўнікі на чале з сацыялістам-федэралістам I. Серадой. Але гэты ўрад хутка перадаў свае паўнамоцтвы новаму «Народнаму сакратарыяту» (чацвёртаму яго складу), які ўзначаліў лідар беларускіх сацыял-дэмакратаў А. Луцкевіч. Беларускія эсэры практычна не мелі ўплыву на гэты ўрад. Яны не змаглі змяніць і палітычную арыентацыю Рады БНР, што працягвала супрацоўнічаць з нямецкай акупацыйнай адміністрацыяй. Гэта прымусіла ЦК БПС-Р перагледзець тактыку партыі ў барацьбе з нямецкімі акупацыйнымі ўладамі, якая ўсё больш зводзілася да ўзброеннага супраціўлення.
У кастрычніку 1918 ЦК БПС-Р выдаў адозвы «Час прабіў — далей чакаць нельга» і «Што рабіць». У іх ён заклікаў беларускіх сялян, рабочых і народную інтэлігенцыю правесці на ўсёй тэрыторыі Беларусі выбары ў мясцовыя валасныя, павятовыя і губернскія Саветы і па меры іх фарміравання перадаць ім усю паўнату ўлады. ЦК заклікаў таксама правесці 2-і Усебеларускі з’езд, які і павінен быў ад імя беларускага народа замацаваць незалежнасць БНР. Аднак ажыццявіць задуманае не ўдалося. У час адыходу нямецкіх войск з тэрыторыі Беларусі кіраўніцтва БПС-Р высунула лозунг барацьбы супраць 2 акупантаў — Германіі і Расіі. У сумеснай з сацыялістамі-федэралістамі дэкларацыі ЦК БПС-Р заявіў, што незалежнасці БНР можна дамагчыся толькі пры апоры на «ўласныя сілы беларускага працоўнага народа». У дэкларацыі была сфармулявана ідэя «трэцяй сілы» ў беларускай рэвалюцыі, пад якой меліся на ўвазе самі эсэры. Абвяшчаючы рэвалюцыйныя лозунгі, ЦК БПС-Р адначасова імкнуўся дамовіцца з нямецкай акупацыйнай адміністрацыяй пра перадачу дзяржаўнай улады ў Беларусі Радзе БНР, якая ў канцы 1918 спрабавала разгарнуць сваю дзеннасць у Гродне. Нямецкая акупацыйная адміністрацыя адмовілася задаволіць патрабаванні ЦК БПС-Р. Тым не менш ён не пакінуў намераў вывесці з палітычнай ізаляцыі Раду БНР. 3 гэтай мэтай ЦК заклікаў нацыянальна-дэмакратычныя партыі вярнуць сваіх прадстаўнікоў у Раду і паставіў задачу ператварыць яе ў кіруючы нацыянальна-палітычны цэнтр барацьбы за «адраджэнне дзяржаўнасці беларускага народа». Такія прагматычныя імкненні падтрымлівалі Беларускі настаўніцкі саюз, прафсаюзы чыгуначнікаў, паштова-тзлеграфных служачых і інш. Беларускія эсэры спрабавалі накіраваць у рэчышча барацьбы за «нацыянальныя ідэалы» і свае сялянскія дружыны. Але апошнія былі няўстойлівыя і не маглі адыграць вырашальнай ролі ў іх барацьбе. He падтрымала ЦК БПС-Р і земска-гарадское аб’яднанне палітычных партый (меншавікі, расійскія эсэры, бундаўцы), якое адстойвала ідэю аўтаноміі Беларусі ў межах Расійскай федэратыўнай дэмакратычнай рэспублікі.
ЦК БПС-Р, застаючыся прыхільнікам ідэі незалежнасці БНР, не прызнаў абвешчаную бальшавікамі 1 студзеня 1919 Беларускую Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку (БССР). Кіраўніцтва партыі заявіла, што БССР не з’яўляецца ў поўным сэнсе дзяржавай, і заклікала сваіх палітычных саюзнікаў не аказваць ёй падтрымкі. Яшчэ ў снежні 1918 ЦК БПС-Р падтрымаў ідэю Рады БНР пра заключэнне саюзу з Літоўскай Тарыбай, якая пагадзілася на далучэнне Гродзенскай губерні да Літоўскай дзяржавы, хоць гэта і супярэчыла пастаянным заявам эсэраўскіх кіраўнікоў пра «непадзельнасць Беларусі», адданасць «святой беларускай справе». Але і гэта камбінацыя была бесперспектыўнай. Намаганні беларускіх эсэраў, як і іншых нацыянальна-дэмакратычных партый, дамагчыся тэрытарыяльнай аўтаноміі перарываліся літоўскім урадам.
У сакавіку 1919 ЦК БПС-Р выступіў супраць аб’яднання Літвы і Беларусі ў Літоўска-Беларускую Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку (Літбел). У гэты перыяд рознагалоссі паміж камуністамі і беларускімі эсэрамі выявіліся перш за ўсё па нацыянальным і аграрным пытаннях. ЦК БПС-Р адхіліў праграму КП(б)ЛіБ, у якой рабілася стаўка на арганізацыю ў рэспубліцы калгасаў і саўгасаў замест перадачы сялянам канфіскаванай памешчыцкай зямлі. Процістаянне прывяло да таго, што БПС-Р вымушана была перайсці на нелегальнае становішча на савецкай тэрыторыі. Пасля акупацыі Беларусі польскімі войскамі ЦК БПС-Р наладзіў кантакт з кіраўніцтвам Польскай сацыялістычнай партыі, спрабаваў дамагчыся перадачы «грамадзянскай улады» на Беларусі Радзе БНР. Аднак польскія кіруючыя колы, якія на словах пракламавалі ідэю федэрацыі Беларусі з Польшчай, на самай справе імкнуліся ператварыць беларускія землі ў неад’емную частку сваёй дзяржавы. Гэта вымусіла БПС-Р стаць у апазіцыю да польскіх інтэрвентаў, што беларускія эсэры адкрыта прадэманстравалі ў чэрвені 1919 на Беларускім з’ездзе Віленшчыны і Гродзеншчыны. Пад уплывам дэлегатаў-эсэраў з’езд выказаўся за адраджэнне літоўска-беларускай дзяржавы ў межах былога ВКЛ.
У верасні 1919 кіраўніцтва БПС-Р заявіла, што ідэю ўстанаўлення рэспубліканскага ладу на Беларусі можа рэалізаваць толькі працоўны кангрэс, выбраны на аснове ўсеагульнага выбарчага права ўсімі працоўнымі пластамі беларускага народа. На думку эсэраў, у яго складзе не павінна быць прадстаўнікоў эксплуататарскіх класаў — памешчыкаў і духавенства. БПС-Р такім чынам рабіла крок насустрач бальшавікам, якія лічылі Устаноўчы сход і ў цэлым формы парламентарызму несумяшчальнымі з задачамі сацыялістычнай рэвалюцыі. Хоць эсэры не прызнавалі савецкую ўладу ў якасці прымальнай формы для дзяржавы працоўных, яны выказаліся за Беларускую працоўную народную рэспубліку. Пад ёй БПС-Р разумела ўстанаўленне дыктатуры ўсяго працоўнага народа, а не толькі пралетарыяту.
11 ліпеня 1919 ЦК БПС-Р у газеце «Беларуская думка» апублікаваў дэкларацыю, у якой заклікаў стварыць агульны фронт барацьбы за вызваленне Беларусі. У дакуменце адзначалася, што, «застаючыся на аснове аб’яднання ўсіх палітычных груп і партый, БПС-Р, прымаючы пад увагу ўсю хаатычную дэзарганізацыю беларускай нацыянальна-палітычнай думкі і тую асобую палітыку, якую вядуць многія дзеячы ад імя беларускага народа, лічыць неабходным весці самую актыўную барацьбу з гэтым злом і заклікае, каб усе разам стварылі агульны фронт, адзіны магутны нацыянальна-палітычны арганізм, які павёў бы барацьбу за вызваленне Беларусі». Гэты зварот быў адрасаваны і бальшавікам. БПС-Р схілялася да супрацоўніцтва з імі ў ходзе барацьбы з польскімі акупантамі, заняла рэзка негатыўную пазіцыю адносна тых сіл, якія падтрымлівалі ідэю заключэння «уніі Беларусі з Польшчай». У лістападзе 1919 на сваёй канферэнцыі ў Мінску эсэры парвалі з тымі палітычнымі партыямі, што арыентаваліся на Польшчу. Яны абвясцілі сябе «трэцяй сілай», якая змагаецца за нацыянальную незалежнасць на 2 фронты — супраць польскіх інтэрвентаў і супраць «імперыялістычна-маскоўка-дзянікінскай сілы», што ідзе з Усходу.
Змяніўшы тактыку, БПС-Р адмовілася ад барацьбы з савецкай уладай, пацвердзіла непрыманне якой-небудзь кааліцыі з буржуазнымі партыямі. У прынятай канферэнцыяй рэзалюцыі гаварылася, што БПС-Р будзе праводзіць у жыццё Трэцюю ўстаўную грамату, якая абвясціла незалежнасць Беларусі. Эсэраўскія лідары таксама сцвярджалі, што мэта іх партыі — устанаўленне «сярэдняй улады» (дыктатуры працоўнага народа), якая стаіць паміж дыктатурай пралетарыяту і дыктатурай буржуазіі, што палітычны курс БПС-Р цалкам падпарадкаваны барацьбе за «чыстую дэмакратыю» і «народаўладдзе». Свае пастулаты беларускія эсэры вынеслі 12 снежня 1919 на сесію Рады БНР, скліканую пасля гадавога перапынку з дазволу Ю. Пілсудскага. Іх прадстаўнікі, улічваючы патрыятычны настрой шырокіх мас працоўнага народа, адкрыта асудзілі гаспадаранне польскіх інтэрвентаў на Беларусі, пацвердзілі 3-ю Устаўную грамату і прынялі рашэнне пра адмену аб’яўленага акупантамі плебісцыту на беларускай тэрыторыі. Захапіўшы ініцыятыву на сесіі, фракцыя БПС-Р дабілася перавыбрання Рады БНР, якая зацвердзіла новы склад урада на чале з В. Ластоўскім. Гэта выклікала рэпрэсіі польскіх улад супраць эсэраў, у выніку чаго партыя вымушана была перайсці на нелегальнае становішча. Члены ўрада і прэзідыума эсэраўскай Рады перабраліся ў сталіцу Літоўскай рэспублікі — Коўна.
Змена курсу беларускімі эсэрамі зрабіла магчымым іх збліжэнне з камуністамі. У снежні 1919 па ініцыятыве ЦК КП(б)ЛіБ у Смаленску адбылася нарада з прадстаўнікамі БПС-Р, на якой было выпрацавана пагадненне пра сумесную барацьбу. У падпісаным абодвума бакамі дагаворы адзначалася, што БПС-Р бярэ на сябе абавязак актыўна абараняць сацыяльныя і нацыянальныя інтарэсы беларускага працоўнага народа. Дасягнуты кампраміс паміж эсэрамі і бальшавікамі паклаў пачатак новаму этапу барацьбы за адраджэнне беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці. У красавіку 1920 ЦК КП(б)ЛіБ паводле ўказання ЦК РКП(б) увёў сваіх прадстаўнікоў у Беларускі паўстанцкі камітэт, арганізаваны эсэрамі ў Мінску. Ён выконваў функцыі кіруючага цэнтра па арганізацыі ўзброенага супраціўлення польскім інтэрвентам.
4 сакавіка 1920 на з’ездзе беларускіх эсэраў у Мінску ЦК партыі афіцыйна заявіў, што члены БПС-Р разам з усімі рэвалюцыйнымі сіламі выступаюць за аднаўленне ўлады працоўных, якая павінна вырашыць і пытанне пра нацыянальную дзяржаўнасць беларускага народа. З’езд прыняў новую праграму, у якую былі ўключаны патрабаванні сацыялістычнага характару. Яна асуджала капіталізм і ў канчатковым выніку фармулявала перабудову грамадства на сацыялістычнай аснове. Першапачатковым пытаннем праграмы было нацыянальнае. Яго пастаноўка выцякала з агульнай тэорыі нацыянальна-дэмакратычных партый, якія сцвярджалі, што рэвалюцыя на Беларусі не пралетарская, а аграрна-сялянская, галоўны змест якой накіраваны на барацьбу за «нацыянальнае вызваленне беларускага народа». Падкрэслівался, што «як адзін з атрадаў арміі інтэгральнага сацыялізму, які паставіў сабе за мэту стварыць для працоўнага народа Беларусі такія ўмовы жыцця, пры якіх ён мог бы зусім свабодна развіваць свае духоўныя сілы і гаспадарчыя багацці, што ў поўнай меры магчыма толькі пры ажыццяўленні сацыялізму, — партыя прызнае першай і асноўнай сваёй задачай барацьбу за Беларускую працоўную сацыялістычную рэспубліку». Высоўвалася палітычнае патрабаванне ўстанаўлення «дыктатуры працоўнага народа» ў форме Саветаў і ставілася задача барацьбы за незалежную Беларускую працоўную сацыялістычную рэспубліку, якая павінна была ўвайсці ў сусветную федэрацыю свабодных народаў. У сацыяльна-эканамічным плане перавага аддавалася сацыялізацыі зямлі, развіццю вытворчых і спажывецкіх аб’яднанняў, рабочай і сялянскай кааперацыі. Дапускалася нацыяналізацыя зямлі, буйной прамысловасці.
У ліпені 1920 пасля вызвалення Мінска ад польскіх інтэрвентаў беларускія эсэры выказаліся за цеснае супрацоўніцтва з бальшавікамі. ЦК КП(б)ЛіБ прызнаў магчымым дапусціць левыя партыі нацыянальнай дэмакратыі, у т. л. і БПС-Р, якія стаялі на савецкай платформе, да адраджэння беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці, удзелу ў гаспадарчым і культурным будаўніцтве. Аднак гэта супрацоўніцтва было нядоўгім. Бальшавіцкае кіраўніцтва адмовілася ад падпісанага з эсэрамі дагавора ў снежні 1919, актыўна пачало праводзіць тактыку палітычнай ізаляцыі беларускіх эсэраў. Гэта і вымусіла ЦК БПС-Р адмовіцца ад падпісання Дэкларацыі пра абвяшчэнне незалежнасці БССР (31 ліпеня 1920). На думку кіраўніцтва беларускіх эсэраў, змест гэтага дакумента не адпавядаў палітычным мэтам партыі. Лідары БПС-Р абвясцілі сябе палітычнай апазіцыяй і патрабавалі склікаць Усебеларускі працоўны кангрэс, каб вырашыць на ім пытанне пра дзяржаўны лад на Беларусі, сфарміраваць кааліцыйны ўрад з прадстаўнікоў камуністаў і левых партый нацыянальнай дэмакратыі (перавага ў ім аддавалася БПС-Р), стварыць беларускую армію, аднавіць БССР на ўсёй этнаграфічнай тэрыторыі пражывання беларусаў. ЦБ КП(б)Б адхіліла гэтыя патрабаванні і выказалася за разрыў адносін з беларускімі эсэрамі. Пачалося адкрытае процістаянне 2 палітычных партый у асноўным па пытаннях характару ўлады, суверэнітэту БССР і расшырэння тэрыторыі рэспублікі да этнаграфічных межаў (БССР у канцы 1920 фактычна была адноўлена ў межах 6 паветаў Мінскай губерні). БПС-Р лічыла недапушчальнай дыктатуру пралетарыяту, рабочага класа на Беларусі, патрабавала ўстанаўлення «дыктатуры працоўнага народа» ў асобе поўнаўладных «працоўных Саветаў», вяртання сялянству «даўгоў» за канфіскаваны хлеб. У нацыянальным пытанні БПС-Р не прызнала анексіі беларускіх тэрыторый Польшчай і ўключэння часткі Віцебскай і Гомельскай губерняў у склад РСФСР.
Па сутнасці беларускія эсэры арыентаваліся на Раду БНР і эмігранцкі ўрад Ластоўскага ў Літве. Замежнае Бюро ЦК БПС-Р узяло на сябе ініцыятыву аб’яднання ўсіх сіл беларускага палітычнага руху, што апынуліся за межамі БССР. 3 гэтай мэтай яно ў верасні 1921 склікала ў Празе Усебеларускую канферэнцыю, дзе былі прадстаўлены розныя беларускія палітычныя групоўкі. Канферэнцыя выказалася за падрыхтоўку ўзброеннага паўстання, якое, на думку арганізатараў, павінна было ахапіць тэрыторыю Заходняй Беларусі і БССР. У разлікі эсэраўскіх лідараў уваходзіла аб’яднанне пад эгідай БНР абедзвюх частак Беларусі. Аднак гэты план не быў рэалізаваны.
У канцы 1920 — пачатку 1921 афіцыйныя савецкія структуры пачалі ўжываць сілавыя прыёмы барацьбы супраць БПС-Р. У лютым 1921 АДПУ арыштавала 860 актыўных членаў БПС-Р, у т. л. членаў ЦК і Мінскага губкома. Хоць усе арыштаваныя былі пазней выпушчаны і перапраўлены на тэрыторыю Заходняй Беларусі, над партыяй навісла сур’ёзная пагроза. Развіццё рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі прывяло да таго, што частка беларускіх эсэраў, якія працавалі ў падполлі, пачала збліжацца з Камуністычнай рабочай партыяй Польшчы і, стварыўшы Беларускую рэвалюцыйную арганізацыю, у 1924 улілася ў Камуністычную партыю Заходняй Беларусі (КПЗБ). Тактыка КПЗБ была скіравана на прыцягненне ў свае рады найбольш радыкальных элементаў нацыянальнай дэмакратыі (у т. л. і членаў БПС-Р) з мэтай садзейнічання іх далейшай эвалюцыі і збліжэння з камуністамі. У такіх рамках супрацоўніцтва карэкціраваліся паводзіны беларускіх эсэраў і актыўна падтрымлівалася лінія на самаліквідацыю гэтай партыі.
Пад націскам ЦК КП(б)Б 8 чэрвеня 1924 ў Мінску пачаўся з’езд былых членаў БПС-Р. Усяго з’ехалася каля 40 дэлегатаў. Былі прадстаўлены наступныя рэгіёны: Мінскі (8 чалавек), Слуцкі (14), Гродзенскі (6), Навагрудскі (1), Віленскі (1), Магілёўскі (2), Барысаўскі (1), Ігуменскі (7). На з’ездзе прысутнічалі відныя дзеячы некалі самай уплывовай і шматлікай беларускай партыі: А. Трафімаў, М. Асвяцімскі, Р. Казячы, А. Карабач і інш. Агульны настрой дэлегатаў і кірунак працы вызначыў У. Ігнатоўскі, раней таксама эсэр, які цяпер выступаў з прывітальным словам ад КП(б)Б: «Камуністычная партыя спадзяецца, што Вы далей будзеце працаваць пад сцягам Кампартыі». 9 чэрвеня з’езд прыняў заключную рэзалюцыю. Адзначыўшы «поўны раскол Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў і бессэнсоўнасць яе існавання», былыя эсэры пастанавілі лічыць сваю партыю ліквідаванай.
16 жніўня 1924 года члены прэзідыума з’езда А. Трафімаў, А. Карабач і М. Асвяцімскі накіравалі ў ЦК КП(б)Б ліст, у якім прасілі патлумачыць пытанне аб іх уключэнні ў Кампартыю. Былых членаў БПС-Р (напр., у адрозненне ад бундаўцаў, якіх прымалі ў партыю аўтаматычна, залічваючы і рэвалюцыйны стаж) прымалі ў КП(б)Б на індывідуальнай аснове.
Самароспуск БПС-Р, як і іншых нацыянальна-дэмакратычных партый, прывёў да ліквідацыі на Беларусі арганізаванай палітычнай апазіцыі. У канцы 1920—30-х гадоў усе былыя члены партыі беларускіх эсэраў былі беспадстаўна рэпрэсіраваны. У 1937 былыя кіраўнікі БПС-Р прыцягнуты да судовай адказнасці па т. зв. «справе эсэраў» і прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны ў 1988.
Вядомыя члены
правіцьЛітаратура
правіць- Борьба за Советскую власть в Белоруссии, 1918—1920 гг.: Сб. документов и материалов. Т. 2. — Мн., 1971. — С. 258—259, 426—427.
- Бугаев, Е. И. Возникновение большевистских организаций и образование Компартии Белоруссии. — М., 1959. — С. 259—260.
- Кнорин, В. Г. Заметки к истории диктатуры пролетариата в Белоруссии: (К десятилетию провозглашения БССР). — Мн., 1934.
- Малашко, А. М. К вопросу об оформлении однопартийной системы в СССР. — Мн., 1969. — С. 247—248, 282—283.
- Сташкевіч, М. С. Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў / М. С. Сташкевіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1993. — 494 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-074-2. — С. 394—397.
- Сташкевич, Н. С. На грани возможного: Идейно-политическая борьба вокруг создания белорусской советской государственности // Неман. — 1989. — № 10—11. — С.
- Сташкевич, Н. С. Приговор революции: Крушение антисоветского движения в Белоруссии, 1917—1925. — Мн., 1985. — С. 173—176, 188—191, 210—211, 217—292.
- Чарвякоў, А. Р. …Я ніколі не быў ворагам. — Мн., 1992. — С. 131—133.
- Лаўрэш Леанід. Спіс былых сяброў Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў // Нясвіжскія каеты. 2022. № 9. С. 18-23 // на pawet.net