Беларуская секцыя студэнтаў Горацкага сельскагаспадарчага інстытута

Беларуская секцыя студэнтаў Горацкага сельскагаспадарчага інстытута — грамадскае культурна-асветніцкае таварыства, якое існавала з сакавіка 1917 года да вясны 1924 года ў Горках. Да адкрыцця ў 1919 годзе Горацкага сельскагаспадарчага інстытута называлася Беларуская секцыя вучняў горацкіх сельскагаспадарчых школ (Беларускі вучнёўскі гурток у Горках).

Гісторыя стварэння секцыі правіць

Пасля закрыцця ў 1863 годзе першай у Расіі вышэйшай агранамічнай школы — Горыгорацкага земляробчага інстытута ў Горках засталіся тры сельскагаспадарчыя ўстановы: каморніцка-агранамічнае, земляробчае і рамеснае вучылішчы. У верасні 1917 года тут з’явіўся гурток, які атрымаў назву «Беларуская секцыя вучняў Горацкіх сельскагаспадарчых школ». Яго статут быў зацверджаны Горацкім павятовым выканкамам і праводзіў працу пад кіраўніцтвам павятовага аддзела народнай адукацыі. Ініцыятарам стварэння секцыі былі Г. Гарэцкі, М. Ганчарык і інш. Яна працавала з верасня 1917 года па жнівень 1919 года. Калі ў Горках пачаў працаваць Горацкі сельскагаспадарчы інстытут секцыя атрымала новую назву «Беларуская секцыя студэнтаў Горацкага сельскагаспадарчага інстытута».

15 кастрычніка 1919 зацверджаны статут, паводле якога мела задачы «пашыраць свядомасць паміж беларусамі, знаёміць з літаратурай, тэатральнымі творамі, гісторыяй, культурным і эканамічным становішчам Беларусі і дапамагаць беларускаму нацыянальнаму руху захопліваць шырэйшыя народныя праслоі». Ініцыятары стварэння Г. Гарэцкі, С. Журык, Я. Чарняўскі. Пры секцыі заснаваны аддзелы: гістарычна-эканамічны, літаратурны, тэатральны, музычны, чыстага мастацтва.

Праца секцыі правіць

Секцыя мела некалькі аддзелаў: гісторыка-эканамічны, літаратурны, па прапагандзе беларускай мовы, тэатральны, музычны, чыстага мастацтва і працавала па некалькіх напрамках. З іх галоўным было — знаёмства навучэнцаў вучылішчаў і навакольнага насельніцтва з беларускай мовай і літаратурай. Так, ў 1918 годзе была выдадзена лістоўка «Як чытаць па-беларуску». Клуб секцыі быў забяспечаны беларускай літаратурай. Ён атрымліваў газету «Дзянніца» і «Савецкую Беларусь», там праводзіліся лекцыі і гутаркі, на якія запрашалі прафесароў — беларусаў з Масквы.

Тэатральны аддзел першым падрыхтаваў і паставіў п’есу Марка Крапіўніцкага «Пашыліся ў дурні».

Удзельнік тэатральнага гуртка Міхась Ганчарык успамінаў, што «Гурткоўцы ведалі, што першая ў Горках пастаноўка на беларуская мове, да якой многія адносіліся адмоўна, павінна быць цудоўнай, бо толькі так можна было прыпыніць тых, хто крычаў, што ніякай беларускай мовы няма, ёсць толькі мыжуцкае маўленне рускай мовы. І тэатральны гурток прыкладаў вялікія намаганні, каб пастаноўка прайшла паспяхова»[1]. Затым сябры гуртка паставілі п’есы Уладзіслава Галубка «Ганка», «Апошняе спатканне», «Пісаравы імяніны», «Суд», Францішкі Аляхновіча, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча і іншыя.

Сын акадэміка АН БССР Г. І. Гарэцкага — акадэмік НАН Беларусі Радзім Гарэцкі ў кнізе «Браты Гарэцкія» пішаў, што ў час вучобы бацька «…асабліва актыўна ўдзельнічаў у працы тэатральнага аддзела, члены якога інсцэніравалі паэму „Тарас на Парнасе“, ставілі п’есы Ф. Аляхновіча, У. Галубка, В. Дуніна-Марцінкевіча і інш. На паказах прысутнічала больш за 500 чалавек. У. Галубку спадабалася пастаноўка яго п’есы, і ён на памяць падараваў Гаўрыле два сваіх фотаздымкі з надпісам: „Г. Гарэцкаму на памяць — У. Галубок“». У мясцовую газету Гаўрыла пісаў рэцэнзіі, у прыватнасці, на спектакль «Манька» Ф. Аляхновіча, які паставіў Горацкі студэнцкі гурток. У той час Гаўрылу настолькі захапіў тэатр, што ён пачаў нават схіляцца да таго, каб стаць акцёрам"[2]. На пастаноўкі Горацкіх артыстаў ён друкаваў рэцэнзіі ў мясцовым друку [3].

Члены тэатральнага аддзела інсцэніравалі паэму «Тарас на Парнасе», ставілі п’есы У. Галубка, В. Дунін-Марцінкевіча, Я. Купалы і іншых. Заснаваны беларускія драматычныя гурткі ў навакольных вёсках. Сябры секцыі выступалі перад сялянамі Горацкага павета па беларускім нацыянальным пытанні, наладжвалі культурныя і навуковыя мерапрыемствы. У 1918 годзе выдала лістоўку для сялян «Як чытаць па-беларуску», у 1919 займалася ўкладаннем беларускай тэрміналогіі па сельскай гаспадарцы, апрацоўкай і перакладам на беларускую мову сельскагаспадарчай літаратуры для сялян, у пачатку 1920-х гадоў сябры секцыі складалі «Беларускі батанічны слоўнік». У 1918—1920 гадах палітычная платформа секцыі ў асноўным супадала з платформай Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. 8 красавіка 1920 года зарэгістравана ў Горацкім павятовым аддзеле народнай асветы, 8 ліпеня 1921 года — у кіраўніцтве інстытута. У 1918 годзе кантактавала з Беларускім нацыянальным камісарыятам, у 1920-я гады з Беларускім цэнтральным бюро пры Народным камісарыяце асветы РСФСР, з Інбелкультам. У 1920—1922 гадах супрацоўнічала з гурткамі «Беларуская моладзь» у Мінску, «Асвета» ў Магілёве, разам з Беларускай культурна-навуковай асацыяцыяй пры Пятроўскай сельскагаспадарчай акадэміі рыхтавала да друку часопіс «Беларускі гаспадар».

Летам 1922 года прадстаўнікі секцыі ўдзельнічалі ў канферэнцыі пралетарскага студэнцтва БССР у Мінску. 3 1922 года старшыня секцыі М. Ганчарык, сакратар Я. Грушэўскі. Вясной 1923 года па заданні павятовага аддзела асветы распрацоўвала план-сетку па пераводзе некаторых школ Горацкага павета Смаленскай губерні на беларускую мову навучання. Супрацоўнічала з перыядычнымі выданнямі Горак, Мінска, Вільні. На працягу ўсяго існавання рабоце секцыі перашкаджалі рускія вялікадзяржаўныя шавіністы і асобы, якія варожа ставіліся да беларускага нацыянальнага адраджэння. Непрыхільную пазіцыю займалі мясцовыя партыйныя, камсамольскія і камуністычныя органы. Ранні перыяд дзейнасці секцыі адлюстраваў М. Гарэцкі ў аповесці «Дзве душы» ў вобразах Міколы Канцавога, Сухавея, Іры Сакавічанкі.

Спыніла існаванне пасля далучэння Горацкага павета да БССР у 1924 годзе, бо паводле тагачаснага заканадаўства БССР дзейнасць створаных па нацыянальнай прыкмеце арганізацый не дазвалялася.

Зноскі

  1. Ганчарык, М. Беларуская секцыя вучняў Горацкіх сельскагападарчых школ. Памяць. Гісторыка-дакументальная хроніка Горацкага раёна. — Мн.: 1996. С.148
  2. Гарэцкі, Радзім. Браты Гарэцкія.- Мн.: 2009. С.24
  3. Белорусский спектакль «Манька» / Г. И. Горецкий // Известия Горецкого уездного исполнительного комитета. — 1918. — 11 дек.

Літаратура правіць

  • Васілеўскі, Ю. Р. Беларуская секцыя студэнтаў Горацкага сельскагаспадарчага інстытута / Ю. Р. Васілеўскі // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1993. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-074-2. — С. 414.
  • Ганчарык, М. М. Успаміны. Беларуская секцыя вучняў Горацкага сельскагаспадарчых школ. «Памяць. Горацкі раён». — Горкі:1996. С.148.
  • Журык, Сцяпан. Культурна-асветная праца Беларускае Секцыі студэнтаў Горацкага сельскагаспадарчага інстытуту // Савецкая Беларусь. 1921, 19 чэрв.