Беларуская сфрагістыка

Беларуская сфрагістыка: нацыянальны падраздзел сфрагістыкі.

На землях сучаснай Беларусі тэарэтычнай сфрагістыкі не існавала да пач. 19 ст., асноўным кірункам ведаў у гэтай галіне быў практычны. Першай навуковай працай, якая тычылася прадмету дысцыпліны на беларускіх землях, быў «Збор літоўскага права» Цітуса Дзялынскага  (руск.) («Zbiór praw Litewskich…», Познань, 1841), дзе былі паданы 12 табліц з пячаткамі 14—16 ст. Наступным аўтарам стаў Т. Жэброўскі з працай «Аб пячатках старажытнай Польшчы, Літвы» (1865), дзе даў агульны агляд сфрагістыкі як навукі, і разгледзеў пячаткі каралёў польскіх і вялікіх князёў літоўскіх. Адзначаецца[1], што праца ў пэўнай ступені тэндэнцыйная ў дачыненні да пячатак з кірылаўскімі легендамі і наогул, не цалкам навуковая. П. І. Іваноў  (руск.) выдаў у 1858 першы расійскі альбом пячатак з 500 выявамі пячатак 16—18 ст. («Сборник снимков с древнейших печатей, приложенных к грамотам и другим юридическим актам, хранящимся в Московском архиве Министерства юстиции»), у т. л., пячатак, якія не належаць строга да расійскай сфрагістыкі. Дз. І. Празароўскі  (руск.) выпусціў у 1881 «Збор пячатак…» («Собрание польских и других печатей, принадлежавших императорской академии наук»), дзе значная частка г. зв. «польскіх» пячатак паходзяць з Беларусі. У 1882 быў выпушчаны наступны зборнік «Здымкаў старажытных рускіх пячатак» («Снимки древних русских печатей государственных, присутственных мест и частных лиц»).

Беларускія гарадскія пячаткі ў якасці ілюстрацыйнага матэрыялу былі выкарыстаны ў кнігах М. Балінскага і Т. Ліпінскага «Старажытная Польшча», А. Сапунова «Віцебская старына». У пач. 20 ст. з'явіўся першы сфрагістычны альбом, аўтарства В. Віттыга, прысвечаны гарадскім пячаткам (выйшлі толькі 3 сшыткі, на літары А—К: 1905, 1907, 1914). Перад 1-й сусв. вайной Я. Обст і Т. Дмахоўскі  (руск.) надрукавалі ў віленскіх штоквартальніках шэраг артыкулаў, прысвечаных гербам і пячаткам. Адзначаецца[2], што ў малюнках Дмахоўскага сустракаюцца аўтарскія выдумкі пры недахопе фактычнага матэрыялу.

У міжваенны перыяд у Польшчы быў выпушчаны рад артыкулаў з разглядам помнікаў сфрагістыкі наогул, і ў прыватнасці, беларускіх. У гэтых пубікацыях, аднак, дэнамінацыя «беларускі» не ўжывалася, а заўсёды замянялася на «польскі» або «літоўскі», відаць, з палітычных меркаванняў[2].

Зноскі

  1. Цітоў, С.51.
  2. а б Цітоў, С.53.

Літаратура правіць