Беларуская чыгунка
Беларуская чыгунка — дзяржаўны аператар чыгуначных ліній у Беларусі; дзяржаўнае беларускае аб’яднанне, падпарадкаванае Міністэрству транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь, у склад якога ўключана 84 арганізацыі і 3 прадстаўніцтвы. У сучасных межах дзейнічае з 1953 года. У снежні 1991 года аддзялілася ад адзінай чыгункі былога СССР і стала самастойная. Агульная эксплуатацыйная даўжыня чыгункі 5479 км, з іх 1228 км электрыфікавана (01.01.2019).
Беларуская чыгунка БЧ | |
---|---|
Поўная назва: | Беларуская чыгунка |
Гады працы: | з 1862 |
Краіна: | Беларусь |
Горад кіравання: | Мінск |
Стан: | дзеючая |
Падпарадкаванне: | Міністэрства транспарта і камунікацый |
Афіцыйны сайт: | rw.by |
27 лістапада 1996 ўзнагароджана Ганаровай граматай Кабінету Міністраў Рэспублікі Беларусь [1].
Гісторыя
правіцьУ канцы XIX стагоддзя Беларусь стала адным з самых развітых чыгуначна-транспартных рэгіёнаў Расійскай імперыі. За 1860-1880-я гады тут здадзена ў эксплуатацыю больш за 2 тыс. км чыгуначных ліній, на пачатку XX стагоддзя — яшчэ каля 1 тыс. км. У 1913 годзе даўжыня чыгуначнай сеткі перавышала 3,8 тыс. км. Паскоранае будаўніцтва чыгунак было абумоўлена эканамічнымі і ваенна-палітычнымі інтарэсамі Расіі ў перыяд яе капіталістычнага развіцця і геаграфічным размяшчэннем Беларусі.
Першая на Беларусі чыгуначная лінія Парэчча—Гродна (30 км) і далей да сучаснай граніцы з Польшчай пачала дзейнічаць 27 снежня 1862 года як частка Пецярбургска-Варшаўскай чыгункі. У 1866—1869 гадах пабудаваны чыгуначны ўчастак Завольша—Віцебск—Полацк—Бігосава (уваходзіў у склад Рыга-Арлоўскай чыгункі). У 1871 годзе ў эксплуатацыю здадзена магістраль Смаленск—Мінск—Брэст, якая на вузлах Орша, Мінск, Баранавічы, Брэст аб’яднала лініі розных напрамкаў і вызначыла асноўныя кірункі фарміравання Беларускай чыгункі. У 2-й палове XIX стагоддзя пракладзена (адна з першых на Беларусі) вузкакалейка ад ракі Сож да Старынкаўскага чыгуналіцейнага завода (Слаўгарадскі раён). У 1873 годзе пабудаваны чыгуначны ўчастак Ковель—Брэст (частка чыгункі Брэст—Бярдзічаў), пачаўся pyx паяздоў па лініі Вільня—Мінск—Гомель (участак будучай Лібава-Роменскай чыгункі). У 1882—1887 гадах пачала дзейнічаць сетка Палескіх чыгунак (працягласць больш за 1 тыс. км), якія звязалі Прыбалтыку з заходнімі губернямі Украіны і цэнтральную Расію з Польшчай. На пачатку XX стагоддзя пракладзены яшчэ 2 чыгуначныя магістралі, якія злучылі Пецярбург з паўднёвымі губернямі Расіі і Польшчай: Віцебск—Орша—Магілёў—Жлобін—Оўруч (1904—1916) і Невель—Полацк—Маладзечна—Ліда—Ваўкавыск (1907) з выхадам да сучаснай граніцы з Польшчай і адгалінаваннем Масты—Гродна. Пабудаваны таксама лініі мясцовага значэння: Крулеўшчына—Варапаева, Вярэйцы—Градзянка, Асіповічы—Старыя Дарогі—Слуцк, Васілевічы—Хойнікі і інш.
Будаўніцтва чыгунак вялося ўручную, выкарыстоўваліся рэйкі лёгкага тыпу, масты будаваліся пераважна драўляныя. Эксплуатаваліся паравозы малой магутнасці і 2-восевыя таварныя вагоны грузападымальнасцю 15—16 тон. У 1915—1917 гадах пабудаваны чыгуначныя лініі на ўчастках Жлобін—Калінкавічы, Калінкавічы— Оўруч (Украіна), Полацк—Ідрыца (Расія). У 1922 годзе на базе Аляксандраўскай, Маскоўска-Балтыйскай і іншых участкаў дарогі створана Маскоўска-Беларуска-Балтыйская чыгунка. У эксплуатацыю ўведзены новыя чыгуначныя лініі: Орша—Унеча (1923), Орша—Лепель (1927), Чарнігаў—Гомель (1930), Рослаў—Крычаў— Магілёў—Асіповічы (1931), Бабруйск—Старушкі (1939), Варапаева—Друя (1933). Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР (1939) створаны Брэст-Літоўская чыгунка (кіраўніцтва ў Баранавічах) і Беластоцкая чыгунка (кіраўніцтва ў Беластоку). У 1939 годзе Беларусь абслугоўвалі Заходняя, Беларуская (кіраўніцтва ў Гомелі), Брэст-Літоўская і Беластоцкая чыгункі.
У Вялікую Айчынную вайну, каб перашкодзіць дастаўцы жывой сілы і ваеннай тэхнікі ворага на фронт, беларускія партызаны вялі на Беларускай чыгунцы актыўныя баявыя дзеянні, у т.л. рэйкавую вайну. Гітлераўскія акупанты ў час адступлення знішчалі чыгуначнае. палатно, паравозы, дэпо, станцыі.
У пасляваенны перыяд Беларуская чыгунка ў асноўным адноўлена (да 1950). У 1951 годзе Брэст-Літоўская чыгунка і Мінскае аддзяленне Заходняй чыгункі аб’яднаны ў Мінскую чыгунку, якая ў 1953 годзе далучана да Беларускай чыгункі (кіраўніцтва ў Мінску). У 1957 Беларусі перададзены Аршанскае і Віцебскае аддзяленні Калінінскай чыгункі (РСФСР). У выніку чыгуначная сетка рэспублікі супала з адміністрацыйнымі граніцамі БССР. Ажыццяўлялася рэканструкцыя і пераўзбраенне чыгункі, падведзены лініі да буйных новабудоўляў: да Салігорска, Бярозаўскай ДРЭС, Полацкага нафтаперапрацоўчага аб’яднання і інш.
У 1963 годзе электрыфікаваны першы ўчастак чыгункі Мінск—Аляхновічы. У 1963 годзе пачаўся рух пасажырскіх цягнікоў на цеплавознай цязе на лініі Орша—Брэст. У 1966 годзе на гэтым напрамку на цеплавозы павялі грузавыя цягнікі. Пазней былі электрыфікаваныя таксама ўчасткі Аляхновічы—Маладзечна (1966) і Мінск—Асіповічы (1973). У 1975 годзе быў электрыфікаваны ўчастак Мінск—Стоўбцы, у 1979 годзе — Орша—Краснае, ў 1981 годзе пачаўся рух грузавых цягнікоў на электрацяге на ўчастку Смаленск—Орша і прыгарадных электрацягнікоў на ўчастку Барысаў—Орша. У 1981 годзе быў электрыфікаваны ўчастак Стоўбцы—Баранавічы, у 1983 — Баранавічы—Брэст. У 2015 годзе завершана электрыфікацыя ўчастка ад Мінска да Гомеля, у 2017 годзе — да Вільнюса.
Хуткасць пасажырскіх цягнікоў дасягнула 120—140 км/гадз, грузавых — 100 км/гадз. На вакзалах і чыгуначных станцыях наладжана даведачна-інфармацыйная служба, з 1989 года ўведзена аўтаматызаваная сістэма браніравання і продажу білетаў «Экспрэс-2» на пасажырскія цягнікі і даведачна-інфармацыйная сістэма «ВІЗІНФОРМ» у Мінску, Гомелі і Брэсце. Пачата (1989) будаўніцтва буйнога вакзальнага комплексу ў Мінску. Курсіруюць камфартабельныя цягнікі «Беларусь», «Буг», «Дняпро», «Мінскі», «Няміга» і інш. Дзейнічаюць 2 вылічальныя цэнтры (Мінск, Брэст) і спец. бюро па распрацоўцы аўтаматызаваных сістэм кіравання ў Гомелі.
У перыяд з 28 лютага да 12 сакавіка 2022 года не працавала электронная сістэма продажу квіткоў на сайце Беларускай чыгункі і ў карпаратыўным мабільным дадатку, у выніку чаго купляць квіткі пасажырам прыходзілася ўручную ў дзень адпраўлення на вакзалах і станцыях, што выклікала сур’ёзныя складанасці. Касіры ўпершыню за шмат гадоў сталі выдаваць папяровыя білеты старажытнага ўзору (без месца). Таксама ўзнікалі складанасці і з аплатай карткамі[2].
Беларуская чыгунка трапіла ў санкцыйныя спісы Канады (лістапад 2022 года) і Украіны (студзень 2023 года)[3]. Канада (лістапад 2022 года), Еўрапейскі Саюз і Швейцарыя (чэрвень 2023 года), Украіна (лістапад 2023 года), Аўстралія (люты 2024 года) і Новая Зеландыя (верасень 2024[4]) абвясцілі аб санкцыях супраць начальніка БЧ Уладзіміра Марозава[5].
Сучасны стан
правіцьШчыльнасць чыгуначнай сеткі Беларусі больш за 26 км на 1 тыс. км². Удзельная вага ў грузаабароце 72,2 %, y пасажыраабароце — 54,6 % (1993). Асноўныя грузапатокі чыгуначнага транспарту праходзяць на напрамках Орша—Мінск—Брэст, Гомель—Мінск—Маладзечна, Калінкавічы—Жлобін—Орша—Віцебск і Лунінец—Баранавічы—Ліда—Беняконі; экспартна-імпартных грузаў — праз пагранічныя станцыі Брэст, Гродна, Бераставіца, Свіслач, Высока-Літоўск. Асноўнымі вузламі грузапатокаў з’яўляюцца Мінск, Полацк, Віцебск, Салігорск, Брэст, Гомель, Магілёў, Орша, Баранавічы і інш.
Цалкам электрыфікаваны ўчасткі Смаленск — Орша — Мінск — Баранавічы — Брэст і Вільнюс — Маладзечна — Мінск — Асіповічы — Жлобін — Гомель (з’яўляюцца двухшляховымі на ўсім працягу).
У складзе Беларускай чыгункі 6 аддзяленняў (унітарных прадпрыемстваў): Мінскае, Баранавіцкае, Брэсцкае, Гомельскае, Магілёўскае, Віцебскае, якія аб’ядноўваюць 368 станцый, 17 лакаматыўных дэпо, 12 вагонных дэпо, 20 дыстанцый пуці, 13 дыстанцый сігналізацыі і сувязі, 7 дыстанцый электразабеспячэння і інш. прадпрыемствы. Парк грузавых вагонаў налічвае каля 36 тыс. адзінак транспартных сродкаў, пасажырскі парк мае больш за 1 тыс. цягавых сродкаў (цеплавозы, электравозы, дызель-цягнікі, электрацягнікі і інш.).
З 1971 года працуе Музей гісторыі Беларускай чыгункі.
Беларуская чыгунка — член міжнароднай Арганізацыі супрацоўніцтва чыгунак і Міжнароднага саюза чыгунак.
Аддзяленні Беларускай чыгункі
правіцьЛакаматыўная гаспадарка
правіцьНа чыгунцы 16 асноўных, 4 адваротных і 1 маторавагоннае дэпо. Асноўныя лакаматыўныя дэпо:
- ЦЧ-1 Мінск
- ЦЧ-2 Маладэчна
- ЦЧ-3 Баранавічы
- ЦЧ-4 Лунінец
- ЦЧ-5 Ліда
- ЦЧ-6 Ваўкавыск
- ЦЧ-7 Брэст
- ЦЧ-8 Гомель
- ЦЧ-10 Жлобін
- ЦЧ-11 Калінкавічы
- ЦЧ-12 Магілёў
- ЦЧ-13 Асіповічы
- ЦЧ-14 Крычаў
- ЦЧ-15 Орша
- ЦЧ-16 Віцебск
- ЦЧ-17 Полацк
Маторавагоннае дэпо:
- ЦЧ-9 Мінск
Начальнікі Беларускай чыгункі
правіць- Уладзімірскі Павел Мікалаевіч (1936—1937)
- Панамароў Міхаіл Сямёнавіч (1937—1938)
- Някрасаў Пётр Міхайлавіч (1938—1940)
- Краснабаеў Ніл Іванавіч (1940—1942; 1943—1946)
- Камароў Дзмітрый Якаўлевіч (1946—1952)
- Мяркулаў Уладзімір Аляксеевіч (1952—1953)
- Кацяш Гаўрыіл Іванавіч (1953—1969)
- Юшкевіч Яўген Паўлавіч (1969—1981)
- Андрэеў Андрэй Рыгоравіч (1981—1990)
- Шкапіч Сцяпан Ільіч (1990—1993)
- Валадзько Яўген Іванавіч (1993—1998)
- Рахманько Віктар Рыгоравіч (1998—2002)
- Гапееў Васіль Іванавіч (2002—2004)
- Жарэла Уладзімір Ільіч (2004—2008)
- Сівак Анатоль Аляксандравіч (2009—2012)
- Марозаў Уладзімір Міхайлавіч (2012—2024)
- Вярэніч Валерый Емяльянавіч (2024—ц.ч.)
Гл. таксама
правіцьЗноскі
- ↑ Постановление Кабинета Министров Республики Беларусь от 27 ноября 1996 г. № 757 «О награждении Белорусской железной дороги Почетной грамотой Кабинета Министров Республики Беларусь» Архівавана 1 сакавіка 2012. (руск.)
- ↑ БЖД починила электронную систему продажи билетов (руск.). Onliner.by (12 сакавіка 2022). Праверана 13 сакавіка 2022.
- ↑ Державне об'єднання "Білоруська залізниця"(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 14 красавіка 2023. Праверана 14 красавіка 2023.
- ↑ Russia Sanctions Amendment Regulations (No 4) 2024 (англ.). New Zealand Legislation.
- ↑ МОРОЗОВ Володимир Михайлович(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 2 чэрвеня 2023. Праверана 11 ліпеня 2023.
- ↑ НОВЫ ФАРМАТ ПАСАЖЫРСКІХ ПЕРАВОЗАК. Архівавана 17 сакавіка 2011.
Літаратура
правіць- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 2: Аршыца — Беларусцы / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн., 1996. — 480 с.: іл. ISBN 985-11-0061-7 (т. 2), ISBN 985-11-0035-8
- История Белорусской железной дороги из XIX века в век XXI. / В. В. Яновская и др. — Минск: «Мастацкая літаратура», 2012. — 955с. ISBN 978-985-02-1375-4.
- Железная дорога Беларуси: История и современность. В. Г. Рахманько, А. В. Бессольнов, В. А. Шоба и др. Под общей редакцией В. Г. Рахманько. — Мн.: ОДО «Триолета», 2001. — 488 с. ISBN 985-6533-02-3.
- Железнодорожная магистраль Белоруссии. 100 лет./Д. Б. Лосев, А. В. Кость и др. — Минск: «Беларусь», 1971. — 206с.
Спасылкі
правіць- Афіцыяльная старонка Архівавана 7 чэрвеня 2013.
- Вершы пра беларускую чыгунку Архівавана 28 красавіка 2011.