Беларуская народная песня
Артыкул або раздзел вымагае перапрацоўкі Удзельнік, які паставіў шаблон, тлумачыць яго так: выправіць вонкавыя спасылкі ў тэксце. |
Беларуская народная песня — фальклорны паэтычны твор, які пяецца на агульнавядомы матыў і перадаецца ў вуснай форме наступным пакаленням.
Як правіла, народная песня не мае аднаго аўтара, хаця вядомыя прыклады, калі аўтарскія песні або аўтарскія апрацоўкі спеваў атрымоўвалі шырокую вядомасць і станавіліся народнымі (напрыклад, песні «Купалінка»[1] Архівавана 10 снежня 2021. або «Бывайце здаровы!»).
Беларускія народныя песні спяваюцца акапэла, часам пад акампанемент музычнага інструмента (найчасцей гармонік, баян). Выконваюцца жаночыя, мужчынскія і змешаныя спевы, у аднагалоссе, двухгалоссе і шматгалоссе, з прыёмамі падводу, ўтораў, і інш.
Тыпалогія беларускай народнай песні
правіцьБеларускім народным песням уласцівы мясцовыя, дыялектныя адметнасці. Так, Беларускі дзяржаўны інстытут праблем культуры выдае анталогію «Культура Беларусі: Лепшыя старонкі», якая змяшчае наступныя тамы, прысвечаныя народным спевам (дакладна вядома пра выдадзеныя два першыя тамы):
- Народныя песні Беларускага Панямоння
- Народныя песні Цэнтральнай Беларусі
- Песні Паазер’я
- Песні Падняпроўя
- Песні Палесся
Жанры беларускай народнай песні:
правіцьКаляндарна-абрадавыя народныя песні:
- Вяснянкі
- Валачобныя
- Юраўскія
- Русальныя
- Купальскія
- Пятроўскія
- Жніўныя
- Ярынныя
- Ільняныя
- Пастухоўскія
- Піліпаўскія
- Калядныя, шчадроўкі
- Масленічныя
- Карагодныя
- Талочныя (талаковыя, талачанскія)[1]
Сямейна-абрадавыя народныя песні:
Пазаабрадавыя народныя песні:
- Любоўныя
- Бяседныя
- Жартоўныя
- Гістарычныя
- Салдацкія, рэкруцкія, казацкія, партызанскія
- Жорсткі раманс
Асаблівасці беларускай народнай песні
правіцьЯўхім Карскі ў сваім выданні «Беларусы» адзначыў цікавыя факты пра беларускія народныя спевы:
«…гэтыя песні, паводле ўяўлення простага народа, з’яўляюцца неабходнымі спадарожнікамі розных з’яваў у жыцці чалавека, сямейных і грамадскіх. Да іх адносяцца нават з некаторым трымценнем. Розныя збіральнікі народных твораў вымушаны сутыкацца з тым фактам, што многія пявунні адмаўляліся спяваць тыя ці іншыя песні ня ў час, бо бачылі ў гэтым ледзь ня грэх.» (ст. 203)
Яўхім Карскі адзначыў пераплеценасць паганскіх і хрысціянскіх светаўяўленняў. «Галоўным наступствам хрысціянскага ўплыву было прымеркаванне паганскіх святкаванняў да адметных хрысціянскіх святаў: каляды — да Раства Хрыстова, купалле — да дня Іаана Хрысціцеля (24 чэрвеня), вясенніх святкаванняў — да Вялікадня, Троіцы…»
Далей, адзначае даследчык, варта памятаць, што святкаванне новага году пераносілася тройчы (сакавік, верасень, студзень), і таму некаторыя песні з пажаданнямі новага году, перанесеныя з аднаго часу на іншы, маглі не адпавядаць па абстаноўцы папярэдняму. Гэта адбілася і на традыцыі рэлігійных абрадаў і пастоў. «Так, вялікарускім „святкам“ на Раство ў Маларосіі і Беларусіі адпавядаюць „зялёныя святкі“ на Троіцу» (г.зн. русальныя святкаванні на Сёмуху) (ст. 205).
Вядомыя збіральнікі народных песень
правіцьПершыя запісы народных песень з’явіліся ў ХІХ стагоддзі ў эпоху рамантызма, калі фальклор стаў прадметам цікавасці этнографаў, паэтаў і мастакоў. Да народнай песеннай творчасці звярталіся бадай што ўсе беларускія пісьменнікі і паэты, а спіс беларускіх фалькларыстаў (далёка не поўны) налічвае дзясяткі асобаў. Да прыкладу:
- Антон Антонавіч Грыневіч
- Рыгор Раманавіч Шырма
- Генадзь Іванавіч Цітовіч
- Алесь Уладзіміравіч Рашчынскі
- Сяргей Георгіевіч Выскварка
У савецкі перыяд адбывалася інстытуцыялізацыя і стварэнне анталогій народных песень.
Генадзь Іванавіч Цітовіч сабраў больш за 3 тыс. народных песень, пераважная большасць з якіх былі беларускія. Аўтар прац «Беларускія народныя песні» (двухгалосыя, 1948), «Песні, беларускага народа» (1959), «Анталогія беларускай народнай песні» (1968, 2-е выд. 1975), «Аб беларускім песенным фальклоры: Выбраныя нарысы» (1976). Ён жа заснаваў Беларускі народны хор, пазней вядомы як Нацыянальны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь імя Г. І. Цітовіча, якім кіраваў да 1974 года.
Сцэнічнае выкананне фальклорных спеваў
правіцьУ савецкі перыяд беларуская народная музыка атрымала шырокую сцэнічную апрацоўку, распаўсюджвалася ў музычных калектывах. Самымі яркімі сцэнічнымі выканаўцамі народных песень сталі «Песняры» (узніклі ў 1969 годзе). Пры Беларускай Дзяржаўнай філармоніі ў 1974 годзе быў заснаваны беларускі дзяржаўны акадэмічны заслужаны харэаграфічны ансамбль «Харошкі».
Напрыканцы 1980-ых гг. узнік гурт «Ліцьвіны» са спявачкай, этнографкай Наталляй Матыліцкай.
У 1996 годзе ўзнік нью-фолк гурт KRIWI са спявачкай Веранікай Кругловай.
У гэтым жа годзе ўзнік этна-трыа гурт «Троіца» са збіральнікам фальклору Іванам Кірчуком.
Сярод пазнейшых выканаўцаў, якія звяртаюцца да традыцыі народных спеваў", ёсць шматлікія спевакі і гурты ў накірунках року, метала, тэхна.
У 2015 — 2020-ых гадах ладзілася ініцыятыва правядзення Спеўных сходаў, дзе выпадковыя людзі збіраліся, развучвалі народныя песні і спявалі.
У верасні 2019 года ў дворыку гістарычнага музея ў Мінску адбыўся фольк-фестываль традыцыйнай музыкі «Раёк»[2], дзе можна было паслухаць аўтэнтычныя спеўныя калектывы. Да такіх адносяцца гурт мужчынскіх спеваў «Рада»[3] Архівавана 19 верасня 2021., полацкі гурт «Варган»[4], гурт «Мярэжа»[5], палескія спевакі «Хатовічы», «Церабяначка», «Вытокі»[6], і іншыя.
Дыскі беларускіх народных песень
правіцьПесні матчыны з Вушаччыны, 2017 г. Народныя песні з малой радзімы Рыгора Барадуліна.[2]
Мужчынская традыцыя спеву, 2018 г.[3]
Жорсткі раманс. Вясковая лірыка, 2015 г.[4]
Кінастужкі пра беларускія народныя песні
правіцьПесні старой Еўропы, прадусар і рэжысёр Вольга Дземка, 2016 г.[5]
Бібліяграфія
правіць- Беларускія народныя песні з абрадамі, звычаямі і павер’ямі / П. В. Шэйн. Санкт-Петербург: Тыпаграфія Майкова, 1874 г., 565с.
- Безсонов П. Белорусские песни. Москва, 1871 г.
- Яўхім Карскі «Беларусы». Мінск, «Беларускі кнігазбор», 2001 г., 637 ст., паводле выдання 1916 г.
- Романов Е. Р. Белорусский сборник. Вып. І — ІІ. Киев, 1886 VIII—IX. Вильна, 1912.
- Беларускія народныя песні. У 4 т. Т. 1. Любоўныя. Баладныя і бытавыя. Жартоўныя. Запіс Р. Шырмы; рэдкал.: П. Глебка, Я. Казека, Г. Цітовіч. Мінск: Дзяр. выд-ва БССР, 1959. 424 с.
- «Беларускія народныя песні» (для хору) Том: Т. 1. Мінск, Выдавец: Беларусь, 112с., 1971 г., Рэдактар: Шырма Рыгор
- Анталогія беларускай народнай песні. — Мн., 1968; Цітовіч Генадзь
- Аб беларускім песенным фальклоры. [Выбр. нарысы]. — Мн., 1976. Цітовіч Генадзь
- Серыя «Беларуская народная творчасць», Выдавецтва «Навука і тэхніка».?
- Крынічка. Беларускія народныя песні для дзяцей / укл. Л. В. Кузьмічова, В. Р. Вячорка. — Мінск: Беларусь, 1989. — 48 с.
- Мікола Равенскі. Беларускія народныя песні. Збор твораў. Мінск: Тэхналогія, 2008,190с.
Зноскі
- ↑ Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 405. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
- ↑ https://soundcloud.com/artsiadziba/sets/piesni-matcyny-z-vusaccyny
- ↑ https://tradycyja.bandcamp.com/album/male-singing-tradition
- ↑ https://sber-zvuk.com/track/35342337
- ↑ http://355098210704366825.weebly.com/