Беларускі дзяржаўны цырк
Белару́скі дзяржа́ўны цырк знаходзіцца на праспекце Незалежнасці ў горадзе Мінску. Умяшчальнасць залы цырка — 1667 месцаў, цырк разлічаны для паказу нумароў розных жанраў — ад воднай феерыі да паветраных нумароў.
Гісторыя
правіцьПершы ў Беларусі цырк быў адкрыты на Саборнай плошчы (цяпер плошча Свабоды) 16 лістапада 1884. Гэта быў стацыянарны драўляны цырк — «Цырк братоў Нікіціным» на 800 месцаў, пабудаваны Аляксандрам Бачаравым па замове Пятра Нікіціна. Першым дырэктарам Мінскага цырка стаў вядомы прадпрымальнік і цыркавы артыст Пётр Аляксандравіч Нікіцін.
Цырк братоў Нікіціных неаднаразова рэканструяваўся і перамяшчаўся па раёнах горада. У 1930 годзе на яго базе ў Гарадскім садзе (цяпер парк імя Горкага) быў пабудаваны цырк-шапіто на 1200 месцаў. Цырк быў разбураны 25 чэрвеня 1941 года ў час бамбардзіроўкі горада фашысцкай авіяцыяй. Цыркавая трупа была эвакуіравана ў Маскву, затым у Омск. 7 лістапада 1941 года Беларускі цырк даў першае прадстаўленне для байцоў, якія сыходзілі на фронт.
У 1946 годзе дырэктар цырка Барыс Яфімавіч Кабішчар заняўся аднаўленнем цырка на ранейшым месцы. Адноўлены цырк-шапіто быў падораны Мінску горадам Арлом і меў 1200 глядзельных месцаў[1].
Будаўніцтва новага стацыянарнага зімовага цырка пачалося ў кастрычніку 1954 года. Пабудаваны ён быў па праекце архітэктара У. А. Жукава на перакрыжаванні водна-зялёнага дыяметра Мінска (р. Свіслач і зялёная зона ўздоўж яе поймы) і пр. Незалежнасці. Уяўляе сабой круглае купальнае збудаванне з прамавугольным у плане трохпавярховым службовым корпусам. Галоўны фасад аформлены каланадай карынфскага ордара. Глядзельная зала мае арэну (дыяметр 13 м), 1668 месц, размешчаных амфітэатрам; аснашчана сучаснай тэхнічнай і цыркавой апаратурай. Вакол відовішчнай часткі знаходзіцца фае і гардэробы, памяшканні для артыстаў і абслуговага персаналу, залы для рэпетыцый, спецыяльныя памяшканні для жывёлы. У лютым 1959 года Беларускі дзяржаўны цырк адкрыўся з першым паказам.
З верасня 2008 Беларускі дзяржаўны цырк знаходзіўся на рэканструкцыі і адчыніў свае дзверы ў адрамантаваным будынку ў лістападзе 2010 года. Падчас рэканструкцыі да старога будынку прыбудавалі адміністрацыйны будынак, зрабілі новую сучасную арэну. Касы размешчаны ў асобным будыначку ля галоўнага ўваходу.
Дырэктары
правіць- 1939—1959 — Барыс Яфімавіч Кабішчар (1906—1959)
- 1959—1974 — Міхаіл Міхайлавіч Марусалаў (1921—1981)
- 1974—1984 — Леанід Аляксандравіч Смольскі
- 1984—1996 — Іван Сямёнавіч Пашкевіч
- 1996 — чэрвень 2013 г. — Таццяна Мікалаеўна Бандарчук
- чэрвень — снежань 2013 г. — Сяргей Уладзіміравіч Мядзведзеў
- снежань 2013 — цяперашні час[2] — Уладзімір Анатольевіч Шабан
Зноскі
- ↑ Борис Кабищер (руск.)
- ↑ сакавік 2019
Спасылкі
правіць- Сайт
- Обошлись без мыши(недаступная спасылка)//РЭСПУБЛІКА — Новости Беларуси | Белорусские новости — № 198 (5110) — Суббота, 16 октября 2010