Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі

Белару́скі дзяржа́ўны ўніверсітэ́т інфарма́тыкі і радыёэлектро́нікі (да 1993 г. — Мінскі радыётэхнічны інстытут, МРТІ) — вядучая навучальная ўстанова Рэспублікі Беларусь па падрыхтоўцы інжынерных і навуковых кадраў у галіне інфарматыкі і радыёэлектронікі.

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі
(БДУІР)
Белорусский государственный университет информатики и радиоэлектроники. Учебный корпус № 5. 25 марта 2019.jpg
Міжнародная назва Belarusian State University of Informatics and Radioelectronics (BSUIR)
Дэвіз БДУІР — веды і стыль жыцця
Заснаваны 1964
Тып Дзяржаўны
Рэктар Вадзім Анатолевіч Богуш
Рэктар Вадзім Анатольевіч Богуш
Студэнты 15300
Размяшчэнне Flag of Belarus.svg Беларусь, Мінск
Юрыдычны адрас 220013, Рэспубліка Беларусь, Мінск, вул. Петруся Броўкі, 6
Узнагароды
Ордэн Чырвонага Сцяга
Сайт bsuir.by
Commons-logo.svg Выявы па тэме на Вікісховішчы

Комплекс будынкаў універсітэта складаецца з трох карпусоў па вул. Петруся Броўкі і двух на перасячэнні вуліц Гікалы і Платонава.

ГісторыяПравіць

Заснаваны 15 сакавіка 1964 года пад назвай Мінскі радыётэхнічны інстытут (МРТІ). МРТІ пачынаўся з двух факультэтаў дзённага навучання — радыётэхнічнага і факультэта аўтаматыкі і вылічальнай тэхнікі, а таксама агульнатэхнічнага факультэта ў складзе двух аддзяленняў — вячэрняга і завочнага. Першым рэктарам МРТІ стаў член-карэспандэнт Акадэміі навук БССР, доктар тэхнічных навук Іван Сідаравіч Кавалёў. Ён знаходзіўся на пасадзе рэктара з 1964 па 1973 год.

З 8 лютага 1973 года па 30 чэрвеня 2000 года рэктарам Мінскага радыётэхнічнага інстытута быў Віктар Макаравіч Ільін — кандыдат тэхнічных навук, прафесар, заслужаны работнік вышэйшай школы БССР, акадэмік Міжнароднай акадэміі навук вышэйшай школы. У 1975 годзе МРТІ быў прызнаны найлепшым ВНУ ва Усесаюзным аглядзе ўкаранення дасягненняў навукі і тэхнікі ў народнай гаспадарцы, у 1976 годзе стаў пераможцам Усесаюзнага грамадскага агляду выкарыстання вынаходак з уручэннем дыплома УЦСПС, у 1978 годзе прысуджана 1-е месца і пераходзячы Чырвоны Сцяг Міністэрства вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі СССР і ЦК прафсаюза работнікаў асветы, вышэйшай школы і навуковых устаноў за поспехі ў працы.

У пачатку 1990-х гадоў Мінскі радыётэхнічны інстытут стаў найбуйнейшай ВНУ краіны, на долю якога прыпадала да 95 % студэнтаў радыётэхнічнага профілю.

Загадам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь № 365 ад 16 жніўня 1998 г. універсітэт вызначаны базавай ВНУ рэспублікі ў галіне інфарматыкі, радыётэхнікі і электронікі.

У 1993 годзе пастановай Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь пераўтвораны ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі.

З 2 кастрычніка 2000 года рэктарам універсітэта прызначаны Міхаіл Паўлавіч Батура — доктар тэхнічных навук, прафесар, акадэмік Міжнароднай акадэміі навук вышэйшай школы, заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь.

У 2001 годзе была адкрыта магістратура — другая ступень вышэйшай адукацыі, распачата падрыхтоўка магістрантаў па 8 спецыяльнасцях. Упершыню ў Рэспубліцы Беларусь БДУІР пачаў скарочанае навучанне выпускнікоў каледжаў для атрымання вышэйшай адукацыі. У 2002 годзе створаны Цэнтр дыстанцыйнага навучання і ўпершыню ў Рэспубліцы Беларусь пачата дыстанцыйнае навучанне. У 2003 годзе ўпершыню ў Рэспубліцы Беларусь на базе універсітэта праводзіцца рэпетыцыйнае кампутарнае тэставанне. Па замове Міністэрства адукацыі выкладчыкамі ўніверсітэта распрацаваны тэсты па фізіцы, матэматыцы, рускай і беларускай мове.

З 24 мая 2018 года рэктарам БДУІР стаў Вадзім Анатольевіч Богуш[1].

Падзеі 2020 годаПравіць

Пасля масавых фальсіфікацый на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года, жорсткага разгону акцый пратэстаў, збіцця і катаванняў затрыманых пратэстоўцаў, шматлікія студэнты ўніверсітэта падтрымалі пратэсты. 26 кастрычніка па закліку Святланы Ціханоўскай яны далучыліся да агульнанацыянальнай забастоўкі. 27 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў адлічваць усіх студэнтаў і звальняць выкладчыкаў, якія прымаюць удзел у несанкцыянаваных акцыях[2].

27 кастрычніка выкладчыкі і супрацоўнікі ўніверсітэта апублікавалі відэазварот, дзе запатрабавалі правядзення новых, сумленных і свабодных, выбараў, вызвалення ўсіх палітвязняў, а таксама асудзілі гвалт, пераслед студэнтаў і супрацоўнікаў ВНУ[3]. У той жа дзень 37 супрацоўнікаў універсітэта, з якіх 25 з факультэта камп’ютарных сістэм і факультэта камп’ютарнага праектавання, далучыліся да бестэрміновага страйку[4]. Станам на 29 кастрычніка больш за 140 супрацоўнікаў БДУІР далучыліся да патрабаванняў, агучаных у відэазвароце[5].

Дэкан Факультэта камп’ютарных сістэм і сетак Марына Лукашэвіч адмовілася падпісваць загад аб адлічэнні студэнтаў свайго факультэта і напісала заяву на звальненне па ўласным жаданні[6]. Таксама, па ўласным жаданні сышоў прарэктар па вучэбнай працы ўніверсітэта Валерый Прыткоў.

ДзейнасцьПравіць

Універсітэт рыхтуе інжынерныя кадры па двух напрамках адукацыі, 30 спецыяльнасцях і 25 спецыялізацыях у галіне вылічальнай тэхнікі, праграмнага забеспячэння інфармацыйных тэхналогій, інфарматыкі, інфармацыйнага забеспячэння аўтаматызаваных сістэм, штучнага інтэлекту, аўтаматычнага кіравання, радыётэхнікі, радыёэлектронных сістэм, мікраэлектронікі, тэлекамунікацый, праектавання радыёэлектронных і электронна-вылічальных сродкаў, электроннага апаратабудавання, медыцынскай электронікі, тэхнічных сродкаў бяспекі, метралогіі, стандартызацыі і сертыфікацыі, эканомікі. На 10 факультэтах і 35 кафедрах па дзённай, вячэрняй, завочнай і дыстанцыйнай формах навучання займаецца больш за 15 тысяч студэнтаў, у тым ліку каля 350 — з краін далёкага і блізкага замежжа. У 2001 г. адчынена магістратура, вядзецца падрыхтоўка магістраў па 27 спецыяльнасцях. Падрыхтоўка навуковых кадраў вышэйшай кваліфікацыі для рэспублікі і іншых краін праводзіцца ў аспірантуры і дактарантуры. Працуюць шэсць доктарскіх саветаў па абароне дысертацый, якія ахопліваюць 13 тэхнічных і 2 фізіка-матэматычныя спецыяльнасці.

Факультэты і іншыя падраздзяленніПравіць

  • Факультэт камп’ютарнага праектавання (ФКП)
  • Факультэт інфармацыйных тэхналогій і кіравання (ФІТК)
  • Факультэт радыётэхнікі і электронікі (ФРЭ)
  • Факультэт камп’ютарных сістэм і сетак (ФКСіС)
  • Факультэт інфакамунікацый (ФІК)
  • Інжынерна-эканамічны факультэт (ІЭФ)
  • Факультэт даўніверсітэцкай падрыхтоўкі і прафесійнай арыентацыі (ФДПіПА)
  • Ваенны факультэт (ВФ)
  • Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў «Інстытут інфармацыйных тэхналогій» (ІІТ БДУІР)
  • ДУА «Ліцэй № 1 г. Мінска» пры БДУІР
  • Філіял «Мінскі радыётэхнічны каледж»

Рэктары БДУІРПравіць

  • Іван Сідаравіч Кавалёў — рэктар Мінскага радыётэхнічнага інстытута з 15 сакавіка 1964 года па 2 лютага 1973 года. Член-карэспандэнт Акадэміі навук БССР, доктар тэхнічных навук, прафесар
  • Віктар Макаравіч Ільін — рэктар Мінскага радыётэхнічнага інстытута — Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі з 8 лютага 1973 года па 30 чэрвеня 2000 года. Заслужаны работнік вышэйшай школы БССР, кандыдат тэхнічных навук, прафесар, акадэмік Міжнароднай акадэміі навук вышэйшай школы. Ганаровы рэктар БДУІР з 4 ​​ліпеня 2000 года
  • Міхаіл Паўлавіч Батура — рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі з 2 кастрычніка 2000 года па 23 мая 2018. Доктар тэхнічных навук, прафесар, акадэмік Міжнароднай акадэміі навук вышэйшай школы, заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь
  • Вадзім Анатольевіч Богуш — рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі з 24 мая 2018 года. Доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар.[7]

Выбітныя выкладчыкі і выпускнікіПравіць

Зноскі

СпасылкіПравіць