Беларускі загранічны архіў

Беларускі загранічны архіў у Празе створаны ў 1928 г. (ці ў 1929 г.) беларускай эміграцыяй з мэтай збору і захавання матэрыялаў гісторыі беларускага нацыянальна-вызваленчага руху.

Заснавальнік і першы загадчык М. Вяршынін, у 19341938 гг. загадчык архіва Т.Т. Грыб. Падпарадкоўваўся Міністэрству замежных спраў Чэхаславакіі і эміграцыйнаму ўраду БНР. Меў 4 аддзелы: дакументаў (у 1937 г. налічваў 15 000 назваў – матэрыялы Рады і дыпламатычных місій БНР, архівы беларускіх замежных арганізацый, устаноў, партый, успаміны, біяграфіі, перапіска беларускіх дзеячаў і іншае); бібліятэка беларусазнаўства (выданні пра Беларусь на беларускай і іншых мовах); перыядычных выданняў (у 1937 захоўваліся камплекты 214 назваў беларускіх газет); беларускай бібліяграфіі (12 000 пазіцый – гістарычная бібліяграфія і картатэка па ўсіх пытаннях беларусазнаўства). У лютым 1938 г. прэзідэнт Рады БНР В.І.Захарка звярнуўся да прафесара Славіка, які курыраваў архіў ад Міністэрства замежных спраў, з просьбаю дазволіць прызначыць загадчыкам П. Бакача, але пытанне не было вырашана. У 2-ю сусветную вайну архіў падпарадкоўваўся нямецкім акупацыйным уладам - Міністэрству ўнутраных спраў Пратэктарата Багеміі і Маравіі. У 1943 г. І.А.Ермачэнка зноў узняў перад нямецкімі ўладамі пытанне аб прызначэнні загадчыка архіва; на гэту пасаду зноў быў прапанаваны Бакач. Але да канца вайны архіў так і заставаўся без загадчыка і фактычна не працаваў. Далейшы яго лёс невядомы. Можна меркаваць, што ён мог быць вывезены з Прагі беларускімі дзеячамі на Захад, альбо савецкімі спецслужбамі на Усход і знаходзіцца ў сховішчах на тэрыторыі былога СССР.

Літаратура

правіць
  • Караленка, М. Беларускі загранічны архіў у Празе // Шях моладзі. 1938. - № 3 (119). - С.
  • Сурмач, Г.І. Беларускі загранічны архіў у Празе / Г.І.Сурмач // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі / Беларуская энцыклапедыя; Рэдкалегія: М.В.Біч і іншыя. Том 1. А - Беліца. - Мн.: "Беларуская энцыклапедыя" імя Петруся Броўкі, 1993. - С. 432.