Беларускі камітэт самапомачы

Беларускі камітэт самапомачы, БКС ўтвораны вясной 1940 пры Беларускім прадстаўніцтве ў Берліне. Адначасова з цэнтральнай сядзібай былі адкрыты аддзяленні ў Познані і Лодзі, пазней — у Варшаве, Празе, Торуні, Вене, Лейпцыгу, Мюнхене і іншых гарадах.

Першапачаткова планавалася, што арганізацыя будзе мець назву Беларускі нацыянальны камітэт[1]. Аднак нямецкія ўлады адмовілі, бо гэта не было прадугледжана патрабаваннямі пакту Молатава—Рыбентропа[2]

БКС цесна супрацоўнічалі з нямецкімі разведслужбамі і службай бяспекі (СД), вялі работу сярод ваеннапалонных беларусаў, былых салдат Войска Польскага. Па меры набліжэння пачатку вайны дзейнасць БКС і Беларускага прадстаўніцтва выкарыстоўвалася ў разведвальнай і прапагандысцкай рабоце, арганізацыі дыверсійных груп, падрыхтоўцы кадраў цывільнай адміністрацыі для Беларусі.

Першы кіраўнік — былы консул БНР у Берліне Андрэй Бароўскі, члены праўлення — Васіль Камароўскі (паэт Антось Вярбіна), Аляксандр Крыт (у будучыні а. Андрэй), Баляслаў Барткевіч і інш.[2] 19 чэрвеня 1941 ў Берліне на нарадзе прадстаўнікоў Беларускага камітэта самапомачы і Беларускага прадстаўніцтва ўтвораны Беларускі нацыянальны цэнтр.

Летам 1940 склад управы БКС істотна змяніўся. На з’ездзе прадстаўнікоў БКС старшынёй арганізацыі быў абраны Мікола Абрамчык, які пераехаў у Берлін з Парыжа, віцэ-старшынёй — Аляксандр Калоша, сакратаром — Станіслаў Грынкевіч (малодшы). На пачатак 1944 БКС у Германіі налічваў 13 тыс. чалавек[3].

У пачатку 1942 БКС атрымаў дазвол на адкрыццё настаўніцкіх курсаў у Берліне. Планавалася, што настаўнікі, скончыўшы курсы, паедуць працаваць у Беларусь. Курсы скончылі каля 30 чал., аднак нямецкія ўлады забаранілі ім выезд на Бацькаўшчыну[4].

Зноскі

  1. Ліст Вітаўта Тумаша («Заўвагі (з памяці) пра беларускія ўстановы й арганізацыі ў Нямеччыне ў гады Другое сусьветнае вайны») да Аляксея Вініцкага ад 5 жніўня 1968 г.
  2. а б Гардзіенка, А. Бэрлін як асяродак беларускага жыцьця першай паловы 40-х гг. XX стагодзьдзя / Алег Гардзіенка // Запісы = Zapisy. — 2003. — № 26. — С. 93.
  3. Бэрлін, Янка Сурвілла (Успаміны) // Беларус. — 2000. — № 467.
  4. Гардзіенка А., 2003. — С. 93—94.

Літаратура

правіць
  • Turonek J. Białoruś pod okupacją niemiecką, 1989. С.33.
  • Літвін, А. М. Беларускае прадстаўніцтва / А. М. Літвін // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 1. А — Беліца / БелЭн; Рэдкал.: М. В. Біч (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1993. — 494 с., [8] к.: іл. — С. 356. — ISBN 5-85700-074-2.