Беларускі камітэт (Варшава)

Беларускі камітэт — беларуская грамадска-палітычная арганізацыя ў Варшаве ў 1919—1927 г.

Створаны ў верасні 1919, статут камітэта зацверджаны 17.10.1919 Міністэрствам унутраных спраў Польшчы. У камітэт увайшлі Л. Дубейкаўскі (старшыня), Г. Леўчык (сакратар), Р. Зямкевіч, Я. Натусевіч, М. Рамановіч, В. Грыневіч і інш. Паводле статута меў права «развіваць сваю дзейнасць на ўсёй тэрыторыі Польшчы ў рэчышчы культурна-асветнай працы і дабрачыннасці на карысць пражываючых тут беларусаў». Праводзіў лекцыі, тэатральна-музычныя вечарыны для курсантаў беларускай школы падхарунжых у Варшаве, былых слуцкіх паўстанцаў, што апынуліся ў Дарагускім лагеры пасля задушэння Слуцкага паўстання (1920). Выступаў з адозвамі да польскіх улад, у якіх пратэставаў супраць палітычнага і адміністрацыйнага ўціску беларускіх нацыянальных арганізацый, супраць арыштаў актывістаў беларускага руху, закрыцця беларускіх школ, культурна-асветных гурткоў і кааператываў. У час Варшаўскай аперацыі на савецка-польскім фронце (1920) аказваў матэрыяльную дапамогу бежанцам — выхадцам з Беларусі. Пасля забароны дзейнасці Гродзенскага беларускага нацыянальнага камітэта стварыў у лютым 1921 ў Гродне свой філіял, падтрымліваў матэрыяльна мясцовы беларускі дзіцячы прытулак і гімназію. Намаганнямі старшыні Л. Дубейкаўскага з польскай турмы вызвалены Т. Грыб, А. Уласаў, У. Курбскі. У 1921 у склад камітэта ўвайшлі Я. Ладноў (віцэ-старшыня), В. Берзін, М. Грыгаровіч і інш.

Выкарыстаўшы ад’езд Л. Дубейкаўскага на жыхарства ў Вільню і палітычны разрыў апошняга з А. Луцкевічам, Я. Ладноў фактычна прысвоіў кіраўніцтва ў камітэце і пры падтрымцы часткі членаў разгарнуў дзейнасць арганізацыі ў паланафільным кірунку. Публічна выступаў «за саюз усіх славян праз Варшаву, Прагу, Бялград і Сафію». У 1923—1924 гадах Я. Ладноў склаў некалькі адозваў, у якіх абвінаваціў членаў Беларускага пасольскага клуба і большасць віленскіх беларускіх арганізацый у сувязях з сусветным масонствам і бальшавіцкай Масквой. У выніку 5.11.1924 Л. Дубейкаўскі склаў з сябе абавязкі старшыні камітэта.

Пасля ад’езду Я. Ладнова ў Германію дзейнасць камітэта спынілася. Адноўлена 15.7.1925 прыхільнікамі Беларускага сялянскага саюза і беспартыйнымі дзеячамі. У новы склад камітэта ўвайшлі Л. Більдзюкевіч (старшыня), Я. Пачопка (віцэ-старшыня), М. Грыгаровіч (скарбнік), Г. Леўчык, В. Берзін (сакратар), Я. Гапановіч, А. Уласаў, Р. Зямкевіч і В. Мультан.

Найбольш верагодна камітэт спыніў сваю ддзейнасць у 1927 ў час масавых палітычных рэпрэсій супраць беларускіх палітычных партый і арганізацый.

Літаратура

правіць
  • Ляхоўскі У. Беларускі камітэт у Варшаве // ЭГБ ў 6 т. Т. 6. Кн. ІІ. Мн., 2003.