Беларускі камітэт (Польшча)

Беларускі камітэт (БК) у Польшчы, Камітэт беларускі — арганізацыя, створаная для грамадскай апекі над беларусамі ў Польшчы ў гады ІІ сусветнай вайны.

Гісторыя правіць

Беларускі камітэт быў створаны ў пачатку 1940 ў Варшаве з дазволу нямецкіх акупацыйных улад як Беларускі саюз самапомачы (старшыня Ф. Акінчыц), з лета 1940 — Беларускі камітэт (старшыня Мікалай Шчорс). БК меў прадстаўніцтвы ў гарадах Кракаў і Бяла Падляска, гурткі на Падляшшы.

Членамі камітэту былі даваенныя жыхары Варшавы, уцекачы з паўночна-ўсходніх ваяводстваў Польшчы, якія не пажадалі заставацца на занятай у верасні 1939 савецкімі войскамі тэрыторыі, а таксама вызваленыя з нямецкага палону ваеннаслужачыя польскай арміі беларускай нацыянальнасці.

У сакавіку 1942 камітэт аб'ядноўваў каля 6 тыс. чал., займаўся зборам і размеркаваннем сярод сваіх членаў адзення, прадуктаў харчавання, картак на набыццё прамысловых тавараў, аказаннем юрыдычнай, медыцынскай і грашовай дапамогі, працавала камітэцкая сталоўка. З мэтай пашырэння нацыянальнай адукацыі арганізоўваліся лекцыі, дыскусійныя вечары, курсы беларусазнаўства, на якіх з дакладамі выступалі Я. Станкевіч, М. Шчорс, В. Гадлеўскі, П. Татарыновіч, Ч. Ханяўка і інш. Дзейнічалі беларуская бібліятэка, хор, аркестр, драматычная секцыя, праводзіліся канцэрты. Намаганнямі Беларускага камітэту ў Варшаве створана беларуская пачатковая школа з інтэрнатам (працавала ў 1942-44), летам 1943 арганізаваны лагер для вучняў.

Камітэт садзейнічаў стварэнню ў Варшаве беларускай праваслаўнай і каталіцкай парафій, царкоўнага брацтва імя св. Юрыя, якое актыўна развівала выдавецкую дзейнасць. У рамках камітэту працавалі праваслаўныя царкоўныя камісіі, якія займаліся лінгвістычнай уніфікацыяй беларускамоўных тэкстаў праваслаўных і каталіцкіх малітваў, правапісу імён.

Кіраўніцтва камітэту імкнулася да аднаўлення беларускай дзяржаўнасці, аднак у поглядах на тактыку рэалізацыі гэтай палітычнай мэты аднадушша не было. Адны выступалі за супрацоўніцтва з Германіяй, іншыя арыентаваліся на польскае падполле і заходнія краіны, частка супрацоўнічала з камуністычным падполлем.

Дзейнасць камітэту фактычна спынілася 1.8.1944 з пачаткам Варшаўскага паўстання. Управа камітэту была перанесена ў Кракаў і намінальна існавала да ўступлення ў горад савецкіх войск у студзені 1945.

Літаратура правіць

  • Туронак Ю. Школа на Свентаерскай вуліцы // Беларускі каляндар, 1978.
  • Туронак Ю. Беларусь пад нямецкай акупацыяй: Пер. з пол. — Мн., 1993.
  • Туронак Ю. Беларускі камітэт // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 2, — Мн.: БелЭн, 1996.
  • Грыбоўскі Ю. Беларускі камітэт у Генерал-губернатарстве (1940—1945 гг.): Пер. з пол. // ARCHE-Пачатак. № 5 (155) — 2017. C. 17-46.