Беларускі нацыянальны камітэт (Магілёў)
Белару́скі нацыяна́льны камітэ́т (БНК) у Магілёве (таксама вядомы як — Магілёўскі беларускі камітэт, Магілёўскі беларускі арганізацыйны камітэт, Магілёўская беларуская рада) — беларуская грамадска-палітычная, культурна-асветная арганізацыя ў 1917—1918 гг. Створаны 17 красавіка 1917 года.
Беларускі нацыянальны камітэт | |
---|---|
Дата заснавання | 17 красавіка 1917 |
Дата роспуску | лістапад 1918 |
Тып | грамадская арганізацыя |
І. І. Рэут (красавік—кастрычнік 1917 г.) М. С. Кахановіч (кастрычнік 1917—лістапад 1918) |
|
Мэта і задачы
правіцьМеў на мэце стварэнне дзяржаўна-прававых, культурна-асветных і эканамічных умоў для беларускага адраджэння, пашырэнне нацыянальнай свядомасці сярод беларускага насельніцтва. На пачатку дзейнасці выступаў за аўтаномію Беларусі ў складзе Расійскай дэмакратычнай рэспублікі, з 1918 г. за дзяржаўную незалежнасць Беларусі.
Дзейнасць
правіцьЗаснавальнікі: выкладчыкі навучальных устаноў горада, работнікі суда, архіва, бібліятэк, чыгункі, земскіх і гарадскіх устаноў. Камітэт узначальваў І. І. Рэут, з кастрычніка 1917 г. — М. С. Кахановіч. У яго ўваходзілі Я. і Д. Аляхновічы, Дз. І. Даўгяла (нам. старшыні), В. Я. Какошынскі, ксёндз Д. Лапошка, А. Ф. Пігулеўскі, А. М. Раждзественскі, І. А. Сербаў, М. А. Судзілоўскі, Шчансновіч і інш. Пры камітэце працавалі палітычная, арганізацыйная, фінансавая, школьная, культурна-асветная і этнаграфічная камісіі.
Членамі камітэта праводзіліся сходы і мерапрыемствы, ладзіліся гарадскія святы, прымаліся адозвы, ствараліся структуры БНК, рабіліся захады па заснаванню філіялаў у павятовых гарадах губерні.
Прадстаўнікі камітэту ўдзельнічалі ў рабоце з’ездаў беларускіх арганізацый і партый у Мінску ў ліпені 1917 годзе, Усебеларускім з’ездзе 1917 годзе. Разам з іншымі беларускімі арганізацыямі выставіў кандыдатуры ва Устаноўчы сход па Магілёўскай выбарчай акрузе. Спробы пераўтварыць камітэт у губернскі цэнтр беларускіх нацыянальных арганізацый не мелі поспеху. Спыніў дзейнасць у лістападзе 1918 г. з прыходам у горад Чырвонай Арміі.
Літаратура
правіць- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 2: Аршыца — Беларусцы / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 2. — С. 453. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0061-7 (т. 2).