Беларускі народны роспіс на шкле
Белару́скі наро́дны ро́спіс на шкле́, таксама відзік[1], мн. л. відзікі[2] — від народнага дэкаратыўнага роспісу, распаўсюджаны ў Беларусі з канца XIX стагоддзя да 1980-х гадоў[3], карціны напісаныя фарбай на шкле. Народны роспіс на шкле створаны і распаўсюджваўся ў вясковым асяроддзі. Часта адносіцца да наіўнага мастацтва, мае прыкметы кічу, але некаторыя творы напісаныя на больш высокім мастацкім узроўні[4]. Уключаны ў спіс нематэрыяльна-культурных каштоўнасцей Беларусі 20 сакавіка 2023 года[5].

Назва
правіцьДля назвы народнага роспісу на шкле ў асобных рэгіёнах распаўсюджана слова «відзік». Паходзіць ад польскага слова widok (від, перспектыва, пейзажны малюнак), пры гэтым суфікс -ok заменены на беларускі -ік (з памяншальна-ласкальным адценнем)[1].
Гісторыя
правіцьГэты від мастацтва мае даўнія традыцыі і ў першую чаргу звязаны з развіццём шкларобства[6]. У Цэнтральнай Еўропе пачатак развіцця жывапісу на шкле адносіцца да XVIII стагоддзя. Цэнтрамі, дзе актыўна фарміраваліся нацыянальныя школы жывапісу на шкле, з’яўляліся Аўстрыя, Германія, Польшча, Румынія, Славакія[6]. Менавіта адсюль гэтая прадукцыя распаўсюджвалася па Усходняй Еўропе, пераходзіла граніцы Польшчы, Украіны і дасягала Беларусі. Натуральна, хваля такога мастацтва, даходзячы да нашай краіны, амаль што затухала, а вось Польшча і ў меншай ступені Украіна актыўна пераймалі вопыт і майстэрства роспісу на шкле, станавіліся своеасаблівымі цэнтрамі яго развіцця. У Польшчы такімі цэнтрамі былі Селезскі, Сцінскі і іншыя раёны, дзе знаходзіліся заводы па выпрацоўцы шкла[6].
На тэрыторыі Беларусі роспіс на шкле развіваўся пераважна ў паўднёвых і паўднёва-заходніх рэгіёнах, якія межавалі з Украінай і Польшчай. Але самі творы як рыначны тавар шырока распаўсюджваліся ва ўсіх гарадах і мястэчках Беларусі[6]. Гэты від мастацтва не патрабаваў вялікіх матэрыяльных і фізічных выдаткаў ад творцаў, як, напрыклад, маляваныя куфры або дываны. Ён адрозніваўся больш шырокімі магчымасцямі тыражавання, выканання па заказу пакупнікоў, транспарціроўкі з аднаго месца ў другое[6].
Апісанне
правіцьПаводле прызначэння карціны падзяляюцца на тры віды: абразы, інтэр’ерныя карціны розных жанраў, карціны-рамкі для фатаграфій[7][8]. Абразоў сярод твораў народнага роспісу на шкле найменшая колькасць, пераважаюць выявы Божай Маці з сынам. Інтэр’ерныя карціны маюць вялікую разнастайнасць паводле сюжэтаў: выявы кветкавых букетаў, галубоў і іншых птушак над кветкамі, катоў, прыгожых жанчын, закаханых пар, копіі сюжэтаў вядомых карцін (напрыклад, «Асілкі» Віктара Васняцова) і г.д. Карціны-рамкі для фатаграфій маюць пустыя ад фарбы акенцы, у якія з адваротнага боку шкла ўстаўлены фотаздымкі.
Мастацтвазнаўца Вольга Лабачэўская паводле стылістыкі і тэхнікі выканання дзеліць роспіс на дзве групы: набліжаныя да народнай дэкаратыўнай традыцыі і індывідуальныя паводле манеры выканання карціны, і ўніфікаваныя паводле кампазіцыі і абагуленыя паводле малюнку карціны, у сюжэтах і вобразах якіх ёсць кічавая плынь і капіравальны характар выканання[4].
Вядомыя майстры
правіцьВядомымі майстрамі беларускага народнага роспісу на шкле ёсць[9][10][4]: Алена Васілеўская (в. Здзітава, Бярозаўскі раён), Алена Макоўчык (в. Совіна, Бярозаўскі раён), В. Жуковіч (в. Спорава, Бярозаўскі раён), Лідзія Доўгер (вядомая найперш расфарбоўваннем куфраў, в. Агова, Іванаўскі раён), Валянціна Вакульчык (в. Касцюкі, Бярозаўскі раён), Васіль Калінін (в. Дубіца, Брэсцкі раён), Іосіф Мысліцкі (в. Сейлавічы, Нясвіжскі раён), Аляксандра Кутняя (в. Дамарацкія, Клецкі раён).
Захаванне і ахова
правіцьТворы беларускага народнага роспісу на шкле захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту, Вілейскім краязнаўчым музеі, Бярозаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі, Гісторыка-культурным музеі-запаведніку «Заслаўе», фондах аддзела старажытнабеларускай культуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы ДНУ «Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі»[2].
20 сакавіка 2023 года традыцыйнаму роспісу на шкле ў горадзе Бярозе, аграгарадку Спораве, аграгарадку Стрыгінь Бярозаўскага раёна і горадзе Пружаны, вёсцы Слабудка, вёсцы Новыя Засімавічы Пружанскага раёна быў нададзены статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі[3].
Крыніцы
правіць- ↑ а б Этымалагічны слоўнік беларускай мовы 1980, с. 126.
- ↑ а б Выстава «Відзікі: беларускі традыцыйны роспіс на шкле» . heritage.gov.by (16 чэрвеня 2023).
- ↑ а б Традыцыйны роспіс па шкле і ткацтва «кажушком» атрымалі статус гісторыка-культурных каштоўнасцей(недаступная спасылка). heritage.gov.by (16 чэрвеня 2023).
- ↑ а б в Лабачэўская В. 2020, с. 135.
- ↑ Выяўленне элементаў НКС(нявызн.). Жывая спадчына Беларусі.
- ↑ а б в г д Народныя асновы дэкаратыўнага жывапісу ў галіне аздаблення культавых храмаў, прадметаў бытавога і забаўляльнага прызначэння. С. 75 —
- ↑ Лабачэўская В. 2020, с. 133.
- ↑ Барткова М.М. Прадметы дэкору традыцыйнага жылля : малюнкі на шкле / складальнік Барткова М.М.. — Мінск: Нацыянальная бібліятэка Беларусі, 2011. — С. 4-5. — 54 с.
- ↑ Максім Хлябец. Хто і як рабіў відзікі ў Беларусі. Відэападкаст з Вольгай Трубач . natatnik.by (10 верасня 2022).
- ↑ Антон Рудак. Новыя элементы ў спісе нематэрыяльнай спадчыны . kultura-info.by (23 сакавіка 2023). Архівавана з першакрыніцы 4 мая 2023.
Літаратура
правіць- Лабачэўская В. Народныя карцінкі на шкле ў Беларусі: да пытання мастацкай вартасці і тыпалогіі // Традыцыі і сучасны стан культуры і мастацтваў : зб. навук. арт. Вып. 1. — Мінск: Права і эканоміка, 2020. — С. 133—137. — ISBN 978-985-552-897-6.
- Відзік // Этымалагічны слоўнік беларускай мовы / рэд. Мартынаў В. — Мінск: Нацыянальная акадэмія навук Беларусі. Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа, 1980. — Т. 2. — 344 с.
- Барткова М. М. Прадметы дэкору традыцыйнага жылля : малюнкі на шкле / складальнік Барткова М. М.. — Мінск: Нацыянальная бібліятэка Беларусі, 2011. — С. 4-5. — 54 с.
- Починова, Н. В. Белорусская народная декоративная роспись : учебное пособие для учащихся учреждений, обеспечивающих профессионально-технического образования по специальности "Декоративно-прикладное искусство" / Н. В. Починова. - Минск: Вышэйшая школа, 2005. - 174 с. : ил.
- Сахута, Я. М. Беларускае народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва / Я. М. Сахута. - 2-е выданне, перапрац. і дап. - Мінск : Беларусь, 2001. - 110 с. : іл.
Спасылкі
правіць- Лічбавы каталог відзікаў . vidziki-art.tilda.ws.
- Максім Хлябец. Хто і як рабіў відзікі ў Беларусі. Відэападкаст з Вольгай Трубач . natatnik.by (10 верасня 2022).
- Праект vidziki.art у Instagram .
- Юдзіна І. Відзікі: наіўнае мастацтва на шкле // Belavia: OnAir : часопіс. — 2023. — № 5 (156). — С. 128—134.
- Інвентар НКС . living-heritage.by. Праверана 10 сакавіка 2025.