Беларускі нацыянальны камітэт (Гродна)

Беларускі нацыянальны камітэт (БНК) у Гродне, Гродзенскі беларускі нацыянальны камітэт — прадстаўнічы орган беларускіх нацыянальных арганізацый Гродзеншчыны ў 1918—1921 гадах.

Беларускі нацыянальны камітэт у Гродне створаны ў лістападзе 1918 года на агульным мітынгу, скліканым па ініцыятыве ўпаўнаважанага Віленскай беларускай рады К. Цярэшчанкі. У склад БНК увайшлі А. Грыкоўскі (першы старшыня), Я. Натусевіч (старшыня з сакавіка 1919), С. Качынскі, А. Якубецкі; пазней кааптаваны П. Аляксюк, К. Бялецкі, Т. Вернікоўскі, Л. Дзекуць-Малей, У. Курбскі-Кузняцоў і інш. БНК ствараў беларускія школы, культурна-асветныя гурткі і кааператывы, выступаў супраць прарасійскай арыентацыі Гродзенскай беларускай губернскай управы, адзін з арганізатараў Гродзенскага беларускага сялянскага з’езда (1918). Выдаваў газету «Зорка» (май 1919, выйшлі 2 нумары), у студзені 1919 адкрыў у Гродне беларускі клуб «Наша хатка». Дзейнічаў сумесна з Грамадой беларускай моладзі ў Горадні, Гродзенскай павятовай радай, Цэнтральнай беларускай радай Гродзеншчыны, Цэнтральнай беларускай вучыцельскай радай Гродзеншчыны. 3-за палітычнага і адміністрацыйнага ўціску польскіх акупацыйных улад з восені 1919 да вясны 1920 не дзейнічаў. 28.3.1920 абраны новы склад БНК: С. Баран (старшыня), І. Антонаў, К. Бялецкі, Л. Дзекуць-Малей, У. Курбскі, С. Якавюк, М. Якімовіч, У. Федарук і інш. Знаходзіўся пад уплывам беларускіх эсэраў і стаяў у апазіцыі да акупацыйных улад Польшчы. Пры камітэце створаны адміністрацыйны, арганізацыйны, культурна-асветны і дабрачынны аддзелы, юрыдычнае бюро. Працаваў у кантакце з Цэнтральнай беларускай радай Віленшчыны і Гродзеншчыны, Часовым Беларускім нацыянальным камітэтам у Мінску, Беларускай цэнтральнай школьнай радай, Беларускай школьнай радай у Гродне. Стварыў апякунскую раду на чале з Л. Дзекуць-Малеем для падтрымкі мясцовага дзіцячага прытулку, імкнуўся стварыць свой аддзел інструктараў для арганізацыі нацыянальна-культурнай працы ў паветах Гродзенскай губерні. 3 прыходам Чырвонай Арміі ў ліпені 1920 на нелегальным становішчы. Члены БНК С. Баран і Л. Дзекуць-Малей у жніўні 1920 увайшлі ў склад Гродзенскага губернскага рэўкома. Пасля вяртання польскіх войск кіраўніцтва ў БНК перахапілі т.зв. паланафілы на чале з В. Адамовічам (выдаваў газету «Беларускае слова»). БНК падтрымаў вайсковую акцыю С. Булак-Балаховіча. У студзені 1920 да кіраўніцтва вярнуліся беларускія эсэры (старшыня С. Баран). У студзені 1921 БНК скасаваны польскімі ўладамі, яго функцыі пэўны час выконваў гродзенскі філіял Беларускага камітэта ў Варшаве.

Літаратура правіць

  • ЭГБ. Дадатак. — Мн., БелЭн, 2003.