Беларускі нацыянальны камітэт (Ігумен)
Белару́скі нацыяна́льны камітэ́т (БНК) у Ігумене, таксама Ігу́менскі белару́скі нацыяна́льны камітэ́т — прадстаўнічы орган беларускіх нацыянальных арганізацый Ігуменскага павета ў 1919—1920 гадах. Створаны ў кастрычніку 1919 года ў Ігумене паводле ініцыятывы інструктара Часовага беларускага нацыянальнага камітэта М. І. Каспяровіча. У кіраўніцтва камітэту ўваходзілі Я. Е. Макась (старшыня), І. М. Савіч, З. Харытановіч і іншыя. Арганізоўваў беларускія школы, культурна-асветныя гурткі і кааператывы. Ініцыятар стварэння павятовай Беларускай школьнай рады Ігуменшчыны, разам з ёй выступіў у лістападзе 1919 года супраць закрыцця польскімі акупантамі Будслаўскай беларускай гімназіі. Знаходзіўся пад уплывам беларускіх эсэраў і беларускіх камуністычных арганізацый. Неафіцыйна падтрымліваў антыпольскі падпольны і партызанскі рух. Спыніў сваю дзейнасць з прыходам Чырвонай Арміі.
Зноскі
Літаратура
правіць- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 2: Аршыца — Беларусцы / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 2. — С. 453. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0061-7 (т. 2).