Беларускі нацыянальны камітэт (Слуцк)

прадстаўнічы орган беларускіх нацыянальных арганізацый Случчыны ў 1918—1920 гадах

Белару́скі нацыяна́льны камітэ́т (БНК) у Слуцку, таксама Слуцкі беларускі нацыянальны камітэт, Часовы беларускі нацыянальны камітэт Случчыны — прадстаўнічы орган беларускіх нацыянальных арганізацый Случчыны ў 1918—1920 гадах.

Гісторыя правіць

Створаны ў красавіку 1918 года. У кіраўніцтва ўвайшлі Яніслаўскі (старшыня), С. К. Петрашкевіч (сакратар), М. А. Асвяцімскі (скарбнік). Стаяў на пазіцыях Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. Меў на мэце пашырэнне нацыянальнай свядомасці беларусаў, арганізацыю беларускага школьніцтва, культурна-асветных гурткоў, кааператываў, матэрыяльна падтрымліваў таварыства «Папараць-кветка». У снежні 1918 года стварыў патрыятычную падпольную арганізацыю «Саюз абароны края». Пасля прыходу Чырвонай Арміі на нелегальным становішчы, бальшавікі арыштавалі Яніслаўскага, В. М. Русака, П. Я. Жаўрыда і іншых. Аднавіў дзейнасць у студзені 1919 года. У новае кіраўніцтва выбраны Жаўрыд (старшыня), У. Дубіна, Русак, А. Ю. Бараноўскі і інш. Пры кіраўніцтве створаные аддзелы: арганізацыйны, культурна-асветны, кааператыўны, юрыдычны, дабрачынны. Меў цесную сувязь і фінансаваўся Часовым беларускім нацыянальным камітэтам у Мінску. Палітычна знаходзіўся пад уплывам беларускіх эсэраў, падтрымліваў антыпольскі падпольны і партызанскі рух. Кааптаваў сваіх членаў у мясцовыя органы самакіравання, праводзіў культурна-асветную работу, стварыў гарадскую і павятовую беларускую міліцыю. У маі 1920 года выступіў з пратэстамі ў адрас Польшчы і Савецкай Расіі, у якіх асудзіў тайныя перамовы пра падзел Беларусі.

Падчас наступлення Чырвонай Арміі (ліпень 1920 года) частка членаў камітэту (Петрашкевіч, Бараноўскі, Асвяцімскі, К. Кецка і інш.) выступіла за супрацоўніцтва з савецкай уладай. 1 лістапада 1920 года створаны новы склад камітэта на чале з А. Паўлюкевічам, які стаяў на пазіцыях Найвышэйшай Рады БНР. На І-м беларускім з'ездзе Случчыны 14 лістапада 1920 года перадаў свае паўнамоцтвы абранай Беларускай радзе Случчыны.

Зноскі

Літаратура правіць