Беларускі правапіс (1959)
Артыкулу нестае спасылак на крыніцы. |
Правапіс беларускай мовы 1959 года — нарматыўны правапіс беларускай мовы (з 1 студзеня 1958 года, у школах — з 1 верасня 1958 года). Папулярна з гэтым правапісам звязваецца год яго першага выпуску асобнай кнігай — 1959 год.
Праект частковых удакладненняў і змяненняў правапісу 1934 года быў падрыхтаваны Арфаграфічнай камісіяй пад старшынствам Я. Коласа і К. Крапівы (1950—1951), апублікаваны ў 1951 годзе, дапрацаваны варыянт — у 1956 годзе, і зацверджаны пастановай Савета Міністраў БССР «Аб удакладненні і частковых зменах існуючага беларускага правапісу» (11 мая 1957 года).
Арфаграфічны даведнік «Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» быў выданы асобнай кнігай, падрыхтаванай у Інстытуце мовазнаўства АН БССР пад кіраўніцтвам К. Крапівы і П. Глебкі (1959). Звод гэтых правіл арфаграфіі ўваходзіў у акадэмічныя выданні граматыкі беларускай мовы (1962—1966, 1985).
Адным з прынцыповых змяненняў было памяншэнне ўплыву паходжання лексікі на яе правапіс, асабліва ў пісанні ненаціскнога «э»/«е». З двух крайніх варыянтаў, адзначаных у прэамбуле праекта 1951 года, г.зн. поўнага падпарадкавання іншаземных слоў прынцыпу акання/якання, і поўнага непадпарадкавання, канчаткова быў выбраны змяшаны варыянт з пашырэннем прынцыпу акання на ўсе словы, незалежна ад паходжання, і з распаўсюджаннем прынцыпу якання на словы са славянскай асновай і на «даўно запазычаныя» неславянскія словы.