Беларускі шлях (газета, 1918)

«Беларускі шлях» — штодзённая грамадска-палітычная газета на беларускай мове.

«Беларускі шлях»
Тып газета
Галоўны рэдактар Павел Аляксюк і Алесь Гарун
Заснавана 8 сакавіка 1918
Спыненне публікацый 23 жніўня 1918
Мова беларуская
Галоўны офіс

Выдавалася з 8.3 да 23.8.1918 ў Мінску ва ўмовах нямецкай акупацыі. Рэдактар-выдавец №1 П. Аляксюк; з №2 да канца выдання рэдактар А. Прушынскі (А. Гарун), выдавец — таварыства «Заранка» (старшыня П. Аляксюк, пісар А. Уласаў). Супрацоўнічала з газетай «Вольная Беларусь» (мела агульных аўтараў, абменьвалася матэрыяламі). Мэта выдання — сацыяльна-эканамічнае і культурнае адраджэнне Беларусі, яе дзяржаўная самастойнасць і суверэнітэт. Падтрымлівала палітыку Рады Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) і яе выканаўчага органа — Народнага Сакратарыята Беларусі.

Грунтоўна асвятляла нацыянальны грамадска-палітычны і культурны рух, змяшчала інфармацыю пра беларускі асветніцкі рух у гарадах, мястэчках і вёсках, пра дзейнасць Рады БНР, палітычных партый і груповак, рэгулярна друкавала перадавіцы, мела аддзелы і рубрыкі «Міжнароднае жыццё», «Весткі з краю», «Менскае жыццё», «Весткі з Расіі», «Харчовая справа», «Маленькі фельетон», друкавала кароткія тэатральныя рэцэнзіі, вершы, афіцыйную інфармацыю германскіх штабоў пра ход ваенных дзеянняў.

У перадавіцах і іншых матэрыялах асвятляла сацыяльна-эканамічнае і палітычае становішча Беларусі пасля Брэсцкага міру. Галоўным вынікам І сусветнай вайны і рэвалюцыі лічыла распад Расійскай імперыі і барацьбу народдў за нацыянальнае самавызначэнне. Крытыкавала палітыку бальшавікоў і Савецкай Расіі, антыбеларускую пазіцыю Л. Троцкага, змагалася супраць русіфікацыі і паланізацыі беларускага народа, выкрывала ігнараванне нацыянальных інтарэсаў Беларусі, імкненне імперыялістычных сіл падзяліць яе тэрыторыю і такім чынам «вырашыць» беларускую праблему. Заклікала народ не дапусціць панавання панскай Польшчы на Беларусі (арт. «Доля беларусаў», 27—28 сакавіка; «Польшча і яе суседзі», 15 чэрвеня). Рэдакцыя газеты схілялася да кампраміснай пазіцыі ў дачыненні да суседніх дзяржаў (Расіі, Польшчы, Літвы, Украіны і інш.), аднак пры ўмове прызнання імі палітычнай, гістарычнай і культурнай самастойнасці Беларусі. Выступала за пасляваенны саюз былых народаў Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, спадзявалася на падтрымку Германіяй Беларусі ў яе імкненні да эканамічнага і палітычнага супрацоўніцтва з еўрапейскімі дзяржавамі. Адначасова выступала за добрасуседскія адносіны з Расіяй пры ўмове прызнання ёю палітычнай незалежнасці Беларусі.

Газета падтрымлівала шматпартыйную палітычную сістэму, дэмакратычныя выбары на ўсіх узроўнях улады, абараняла інтарэсы беларускага сялянства, выступала за развіццё эканамічнай і культурнай ініцыятывы гарадоў, мястэчак і вёсак краю. Асноўнай сілай гістарычнага руху супрацоўнікі газеты лічылі свядомую інтэлігенцыю, якая арганізуе і вядзе за сабой працоўныя класы насельніцтва. Народ, на іх думку, спрадвеку быў гарантам эканамічнай і палітычнай сілы грамадства, захавальнікам нацыянальнай культуры, мовы, традыцыйнага ладу жыцця, а гарады і мястэчкі — рэгіянальнымі цэйтрамі асветы, культуры, эканамічнай ініцыятывы і кааператыўнага руху.

Апублікавала Трэцюю Устаўную грамату Рады БНР, паводле якой Беларусь абвяшчалася незалежнай, непадзельнай і дэмакратычнай рэспублікай (29 сакавіка). Друкавала артыкулы пра стан сельскай гаспадаркі, перспектывы пасляваеннага аднаўлення эканомікі. Крытычна, але станоўча ацаніла дзейнасць Белнацкома і газеты «Дзянніца» (23 мая). Садзейнічала арганізацыі беларускіх школ, асветніцкіх гурткоў, прапагандзе беларускай культуры, развівала ідэю пераемнасці ў развіцці агульначалавечай і нацыянальнай культуры. Інфармавала пра дзейнасць Першага таварыства беларускай драмы і камедыі (п'есы Я. Купалы, Ф. Аляхновіча, творчасць Ф. Ждановіча, П. Мядзёлкі і інш.), арганізацыю беларускага дзіцячага тэатра ў Вільні (тэатр С. Корф). Паведамляла аб планах стварэння Беларускага ўніверсітэта.

У газеце выступалі з артыкуламі і нарысамі А. Прушынскі (псеўд. А. Гарун, I. Жывіца, Сальвесь, А. П.), З. Бядуля (псеўд. 3. Б., П-ік і інш.), А. Уласаў. На яе старонках друкаваліся вершы, нарысы і артыкулы З. Бядулі («Сучасная вайна і адраджэнне пад'ярэмных народаў», «Адносіны беларусаў да суседніх народаў», «Краёвая інтэлігенцыя» і інш.), вершы на актуальныя тэмы і фельетоны К. Ралюса (3. Вехаця), нарысы У. Галубка і іншых аўтараў (падпісаны псеўданімамі), некралогі («К. Кастравіцкі», «А. Петрашкевіч»).

Літаратура правіць

  • Конан У. «Беларускі шлях» // ЭГБ у 6 т. Т. 1. Мн., 1993.