Беларусь і грамадзянская вайна ў Іспаніі

Савецкі Саюз, у тым ліку Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка, у перыяд вайны ў Іспаніі 1936—1939 гг. аказваў падтрымку рэспубліканцам, якія ваявалі супраць генерала Франсіска Франка і яго прыхільнікаў. Пераважная большасць этнічных беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі прынялі ўдзел у канфлікце на баку Рэспублікі. Многія былі ў складзе групы савецкіх ваенных спецыялістаў. Жыхары заходніх рэгіёнаў краіны, што з’яўляліся тады часткай Польшчы, змагаліся ў шэрагах інтэрбрыгады Дамброўскага.

Беларус, удзельнік вайны, двойчы Герой Савецкага Саюза С. І. Грыцавец на паштовай марцы.

За заслугі ва ўзброеным канфлікце пяць выхадцаў Беларусі былі ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза[1][2], з якіх 4 — этнічныя беларусы (Ф. К. Каўроў, П. Е. Купрыянаў, Г. М. Склязнёў, С. І. Грыцавец), 1 — этнічны паляк (М. А. Сяліцкі)[3].

Асвятленне пытанняПравіць

Галоўнай працай на тэму ролі краіны (як савецкай, так і польскай частак) і яе ўраджэнцаў у іспанскім канфлікце з’яўляецца манаграфія 2009 года «Беларусь і вайна ў Іспаніі (1936-1939)» за аўтарствам старэйшага навуковага супрацоўніка аддзела ваеннай гісторыі Беларусі Інстытута гісторыі НАН Ірыны Варанковай. Гісторык Аляксей Кудрыцкі адзначыў, што нягледзячы на ўсю падрабязнасць публікацыі ў пытанні ўдзелу супляменнікаў як савецкіх ваенспецоў і валанцёраў інтэрбрыгад, былі і недахопы. Многія выхадцы з Беларусі апынуліся не ўлічаны, паколькі Варанкова абапіралася толькі на айчынныя архівы і матэрыялы, не выкарыстоўваючы замежныя[4].

Сам Кудрыцкі займаўся даследаваннем удзелу беларусаў у складзе інтэрбрыгад[5]. Гэтая тэма мімаходзь згадвалася ў публікацыях дацэнта Сяргея Шабельцава[4] аб аргенцінскіх беларусах[6] і іншых аўтараў[4]. У сваю чаргу тэму танкістаў з Беларускай ССР закранаў Юрый Глушакоў[7]. У іншых крыніцах інфармацыя пра беларусаў у канфлікце сустракалася эпізадычна. Пераважна гэта былі зборнікі, артыкулы і дакументы, выдадзеныя ў савецкі час[4].

Па большай частцы для сучаснай Беларусі вайна ў Іспаніі, нягледзячы на ўдзел у ёй яе ўраджэнцаў, з’яўляецца слаба вядомым канфліктам[4].

Салідарнасць і дапамогаПравіць

У пачатку жніўня 1936 года Савецкі Саюз далучыўся да кампаніі салідарнасці з іспанскімі рэспубліканцамі. На той момант мерапрыемствы ў падтрымку антыфранкістаў праведзены ў Бельгіі, Францыі, Італіі і Швейцарыі.

3 жніўня, на наступны дзень пасля першых прарэспубліканскіх мітынгаў у Ленінградзе і Маскве на тэрыторыі РСФСР, прайшлі свае выступы і ў сталіцы Савецкай Беларусі горадзе Мінску. У акцыю былі ўцягнуты фабрыкі «Камунарка» і «Кастрычнік», заводы імя Кірава і Мяснікова, электрастанцыя нумар 1, трамвайны парк, друкарня газеты «Звязда», 2-я савецкая бальніца, наркаматы асветы і фінансаў БССР, Цэнтральны савет прафсаюзаў і іншыя арганізацыі і ўстановы. 4-га на плошчы Свабоды з удзелам шэрагу вядомых беларускіх дзеячаў прайшоў гарадскі мітынг салідарнасці пад лозунгам «Акажам матэрыяльную дапамогу гераічным змагарам іспанскага народа». Неўзабаве падобныя мерапрыемствы ахапілі ўсю краіну[8].

Актыўную дзейнасць вяла Міжнародная арганізацыя дапамогі змагарам рэвалюцыі (МАДР), якая займалася зборам сродкаў для рэспубліканцаў[9]. На 27 кастрычніка ў фондзе дапамогі Іспаніі ад СССР мелася сума ў памеры 47,5 млн рублёў, з якіх 538 тысяч ад БССР[10]. Збор сродкаў праводзіўся ў тым ліку за кошт дабрачынных мерапрыемстваў (спектакляў, канцэртаў і іншага)[11].

КП(б)Б эксплуатавала іспанскія падзеі ў агітацыйна-прапагандысцкай дзйннасці з мэтай «асуджэння фашызму і падпальшчыкаў вайны». Насельніцтва БССР было добра дасведчана аб ваенных дзеяннях у Іспаніі за кошт рэгулярных зводак. Так, напрыклад, газеты Савецкай Беларусі вялі рубрыку «На франтах у Іспаніі», дзе публікавалася актуальная інфармацыя аб канфлікце. Друкаваныя СМІ пісалі біяграфічныя нарысы вядомых дзеячаў Іспанскай Рэспублікі[12][13].

Заходняя Беларусь, якая ўваходзіла ў склад Польшчы, таксама была ўцягнута ў рух салідарнасці з рэспубліканцамі. Аднак там існавалі свае асаблівасці. Польшча далучылася да пагаднення аб неўмяшанні ў канфлікт[14], таму прарэспубліканскія мерапрыемствы не мелі падтрымкі на дзяржузроўні. Актывісты патрабавалі ад уладаў падтрымаць афіцыйны Мадрыд. Рэжым санацыі, прытрымліваючыся прынцыпу неўмяшання ва ўнутраныя справы Іспаніі, адказваў арыштамі ўдзельнікаў руху[15].

Палескі ваявода Вацлаў Костак-Бярнацкі адзначаў[16]:

  ...[Насельніцтва Заходняй Беларусі] жыва цікавіцца ходам падзей у Іспаніі. Слухачы савецкіх радыёперадач вераць у перамогу чырвоных... многія маладыя сяляне нелегальна імкнуцца ў Іспанію, каб змагацца з Франка.  

Польскія сілы бяспекі ў сваіх справаздачах згадвалі збор сродкаў камуністычнымі ячэйкамі для арміі Рэспублікі[17] і іншай дапамогі. Часам падобныя мерапрыемствы праходзілі пад прыкрыццём вяселляў і вечарынак. Толькі ў маі—чэрвені 37-га ў Заходняй Беларусі сабралі больш за 1900 злотых. У жніўні таго ж года ЦК Кампартыі Польшчы ў лісце да Палітбюро ЦК ВКП(б) паказаў, што на тэрыторыі краіны ў зборы ахвяраванняў лідзіруюць горад Варшава і беларускае сялянства[18].

Найбольш актыўныя кампаніі салідарнасці праводзіліся да жніўня 1938 года, калі была распушчана Камуністычная партыя Заходняй Беларусі[17].

Ваенныя спецыялістыПравіць

14 верасня 1936 года Разведупраўленне Наркамата абароны і Замежны аддзел Наркамата ўнутраных спраў прынялі план аперацыі «X», якая прадугледжвала аказанне ваеннай дапамогі Рэспубліканскай Іспаніі, уключаючы падтрымку ў ваенна-тэхнічнай сферы і паслугі ваенных саветнікаў, ваенспецоў, інструктараў (распрацоўка аперацый і падрыхтоўка кадраў)[19].

Значную вагу ў савецкім кантынгенце атрымала Беларуская ваенная акруга (БВА), якая лічылася адной з найбольш падрыхтаваных. У Іспаніі ад яе накіраваны байцы сямі авіяцыйных брыгад, такіх як 114-я штурмавая (Гомель), 142-я знішчальная (Бабруйск), 59-я хуткасных бамбардзіроўшчыкаў (Быхаў), 40-я лёгкабардзіровачная (Віцебск), 49-я хуткасных бамбардзіроўшчыкаў (Шаталава, Смаленская вобласць), 83-я знішчальная (Бранск), 116-я змяшаная (Смаленск)[К 1], трох механізаваных, у тым ліку 4-я асобная (Бабруйск) і 3-я асобная (Старыя Дарогі), і 6-га механізаванага палка 6-й Кубанска-Церскай казачай Чырванасцяжнай дывізіі ім. С. М. Будзёнага (Гомель). Сярод гэтых і іншых злучэнняў у Іспаніі былі як этнічныя беларусы, так і ўраджэнцы Беларусі розных нацыянальнасцяў[19].

ТанкістыПравіць

 
Т-26 — найбольш шматлікі танк вайны ў Іспаніі. Эскплуатаваўся ў тым ліку байцамі «Пабла» (Паўлава) 4-й бабруйскай мехбрыгады.

Першую групу савецкіх танкістаў вылучыла менавіта БВА: 50 чалавек ад 4-й і 30 ад 3-й мехбрыгады з 50-ю машынамі Т-26 для навучання іспанцаў[20]. Па плане, за месяц ваенспецам трэба было падрыхтаваць да 100 танкістаў. Заняткі пачаліся 17 кастрычніка, праз чатыры дні пасля прыбыцця інструктараў[20], аднак неўзабаве навучанне рэзка перапыніла камандаванне. Кіраўніцтву патрэбны былі тэрмінова любыя, нават дрэнна навучаныя сілы, паколькі франкісты ўжо набліжаліся да сталічнага Мадрыда. Так як іспанцы яшчэ не былі падрыхтаваны, то прыйшлося са спецыялістаў 4-й мехбрыгады сфармаваць 15 экіпажаў для ўдзелу ў баявых дзеяннях. Узначаліў злучэнне Поль Арман[21].

29 кастрычніка танкавае фарміраванне ажыццявіла атаку на пазіцыі прыхільнікаў Франка ў раёне населеных пунктаў Сесенья і Эсківіяс, у 30 км ад Мадрыда. Тут восем італьянскіх танкаў «Ансальда» выступілі супраць адзінаццаці савецкіх Т-26. Сярод ураджэнцаў Беларусі ў баі ўдзельнічалі камандзіры экіпажаў Мікалай Сяліцкі (Мінск, этнічны паляк; яго каманда знішчыла батарэю горных гармат і некалькі машын з боепрыпасамі), Іван Лобач (Полацк) і Павел Купрыянаў (Старынцы, Полацкі раён). Першыя двое загінулі, у той час як трэці выжыў. У наступныя два тыдні танк Купрыянава знішчыў 2 танкі, 8 гармат і некалькі варожых атрадаў пяхоты. Аднак ужо 9 лістапада гіне і ён[20][7][21][22].

6 снежня[21] ў краіну прыбыла другая група. Напярэдадні быў напісаны рапарт камандаванню з просьбай накіраваць добраахвотнікаў у Іспанію. Выдаваць інфармацыю аб паездцы было найстрога забаронена. Разам са сваімі падначаленымі на Пірэнейскі паўвостраў адправіўся камбрыг 4-й брыгады Дзмітрый Паўлаў. Тут ён дзейнічаў пад пазыўным «Пабла»[7].

З групы сфарміравана 1-я бранятанкавая брыгада Рэспублікі. У лютым 1937-га яна прыняла ўдзел у бітве пры Хараме, дзе змагалася таксама польская інтэрбрыгада Дамброўскага, у складзе якога былі беларусы з заходніх рэгіёнаў краіны[7]. На Хараме 12 лютага загінулі камандзір узвода Георгій Склязнёў (Новая Беліца, Гомель; раней у студзені вывеў з бою і выратаваў падпалены танк, а за дзесяць дзён да гібелі яго экіпаж на Хамары знішчыў падраздзяленне франкістаў), мехкіры Канстанцін Чарненка (?, Чэрыкаўскі раён; уваходзіў у экіпаж Склязнёва) і Пётр Корсунаў (?, Аршанскі раён)[23].

У сакавіку прысутнасць байцоў «Пабла» будзе заўважана ў Гвадалахарскай аперацыі[21].

Улетку пад Мадрыдам загінуў камандзір экіпажа Фёдар Каўроў (Пасуддзева, Дубровенскі раён).

Ад беларусаў 4-й мехбрыгады таксама вызначыліся камандзір экіпажа Васіль Скідан (Новая Ёлча/Старая Ёлча (?), Брагінскі раён; 4 студзеня 1937 разам з 2-й інтэрбрыгадай адбіў атаку франкістаў пад Гвадалахарай) і танкіст Данііл Навіцкі (?)[24].

У верасні—кастрычніку 4-я бабруйская брыгада была вернута ў БССР, але некаторыя яе байцы засталіся і ўліліся ў атрад Кандрацьева, які прыбыў у жніўні з Маскоўскай ваеннай акругі. Першапачаткова ён змагаўся ў фарміраванні «Пабла», але потым яго падраздзяленне далучылася да 1-га асобнага інтэрнацыянальнага танкавага палка. У злучэнні змагаліся Вадзім Сапроненка (?, Гарадоцкі раён; удзельнічаў у 43 танкавых нападах і знішчыў 2 танкі), Юстын Дзяшчэня (Калюга, Глускі раён; памёр ад ран у роднай вёсцы па вяртанні на радзіму), Сямён Ціханчук (Крыўча, Брагінскі раён/Алексееўка, Гомельскі раён (?)) і Адам Татур (Лапухі (зараз Дунаева), Капыльскі раён)[25]

ЛётчыкіПравіць

У верасні 1936-га ў Іспанію прыбыла першая група авіятараў з 30 лётчыкаў. У яе складзе быў ураджэнец Прапойска (зараз Слаўгарад) Васіль Бібікаў. Ён уліўся ў шэрагі 1-й інтэрнацыянальнай бамбардзіровачнай эскадрыллі. Таксама сярод першых ваенспецоў знаходзіўся авіяцыйны інжынер з в. Дашкаўка Магілёўскага раёна Зелік Іофэ (беларускі яўрэй)[26].

 
Самалёт І-16. Падобны выкарыстоўваўся 83-й бранскай знішчальнай брыгадай.

У красавіку 1937 года ў складзе групы з сямі авіятараў 83-й бранскай знішчальнай брыгады (эксплуатавалі І-16) на Пірэнейскі паўвостраў прыбылі двое беларусаў — Нікіфараў Глушэнкаў (Зубры, Горацкі раён) і Міхаіл Гурын (?). У Іспаніі абодва служылі да жніўня наступнага года. За гэты час Глушэнкаву ўдалося атрымаць у адзіночку ці ў пары парадку 10 паветраных перамог. Гурын вызначыўся знішчэннем 4 самалётаў, два з якіх збіў асабіста. У жніўні—верасні з Бабруйска накіраваны атрад лётчыкаў 142-й знішчальнай брыгады пад камандаваннем І. Гусева. Авіятары падраздзялення ўдзельнічалі практычна ва ўсіх буйных аперацыях рэспубліканцаў. Ад 142-й у Іспаніі знаходзілся беларусы Платон Смалякоў (?), які здзейсніў 98 баявых вылетаў і збіў тры самалёты (два асабіста), і Андрэй Мікулавіч (?), які загінуў у кастрычніку ў раёне Сарагосы[26].

У маі 1938 года ў баі пад Балагерам загінуў беларус Іван Турчын (Свінціцы, Гродзенскі раён), які служыў у 35-й эскадрыллі 56-й знішчальнай авіябрыгады Кіеўскай ваеннай акругі (КВА). У гэты ж час ад у Іспанію ад КВА быў накіраваны Сяргей Грыцавец (Бараўцы, Баранавіцкі раён). Ён зарэкамендаваў сябе як таленавіты лётчык і інструктар[26].

Разам з вышэйзгаданымі ў Іспаніі служылі і іншыя ўраджэнцы краіны, у тым ліку Цімафей Малашкевіч (Орша; саветнік пры штабе бамбардзіровачнай авіяцыі са снежня 1937 па верасень 1938), Захар Скутаў (Аляксандрава, Сенненскі раён; з чэрвеня 1938 змагаўся ў бамбардзіровачнай авіяцыйнай групе як стралок-радыст), Сцяпан Шаўчэнка (Азёры, Круглянскі раён; загінуў у жніўні 1938 пад Балагерам), Сцяпан Пісакаў (Старынцы, Віцебскі раён; змагаўся ў складзе групы байцоў 114-й гомельскай авіябрыгады К. Гусева)[26].

ІншыяПравіць

Акрамя авіяцыі і танкавых злучэнняў савецкія военспецы, у тым ліку з Беларусі, аказвалі дапамогі рэспубліканцам у станаўленні і развіцці іншых частак. Свой уклад унеслі старшы саветнік штаба СПА антыфранкістаў Мікалай Нагорны (Асташын, Карэліцкі раён), саветнікі-артылерысты Іван Варапаеў (Трыбульня, Краснапольскі раён), Феадосій Жаўноў (Жгунь, Добрушскі раён), Генадзь Межынскі (Магілёў), агульнавайсковыя саветнікі Аляксей Цярэшкаў (Карма, Добрушскі раён), Васіль Юшкевіч (этнічны беларус з цяпер літоўскага Вільнюса[К 2]), Сцяпан Чарняк (Чарневічы, Барысаўскі раён), саветнікі па дыверсійна-разведвальнай дзейнасці і бяспекі Рыгор Шпілеўскі (Гомель), Леў ФельбдзінК (Бабруйск), Навум Белкін (Жлобін), Навум Эйтынгон (Шклоў), Андрэй Шпігельглас (Масты), Якаў Серабранскі[К 3] (Мінск), Леў Маневіч (Чавусы), Нікан Каваленка (?), Сцяпан Ярашэн (?, загінуў 13 ліпеня 1937), Іван Пітушка (Ляскавічы; Петрыкаўскі раён, загінуў), Пётр Арцемкін (Іскозы, Дубровенскі раён; загінуў), Васіль Корж (Хорастава, Салігорскі раён), Кірыл Арлоўскі (Мышкавічы, Кіраўскі раён) і Аляксандр Рабцэвіч (Лазовая Буда, Кіраўскі раён), сувязіст Міхаіл Матусевіч (Чарняўка, Барысаўскі раён). Прыкметны след пакінуў саветнік камандуючага рэспубліканскай флатыліяй эсмінцаў Валянцін Дрозд з Буда-Кашалёва[27][28].

Добраахвотнікі інтэрбрыгадПравіць

У кастрычніку 1936 годзе ўрад Іспанскай Рэспублікі пры падтрымцы Камінтэрна сфармаваў воінскія часці з ліку замежных камбатантаў — інтэрнацыянальныя брыгады.

У снежні польская паліцыя пачынае дакладваць аб вярбоўцы ў інтэрбрыгады жыхароў усходніх крэсаў (Заходняя Беларусь і Заходняя Украіна). У студзені 1937 года дзейнасць па наборы добраахвотнікаў набыла большы размах. Праваахоўныя органы Польскай Рэспублікі адзначалі, што вярбовачная кампанія вялася ва ўмовах строгай канспірацыі па ўсёй тэрыторыі краіны. Беларусы ў інтэрбрыгады ішлі як з усходніх крэсаў, так і з Новага Свету і краін Заходняй Еўропы, дзе пражывалі ў складзе беларускай дыяспары альбо знаходзіліся на заробках[29].

Як пісаў у пісаў у сваіх мемумарах адзін з савецкіх саветнікаў Аляскандр Радзімцаў (у Іспаніі дзейнічаў пад псеўданімам «капітан Паўліта«[30]), знаходзячыся на ваеннай базе Альбасетэ[31]:

  Тут можна бачыць нямала рускіх, украінцаў, беларусаў, калісьці вывезеных бацькамі ў розныя капіталістычныя краіны.  

Згадкі пра невядомага «беларуса са Стоўбцаў» пакінуў у рэпартажы «Інтэрнацыянальныя брыгады» журналіст Ілля Эрэнбург[31]:

  Беларус са Стоўбцаў. Ён быў семінарыстам. Бацькі звалі яго «вырадкам». Ён прачытаў у ліпеньскай газеце: Злачынныя эмігранты змагаюцца на баку чырвоных. Ён дастаў пашпарт і грошы на білет. Цяпер ён лейтэнант...  

13-я брыгадаПравіць

Сярод іншых злучэнняў быў створаны батальён імя Я. Дамброўскага (з чэрвеня 1937 — 150-я брыгада, са жніўня — XIII Інтэрнацыянальная брыгада), які набіраўся з ліку этнічных палякаў і грамадзян Польскай Рэспублікі. На той момант іх у Іспаніі, гатовых ваяваць за ўрадавыя сілы, налічвалася парадку 100 чалавек[К 4]. У падраздзяленні служыла немалая колькасць жыхароў Заходняй Беларусі.

Значная канцэнтрацыя беларусаў была ва ўкраінскай роце імя Тараса Шаўчэнкі, якая ўваходзіла ў склад польскага падраздзялення. Адзін з камандзіраў фарміравання — Мікалай Дворнікаў (таксама вядомы пад псеўданімам Станіслаў Тамашэвіч[33]) — з’яўляўся выхадцам з Гомеля і членам Кампартыі Заходняй Беларусі. Некаторы час быў палітруком батальёна Палафокса, таксама са складу польскіх атрадаў. Загінуў у лютым 37-га.

Першым палітруком роты таксама быў актывіст КПЗБ. Ім стаў Назар Дземянчук (?), вядомы як Сяржант Сірадз[29].

Мікалай Арэхва, бачны дзеяч КПЗБ і будучы гісторык, у сваіх успамінах згадваў і пра іншых членаў партыі па прозвішчах Вялічка (Баранавічы), Варанішчэ (Смаргонскі раён), Сеглюк (Брэсцкі раён; эміграваў да вайны ў Бразілію), Наўроцкі (Дунілавічы, Пастаўскі раён), Барсток (Пінск), Дзяргач, Печэніка (абодва Брэст), Панюшка (Дзятлава; перад вайной знаходзіўся ў Аргенціне), Бастыцкі (этнічны беларус з цяпер літоўскага Вільнюса) і Мяткоўскі/Бабравіцкі (этнічны беларус з цяпер польскага Беластока[К 5])[34].

Гісторык Ірына Варанкова папоўніла гэты пералік імёнамі Віктара Разенштэйна (Поразава, Свіслацкі раён, этнічны яўрэй; раней член сакратарыята ЦК КСМЗБ), Паўла Буцько (Калядзічы, Пружанскі раён; раней кіраўнік камітэтаў КСМЗБ і КПЗБ у Палескім ваяводстве, а ў 1927-м эміграваў на Кубу і ўліўся ў КПК), Уладзіміра Бамбешка (?; загінуў), Івана Курыловіча (Старамлыны, Драгічынскі раён; перад вайной быў на заробках у Аргенціне), а таксама шэрагу ўраджэнцаў вёсак сучаснага Вілейскага раёна, сярод якіх Сяргей Сарока (Кавалі), Уладзімір Мамай (Швяды), браты Іван і Пётр Каркотка (Касічы), Мікалай Сяржант, Іван Лобач (абодва Жызнава; апошні да вайны знаходзіўся на заробках ва Францыі). Іншымі інтэрбрыгадцамі з Беларусі былі байцы па прозвішчах Ярашко (Вялікае Сяло, Пружанскі раён), Ялевіч, Сержан, Каплан (усе тры Гродзенскі раён), Матысік (?), Ко́зел/Казёл?, Песняк (абодва Свіслацкі раён), Сахарчук (Кобрынскі раён), Зданчук (Эймінаўцы, Бераставіцкі раён) і Зарэцкі (?)[34].

На баку франкістаўПравіць

У лагеры нацыяналістаў зафіксаваны ўдзел як мінімум аднаго беларуса — Станіслава Булак–Балаховіча (этнічны беларус з Мейшты Ігналінскі раён, Літва), які некалі камандаваў антысавецкімі фарміраваннямі ў Беларускім Палессі. У 1937 годзе ён знайшоў сабе прымяненне ў штабе мяцежнага генерала Франсіска Франка ў якасці спецыяліста па арганізацыі дыверсій[35]. Варта адзначыць, што дыверсанты нацыяналістаў сутыкаліся з байцамі 14-га партызанскага корпуса рэспубліканскай арміі, чыім саветнікам быў Кірыл Арлоўскі — былы праціўнік Булак–Балаховіча ў перыяд грамадзянскай вайны ў Расіі[36].

Мастацтва і культураПравіць

Газета «Літаратура і мастацтва» ў лістападзе 1936 года паведаміла, што па ініцыятыве секцыі паэтаў СССР пісьменнікаў БССР напісана кніга «аб гераічнай барацьбе іспанскага народа». Для зборніка свае вершы аб вайне ў Іспаніі напісалі Янка Купала, Якуб Колас, Пятрусь Броўка, Андрэй Аляксандравіч, Пятро Глебка, Мікола Хведаровіч, Аркадзь Куляшоў і Алесь Звонак. Туды таксама ўвайшлі пераклады на беларускую мову твораў рускіх, украінскіх, польскіх, грузінскіх і іспанскіх паэтаў. Аднак кніга так і не выйшла з-за рэпрэсій супраць трох яе аўтараў — Звонка, Хведаровіча і Алескандровіча[37].

Тым не менш шэраг вершаў ўдалося апублікаваць па асобнасці, як, напрыклад, «Гераічнай Іспаніі» (Колас), «Іспанія будзе свабоднай» (Купала), «Пасіянарыя» (Броўка) і многія іншыя[38].

У той жа час на кінастудыі «Савецкая Беларусь» была прадпрынята спроба стварыць мастацкі фільм пра вайну ў Іспаніі. Быў нават напісаны сцэнарый, але работа над карцінай па невядомых прычынах так і не пачалася[39].

Пасля 1939 годаПравіць

Грамадзянская вайна ў Іспаніі скончылася вясной 1939 года падзеннем Рэспублікі. Нацыяналісты стварылі аднапартыйную аўтарытарную дзяржаву пад фактычна абсалютным кіраўніцтвам Франка. Смерць кіраўніка дзяржавы ў 1975-м дазволіла змяніць бягучае становішча спраў. У краіне ўсталявалася канстытуцыйная манархія.

Ветэраны інтэрбрыгадПравіць

Жыхары Заходняй Беларусі, якія прайшлі вайну праз інтэрбрыгады, былі пазбаўлены магчымасці вярнуцца на радзіму: у адпаведнасці з Законам аб грамадзянстве 1920 года, які забараняў грамадзянам Польскай Рэспублікі службу ў замежных войсках без дазволу польскіх уладаў, яны аўтаматычна гублялі польскае грамадзянства. Яшчэ 11 снежня 1936 года ў «Маніторы Польскім» было апублікавана афіцыйнае папярэджанне уладаў, дзе пагражалася пазбаўленнем грамадзянства ўдзельнікам вайны ў Іспаніі. Распараджэнне міністра ўнутраных спраў ад 26 лютага 1938 года распаўсюдзіла дзеянне гэтага правіла на ўсіх польскіх камбатантаў у Іспаніі[40].

Заходнія беларусы былі вымушаныя застацца за мяжой. Многія аселі ў краінах, дзе яшчэ да вайны знаходзіліся на заробках, як, напрыклад, Аргенціна[6][4].

Вялікая Айчынная вайнаПравіць

У гады Вялікай Айчыннай вайны многія з бежанцаў-антыфранкістаў ахвотна далучыліся да барацьбы Савецкага Саюза з Германіяй, уступаючы ў шэрагі Чырвонай Арміі і партызанскіх фарміраванняў[41].

У пачатку 1942 года разведчык і ветэран вайны ў Іспаніі Ілля Старынаў пачаў збіраць у Харкаве (Украінская ССР) вопытных рэспубліканцаў, якіх планаваў прыцягнуць да дыверсійнай дзейнасці. Да яго далучыўся Дамінга Унгрыа, а з ім і яшчэ два дзесяткі іспанцаў. На тэрыторыі акупаванай БССР базавым партызанскім падраздзяленнем для дзейнасці рэспубліканцаў стаў філіял вучэбна-аператыўнага цэнтра пры Паўночна-заходняй групе ЦК КП(б)Б. Яго стварылі пры 4-й ударнай арміі Калінінскага фронту. Начальнікам цэнтра прызначылі капітана-разведчыка Сцяпана Казанцава. У канцы мая 1942 года ў распараджэнне Казанцава па загадзе Старынава прыбыла група з 18 іспанцаў[41].

Камандзірам атрада быў ураджэнец Барселоны Франсіска Гаспар Тарус (у гады грамадзянскай — пілот знішчальніка), які пазней за свае баявыя заслугі атрымаў званне Героя Савецкага Саюза. Яго група дзейнічала ў раёне чыгункі Віцебск—Полацк, дзе іспанцамі было пушчана пад адхон 6 эшалонаў разам з паравозамі і знішчына 48 вагонаў[41].

Іншым бачным дыверсантам-рэспубліканцам быў Мігель Баскуньяна Санчэс. Яго падраздзяленне праводзіла падрывы на чыгунцы Віцебск—Смаленск і мінсваоа тэрыторыю ў раёне шашэйнай дарогі УсвятыНевель. Тут 17 чэрвеня 1942 года на мяжы Віцебскай і Пскоўская абласцей група ў выніку няправільнай устаноўкі зарада страціла аднаго са сваіх байцоў — Хуана Гомеса, для якога гэта была першая вылазка[41].

З беларускімі партызанамі ў іспанцаў не заўсёды меліся добрыя адносіны. Шмат у чым канфлікты былі выкліканыя цяжкімі ўмовамі жыцця ў лясах і пастаянным стрэсам, а таксама розніцай менталітэтаў. Характэрным быў выпадак 2 верасня 1942 года, калі атрады Асобай беларускай брыгады выйшлі на аперацыю па паралізацыі руху на чыгунцы Віцебск—Полацк. За падрыў эшалона на адным з участкаў адказваў атрад Амадэа Трыльа Дыяса (закінуты ў БССР 21 чэрвеня), аднак выбухоўка не спрацавала. Рэспубліканца паспрабавалі абвінаваціць у правале аперацыі. Тым не меньш, усё абышлося[41].

Былі канфлікты з беларусамі і ў іншага рэспубліканца — Мануэля Руіса, які ваяваў у брыгадзе Міная Шмырова. Адной з прычын стала ежа. Іспанцы не звыклі да мясцовых умоў жыцця, звычаяў харчавання, часам ўпадалі ў дэпрэсію, станавіліся замкнёнымі[41].

Аднак у цэлым дзейнасць іспанскіх дыверсантаў у Паўночна-ўсходняй Беларусі камандаванне прызнала паспяховай. Многія з рэспубліканцаў да канца 42-га пакінулі БССР і былі перанакіраваны ў іншыя месцы[41].

Літаратура і крыніцыПравіць

  • Воронкова И.Ю., Беларусь и война в Испании (1936–1939) / И.Ю.Воронкова; НАН Беларуси, Институт истории. – Минск: Белорусская наука, 2009. – 159 с.
  • Ирина Воронкова. Первая схватка с фашизмом // Беларуская думка : журнал. — 2016. — № 6. — С. 82—89.
  • Кудрицкий А. С. Образ белоруса, добровольца интербригад Республиканской армии Испании / А. С. Кудрицкий // Роль личности в истории государства и права Беларуси: сборник тезисов докладов по материалам Республиканской научно-теоретической конференции студентов, магистрантов и аспирантов, Минск, 3–4 ноября 2016 года / [под ред. И.В. Вишневской, И.П. Манкевич]; УО «Белорусский государственный экономический университет». – Минск: БГУ, 2016. – С. 137-138.
  • Шабельцев, С. В. Белорусские реэмигранты: аргентинское прошлое как фактор самоидентификации и инаковости в СССР / С. В. Шабельцев // Крынiцазнаўства i спецыяльныя гiстарычныя дысцыплiны: навук. зб. Вып. 5 / Рэдкал. У. Н. Сiдарцоў (адк. рэд.), С.М. Ходзін (нам.адк. рэд.) [i iнш.] – Мн: БГУ, 2009. – C. 111– 120.
  • Юрий Лобач. Ровно 80 лет назад бобруйские танкисты отправились в сражающуюся Испанию // Вечерний Бобруйск : газета. — 1 сентября 2016.
  • Юрий Ушаков. И наши люди мужества полны... // IMHOclub : интерактивный портал. — 1 апреля 2017.
  • Алексей Кудрицкий. Шевченковцы в Испании: как воевала украинская рота интербригад // Спільне : журнал. — 25 января 2022.
  • Вадим Гигин и Анатолий Великий. ¡No pasarán! по-белорусски // Проект «Партизаны Беларуси» : интерактивная мультимедийная онлайн-база данных партизанского движения.

КаментарыіПравіць

  1. У той час у складзе БВА, акрамя БССР, знаходзіліся таксама некаторыя сумежныя тэрыторыі Заходняй Расіі.
  2. Горад у перыяд паміж двума сусветнымі войнамі (гл. Інтэрбелум 1918—1939 гадоў) атрымаў складаную гісторыю. Прэтэнзіі, грунтуючыся на гістарычным мінулым і/або межах этнічнага рассялення, на яго мелі Літоўская Рэспубліка, Польская Рэспубліка і Беларуская Народная Рэспубліка. Некалькі месяцаў ён і зусім знаходзіўся пад кантролем дзяржавы Літбел, якая прадстаўляла з сябе аб’яднанне Савецкай Беларусі і Савецкай Літвы. Па выніку польска-літоўскай і польска-савецкай Вільня, як раней называлася Вільнюс, адышоў да Варшавы. У верасні 1939 года горад ненадоўга апынуўся пад кантролем савецкай улады, але ў кастрычніку перададзены літоўцам. З 1940 года ён з’яўляўся сталіцай Літоўскай ССР, а пазней і незалежнай Літвы.
  3. Сапраўднае прозвішча — Бергман
  4. Варта адзначыць, што замежнікі ў рэспубліканскай арміі ваявалі і да афіцыйнага фарміравання інтэрбрыгад. Так, напрыклад, першы ўдзел палякаў ставіцца яшчэ да ліпеня 1936 года. Сам батальён створаны на базе кулямётнага ўзвода імя Дамброўскага. Атрад змагаўся на фронце з верасня[32]
  5. У інтэрбелум, таксама як і Вільнюс, атрымаў складаную гісторыю. Права на яго аспрэчвалі Польшча і Беларусь (у 1918 — БНР, у студзені 1919 — ССРБ, а з лютага — Літбел). Падчас другога абвяшчэння ССРБ у 1920-м Беларусь атрымала тэрыторыі шасці паветаў Мінскай губерні, г.зн. фармальна адмовіўшыся ад прэтэнзій як на Вільню, так і Беласток. У 1939 годзе да яе былі далучаны заходнія тэрыторыя, што раней належалі Польшча, у тым ліку Беласток. Пасля завяршэння Другой сусветнай вайны савецкае кіраўніцтва аддало горад палякам.

Зноскі

  1. Советские военные советники и специалисты в Испании (1936—1939 гг.) Архівавана 20 кастрычніка 2013. / интернет-сайт региональной общественной организации «Лига Военных Дипломатов»
  2. Интернациональная военная помощь Испании (1936—1939) Архівавана 31 кастрычніка 2013. // «Память Земли Орловской»
  3. Гл. Спіс Герояў Савецкага Саюза (Беларусь)
  4. 4,0 4,1 4,2 4,3 4,4 4,5 Кудрицкий А. С. Образ белоруса, добровольца интербригад Республиканской армии Испании / А. С. Кудрицкий // Роль личности в истории государства и права Беларуси: сборник тезисов докладов по материалам Республиканской научно-теоретической конференции студентов, магистрантов и аспирантов, Минск, 3–4 ноября 2016 года / [под ред. И.В. Вишневской, И.П. Манкевич]; УО «Белорусский государственный экономический университет». – Минск: БГУ, 2016. – С. 137-138.
  5. Кудрицкий Алексей
  6. 6,0 6,1 Шабельцев, С. В. Белорусские реэмигранты: аргентинское прошлое как фактор самоидентификации и инаковости в СССР / С. В. Шабельцев // Крынiцазнаўства i спецыяльныя гiстарычныя дысцыплiны: навук. зб. Вып. 5 / Рэдкал. У. Н. Сiдарцоў (адк. рэд.), С.М. Ходзін (нам.адк. рэд.) [i iнш.] – Мн: БГУ, 2009. – C. 111– 120.
  7. 7,0 7,1 7,2 7,3 Юрий Глушаков. И наши люди мужества полны... — IMHOclub : интерактивный портал. — 1 апреля 2017.
  8. Воронкова, книга, стр. 40—41
  9. Воронкова, книга, стр. 41
  10. Воронкова, книга, стр 47
  11. Воронкова, книга, стр. 48—49
  12. Воронкова, книга, стр. 56
  13. Воронкова, статья, стр. 87
  14. Воронкова, книга, стр. 127
  15. Борьба трудящихся Западной Белоруссии за социальное и национальное освобождение и воссоединение с БССР : Документы и материалы: в 2 т. - 2 т.: 1929—1939 гг. — Минск., 1972. — с. 421.
  16. Воронкова, книга, стр. 128
  17. 17,0 17,1 Воронкова, книга, стр. 148
  18. Воронкова, книга, стр. 143
  19. 19,0 19,1 Воронкова, статья, стр. 83—84
  20. 20,0 20,1 20,2 Воронкова, статья, стр 85
  21. 21,0 21,1 21,2 21,3 Юрий Лобач. Ровно 80 лет назад бобруйские танкисты отправились в сражающуюся Испанию Архівавана 31 ліпеня 2022. // Вечерний Бобруйск : газета. — 1 сентября 2016.
  22. Коломиец М. Мощанский И. Танки испанской республики. Танкомастер 1998 № 2-3, страницы 3, 4, 11
  23. Воронкова, статья, стр 86
  24. Воронкова, книга, стр. 103—104
  25. Воронкова, книга, стр. 103—106
  26. 26,0 26,1 26,2 26,3 Воронкова, книга, стр. 72—88
  27. Воронкова, статья, стр. 86—87
  28. Воронкова, книга, стр. 109—126
  29. 29,0 29,1 Алексей Кудрицкий. Шевченковцы в Испании: как воевала украинская рота интербригад // Спільне : журнал. — 25 января 2022.
  30. Родимцев Александр Ильич на сайте МО РФ
  31. 31,0 31,1 Воронкова, книга, стр. 138—139
  32. Ciszewski Piotr. No pasaran! Архівавана 22 ліпеня 2011.
  33. Воронкова, книга, стр. 132
  34. 34,0 34,1 Воронкова, книга, стр. 135—141
  35. Алег Латышонак. Жаўнеры БНР. — 3-е. — Смаленск: Інбелкульт, 2014. — 373 с. — С. 226. — 500 экз. — ISBN 978-5-00076-003-1.
  36. Ирина Воронкова. «Но пасаран!» // СБ. Беларусь Сегодня : газета. — 15 июля 2007.
  37. Воронкова, книга, стр. 57
  38. Воронкова, книга, стр. 58
  39. Воронкова, книга, стр. 59
  40. Rozporządzenie Ministra Spraw Wewnętrznych z dnia 26 lutego 1938 r. o zmianie rozporządzenia Ministra Spraw Wewnętrznych z dnia 7 czerwca 1920 r. w przedmiocie wykonania ustawy z dnia 20 stycznia 1920 r. o obywatelstwie Państwa Polskiego.
  41. 41,0 41,1 41,2 41,3 41,4 41,5 41,6 Кандидаты исторических наук Вадим Гигин и Анатолий Великий. ¡No pasarán! по-белорусски // Проект «Партизаны Беларуси» : интерактивная мультимедийная онлайн-база данных партизанского движения.

СпасылкіПравіць