Беларусізацыя — шэраг мерапрыемстваў, які праводзіўся ў перыяд НЭПа і садзейнічаў нацыянальна-культурнаму будаўніцтву ў Беларусі.

Перадумовы правіць

Лютаўская рэвалюцыя ў Расійскай імперыі прывяла да ўздыму беларускага нацыянальнага руху. Пытанні нацыянальна-культурнага будаўніцтва ў Беларусі сталі яшчэ больш актыўна абмяркоўвацца ў Беларускай Народнай Рэспубліцы, у якой беларуская мова была абвешчана дзяржаўнай мовай.

БССР правіць

Першыя крокі беларусізацыі былі зроблены пасля заканчэння ў Расіі грамадзянскай вайны. Пачынаецца перавод навучання ў школах пераважна на беларускую мову, ідзе арганізацыя школ для нацыянальных меншасцей на іх роднай мове. У гэтай рабоце ўдзельнічалі і некаторыя дзеячы беларускага нацыянальна-вызваленчага руху: Усевалад Ігнатоўскі, Зміцер Жылуновіч, Аляксандр Бурбіс і іншыя. Пад уплывам іх дзейнасці ажыццяўляецца беларусізацыя шэрагу рэспубліканскіх устаноў.

Выдавецтва «Савецкая Беларусь» выпускала газеты, часопісы, кнігі на беларускай мове і мовах нацыянальных меншасцей. Пачаў дзейнічаць Беларускі дзяржаўны вандроўны тэатр Уладзіслава Галубка. Ствараецца сістэма дашкольнага выхавання і школьнай адукацыі, прафесійных вучылішчаў і тэхнікумаў. У 1921 годзе адкрыты Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Быў заснаваны інстытут беларускай культуры (Інбелкульт), шэраг бібліятэк. Пачалі працаваць Дзяржаўны музей і Цэнтральны архіў.

II сесія ЦВК БССР (15 ліпеня 1924 г.) паклала пачатак беларусізацыі як афіцыйнай дзяржаўнай палітыцы. Была створана спецыяльная камісія па яе правядзенні пад кіраўніцтвам Аляксандра Хацкевіча. Яна, сумесна з акруговымі камісіямі, абавязана была правесці шырокі комплекс мерапрыемстваў:

  • перавод рэспубліканскіх устаноў і часцей Чырвонай Арміі на беларускую мову;[1]
  • вылучэнне беларусаў на партыйную, савецкую, прафсаюзную работу;
  • арганізацыя работы навучальных устаноў на беларускай мове, развіццё беларускай літаратуры і гэтак далей. Пераход устаноў і арганізацый на беларускую мову планавалася ажыццявіць на працягу 1-3 гадоў.

У 19241925 гадах праводзілася работа па тлумачэнні сутнасці беларусізацыі. На розных мовах выдавалася спецыяльная літаратура, выступалі агітатары і прапагандысты. Ва ўстановах і арганізацыях вывучалася беларуская мова, ажыццяўляўся перавод на яе справаводства. У 1927 годзе беларускай мовай валодалі 80 % службоўцаў.

На адказную работу вылучалі не толькі беларусаў, але і часткова тых, хто вывучыў беларускую мову і добра ведаў мясцовыя ўмовы. Напрыклад, да 1927 года сярод кіраўнікоў акруг і раёнаў беларусаў было 48 %. Высокім узроўнем прафесіяналізму дзяржаўнага дзеяча вызначаліся палітыкі рэспубліканскага рангу, такія як Старшыня ЦВК БССР Аляксандр Чарвякоў, Старшыня СНК БССР Язэп Адамовіч і іншыя.

Паспяхова праходзіла беларусізацыя навучальных устаноў. Да 1928 года 80 % школ было пераведзена на беларускую мову навучання. Вывучаюцца гісторыя, эканоміка і геаграфія БССР. Дзейнічалі курсы беларусазнаўства, якія рыхтавалі настаўнікаў і лектараў. Беларускую мову неслі ў масы беларускія пісьменнікі Уладзімір Дубоўка, Міхась Чарот, Кузьма Чорны і іншыя.

Мастацкія творы 1920-х гадоў сведчаць аб зменах, якія адбываліся ў грамадстве. Паэма Якуба Коласа «Новая зямля» дала цэласнае ўяўленне аб спадзяваннях беларускага сялянства, яго духоўным патэнцыяле. У рамане Кандрата Крапівы «Мядзведзічы» і іншых творах паказаны жыццё, праца, мары звычайных працаўнікоў таго часу. Развіваецца краязнаўства. На сярэдзіну 1920-х гадоў у БССР дзейнічала 240 краязнаўчых арганізацый. Краязнаўцы выступалі з дакладамі, выдавалі рукапісныя зборнікі, збіралі фальклорныя творы.

У ходзе беларусізацыі развівалася новая галіна ў навуцы — беларусазнаўства.

Беларусізацыя прадугледжвала культурнае развіццё іншых нацыянальнасцей, якія жылі ў рэспубліцы. Былі створаны нацыянальныя саветы ў месцах іх кампактнага пражывання. Выкладанне ў школах вялося на 8 нацыянальных мовах. Нацыянальна-культурнае будаўніцтва ў 1920-я гады ажыццяўлялася ў сутычках розных сіл. Адны спрабавалі прыпыніць беларусізацыю, другія — фарсіраваць. Пытанні барацьбы з шавінізмам і нацыяналізмам абмяркоўваліся на з’ездах КП(б)Б і Пленумах ЦК. У 1920-я гады партыйныя органы спрабуюць адыгрываць вядучую ролю ў правядзенні беларусізацыі, пачынаюць цягнуць навуку пад свой кантроль, руйнаваць яе нацыянальныя формы. Гэта асабліва праявілася ў адносінах да Інбелкульта, які страціў сваё першапачатковае прызначэнне.

Але нягледзячы на цяжкасці, плённа працавалі на ніве беларускага адраджэння паэт, празаік Цішка Гартны; пісьменнік Максім Гарэцкі; гісторыкі Вацлаў Ластоўскі, Усевалад Ігнатоўскі, Уладзімір Пічэта; жывапісец і графік Міхаіл Філіповіч; стваральнік першага беларускага кінафільма «Лясная быль» Юрый Тарыч; аўтар п’есы на беларускай мове «Машэка» Еўсцігней Міровіч; кампазітар, аўтар Дзяржаўнага гімна БССР Нестар Сакалоўскі і іншыя.

Вялікую ролю ў ажыццяўленні беларусізацыі адыгралі беларусы з заходнебеларускіх зямель, якія прыеязжалі ў БССР, гнаныя, з аднаго боку, антыбеларускай палітыкай Польшчы, а з другога — натхнёныя верай у адраджэнне беларускага нацыянальна-культурнага будаўніцтва ў тагачаснай БССР.

Да 1928 года беларусізацыя дасягнула значных поспехаў. Яна палегчыла барацьбу з непісьменнасцю, садзейнічала ажыццяўленню асветніцкай работы, стварыла перадумовы для разгортвання нацыянальна-культурнага будаўніцтва ў БССР. За адносна кароткі час беларусізацыі адбыліся значныя зрухі: дзякуючы беларусіфікацыйным мерам (разам з камерцыйнымі іншымі сацыяльна-эканамічнымі працэсамі) у школе, установах культуры, прэсе і г. д. і наплыву беларускага насельніцтва з вёскі, гарады БССР пачалі набіраць беларускі дух.

Беларусізацыя датычылася толькі ідэалагічна карысных сфер. Таму ініцыятыва часткі беларускіх кзяндзоў па беларусізацыі касцёла сустрэла пэўнае спачуванне ўладаў, але падрымкі не атрымала. У канцы 1920-х — пачатку 1930-х гадоў ксяндзы-рэфарматары (Карл Лупіновіч і іншыя) былі арыштаваныя.

Смаленшчына правіць

У 1920—1930-я гады гэты працэс ахапіў і некаторую частку беларускіх зямель Смаленшчыны. У гэты час значная частка тутэйшага насельніцтва яшчэ належала да беларускамоўнай меншасці. У першыя гады савецкай улады актыўна выкарыстоўваліся мовы нацыянальных меншасцей для развіцця адукацыі, сродкаў масавай інфармацыі і літаратуры. Гэта дазволіла бальшавікам умацаваць уладу ў краіне ў час пасля грамадзянскай вайны[2].

Беларусізацыя на Смаленшчыне таксама праводзілася «зверху», згодна з указаннямі партыйных органаў, але ў параўнанні з БССР мела шэраг асаблівасцей:

1. ніколі не ахоплівала ўсіх беларусаў у Смаленскай і Заходняй абласцях;

2. асноўнай формай была арганізацыя беларускіх школ. Для такіх навучальных устаноў існавалі адмыслоыя падручнікі і праграмы. У 1926—1927 гг. у Мінску былі праведзены курсы перападрыхтоўкі для 40 настаўнікаў са Смаленшчыны[3];

3. вельмі часта мела фармальны характар;

4. была канчаткова згорнута ў 19341938 г. разам з ліквідацыяй беларускіх устаноў асветы[4];

  В 1920-е и начале 1930-х годов в Руднянской волости действовали 12 белорусских школ. В городе Рудне работал белорусский педагогический техникум...преподавание на языках национальных меньшинств в школах постепенно свернули. Дело доходило до того, что учителя сдирали обложки с текстами на белорусском языке с тетрадей учащихся. Сами педагоги едва ли проявляли подобную инициативу. 1938 год явился знаковым, когда советская власть перестала канителиться с учащимися других национальностей

 


5. падтрымлівалася абмежаванай групай інтэлектуалаў і не карысталася значнай падтрымкай насельніцтва[5].

  Отношение националов к русскому языку хорошее. Что касается отношения к родному языку, у отдельных национальностей оно различно. Например латыши очень охотно посылают своих детей в латышские школы. Всячески подчёркивают принадлежность свою к латышской национальности...Белорусское население, в большинстве своём, относится индифферентно. Бывают случаи активного противодействия организации школ на родном языке.  


Беларусізацыя ў гэтай частцы беларускага этнічнага абшару мела такі цікавы аспект, як дзейнасць Беларускага студэнцкага зямляцтва ў Смаленску, Беларускай секцыі пры Смаленскім губернскім аддзеле народнай асветы, Смаленскага таварыства краязнаўства[6].

Згортванне правіць

У другой палове 1920-х поспехі ў ажыццяўленні палітыкі беларусізацыі пачалі разглядацца як умацаванне і пашырэнне беларускага нацыяналізму. Так, на ХІ з'ездзе КП(б)Б (лістапад 1927) заяўлялася, што неабходна пашыраць беларусізацыю і той жа час весці рашучую барацьбу з нацыянал-дэмакратызмам, які ў мінулым быў прагрэсіўнай з'явай, але ва ўмовах дыктатуры пралетарыяту набыў контррэвалюцыйны характар.

У маі 1929 года ЦК ВКП(б) накіраваў у БССР камісію, якая 27 чэрвеня 1929 года зрабіла крытычны даклад на адрас беларускай творчай інтэлігенцыі, таксама ў ім нэгатыўна ацэньвалася дзейнасць кіраўнікоў рэспублікі. Даклад камісіі быў накіраваны ў ЦК і ЦКК ВКП(б) і асабіста І. Сталіну.

Апагеем барацьбы з нацыянал-дэмакратызмам стала сфабрыкаваная прысланым з Масквы старшынёй ДПУ БССР Р. Рапапортам справа г.зв. «Саюза вызвалення Беларусі» па якой увясну-ўлетку 1930 года былі арыштаваныя больш за 110 дзеячаў навукі і культуры Беларусі, у 1931 годзе многія з іх былі асуджаныя ў выніку закрытых судовых працэсаў. З гэтага часу пачалася палітыка абмежавання мовы тытульнай нацыі Беларусі, працягам якой стала рэформа беларускага правапісу 1933 года, якая штучна наблізіла беларускую мову да расійскай.

Гл. таксама правіць

Зноскі

  1. Праўрацкі В. «Беларуская вайсковая акруга ў міжваенны перыяд (1921—1939). Спробы беларусізацыі.»
  2. Судьбы национальных меньшинств на Смоленщине 1918—1938 гг. Документы и материалы. Смоленск, 1994. С. 6.
  3. Яновіч С. Аб перападрыхтоўцы настаўнікаў беларускіх школ у Смаленшчыне // Педагагічны зборнік № 1. [Масква], 1929. С. 84-86.
  4. Веб-сайт Кочаненкова С. С. Очерки по истории родных мест. Жизнь смоленской деревни. Деревня в 20-е годы., 3 ліпеня, 2011 г.
  5. Корсак А. Беларускія школы на Смаленшчыне // Беларускі гістарычны часопіс, 1998, № 3. С. 56.
  6. Беррашэд Ф. Беларускі культурна-асветніцкі рух на Смаленшчыне (1920-30-я гг.) // Романовские чтения-7: сб. статей международной науч. конференции. Могилёв: УО "МГУ им. А. А. Кулешова", 2011. С. 114 - 116; Васілеўскі Ю. Беларускае студэнцкае зямляцтва ў Смаленску // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1. Мн.: БелЭН, 1993, С. 358 - 359.

Літаратура правіць

  • Гісторыя Беларусі. У 6 Т. Т.5. Беларусь у 1917-1945 гг. Мн.: "Экаперсперспектыва", 2006, С. 216-225.
  • Протько Т. Становление советской тоталитарной системы в Беларуси (1917-1941 гг.). Мн.: "Тесей", 2002, С. 310-338
  • Касцюк М. Беларусізацыя як форма нацыянальнай палітыкі // Полымя. — 2012. — № 5. — С. 123-132.