Бела-чырвона-белы сцяг

дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь з 19 верасня 1991 па 14 мая 1995

Бе́ла-чырво́на-бе́лы сцяг — дзяржаўны сцяг Беларусі (19 верасня 1991 — 7 чэрвеня 1995), адзін з нацыянальных сімвалаў беларусаў[1].

Беларуская Народная Рэспубліка
Рэспубліка Беларусь
Зацверджаны 25 сакавіка 1918 (як сцяг Беларускай Народнай Рэспублікі)
19 верасня 1991 (як сцяг Рэспублікі Беларусь)
Адменены 7 чэрвеня 1995 (як сцяг Рэспублікі Беларусь)
цяпер дзеючы (як сцяг Беларускай Народнай Рэспублікі ў выгнанні)
Прапорцыя Маленькі чорна-белы вексілалагічны сімвал або піктаграма, якае паказвае розныя выкарыстанні сцяга 1:2

Часам стварэння эскіза сучаснага сцяга лічаць 1917 год, а аўтарам — Клаўдзія Дуж-Душэўскага. Аднак выкарыстанне беларусамі бела-чырвона-белага сцяга вядома з ранейшых гадоў. Хуткае ўспрыняцце сцяга як нацыянальнага тлумачаць яго адпаведнасцю колеравай гаме народнай традыцыі і мастацкаму густу — чырвоныя элементы на белай аснове лічаць самым распаўсюджаным спалучэннем у беларускім арнаменце.

Паходжанне

Сцягі як апазнавальныя знакі вядомы са старажытнасці, але ўяўленні, што дзяржава павінна мець сцяг, павольна складаліся на працягу XVI—XVIII ст. У Еўропе таго часу даволі звыклым было ўжыванне для сцягоў гербавых колераў валадарных дынастый, бо дзяржавы атаяснялі найперш з імі[2]. Так, сцягі Нідэрландаў з канца XVI ст. былі гербавых колераў прынца Аранскага — аранжавага, белага і сіняга; сцягі Аўстрыйскага эрцгерцагства — колераў Бабенбергаў, чырвона-бела-чырвоныя, Прусіі — Гогенцолернаў, белага і чорнага. У Швецыі пры дынастыі Вазаў з XVI ст. пачалі ўжываць сцяг колераў не дынастычнага, а дзяржаўнага гербу — залатога (жоўтага) і блакітнага. З канца XVI ст. Вазы былі каралямі польскімі і вялікімі князямі літоўскімі, тады і ў Рэчы Паспалітай пачалі ўжываць сцягі гербавых колераў — сярэбранага (белага) і чырвонага[2]. Праз аднолькавую колеравую схему гербаў Кароны («Белага Арла») і Княства («Пагоні») немагчыма пэўна падзяліць паміж імі гэтую традыцыю[2]. Пры каралю Жыгімонту Вазе ўжываўся трохпалосны чырвона-бела-чырвоны сцяг, пры яго сыне, каралю Уладзіславу Вазе — чатырохпалосны чырвона-бела-чырвона-белы[2]. Наконт апошняга выказвалі думку, што ён адлюстроўвае колеры менавіта двух гербаў — польскага і вялікалітоўскага, хоць яны і тоесныя[2]. Аднак, да згасання дынастыі Вазаў сцяг з чаргаваннем палос не стаў дзяржаўным ні ў Кароне, ні ў Княстве[3].

 
«Святы Юрый» (Ганс фон Кульмбах, каля 1510)
 
Сцяжок-флюгер на дзідах саюзніцкай кавалерыі ў бітве пад Оршай (1514).
 
Сцяг (1601—1605) кар. і вял.кн. Жыгімонта Вазы. Захоўваецца ў Музеі арміі (Стакгольм).

Ранейшае ўжыванне сцягоў са спалучэннем белых і чырвоных палос не вядома з крыніц[4]. Звесткі пра выкарыстанне белага сцяга з простым чырвоным крыжам вялікім князем Вітаўтам, калі слушныя, тычацца сцяга з крыжам Святога Юрыя, вельмі папулярнага ў Еўропе[3]. Такі сцяг стаў дзяржаўным у Англіі, а інвертаваны — у Даніі[3]. Часта пад ім выступалі атрады наёмнікаў, у бітве пад Грунвальдам (1410) харугвы пад георгіеўскімі сцягамі былі з абодвух бакоў — чэшскіх наёмнікаў у арміі саюзнікаў і «гасцёў» у ордэнскай арміі. Да гэтай агульнаеўрапейскай традыцыі, напэўна, належаць сцяжкі на дзідах саюзных войскаў у бітве пад Оршай (1514), паказаныя на карціне «Бітва пад Оршай» (1520)[5][6]. Вядома, што ў бітве брала ўдзел польская наёмная цяжкая кавалерыя, роўна яна выяўлена на карціне з георгіеўскімі сцяжкамі і выступае пад вялікай чырвонай харугвай, побач з такімі ж сцяжкамі атрад гусарыі выступае пад чырвонай харугвай з белым арлом. Такім чынам, нягледзячы на колеры, няма падстаў далучаць ужыванне белых сцягоў з простым чырвоным крыжам да традыцыі сцягоў са спалучэннем белых і чырвоных палос[3].

За вазаўскі час, напэўна, склалася традыцыя бела-чырвоных апазнавальных сцягоў, з палосамі як гарызантальнымі, так вертыкальнымі і клеткай. У XVI—XVIII ст. пад бела-чырвона-белым сцягам з паўмесяцам і зоркай выступала харугва літоўскіх татар[2], напэўна, таму ў пазнейшым кітабе мог сцвярджацца, паводле Івана і Антона Луцкевіча, іх удзел пад такім сцягам у бітве пад Грунвальдам (1410), але іншыя даследчыкі гэты кітаб не выявілі[7]. Сцяжкі бела-чырвоных колераў ужывала гусарыя ў XVII—XVIII ст. і іншыя падраздзяленні войскаў Кароны і Княства. Пазней белыя і чырвоныя палосы ўжываліся ў расійскай вексілалогіі і геральдыцы датычна «літоўскіх» губерняў.

 
Ротны сцяг Літоўскага (Беларускага) гусарскага палка, 1776—1783 гг.

Масавае стварэнне дзяржаўных сцягоў пачалося з канца XVIII ст. праз змены грамадскай свядомасці пасля Вялікай французскай рэвалюцыі, калі дзяржавы пачалі атаясняцца не з валадарнымі дынастыямі, а з насельніцтвам — тады з’явіліся французскі, бельгійскі, ламбардскі (цяперашні італьянскі), іспанскі, нарвежскі, амерыканскі сцягі. Тады ж склалася і ідэя сцяга ў цяперашнім разуменні, як увасаблення дзяржаўнай незалежнасці. У XIX ст. сцяг быў сярод атрыбутаў кожнага нацыянальна-вызваленчага руху — як антыасманскага паўстання ў Грэцыі (1821) ці антырасійскага паўстання ў Польшчы, Літве і Беларусі (1831). Менавіта ў паўстанне 1831 года на аснове гербавых колераў склаліся ўяўленні пра польскі сцяг. Многія еўрапейскія нацыі ў ХІХ ст. не мелі ўласнай дзяржаўнасці, таму ў гэты час узнікае і паняцце нацыянальнага сцяга, як сцяга нацыі, якая прэтэндуе на ўласную дзяржаўнасць. Такім быў і польскі бела-чырвоны сцяг, і эстонскі сіне-чорна-белы (вядомы з 1881). Ёсць думка, што побач сцяга з «Пагоняй» падчас паўстання 1863—1864 гадоў пад кіраўніцтвам К. Каліноўскага ўжываўся і бела-чырвона-белы сцяг, асобнік захоўваецца ў Нацыянальным музеі Літвы[8], аднак пацверджанняў шырокага ўжытку няма[3].

 
Паштоўка з бела-чырвона-белым сцягам часоў Беларускай Народнай Рэспублікі, 1920 г. На паштоўцы змешчаная цытата Францішка Багушэвіча

Напэўна, вытокі бела-чырвона-белага сцяга як нацыянальнага беларускага знаходзяцца ў часе складання беларускай нацыянальнай ідэі. У сярэдзіне ХІХ ст. да яе прыходзілі асобныя прадстаўнікі інтэлігенцыі, а перыяд складання прыпадае на канец XIX — пачатак XX ст. На час пасля Першай сусветнай вайны, калі з’явіўся шэраг новых незалежных дзяржаў, прыпадае і наступная хваля з’яўлення сцягоў, менавіта тады як дзяржаўныя былі зацверджаны польскі, эстонскі, цяперашні германскі (вядомы з 1832), літоўскі, югаслаўскі і іншыя сцягі. Пры гэтым можна прасачыць пераемнасць некаторых традыцыйных для пэўнага этнасу геральдычных выяў, колераў і спалучэнняў[9]. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года многія народы Расійскай імперыі абвясцілі свае правы на самавызначэнне, беларусы таксама заявілі пра самастойнасць — 25-27 сакавіка 1917 года ў Мінску адбыўся з’езд беларускіх нацыянальных арганізацый, які сфарміраваў Беларускі нацыянальны камітэт і даручыў яму ў кантакце з Часовым урадам распрацаваць пытанні аўтаноміі Беларусі. Тады быў бы натуральным і сцяг як увасабленне ідэі беларускай дзяржаўнасці, што і адбылося, але само стварэнне і час дакументамі не зафіксаваны[10], пра іх сведчаць успаміны ўдзельнікаў, запісаныя праз дзесяцігоддзі[3].

Часта ў літаратуры датай стварэння сцяга даецца 25 сакавіка 1917 года[11], што пэўна не правамерна[12]. Згадкі ўжывання бела-чырвона-белага сцяга беларусамі як нацыянальнай сімволікі вядомы з 1905, 1909[4] і 1912 гадоў[13]. Аўтарам эскіза сучаснага сцяга, зацверджанага ў 1917 годзе, лічыцца інжынер Клаўдзій Дуж-Душэўскі, інфармацыя паходзіць з яго ўспамінаў і цяпер агульнапрынятая, але патрабуе праверкі іншымі крыніцамі[13]. Няма пэўнасці ці ведаў Дуж-Душэўскі ранейшую вексілалагічную традыцыю і папярэдняе ўжыванне сцяга нацыянальным рухам, але ва ўспамінах 1934 года ён адсылае яго колеры проста да «Пагоні»[14]:

  ... беларусы ўважалі сваім дзяржаўным сьцягам той, што і літоўцы, гэта значыць белую Пагоню на чырвоным полі, але нацыянальнага сьцяга не было. Мне давялося зрабіць некалькі праектаў нацыянальнага сьцяга, і адзін зь іх быў прыняты, менавіта: бела-чырвона-белы. Ад таго часу гэты сьцяг і лічыцца за беларускі нацыянальны сьцяг  

Хуткае ўспрыняцце бела-чырвона-белага сцяга як нацыянальнага, напэўна, таксама можна тлумачыць яго адпаведнасцю сімволіцы колераў і колеравай гаме ў народнай традыцыі і мастацкім гусце. Белы і чырвоны характэрны беларускай традыцыйнай культуры, чырвоныя элементы на белай аснове лічацца самым распаўсюджаным спалучэннем у беларускім арнаменце[15]. Вытокі гэтых традыцый некаторыя даследчыкі бачаць у племянных часах славянскіх народаў і нават у светаўяўленнях старажытных індаеўрапейцаў[16][17], але крыніцы падобных сцвярджэнняў застаюцца невядомымі.

Выкарыстанне

Пачатак нацыянальнага руху. Беларуская Народная Рэспубліка

 
Картка з Усебеларускага з’езда 1917 года
 
Бела-чырвона-белы сцяг над менскім будынкам Народнага сакратарыята Беларусі (19—22 лютага 1918)

Бела-чырвона-белая сімволіка актыўна ўжывалася беларускім нацыянальным рухам канца XIX — пачатку XX стагоддзяў[9]. У 1909—1912 гадах стужкі гэтых колераў ужываліся студэнтамі-беларусамі ў Санкт-Пецярбургу[12]. У 1909—1917 гадах ім карысталіся некаторыя беларускія дэмакратычныя і незалежніцкія арганізацыі. У 1916 годзе бела-чырвона-белы сцяг мела арганізацыя «Сувязь незалежнасці і непадзельнасці Беларусі» пад кіраўніцтвам Вацлава Ластоўскага[12].

Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года бела-чырвона-белым сцягам усё часцей карысталіся як сцягам беларусаў наогул. У сакавіку 1917 года значкі з малюнкам бел-чырвона-белага сцяга ўжо прадаваліся ў Мінску[12]. 5 жніўня 1917 года на 1-й сесіі Цэнтральнай рады беларускіх арганізацый у Мінску было пастаноўлена, што ўсе вайскоўцы-беларусы ў Рускай імператарскай арміі мусяць насіць бела-чырвона-белую стужку як дадатковы знак адрознення[18]. Пад бела-чырвона-белымі сцягамі праходзілі з’езды беларускіх вайскоўцаў на франтах, у прыватнасці з’езд беларусаў-вайскоўцаў Паўночнага фронту ў Віцебску (кастрычнік 1917)[19]. 7 снежня 1917 года пад бела-чырвона-белымі сцягамі[20] ў Мінску адкрыўся Першы Усебеларускі з’езд, 18 снежня а 3-й гадзіне ночы разагнаны бальшавікамі. У часе адкрыцця з’езда бальшавік Людвіг Рэзаўскі запатрабаваў зняць бела-чырвона-белы сцяг і замяніць на сцяг чырвонага інтэрнацыяналу, дэлегаты абурыліся і два матросы пад рукі вывелі Рэзаўскага з залы, а сябра складу старэйшын з’езда генерал-лейтэнант Канстанцін Аляксееўскі падышоў да трыбуны і пацалаваў сцяг[21][22]. Напэўна з часу з’езда бела-чырвона-белы сцяг успрымаўся ў масавай свядомасці як нацыянальны сцяг беларусаў[12].

 
Удзельнікі Беларускай канферэнцыі ў Вільні (25—28 студзеня 1918)
 
Шыльда вайскова-дыпламатычнай місіі БНР у Латвіі і Эстоніі (верасень 1919—люты 1921)

Бела-чырвона-белы сцяг да канца студзеня 1918 года вісеў на будынку Цэнтральнай беларускай вайсковай рады ў Менску на вуліцы Паліцэйскай. На фотаздымку з Беларускай канферэнцыі 1918 года ў Вільні відаць бела-чырвона-белыя сцягі з вузкімі чорнымі палосамі абапал чырвонай паласы. Выказвалася думка, што палосы могуць быць цёмна-чырвонымі, але на чорна-белым фотаздымку ў такім выпадку не было рэзкага кантрасту паміж колерамі[23]. Бела-чырвона-белым сцягам карыстаўся Выканаўчы камітэт Рады Усебеларускага з’езда ў Мінску да прыходу германскіх войскаў (18—25 лютага 1918). 19 лютага 1918 года, па выгнанні бальшавікоў з Менску, бела-чырвона-белы сцяг быў змешчаны на будынку Народнага Сакратарыята Беларусі[24]. Урад Беларускай Народнай Рэспублікі карыстаўся сцягам як дзяржаўным, хоць фармальна зацверджаны ён быў толькі 5 жніўня 1918 года, а абвешчаны ў верасні 1918 года. Былі і іншыя праекты дзяржаўнага сцяга, а таксама варыяцыі на аснове бела-чырвона-белага.

У 1920 годзе сцягам як нацыянальным і дзяржаўным карысталіся кіраўніцтва Слуцкага паўстання і вайсковыя фарміраванні Булак-Балаховіча. У 1920 годзе ён стаў сцягам Беларускага асобнага батальёна ў складзе арміі Літвы (пасля далучэння Літвы да СССР сцяг канфіскаваны НКУС[25]). У 1920—1922 гадах факт існавання беларускага бела-чырвона-белага сцяга перашкодзіў праекту О. Гросвалдса[lv], які прапаноўваў падобны сцяг як дзяржаўны для незалежнай Латвіі[4].

Міжваенны перыяд

БССР

 
Праект герба БССР, прапанаваны мастаком Генадзем Змудзінскім, 1924 г.

У 1924—1928 гадах БССР фактычна не мела дзяржаўнага сцяга. Паводле ўспамінаў удзельнікаў канферэнцыі па рэформе беларускай мовы ў 1926 годзе, памяшканне ў Менску, дзе яна праводзілася, упрыгожвала бела-чырвона-белае сонца з пяццю бела-чырвона-белымі прамянямі[26]. У 1927 годзе абмяркоўваўся праект герба БССР, які агулам паўтараў герб СССР, але меў бела-чырвона-белую стужку замест чырвонай. Праект прайшоў некалькі інстанцый, аднак Прэзідыум ЦВК урэшце пастанавіў зрабіць стужку чырвонай[3]. Пры гэтым узорам для афіцыйна прынятай сімволікі БССР стала савецкая сімволіка Расіі[13].

Заходняя Беларусь

У 1921—1939 гадах бела-чырвона-белы сцяг актыўна ўжываўся нацыянальна-вызваленчым рухам у акупаванай Польшчай Заходняй Беларусі, як палітычнымі партыямі — Беларуская хрысціянская дэмакратыя, БСРГ, КПЗБ (напэўна, з палітычных меркаванняў)[3], так і непалітычнымі арганізацыямі — Таварыства беларускай школы[27]. Беларуская нацыянальная сімволіка ўжывалася ва ўсіх беларускіх школах і гімназіях, на мітынгах рабочых, беларускім студэнцтвам[28]. Швадрон (конная рота) уланаў арміі міжваеннай Польскай Рэспублікі, у якім служылі беларуска-літоўскія татары, меў двузубы белы вымпел з гарызантальнай чырвонай паласой, на якой размяшчаліся зялёная зорка і паўмесяц[29].

Малады заходнебеларускі паэт, будучы класік беларускай літаратуры, перакананы камуніст Максім Танк згадвае бела-чырвона-белы сцяг у сваім вершы «Ты чуеш, брат»[⇨] у 1930 годзе[30].

Іншыя краіны

 
Прадстаўнікі беларускай дыяспары ў Празе ў час юбілейнай вечарыны, прысвечанай 40-м угодкам з дня смерці В. Дуніна-Марцінкевіча

Бела-чырвона-белы сцяг працягваў выкарыстоўвацца беларускай супольнасцю ў Чэхаславаччыне, куды таксама пераехала Рада БНР. Сцяг выкарыстоўвала Беларуская грамада ў Празе (1920—1925), беларускае студэнцтва ў Празе[31].

Бела-чырвона-белымі сцягамі карысталіся беларускія культурніцкія і грамадска-палітычныя арганізацыі міжваеннай Латвіі. Беларусы Латвіі з нацыянальнымі сцягамі ўдзельнічалі ў маніфестацыі ў часе пахавання паэта Яна Райніса ў Рызе 15 верасня 1929 года[32].

Падчас нямецкай акупацыі 1941—1944 гадоў

 
Будынак гарадскога тэатра ў Мінску, чэрвень 1943 года

Падчас нямецкай акупацыі 1941—1944 гадоў беларускія нацыянальныя колы, якія супрацоўнічалі з нацыстамі, карысталіся бела-чырвона-белым сцягам неафіцыйна, і беспаспяхова дамагаліся ад нямецкіх уладаў афіцыйнага прызнання нацыянальнай сімволікі. Прызнання не было да апошніх дзён акупацыі, пра што сведчыць распараджэнне Рэйхсміністра па акупаваных усходніх тэрыторыях ад 14 чэрвеня 1944 года[33]. Вядомае распараджэнне, быццам падпісанае гаўляйтарам Кубэ, пра дазвол карыстацца бела-чырвона-белым сцягам побач з германскай сімволікай «пры святкаваннях або для абазначэння беларускай нацыянальнасці», надрукаванае ў газеце «Раніца» (27 чэрвеня 1942), паводле вынікаў пазнейшых даследаванняў аказалася тагачаснай дэзынфармацыяй, вінаватых у якой акупацыйныя ўлады не знайшлі[34].

Бела-чырвона-белыя павязкі насілі члены Саюза беларускай моладзі. Паводле фотаматэрыялаў, часам такія апазнавальныя знакі ўжывалі ўдзельнікі аддзела Беларускай народнай самапомачы — Корпуса беларускай самааховы, створанага немцамі з мясцовых жыхароў для барацьбы з партызанскім рухам. Немцы самаахоўцам не давяралі і не ўзбройвалі, бо пасля атрымання зброі тыя часта пераходзілі на бок партызан, урэшце корпус быў расфарміраваны[30]. У апошні год перад вызваленнем Беларусі бела-чырвона-белыя сцягі выкарыстоўваліся на публічных мерапрыемствах, каб схіліць мясцовае насельніцтва на свой бок пасля паражэння на Курскай дузе і пералому ў вайне[30].

1950—1980-я гады

 
Манумент «Змагарам за вольную Беларусь» у Саўт-Рыверы, штат Нью-Джэрсі, ЗША. Усталяваны ў 1974 годзе на тэрыторыі Царквы Святой Ефрасінні Полацкай. Побач з помнікам 2 флагштокі: з беларускім бела-чырвона-белым і амерыканскім сцягамі

Бела-чырвона-белым сцягам карысталася беларуская эміграцыя. У некаторых гарадах з актыўнымі беларускімі асяродкамі ў Дзень Незалежнасці Беларусі (25 сакавіка, цяпер вядомы як «Дзень Волі») на адміністрацыйных будынках афіцыйна вывешваліся бела-чырвона-белыя сцягі. Рэгулярна ўздымаўся бела-чырвона-белы сцяг на будынку гарадской ратушы ў Брэдфардзе (Англія, Вялікабрытанія)[35], на будынку ратушы горада Ошава (Канада)[36]. Да сёння ў Дзень Волі вывешваецца бела-чырвона-белы сцяг на будынку гістарычнага музея ў Саўт-Рыверы (Нью-Джэрсі, ЗША)[37].

У Беларусі пад бела-чырвона-белымі сцягамі выступалі ўдзельнікі пасляваеннага антысавецкага партызанскага руху і падполля — да іх ліквідацыі савецкімі ўладамі ў 1950-я гады. У 1960—1970-я гады беларускую нацыянальную сімволіку выкарыстоўвалі інтэлектуалы-гуманітарыі Акадэмічнага асяродку, разгромленага КДБ у 1974—1975 гадах, і мастакі-дысідэнты з творчага кола «На Паддашку»[38]. У 1985 годзе на будынку Мінскага мастацкага вучылішча два навучэнцы, Міхаіл Мірошнікаў і Юрый Макееў, вывесілі бела-чырвона-белыя сцягі. У выніку КДБ распачаў пераслед 6 чалавек, а Макееў мусіў спыніць навучанне[38].

Канец 1980-х — 1990-я гады

 
Антыкамуністычны мітынг 11 лістапада 1990 года ля Дома ўрада ў Мінску, арганізаваны Беларускім народным фронтам

У 1980-я гады, пасля пачатку дэмакратызацыі ў СССР, бела-чырвона-белы сцяг як нацыянальны быў ізноў уведзены ва ўжытак. Гэтаму спрыялі моладзевыя нефармальныя гістарычна-культурныя аб’яднанні і клубы («Талака», «Паходня», «Узгор’е» і інш.), Беларускі народны фронт «Адраджэньне»[39]. 30 кастрычніка 1988 года бела-чырвона-белыя сцягі ўзнялі ўдзельнікі першай масавай акцыі на «Дзяды», якая была жорстка разагнаная савецкімі ўладамі[39]. 19 лютага 1989 года пад бела-чырвона-белымі сцягамі на стадыёне «Дынама» ў Мінску адбыўся першы дазволены ўладамі БССР апазіцыйны палітычны мітынг[38]. Разам з тым савецкія ўлады працягвалі пераслед беларусаў (асабліва ў правінцыі) за выкарыстанне нацыянальнага сцяга[38].

 
Паштовая марка Беларусі, 1992

Вяртанне ў масавую свядомасць жыхароў Беларусі бела-чырвона-белага сцяга з гербам «Пагоня» як нацыянальных сімвалаў адбылося ў 1990 годзе разам з прыняццем Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце. Пад гэтай сімволікай прайшлі красавіцкія і травеньскія стачкі рабочых Беларусі 1991 года. 24 жніўня 1991 года дэпутатка Галіна Сямдзянава ўнесла бела-чырвона-белы сцяг у Вярхоўны Савет Беларусі[40]. На наступны дзень, 25 жніўня, дэпутаты надалі Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце статус канстытуцыйнага закона.

5 верасня 1991 года Мінскі гарадскі савет народных дэпутатаў прыняў рашэнне аб выкарыстанні ў Мінску нацыянальнай сімволікі — бела-чырвона-белага сцяга і герба «Пагоня» нароўні з дзяржаўнай сімволікай БССР. Рашэнне дзейнічала да 30 лістапада 2007 года, аднак сцяг не вывешваўся пасля рэферэндуму 1995 года. Аналагічнае рашэнне Радашковіцкага Савета дэпутатаў ад лістапада 1990 года працягвае дзейнічаць на 2021 год.

19 верасня 1991 года бела-чырвона-белы сцяг зацверджаны як Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь. 11 снежня 1991 года Вярхоўны Савет Беларусі зацвердзіў Палажэнне «Аб Дзяржаўным бела-чырвона-белым сцягу Рэспублікі Беларусь»[41]. Распрацоўкай эталонаў дзяржаўнай сімволікі займалася адмысловая Камісія пры Прэзідыуме Вярхоўнага Савета, у якую ўвайшло больш за 20 чалавек: вядомыя гісторыкі, мастакі, дызайнеры, мастацтвазнаўцы (кіраўнік — Алег Трусаў). Неўзабаве бел-чырвона-белы сцяг быў узняты як сімвал незалежнай Беларусі над усімі прадстаўніцтвамі краіны за мяжой, а ў 1994 годзе каманда Беларусі ўпершыню выступіла пад ім на Алімпійскіх гульнях.

Пад гэтым сцягам прысягаў у 1994 годзе першы Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Але пасля ініцыяванага ім рэферэндуму (14 траўня 1995) выкарыстанне бела-чырвона-белага сцяга як дзяржаўнага было спынена. Сцягам, як нацыянальным, працягнулі карыстацца некаторыя апазіцыйныя беларускія арганізацыі і нацыянальна-арыентаваная частка грамадства. На Віцебшчыне пасля рэферэндуму чалавек або група асоб пад імем «Мірон» пачалі вывешваць бела-чырвона-белыя сцягі ў цяжкадаступных месцах. Такія ж акцыі праводзіліся ў многіх рэгіёнах Беларусі[42].

XXI стагоддзе

 
«Марш за свабоду» ў Мінску 16 жніўня 2020 года
 
Бела-чырвона-белы сцяг з Пагоняй, які выкарыстоўваецца дэмакратычнай апазіцыяй

У 2000-х гадах бела-чырвона-белага сцяга працягвала трымацца дэмакратычная апазіцыя, ён масава ўжываўся падчас акцый пратэсту пасля прэзідэнцкіх выбараў 2006 і 2010 гадоў. Беларускія актывісты пад бела-чырвона-белым сцягам бралі ўдзел у падзеях Еўрамайдана ў Кіеве (2013—2014).

Увосень 2016 года актывісты сабралі больш за 10 тысяч подпісаў за наданне бела-чырвона-беламу сцягу статусу нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці і перадалі іх у Міністэрства культуры. У Мінкультуры адказалі, што ў прадстаўленай прапанове «не ўтрымліваецца дакументальнага абгрунтавання і поўнай, дакладнай і якаснай фіксацыі графічнымі сродкамі элемента, якому прапануецца надаць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці», а таксама неабходна правесці грунтоўнае навуковае даследаванне з мэтай выяўлення арыгінальных архіўных дакументаў і матэрыялаў[43]. У сакавіку 2018 года пад бела-чырвона-белымі сцягамі прайшло маштабнае святкаванне 100-годдзя абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. У траўні гэтага ж года пад бела-чырвона-белымі сцягамі адбылося ўрачыстае адкрыццё помніка Тадэвушу Касцюшку ў Косаве[44], а ў верасні 2019 года — урачыстае адкрыццё помніка вялікаму князю Гедыміну ў Лідзе[45].

Бела-чырвона-белыя сцягі шырока ўжываюцца ў часе пратэстаў у Беларусі, што пачаліся ў 2020 годзе. Тады ж стаў папулярным выраз «схема БЧБ», як адсылка да колераў сцяга. Палітолаг Арцём Шрайбман адзначыў, што бела-чырвона-белы сцяг стаў агульным сімвалам пратэсту, напоўніўся зусім іншым сэнсам, чым ён меў раней. Раней ён меў сэнс нацыянальны, цяпер — агульнадэмакратычны, антыаўтарытарны[46].

У час расійскага ўварвання ва Украіну, распачатага ў 2014 годзе, а таксама пасля другога ўварвання ў 2022 годзе, бела-чырвона-белым сцягам карысталіся беларускія добраахвотнікі на баку Украіны, у прыватнасці атрад «Пагоня», тактычная група «Беларусь» і полк Каліноўскага.

Крытыка

Праціўнікі нацыянальнага адраджэння карысталіся фактам ужывання сцяга беларускімі арганізацыямі ў часы акупацыі для дыскрэдытацыі апанентаў, звінавачваючы іх у фашызме. Распаўсюджвалася інфармацыя, што бела-чырвона-белыя нарукаўныя павязкі насіла акупацыйная паліцыя. Тое ж адбывалася ў часы Другой сусветнай вайны з нацыянальнай сімволікай іншых акупаваных краін, цяперашнія сцягі ўжывалі арганізацыі і фарміраванні калабарацыяністаў Бельгіі, Латвіі, Літвы, Нарвегіі, Нідэрландаў, Расіі, Украіны, Францыі, Эстоніі, іншых краін Еўропы і Азіі[40]. Сучасным італьянскім сцягам карыстаўся фашысцкі рэжым Мусаліні, побач або ў спалучэнні з уласнай сімволікай.

Прапагандысты рэжыму Лукашэнкі карыстаюцца напрацоўкамі савецкай прапаганды[47]. Узмацнілася прапаганда з пачаткам пратэстаў у 2020 годзе, асабліва пасля выбараў і падзей 9—11 жніўня, калі бела-чырвона-белы сцяг пачалі масава ўжываць удзельнікі пратэсту. Дырэктар Інстытута гісторыі НАНБ Вячаслаў Даніловіч заявіў, што ў гады Вялікай Айчыннай вайны сцяг ужываўся ў процістаянні з СССР і савецкімі партызанамі. Ён звязаў сцяг з пазіцыяй беларускіх калабарацыяністаў, якія хацелі стварыць беларускую дзяржаву пад нямецкім пратэктаратам[48]. Яго выказванне негатыўна характаразавана беларускай гістарычнай супольнасцю[49]. Сам Лукашэнка называў бела-чырвона-белы сцяг калабарацыянісцкім і прафашысцкім[50], разам з тым не раз запэўніваў, што «сцяг ні ў чым не вінен»[51][52][53].

У культуры

Бела-чырвона-белы сцяг згадваецца літаратурнымі і музычнымі творамі, у выяўленчым мастацтве.

Сцяг згадваецца ў вершах «Покліч» (1917) Ігната Дварчаніна[54], «Ваяцкі марш» (1919) Макара Краўцова (пакладзены на музыку Уладзімірам Тэраўскім, гімн Беларускай Народнай Рэспублікі пад назвай «Мы выйдзем шчыльнымі радамі»), «Покліч» (1920) і «Паставіў я сабе прыклад навек трывалы» Уладзіміра Жылкі, «Ты чуеш, брат…» (1930) Максіма Танка, «Беларускі сцяг» Пятра Сакола[55], «Беларускі сцяг» (1926) Гальяша Леўчыка[56], «Моладзі» Алеся Мілюця[57], шэрагу вершаў 1943—1944 гадоў Алеся Змагара[58], «Наш сьцяг» (1942) Ларысы Геніюш[59], «Зьняважаным сьцягом» (1948) Наталлі Арсенневай[60], паэме «Васіль Каліна» Уладзіміра Клішэвіча[61] (1965), вершах «Працяг вякоў»[62], «25 сакавіка»[63] і «Рыцар збройны на кані»[64] Рыгора Барадуліна, праекце гімна Беларусі «Жыві, Беларусь!» (словы Уладзіміра Някляева[65], музыка Васіля Раінчыка), песні «Наўздагон» (словы Леаніда Пранчака, музыка Васіля Раінчыка[66]), «Сцяг» Уладзіміра Някляева (пакладзены на музыку Змітром Вайцюшкевічам[67]), «Родны сцяг» Сяргея Панізніка (пакладзены на музыку хорам «Унія»), «Я люблю, калі сьвеціць сонца…» Міхала Анемпадыстава[68] (пакладзены на музыку ў 1996 годзе гуртом «Новае Неба»).

 

Няхай жыве магутны, смелы
Наш беларускі вольны дух.
Штандар наш бел-чырвона-белы,
Пакрый сабой народны рух.

— «Ваяцкі марш» (1919) М. Краўцоў
 
 

Пад штандар бел-чырвона-белы
Гартуйся, раць, адважна, смела,
Адважных, храбрых ваяроў!»[69]

— «Покліч» (1920) У. Жылка
 
 

Глядзіце ў будучыню смела!
Настаў доўгачаканы час,
Пад сцягам бел‑чырвона‑белым
Чакае перамога нас.[70]

— «Ты чуеш, брат…» (1930) М. Танк
 
 

Светлым полем я нясу
агнявую паласу:
як маланка, нада мной
зіхаціць над галавой
сцяг мой вольны,
сцяг мой смелы,
сцяг мой бел-чырвона-белы.[71]

— «Родны сцяг» С. Панізнік
 

Падобная сімволіка

На мантыях архірэяў

Бела-чырвона-белая стужка — абавязковы элемент манаграм, або вензеляў, іерархаў некаторых Памесных Цэркваў (у тым ліку, БПЦ, РПЦ, УПЦ) пачынаючы ад епіскапа[72]. За аснову вензеляў узята традыцыйная архірэйская мантыя, праз якую ідзе тры бела-чырвона-белыя стужкі, называныя «струменямі» або «крыніцамі» (царк.-слав: струи або источники), яны сімвалізуюць святло Старога і Новага Запаветаў, якое павінен прапаведаваць архірэй[72]. Форма мантый архірэяў у свой час перанята ад урачыстага адзення візантыйскіх імператараў, аздобленага залатымі і сярэбранымі нашыўкамі[72]. Пачаткова і «струмені» на мантыях былі з залатых і сярэбраных нітак у паслядоўнасці срэбра-золата-срэбра, на мантыях канстанцінопальскіх патрыярхаў так было да XVI стагоддзя[73]. Такая аздоба была задарагой нават для Візантыі, даволі рана там пачалі ўжываць таннейшыя матэрыялы, замест золата пурпурны ядваб, а замест срэбра — белы[73].

Для Русі і ядваб быў задарагі, таму епіскапы Кіеўскай мітраполіі пачалі ўжываць іншыя тканіны белага і чырвонага (радзей сіняга) колераў. Сіні ўжываўся, бо пурпур — сумесь чырвонага і сіняга[73]. Першае пэўна зафіксаванае сведчанне ўжывання «струменяў» на мантыях архірэяў Кіеўскай мітраполіі вядома з XII стагоддзя, яно захоўвалася да XX стагоддзя на мошчах наўгародскага архіепіскапа Іаана, памерлага ў 1185 годзе, і было знішчана ў першыя гады савецкай улады. Такая мантыя на Іаане зафіксавана захаванай да цяперашняга часу яго драўлянай разьбяной фігурай, вырабленай у 1559 годзе[73]. Да канца XVI стагоддзя захавалася дужа мала выяўленчых крыніц, каб прасачыць развіццё элементаў архірэйскага адзення, але можна думаць, што традыцыя «струменяў» не перапынялася і такія мантыі былі ў сучаснікаў Іаана, полацкіх і тураўскіх архірэяў[73].

З XVII стагоддзя, дзякуючы папулярнаму ў Рэчы Паспалітай партрэтнаму жанру, дайшло шмат выяў тагачасных царкоўных іерархаў, часта на іх мантыях бачны традыцыйныя бела-чырвона-белыя «струмені», былі яны не толькі на мантыях праваслаўных, але і грэка-каталіцкіх, бо візантыйская традыцыя (і сфарміраваны на яе базе візантыйскі абрад) — падмурак абедзвюх гэтых Цэркваў[73], і стараверскіх іерархаў[74]. У XVIII—XIX стагоддзях «струмені» усё часцей з’яўляюцца на іконах з выявамі святых епіскапаў[74], вядомы такія іконы са святым Мікалаем, мірлікійскім епіскапам, святымі Мітрафанам і Ціханам, варонежскімі епіскапамі, святым Георгіем, магілёўскім архіепіскапам[75].

Такім чынам, спалучэнне белага і чырвонага ў адпаведнай паслядоўнасці добра вядома здаўна, аднак, на думку Дзяніса Лісейчыкава, было бы «наіўным і няправільным» звязваць колеры аздаблення архірэйскага адзення з колерамі беларускага нацыянальнага сцяга[75].

Іншае

Гл. таксама

Крыніцы

  1. ЭГБ у 6 т. Т. 1. 1993, с. 391.
  2. а б в г д е ЭГБ у 6 т. Т. 1. 1993, с. 393.
  3. а б в г д е ё ж Насевіч 1995.
  4. а б в Басаў, Куркоў 1994, с. 18.
  5. Грыцкевіч 1992.
  6. Шаланда 2014, p. 59.
  7. Басаў, Куркоў 1994, с. 18-19.
  8. Цітоў 1993, с. 29.
  9. а б Шаланда 2019, с. 6.
  10. Харэўскі 1998, с. 15.
  11. «Флаг-бюлетэнь» (ЗША); «Флагі і гербы свету» Геслера (ФРГ)
  12. а б в г д Басаў, Куркоў 1994, с. 19.
  13. а б в Шаланда 2019, с. 7.
  14. Гесь, Ляхоўскі, Міхнюк 2001, с. 272.
  15. Фадзеева 1989, с. 36.
  16. ЭГБ у 6 т. Т. 1. 1993, с. 392.
  17. Иванов 1981, с. 166.
  18. Турук 1921, с. 95.
  19. Варлыга 1964, с. 142.
  20. Ляшко М. На АНТ расказалі пра Першы Усебеларускі з’езд, але абрэзалі бела-чырвона-белы сцяг, Наша Ніва, 11 снежня 2017 г.
  21. Белорусская рада № 7, 10 декабря 1917 (руск.). Белорусская рада. Архівавана з першакрыніцы 14-12-2020. Праверана 14-12-2020.
  22. Макар Краўцоў пра Ўсебеларускі зьезд. pawet.net. Архівавана з першакрыніцы 16-12-2020. Праверана 16-12-2020.
  23. Басаў, Куркоў 1994.
  24. Латышонак А. Дзяржаўная сімволіка Беларускай Народнай Рэспублікі Архівавана 13 мая 2009. // Салдаты БНР. — Беласток-Вільня, 2009.
  25. Сцягі БНР (руск.). Vexillographia.ru. Праверана 11 верасня 2010.
  26. Басаў, Куркоў 1994, с. 22—23.
  27. Вашкевіч 2007.
  28. ЭГБ у 6 т. Т. 1. 1993.
  29. Вячорка 1991, с. 355-369.
  30. а б в Рудак 2020.
  31. «Праграма Каліноўскага» 100 год таму. Як беларускія студэнты вучыліся ў Еўропе(недаступная спасылка). tut.by (23 кастрычніка 2020). Архівавана з першакрыніцы 8 студзеня 2021. Праверана 5-1-2021.
  32. Езавітаў 1932, с. 193.
  33. Цітоў 1999, с. 156.
  34. Цітоў 1999, с. 155.
  35. Наталля Гардзіенка. Эміграцыйная гісторыя ў асобах. 5 жніўня. Мацей Райцэўскі. hardzin.livejournal.com (5 жніўня 2012). Архівавана з першакрыніцы 30 лістапада 2018. Праверана 30-11-2018.
  36. Наталля Гардзіенка. Эміграцыйная гісторыя ў падзеях. 16 верасня. Беларусы Ашавы. hardzin.livejournal.com (16 верасня 2012). Архівавана з першакрыніцы 30 лістапада 2018. Праверана 30-11-2018.
  37. Бел-чырвона-белы сцяг залунаў і ў ЗША: у Саўт-Рыверы ўрачыста адзначылі Дзень Волі — фотафакт. nashaniva.by/images.google.by (24 сакавіка 2013). Архівавана з першакрыніцы 30 лістапада 2018. Праверана 30-11-2018.
  38. а б в г Лялькоў І. 2002.
  39. а б Басаў, Куркоў 1994, с. 26.
  40. а б 50 фактаў за бел-чырвона-белы сцяг. Радыё свабода. Праверана 22 студзеня 2014.
  41. s:Заканадаўчыя акты аб дзяржаўнай сімволіцы Рэспублікі Беларусь (1992)
  42. afn.by
  43. Мінкульт адказаў наконт надання БЧБ-сцягу статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці Архівавана 14 жніўня 2020.
  44. Першы ў Беларусі помнік Тадэвушу Касьцюшку ўрачыста адкрылі ля Косава (бел. (тар.)). svaboda.org (12 траўня 2018). Праверана 31-1-2021.
  45. У Лідзе ўрачыста адкрылі помнік князю Гедзіміну (бел. (тар.)). svaboda.org (7 верасня 2019). Праверана 31-1-2021.
  46. Радыё Свабода Архівавана 21 снежня 2020.
  47. Usau 2007, p. 40-45.
  48. nashaniva.by
  49. nashaniva.by
  50. blr.belta.by
  51. «Иначе я тогда поступить не мог» — Лукашенко о принятии присяги под бело-красно-белым флагом
  52. Александр Лукашенко: флаг ведь ни в чём не виноват, что у него такие цвета Архівавана 25 лютага 2021.
  53. «Еще раз подчеркиваю: никакой флаг и герб в этом не виноваты»
  54. Вольная Беларусь, — № 28. — с. 3
  55. Сакол 1925, с. 1.
  56. Czasopis 10/2013 by Czasopis - Issuu. issuu.com (31 кастрычніка 2013). Праверана 18 снежня 2023.
  57. Скрыжалі памяці 2005, с. 320.
  58. Змагар 1962.
  59. Родныя вобразы / Л. Геніюш / Прагляд верша. rv-blr.com. Праверана 18 снежня 2023.
  60. Родныя вобразы / Н. Арсеньнева / Прагляд верша. rv-blr.com. Праверана 18 снежня 2023.
  61. Saqa Sire - Alba Ruthenia: ЎЎЎ 2. Адальфіна Шныцар. Уладзімер Клішэвіч ды Калыма. Ч. 2. На Колыме. Койданава. "Кальвіна". 2020.. Saqa Sire - Alba Ruthenia (środa, 28 października 2020). Праверана 18 снежня 2023.
  62. Родныя вобразы / Р. Барадулін. «Міласэрнасьць плахі». rv-blr.com. Праверана 18 снежня 2023.
  63. Рыгор Барадулін. 25 Сакавіка. Наша Ніва. Праверана 18 снежня 2023.
  64. Пакуль жывеш… Архівавана 11 снежня 2016.
  65. «Жыві, Беларусь!» Гімн на словы Някляева Архівавана 3 сакавіка 2011. // «Наша Ніва», 26 сьнежня 2010.
  66. Анжаліка Агурбаш спела пра герб «Пагоня».
  67. Пэрсанальны сайт Зьмітра Вайцюшкевіча. Праверана 9 красавіка 2011.
  68. Міхал Анемпадыстаў. Я люблю, калі сьвеціць сонца... . knihi.com. Праверана 18 снежня 2023.
  69. Верш «Покліч»
  70. Максім Танк. Дзённік
  71. А пісар земскі...: Вершы. — Мн.: Маст. літ., 1994. — 142 с.: іл.
  72. а б в Лісейчыкаў 2020, с. 32.
  73. а б в г д е Лісейчыкаў 2020, с. 33.
  74. а б Лісейчыкаў 2020, с. 34.
  75. а б Лісейчыкаў 2020, с. 35.

Літаратура