Белона (міфалогія)

(Пасля перасылкі з Белона, міфалогія)

Бело́на (лац.: Bellona) — старажытнарымская багіня вайны, уваходзіла ў світу Марса, багіня падземнага свету. Мае старажытнасабінскае паходжанне.

Белона Рэмбрандт
«Белона», скульптура Радэна

Яе імя паходзіць ад bellum ці duelum — «вайна». Таксама лічылася маткай (варыянты — дочка, жонка, карміцелька) Марса. Паказвалася з мячом ці бізуном, з паходняй, у доўгай вопратцы, часта ў цэнтры бітвы, на калясніцы. Атрыбут — падвоеная сякера.

У 458 г. да н.э. у Рыме на Марсавым полі ёй быў прысвечаны храм, перад якім стаяла «калона вайны» — сімвалічная мяжа Рыма, адкуль у знак абвяшчэння вайны ў бок ворага кідалі кап’ё. Гэту цырымонію здзяйсняў фецыял — жрэц багіні. Каля задняй часткі храма сенат прымаў замежных паслоў, а таксама палкаводцаў, якія вярталіся з паходаў пераможцамі і чакалі трыумфу.

У I ст. да н.э. пры Суле з Кападокіі ў Рым была прывезена статуя кападакійскай (малаазійскай) багіні Ма, культ Белоны зліўся з яе культам і стаў у вышэйшай ступені аргіястычным і жорсткім. У сувязі з гэтым рымскім грамадзянам удзел у ім быў забаронены. Служкі Белоны набіраліся з іншаземцаў.

Асабліва культ Белоны, адначасова з іншымі ўсходнімі культамі, распаўсюдэіўся ў Рымскай імперыі ў III ст. н.э. Жрацы багіні — беланарыі (лац.: Bellonarii) насілі чорную вопратку і каўпакі, мелі ў якасці атрыбутаў падвоеныя сякеры, даводзілі сябе да шаленства ў яе гонар, яны наносілі адзін аднаму пабоі і раны, прыносячы такім чынам у ахвяру багіні чалавечую кроў, прычым яны прадказвалі будучыню. Іх называлі фанатыкамі (лац.: fanatici — утрапёныя).

Белона атаясамлівалася з грэчаскай багіняй Эніа.

У гонар Белоны быў названы астэроід (28) Белона, адкрыты 1 сакавіка 1854 года. Назва сімвалізавала пачатак Крымскай вайны.

Літаратура правіць

  • Мифы народов мира / под ред. С. А. Токарева. — М.: Российская энциклопедия, 1994. — С. 167.

Спасылкі правіць