Бу́сел бе́лы, баця́н (Ciconia ciconia) — буйная балотная птушка з сямейства бусліных.

Белы бусел
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Ciconia ciconia Linnaeus, 1758

Арэал
выява
      Месцы гнездавання

      Месцы зімоўкі

                     Шляхі міграцыі

Ахоўны статус

Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  174907
NCBI  8928
EOL  45513558
FW  369264

Беларускія народныя назвы бацян, весялец, чарнагуз, аіст, клекатун (экспрэсіўнае), гарус, бусько.[1]

Апісанне

правіць

Самы вядомы прадстаўнік буслоў. Белая птушка з чорнымі канцамі крылаў, доўгай шыяй, доўгай тонкай чырвонай дзюбаю і доўгімі чырванаватымі нагамі. Тры пярэднія пальцы злучаны няпоўнай перапонкай. Белае пер’е галавы, шыі і цела кантрастуе з чорнымі пер’ямі крылаў, якія ў сонечным святле адсвечваюць зялёным і пурпуровым. Невялікі кавалак голай скуры чорнага колеру на галаве знаходзіцца вакол карычневага вока. Калі крылы ў бусла складзеныя, ствараецца ўражанне, што ўся задняя частка цела бусла чорная. Адсюль адна з яго ўкраінскіх дыялектных[uk] назваў — чорногуз[2]. Па афарбоўцы самкі не адрозніваюцца ад самцоў, але крыху меншыя па памерах. Рост белага бусла складае 100—125 см, размах крылаў 155—220 см. Маса дарослай птушкі дасягае 4 кг.

 
Птушаняты белага бусла ў гняздзе

Птушаняты маюць дзюбу шэрага колеру і цьмяна чырвоныя ногі. Яны таксама маюць апярэнне з шараватым адценнем. Працягласць жыцця белага бусла ў сярэднім складае 20 гадоў.

Лёгка адрозніць голас буслоў — гучны, сухі клёкат, які атрымліваецца дзякуючы ўдарам адна аб адну часткамі дзюбы, рэдка ціхае шыпенне, маладыя пішчаць і мяўкаюць.

Пашырэнне

правіць
 
Казімір Альхімовіч. «Пейзаж з буслам»

Арэал разарваны: Пірэнейскі паўвостраў, цэнтральная і паўднёва-ўсходняя частка Еўропы, Малая Азія, Паўднёвая, Заходняя і Сярэдняя Азія, а таксама Далёкі Усход на шыраце Японіі разам з ёй, Паўночна-Заходняя Афрыка.

Пералёты від. Месца зімовак: Паўднёвая і Усходняя Афрыка, Паўднёвая Азія, Карэйскі паўвостраў, Японія.

На Беларусі звычайны на гнездаванні пералётны від, транзітны мігрант. Некаторыя птушкі застаюцца на зіму.

Лягчэй за ўсё можна ўбачыць бусла на яго гняздзе, але не цяжка заўважыць гэтых птушак, калі яны палююць на вільготных лугах або на свежаскошаных палетках на грызуноў, земляных чарвякоў, лічынак насякомых, яшчарак і амфібій. Гнёзды белых буслоў маюць вялікія памеры і звычайна збудаваны на высокіх апорах, якія дазваляюць не толькі добры падлёт да гнязда, але агляд наваколля. У Еўропе буслы з’яўляюцца ўжо з сакавіку, а адлятаюць на зімоўку да канца жніўня.

Асаблівасці біялогіі

правіць

Корміцца беспазваночнымі, жабамі, яшчаркамі, вужамі, дробнымі грызунамі.

Утварае пастаянныя пары. Гнездавацца пачынае з трохгадовага ўзросту. Гнёзды (дыяметр 1,5 м, вышыня 0,5 м і больш) будуе з галля, высцілае сухой травой і мохам. Еўрапейскія белыя буслы будуюць свае гнёзды на пабудовах чалавека з Сярэднявечча. Гнёзды можна знайсці на дахах дамоў і гаспадарчых пабудоў, трубах комінаў, воданапорных вежах, слупах электра- і тэлефоннай сувязі, мурах і спецыяльна збудаваных для буслоў пляцоўках. Звычайна буслы кожны год вяртаюцца гнездаваць на тое самае месца, або недалёка ад яго. Такім чынам, некаторыя месцы выкарыстоўваюцца птушкамі на працягу сотняў гадоў! Маладыя птушкі стараюцца вярнуцца і загнездаваць як мага бліжэй да месцаў, дзе яны вылупіліся.

 
Яйка

Нясе ўвесну 3-4, рэдка 5-6 белых яец. Яйкі з тупым вузейшым канцом, памеры: 72 х 54 мм.

Наседжванне 33-34 сутак. Птушаняты вылятаюць праз 54-55 сутак. Нярэдка белыя буслы выкідваюць з гнязда слабае птушанё і восенню забіваюць слабых птушак.

 
Бусел у палёце

Бусел здольны да лунаючага палёту і можа доўга кружыць у небе. Адпачывае ў гняздзе або на дрэве. Пад восень утварае вялікія перадміграцыйныя згуртаванні.

У беларускай культуры

правіць
 
«Легенда пра бусла», памятная манета НБ РБ, рэверс

Белы бусел з’яўляецца сімвалам Беларусі. Маючы яго на ўвазе, Беларусь клічуць «Краінай пад белымі крыламі». Народная традыцыя забараняе рабіць шкоду гнязду бусла.

Белы бусел карыстаецца асаблівай павагай у беларусаў, яму будавалі аснову для гнязда — буслянкі. Яго лічылі ахоўнікам жытла ад Перуна, узорам суладнага сямейнага жыцця, вешчуном вясны. Паводле колераў апярэння — белы з дадаткам чырвонага і чорнага — бусел жывы носьбіт нацыянальнай сімволікі колераў, характэрнай для беларускага нацыянальнага строю.

Буслы сяліліся побач з хатамі. Дзеці, якія ўвесь час назіралі за гэтымі птушкамі, бачылі, што буслы заўсёды нешта нясуць у сваё гняздо — ці то шчэпку якую, галінку, ці то вужа, жабу, якая трапечацца ў дзюбе. Натуральна, дзеці лёгка могуць паверыць у тлумачэнне што іх браціка ці сястрычку прынёс бусел.

Легендарны сюжэт аб паходжанні бусла з’яўляецца адным з папулярных этыялагічных сюжэтаў у беларусаў. Адпаведна сюжэту, бусел раней быў чалавекам. Ён не выконвае Божую волю кінуць у раку (мора, возера, прорву і інш.) мех напоўнены разнастайным «гадствам», «гнюсам» — шкоднымі мошкамі, змеямі, жабамі і інш.: ён з цікаўнасці, нягледзячы на строгую забарону, развязвае мех, «гадства» распаўзаецца і разлятаецца, а чалавек ператвараецца ў бусла, які ўсё жыццё збірае, тое, што выпусціў.

Зноскі

  1. бусел · Slounik.org . slounik.org. Праверана 27 жніўня 2023.
  2. Бокотей, Андрій (2007). Анотований список українських наукових назв птахів фауни України (з характеристикою статусу видів)(укр.). Київ—Львів: Львівський національний університет імені Івана Франка. p. 30. ISBN 9668734084. OCLC 225096329.

Літаратура

правіць

Спасылкі

правіць