Белы легіён
«Белы легіён» — беларуская патрыятычная арганізацыя. Заснавана ў 1995 годзе.
Белы Легіён | |
---|---|
![]() | |
Тып | патрыятычная арганізацыя |
Год заснавання | 1995 г. |
Заснавальнікі | Беларускае згуртаванне вайскоўцаў |
Размяшчэнне | Рэспубліка Беларусь |
Ключавыя фігуры | Сяргей Бульба, Міраслаў Лазоўскі, Ігар Корсак |
Колькасць членаў | у 1995—2005 гадах каля 300 чалавек |
Дата ліквідацыі | 2005 г. |

Мэтай арганізацыі была абарона незалежнасці Беларусі, якая тады была пад пагрозай з-за падпісання саюзных пагадненняў з Расіяй.
Падставы
правіцьАрганізацыя «Белы легіён» была заснавана ў 1995 годзе, малодшымі членамі Беларускага згуртавання вайскоўцаў (БЗВ), на яго базе моладзевага крыла ДРАБ (Дружыны рэгіянальнай аховы і бяспекі, так званыя «Чорныя драбы»).[1]
1995—2000
правіцьСябры «Белага Легіёна» былі актыўнымі ўдзельнікамі ўсіх мітынгаў і шэсцяў, якія мелі на мэце абарону незалежнасці Беларусі ў 1995—1999 гадах. Але «Белы Легіён» рабіў стаўку не на адкрытую дэманстрацыю, а на канспірацыю і падпольную структуру. Ужо ўвесну 1996-га ўвагу грамадскасці і журналістаў прыцягнулі іх таямнічыя сцягі — чырвоныя палотнішчы з чорным колам ды белым старадаўнім знакам «спарыша» — якія ўздымаліся над натоўпам дэманстрантаў у самыя небяспечныя моманты палітычных акцый. Падчас акцый і мітынгаў часта гучаў баявы кліч «Слава нацыі!». Дзяржаўныя спецслужбы ў 1997-м годзе арганізавалі шэраг правакацый вакол «Белага легіёну», у тым ліку жорсткае збіццё яго лідара Сяржука Чыслава — той трапіў у шпіталь са шматлікімі пераломамі.
Сябры «Белага Легіёна» прымалі ўдзел у дэманстрацыі «Марш свабоды» 17 кастрычніка 1999 года, якая скончылася сутычкамі з міліцыяй на рагу вуліц Фрунзэ і Першамайскай. Тады 20 000 чалавек выйшлі на вуліцы Мінска, каб запатрабаваць адстаўкі Лукашэнкі і расследавання знікненняў вядомых палітыкаў. Міліцыя і спецназ некалькі разоў атакавалі і адступалі, у выніку падчас акцыі 53 міліцыянты атрымалі цялесныя пашкоджанні.
У канцы 1999 года «Белы легіён» практычна знік з вулічнай арэны — частка ягоных сябраў сышла ў бізнес, а астатнія — засяродзіліся на падрыхтоўцы асобных маладзёвых групаў. Так асноўнай дзейнасцю арганізацыі сталі ўдзел у штогадовых спартыўных зборах і летніках у розных кутках Беларусі, таксама чальцы «Белага легіёна» ахоўвалі нацыянальныя культурныя акцыі і незалежныя СМІ.
Колькасць удзельнікаў Белага Легіёну ў 1995—2005 гадах складала прыкладна 300 чалавек. Арганізацыя мела сваіх прыхільнікаў у многіх гарадах Беларусі, а таксама ў розных сацыяльных групах: ад спартсменаў і вайскоўцаў да творчай інтэлігенцыі. Сімпатызуючыя арганізацыі музычны калектыў «Крывакрыж» нават запісаў гімн «Белага Легіёну» з аднайменнай назвай.
Рэпрэсіі супраць членаў арганізацыі
правіцьУ сакавіку 2000 года быў затрыманы Міраслаў Лазоўскі за распаўсюд улётак «Белага легіёну». А яшчэ раней — у жніўні 1998 зноў жа за распаўсюд арганізацыйных улётак быў затрыманы Ігар Корсак. Яго абвінавачвалі таксама ў «распаўсюдзе фашысцкай сімволікі», але эксперты-мастацтвазнаўцы прызналі, што эмблема «Белага легіёну» — знак «спарыш» — не мае дачынення да фашызму і з’яўляецца элементам традыцыйнага беларускага арнаменту (у тым ліку, ён змешчаны на сучасным дзяржаўным сцягу Рэспублікі Беларусь).
У сярэдзіне 2000-х арганізацыя абвясціла пра спыненне свайго існавання з-за таго, што, на іх думку: «грамадская неабходнасць баявой арганізацыі нацыяналістаў адсутнічае, паколькі небяспекі суверэнітэту Рэспублікі Беларусь больш не існуе». Пасля гэтай заявы арганізацыя фактычна спыніла сваю публічную дзейнасць.
Пасля 2000
правіцьУ жніўні 2002 года з’явілася інфармацыя пра экзамен на атрыманне «сталёвага берэта» сябрамі «Белага Легіёну». У той жа час у польскім часопісе для аматараў ваеннай справы «Komandos» (№ 12, 2002) з’явіўся нарыс журналіста Ежы Рагвалода пра гісторыю і дзейнасць «Белага легіёну», які быў добра аздоблены фотаздымкамі. Пад адной з фатаграфій, на якой знаходзіўся хлопец ў камуфляжы з аўтаматам, подпіс: «Легіён найперш займаецца выхаваннем патрыятычнай моладзі».
У 2006 годзе сябры «Белага Легіёна» былі заўважаны ў ахове кандыдата на пасаду прэзідэнта РБ Аляксандра Казуліна, аднак іх ахоўная дзейнасць не была звязана з афіцыйнай пазіцыяй арганізацыі, а было прыватнай ініцыятывай асобных членаў.
Апошні раз згадкі пра «Белы Легіён» з’явіліся ў 2008 годзе, калі былых кіраўнікоў арганізацыі Ігара Корсака, Міраслава Лазоўскага і Сяргея Чыслава затрымалі па справе аб выбуху 3-га ліпеня 2008 года, аднак іх неўзабаве вызвалілі з-пад варты.
Падзеі 2017 года
правіцьУвечары 21 сакавіка 2017 года Міраслаў Лазоўскі быў затрыманы беларускімі сілавымі структурамі і, хутчэй за ўсё, збіты. На яго кватэры быў праведзены ператрус.[2] Таксама ў краіне былі затрыманы некалькі іншых актывістаў патрыятычнага руху (разам па меншай меры 17 чалавек).[3] Ці звязаныя гэтыя затрымання з дзейнасцю «Белага легіёну» — цяпер (23.03.17) невядома; аднак яны адбыліся адразу пасля заявы Лукашэнкі пра нібыта затрыманні на тэрыторыі краіны дзясяткаў узброеных баевікоў, трэніровачныя лагеры якіх знаходзіліся як унутры краіны, так нібыта і на тэрыторыі Украіны, Літвы і Польшчы.[4] Гэтая акцыя сілавікоў з’яўляецца працягам хвалі арыштаў грамадзян[5][6], якая пачалася пасля правядзення ў Беларусі так званых «маршаў недармаедаў» — акцый пратэсту супраць «Дэкрэта аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства», выдадзенага Лукашэнкам.
Увечары 22 сакавіка ў эфіры тэлеканалаў АНТ і Беларусь-1 быў паказаны сюжэт з кадрамі затрымання былога ўдзельніка арганізацыі Віктара Данілава, у сюжэце «Белы легіён» названы фашысцкай арганізацыяй, а Данілава і іншых затрыманых абвінавацілі ў спробе арганізацыі масавых беспарадкаў на запланаваным Дне Волі.
Па справе аб масавых беспарадках фігурантамі праходзілі 35 чалавек, з іх 20 абвінавачваліся яшчэ і па артыкуле аб незаконным узброеным фарміраванні (дадзеныя КДБ на 11 красавіка). Да 16 чэрвеня КДБ закрыў справу аб «масавых беспарадках». Разам з тым засталася актуальнай справа аб стварэнні «незаконнага ўзброенага фарміравання». Аднак яна была перададзена для расследавня ад КДБ Следчаму камітэту. Па дадзеных ад праваабаронцаў на гэты час у СІЗА КДБ і МУС заставаліся 14 чалавек. Некаторым з іх следства працягнулі на 2-4 месяцы. Астатніх адпусцілі на волю пад падпіску аб нявыездзе і неразгалошванні, з некаторых і зусім знялі абвінавачванне[7]. Да 30 чэрвеня на волю выйшлі ўсе затрыманыя. 27 лістапада следчым прынята рашэнне аб спыненні крымінальнага пераследу ўсіх фігурантаў па справе і аб спыненні самога расследавання крымінальнай справы[8].
Супрацоўніцтва з іншымі арганізацыямі
правіць«Белы легіён» рабіў стаўку на моладзь, якая прымала ўдзел у апазіцыйных акцыях. Легіянеры прымаючы прысягу атрымлівалі адпаведны знак, на якім было выгравіравана: «Гонар і годнасць». Дзейнасць арганізацыі зводзілася да ўдзелу практычна ва ўсіх вулічных акцыях апазіцыі і распаўсюджванне ўлётак.
Зноскі
- ↑ Белы Легіён. Гісторыя Архівавана 20 лістапада 2011. / Малады Фронт
- ↑ Былы лідар «Белага Легіена» Лазоўскі затрыманы і збіты, у кватэры адбыўся ператрус.
- ↑ Спіс 17 затрыманых за «масавыя беспарадкі», якіх не было / Наша Ніва
- ↑ Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі затрымалі дзясяткі баевікоў са зброяй.
- ↑ Яны сустрэнуць Дзень Волі ў турме.
- ↑ Штрафы і арышты да 15 сутак.
- ↑ nashaniva.by
- ↑ news.tut.by Архівавана 30 лістапада 2017.
Спасылкі
правіць- «Белы легіён» не існуе, але цікавіць следства // Радыё «Свабода»
- Супрацоўнікі КДБ па справе аб выбуху ў Мінску затрымалі траіх былых актывістаў «Белага легіёну» // Інфармацыйнае агенцтва «Інтэрфакс-Захад» Архівавана 24 верасня 2015.
- Што такое «Белы легіён»?(недаступная спасылка) інтэрнэт-выданне «Наша Ніва»
- Персона. Архівавана 9 мая 2012. Міраслаў Лазоўскі: нацыяналізм — здаровая ідэалогія Архівавана 9 мая 2012.
- Дзмітрый Корчинский. Архівавана 16 ліпеня 2012. Вайна ў натоўпе Архівавана 16 ліпеня 2012.
- Відэа пра Белы легіён
- Відэа з акцыі пратэсту Чарнобыльскі шлях 1996
- Гімн Белага легіёну