Бенгальская мова
Бенга́льская мова (саманазва: বাংলা; трансл. Bāṇlā, вымаўл. [ˈbaŋla]) — мова бенгальцаў, распаўсюджаная на паўночным усходзе Індыйскага субкантынента, з'яўляецца адной з самых пашыраных моў свету. Бенгальская — сёмая мова свету па колькасці носьбітаў (каля 193 млн чал.)[2]. Бенгальскую мову часта называюць «бенгалі», што з'яўляецца транслітарацыяй яе англійскага наймення. Самі носьбіты называюць сваю мову «бангла», ці (радзей) — «бонго-бхаша».
Бенгальская мова | |
---|---|
Саманазва | বাংলা Bāṇlā |
Краіны | Бангладэш, Індыя |
Рэгіёны | Бенгалія |
Афіцыйны статус |
Бангладэш,
|
Арганізацыя, якая рэгулюе |
Акадэмія бангла, Заходнебенгальская акадэмія бангла |
Агульная колькасць носьбітаў | ~ 193 млн[1] |
Рэйтынг | 7[2] |
Класіфікацыя | |
Катэгорыя | Мовы Еўразіі |
|
|
Пісьменнасць | Бенгальскае пісьмо |
Моўныя коды | |
ДАСТ 7.75–97 | бен 100 |
ISO 639-1 | bn |
ISO 639-2 | ben |
ISO 639-3 | ben |
WALS | ben |
Ethnologue | ben |
Linguasphere | 59-AAF-u |
ABS ASCL | 5201 |
IETF | bn |
Glottolog | beng1280 |
Вікіпедыя на гэтай мове |
Бенгальская мова з'яўляецца дзяржаўнай мовай Бангладэш і мовай штата Бангла (Заходняя Бенгалія) ў Індыі. Канстытуцыя Індыі замацавала за ёй статус адной з афіцыйных моў Індыі[3]. Па-бенгальску размаўляюць таксама ў індыйскіх штатах Асам, Біхар і Арыса.
Выдзяляюцца дзве асноўныя дыялектныя групы: заходняя (асноўны дыялект раёна Набадвіпа) і ўсходняя (асноўны дыялект раёна Дакі), а таксама адасоблены дыялект Чытагонга[4].
Характэрныя асаблівасці моўнага ладу агульныя і для суседніх моў — орыя і асамскай мовы.
Пісьменнасць
правіцьПісьменнасць бенгальскай мовы — бангакхор, якая (як і дэванагары, гурмукхі і іншыя пісьмёны Індыі) паходзіць ад пісьма брахмі.
Класіфікацыя
правіцьБенгальская мова адносіцца да ўсходняй падгрупы індаарыйскай групы індаіранскай галіны індаеўрапейскай моўнай сям'і. Бенгальская блізкая да асамскай мовы і мовы орыя.
Лінгвістычныя рысы
правіцьГеаграфічна яна з'яўляецца адной з самых усходніх з індаеўрапейскіх моў і на працягу многіх стагоддзяў кантактавала з мовамі іншых моўных сямей (сіна-тыбецкай, аўстразійскай і дравідыйскай), з-за чаго бенгальская мова значна адрозніваецца ад іншых моў сям'і, праяўляючы і ў фанетыцы, і ў граматыцы рысы, якія адрозніваюць яе ад роднасных новых індаарыйскіх моў.
Фанетыка, фаналогія
правіцьУ фанетыцы мовы згублена фаналагічнасць (сэнсаадрознівальная роля) даўжыні галосных, сібілянты (свісцячыя) фанетычна прадстаўленыя адным варыянтам, знятае проціпастаўленне паміж губна-губнымі і губна-зубнымі зычнымі, фанетычна спрошчаныя або мадыфікаваныя спалучэнні зычных з глайдамі . Таксама варта адзначыць гармонію галосных (рэдкую для індаеўрапейскіх моў), наяўнасць насавых галосных, супрацьпастаўленых ненасавым галосным, прыдыхальных зычных — непрыдыхальным зычным, гемінацыю (падваенне) зычных, оканне.
Марфалогія, сінтаксіс
правіцьСамымі яркімі граматычнымі адрозненнямі бенгальскай мовы ад роднасных ёй індаарыйскіх моў з'яўляецца страта дапасавальных катэгорый роду і ліку, утварэнне новых сінтэтычных асабовых дзеяслоўных форм, страта эргатыўнай канструкцыі пры захаванні рада семантычных рыс, уласцівых мовам ненамінатыўнай кантэнсіўнай тыпалогіі.
Граматычны лад мае аглюцінатыўны характар словаўтварэння і словазмянення, распаўсюджаныя службовыя словы, рэдуплікацыя і размяшчэнне побач граматычна і семантычна звязаных адзінак. Постпазіцыя галоўнага слова ў словазлучэнні і службовага элемента ў марфалагічных і сінтаксічных утварэннях. Словаўтварэнне праз суфіксацыю і словаскладанне. Прэфіксацыя ў лексіцы санскрыту. Словазмяненне субстантыўных імён і займеннікаў па склонах і ліках, дзеясловаў — па часах і асобах у індыкатыве і імператыве.
Адсутнічае катэгорыя роду[5]. Адрозніваюцца катэгорыі адушаўлёнасці-неадушаўлёнасці, пэўнасці-няпэўнасці, якія адлюстроўваюцца ва ўтварэнні форм скланення і ў выкарыстанні азначальна-паказальных афіксаў — часціц, што далучаюцца да імён і займеннікаў. Наяўнасць катэгорыі ветлівасці (субардынацыі). Развітая сістэма часавых форм. Распаўсюджанасць словазлучэнняў з службовымі дзеясловамі (дзеяслоўна-дзеяслоўных і дзеяслоўна-іменных). Адсутнасць адмоўных форм займеннікаў і прыслоўяў.
Гісторыя
правіцьГісторыя бенгальскай мовы прасочваецца па пісьмовых помніках з 10—12 ст. Выдзяляецца тры перыяды[4]:
- старабенгальскі,
- сярэднебенгальскі (14—18 стст.),
- новабенгальскі (з кан. 18 ст.).
Цяпер мова прадстаўлена дзвюма літаратурнымі формамі[4]: «шадху-бхаша» і «чоліт-бхаша» (або чолці). Першая, архаічная, закансервавала старыя марфалагічныя формы, якія выйшлі з ужытку ў якасці гутарковай, сфарміравалася на аснове заходняга дыялекту Набадвіпа і да 20-30-х гадоў мінулага стагоддзя была адзінай літаратурнай формай. Неабходнасць яе вывучэння, побач з сучаснай літаратурнай формай «чолці-бхаша», дыктуецца тым, што і дагэтуль на «шадху-бхаша» складаюцца афіцыйныя дакументы (у прыватнасці — Канстытуцыя Бангладэша), выдаецца навуковая літаратура. Акрамя таго, цяпер рэдакцыйныя артыкулы ва ўсіх значных газетах пішуцца на «шадху-бхаша». Дыялектнай базай сучаснай літаратурнай формы «чолці-бхаша» стала гаворка Калкаты, найвялікшага горада бенгаламоўнага абсягу. Суіснуючы са старой літаратурнай формай спачатку толькі як гутарковая, а потым, намаганнямі вялікага бенгальскага пісьменніка Рабіндраната Тагора і яго сучаснікаў, узведзеная ў ранг літаратурнай мовы, гэтая форма паступова выцесніла сваю папярэдніцу, звёўшы яе ўжыванне да ўжо згаданых галін. Цяпер якраз «чолці-бхаша» з'яўляецца асноўным аб'ектам вывучэння бенгалістаў.
Побач з літаратурнымі формамі, бенгальская мова прадстаўлена шэрагам дыялектаў, найбуйнейшымі з якіх з'яўляецца калкацкі, або заходні (што стаў асновай «чолці-бхаша»), дакскі, або ўсходні (асноўны дыялект Бангладэша), а таксама чытагонскі (дыялект найбуйнейшага партовага горада Бангладэша — Чытагонга), яны настолькі моцна адрозніваюцца ад літаратурнай мовы, што бенгальцы з іншых рэгіёнаў сцвярджаюць, што з цяжкасцямі разумеюць іх. З 1947 года, гэта значыць з моманту падзелу бенгаламоўнага абсягу і ўключэння заходняй і ўсходняй яго частак у розныя дзяржаўныя адзінкі (Індыю і Пакістан), працэс разыходжання заходняга і ўсходняга дыялектаў узмацніўся.
Барацьба за статус бенгальскай мовы прывяла да ўзброенага процістаяння, а пазней да аддзялення Усходняга Пакістана і ўтварэння незалежнай дзяржавы Бангладэш.
Стаўшы дзяржаўнай мовай Бангладэша (былога Усходняга Пакістана да 1975), усходняя норма мовы ўсё менш арыентуецца на традыцыйна больш прэстыжную калкацкую гаворку (будучы адарванай ад яе індыйска-бенгальскай мяжой), дыялектныя адрозненні становяцца нарматыўнымі. Пры вывучэнні бенгальскай мовы даводзіцца ўлічваць фанетычную, лексічную, а часам і граматычную своеасаблівасць усходнебенгальскага дыялекту. Такім чынам, пры глыбокім вывучэнні бенгальскай мовы прыходзіцца вучыць, па сутнасці, тры, хоць і блізкія, але ўсё ж розныя мовы, бо моўная сітуацыя ў Індыі і Бангладэшы такая, што нельга пакідаць па-за ўвагай ніводнай з трох яе форм.
У літаратуры і кіно
правіцьБенгальская мова з’яўляецца захавальнікам і носьбітам вялікай бенгальскай культуры. Ужо самы старажытны захаваны тэкст на бенгальскай мове «Чар’ячар’ятыка», датаваны 10—11 стагоддзямі н.э., прыцягнуў да сябе ўвагу навукоўцаў-індолагаў не толькі як першы помнік на новаіндыйскай мове, але і як выдатны твор літаратуры і як апошні створаны на тэрыторыі Індыі помнік будыйскай культуры. Сучасная бенгальская мова склалася к канцу 18 ст. Першая друкаваная кніга па-бенгальску з’явілася ў 1778 годзе.
Гімн Бангладэша, гімн Індыі, гімн Шры-Ланкі і Нацыянальная песня Індыі першапачаткова былі складзены на бенгальскай мове.
Імёны бенгальскіх пісьменнікаў, паэтаў, філосафаў увайшлі ў скарбніцу не толькі індыйскай, але і сусветнай культуры. Адны з іх: Рабіндранат Тагор і Свамі Вівекананда . Не меншую, чым літаратура і філасофія, славу набыло ў свеце і бенгальскае кіно. Шырока вядомыя бенгальскія рэжысёры Рытвік Гхатак , Сацьяджыт Рай, Мрынал Сен, Гаўтам Гхош , Будадэў Дасгупта і іншыя.
Зноскі
правіць- ↑ Бенгальская мова // Лінгвістычная энцыклапедыя Ethnologue (англ.)
- ↑ а б Спіс моў па колькасці носьбітаў // Лінгвістычная энцыклапедыя Ethnologue (англ.)
- ↑ Канстытуцыя Індыі (англ.), ст. 330, Восьмы дадатак да артыкулаў 344 (1) і 351. Мовы.
- ↑ а б в Зограф Г. А. Бенгальский язык // Лингвистический энциклопедический словарь. — 1990. — С. 72.
- ↑ Masica, C. 1991. The Indo-Aryan Languages. p. 221.
Літаратура
правіць- Г. А. Зограф. Бенгальский язык // Большой энциклопедический словарь. Языкознание / Гл. ред. В. Н. Ярцева. — 2-е изд. [репринтное]. — М.: Большая российская энциклопедия, 1998. — 685 с.: ил. ISBN 5-85270-307-9 (БРЭ) С. 72.
- Зограф Г. А., Крючкова Е. Р., Мазурова Ю. В. Бенгальский язык // Языки мира: Новые индоарийские языки. — М.: Academia, 2011. — С. 396—429. — ISBN 978-5-87444-394-8.
- Быкова Е. М., Бенгальский язык, М., 1966.
- Alam, M. 2000. Bhasha Shourôbh: Bêkorôn O Rôchona (The Fragrance of Language: Grammar and Rhetoric). S. N. Printers, Dhaka.
- Cardona, G. and Jain, D. 2003. The Indo-Aryan languages, RoutledgeCurzon, London.
- Chatterji, S. K. 1921. Bengali Phonetics. Bulletin of the School of Oriental and African Studies,
- Chatterji, S. K. 1926. The Origin and Development of the Bengali Language. Calcutta Univ. Press.
- Ferguson, C. A. and Chowdhury, M. 1960. The Phonemes of Bengali, Language, Vol. 36, No. 1, Part 1. (Jan. — Mar., 1960), pp. 22–59.
- Hayes, B. and Lahiri, A. 1991. Bengali intonational phonology, Natural Language & Linguistic Theory, Springer Science.
- Klaiman, M. H. 1987. Bengali, in Bernard Comrie (ed.), The World’s Major Languages, Croon Helm, London and Sydney, pp. 490–513.
- Masica, C. 1991. The Indo-Aryan Languages. Cambridge Univ. Press.
- Radice, William. 1994. Teach Yourself Bengali: A Complete Course for Beginners.Hodder Headlin, Ltd., London.
- Ray, P, Hai, M.A. and Ray, L. 1966. Bengali language handbook. Center for Applied Linguistics, Washington.
- Sen, D. 1996. Bengali Language and Literature. International Centre for Bengal Studies, Calcutta.
Спасылкі
правіць
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Бенгальская мова
- Бенгальская мова // Лінгвістычная энцыклапедыя Ethnologue (англ.)
- Бенгальский язык Архівавана 17 чэрвеня 2014. // сайт МГИМО (руск.)