Бертран Артур Уільям Расел
Бертран Артур Уільям Расел (англ.: Bertrand Arthur William Russell, 3rd Earl Russell; 18 мая 1872 — 2 лютага 1970) — брытанскі матэматык, філосаф і грамадскі дзеяч.
Скончыў Кембрыджскі ўніверсітэт (1894). Прафесар шэрагу ўніверсітэтаў Вялікабрытаніі і ЗША. Член Лонданскага каралеўскага таварыства (з 1908).
Расел прарабіў складаную філасофскую эвалюцыю, якую ён сам вызначаў як пераход ад платонаўскай інтэрпрэтацыі Піфагарэйскай школы да юмізму. Стварыў канцэпцыю «лагічнага атамізму» і распрацаваў тэорыю дыскрыпцый. Расел лічыў, што матэматыка можа быць выведзена з логікі.
Адкрыў лагічны парадокс (названы яго імем), які прывёў да пабудовы арыгінальнага варыянта аксіяматычнай тэорыі мностваў. Аўтар (з А. Уайтхедам) фундаментальнай працы «Асновы матэматыкі» (т. 1—3, 1910—13). Адзін са стваральнікаў канцэпцыі лагічнага атамізму і роданачальнік неапазітывізму. Прызнаваў рэальнасць толькі «пачуццёвых даных», тлумачыў іх у духу «нейтральнага манізму», зыходзячы з якога разглядаў паняцці «дух» і. «матэрыя» як лагічныя канструкцыі з «пачуццёвых даных». Дапускаў існаванне «атамарных фактаў», якія, у адрозненне ад «элементаў вопыту», аб’ектыўныя, але іх аб’ектыўнасць заснавана толькі на веры ў быццё знешняга свету.
У галіне этыкі лічыў найвышэйшай мэтай жыццё, якое накіроўваецца пачуццёвай любоўю і зыходзіць з веры ў магугнасць розуму. У палітыцы выступаў супраць тэорый, якія падпарадкоўваюць асобу дзяржаве, асуджаў фашызм і камунізм. Расел — адзін з ініцыятараў Пагуошскага руху. Аўтар прац «Філасофія лагічнага атамізму» (1918), «Перспектывы індустрыяльнай цывілізацыі» (1923), «Улада і асоба» (1949), «Цвярозы розум і ядзерная вайна» (1960) і інш. Сааўтар «Маніфеста Расела—Эйнштэйна» (1955), прасякнутага ідэяй неабходнасці мысліць па-новаму ў ядзерны век.
У 1963 стварыў «Фонд міру». Сумесна з Жан-Полем Сартрам арганізаваў міжнародны трыбунал па расследаванні ваенных злачынстваў ЗША ў В’етнаме.
У 1950 атрымаў Нобелеўскую прэмію па літаратуры «… у знак прызнання разнастайных і значных твораў, у якіх ён адстойвае гуманістычныя ідэалы і свабоду думкі».
Гл. таксама правіць
Зноскі
- ↑ а б MacTutor History of Mathematics archive Праверана 22 жніўня 2017.
- ↑ Lundy D. R. Bertrand Arthur William Russell, 3rd Earl Russell // The Peerage Праверана 9 кастрычніка 2017.
- ↑ а б в г Oxford Dictionary of National Biography / C. Matthew — Oxford: OUP, 2004.
- ↑ Рассел Бертран // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохоров — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969. Праверана 28 верасня 2015.
- ↑ а б Kindred Britain