Бешанковічы
Бешанко́вічы[2] (трансліт.: Biešankovičy) — гарадскі пасёлак у Віцебскай вобласці Беларусі, цэнтр Бешанковіцкага раёна. Прыстань на левым беразе ракі Дзвіна. Месціцца за 51 км ад Віцебска, 38 км ад чыгуначнай станцыі Чашнікі на лініі Орша — Лепель. Вузел аўтамабільных дарог на Віцебск, Шуміліна, Лепель, Чашнікі, Сянно.
Гарадскі пасёлак
Бешанковічы
| ||||||||||||||||||||||||||||||||
НазваПравіць
Паводле найбольш распаўсюджанага меркавання, тапонім Бешанковічы ўтварыўся ад слова «бешань» — моцная плынь у сярэдзіне ракі[3].
На думку географа Вадзіма Жучкевіча, у аснове назвы Бешанковічаў магло быць прозвішча Бешанковіч. Такога прозвішча, аднак, ён не зафіксаваў, і ў сваім «Кароткім тапанімічным слоўніку Беларусі» не падаў. Пры гэтым Жучкевіч падае такія прозвішчы, якія, на яго думку, маглі б быць блізкімі: «Бешеный, Бещень, Бещев, Бешенков»[4].
Згодна з іншай версіяй, узнікненне назвы Бешанковічаў можна звузіць да першай паловы XIV стагоддзя, калі пры польска-літоўскім каралі Казіміры на ўсход і поўдзень з абарончымі мэтамі рассяляліся літоўскія баяры, і яна была перанесеная літоўскімі перасяленцамі з-пад Ліды, дзе вядомы тапонім Бешанкі. Пра працэс перасялення сведчаць такія назвы ў наваколлі Бешанковічаў, як Бачэйкава, Тарантова, Толміншчына, Рапшына, якія паходзяць ад літоўскіх імёнаў тыпу Bačeika, Taranta, Tolminas, Rapšys, а таксама тапонімы Баяры і Ліцвякі. Пра час перасялення гаворыць згадка дзяцей і ўнукаў баярына Бачэйкі ў канцы XIV стагоддзя. Пасяленне літоўскіх баяраў у раёне Бешанковічаў мела радыяльны характар: пасярэдзіне — Толміншчына (адзіная назва ў мясцовасці, якая паходзіць ад прэстыжнага ў раннелітоўскім баярскім асяроддзі двухскладовага імя Tolminas, ад tolі «далёка» і mintis «думка»), наўкола — згаданыя адыменныя паселішчы, яшчэ далей — кола паселішчаў, некаторыя з якіх маюць другаснае адназоўнае паходжанне: Гайнаўшчына, Радунь, Лелюкі (цяпер — Люлюкі), а таксама Бешанковічы. Яны прынесеныя з мясцін, дзе на той час захоўвалася літоўскамоўнае насельніцтва: Гайна (ля Лагойска), Радунь, Лелюкі, Бешанкі (усе ля Ліды). Назва лідскіх Бешанкоў, у сваю чаргу, паходзіць ад балцкага (літоўскага) антрапоніма тыпу Bešys або Bešėnas. Аналагі — балцкія тапонімы Bešiai (Літва, ля Коўна), Bēšoni (Латвія, ля Аглоны)[5].
ГісторыяПравіць
Вялікае Княства ЛітоўскаеПравіць
Паводле падання, спачатку Бешанковічы месціліся вышэй па цячэнні Дзвіны, на левым беразе, на месцы цяперашніх Мількавічаў. Пазней былі перанесены на 6,5 км ніжэй[6].
Паводле гісторыка Аляксея Сапунова, населены пункт упершыню ўпамінаецца ў 1447 годзе, калі вялікі князь «Казімір у памяць выратавання сваёй жонкі ў 20-ы дзень ліпеня ад утаплення загадаў пабудаваць у Беларусі шэсць цэркваў у імя святога Ільі-прарока»[7]. Гісторык Восіп Турчыновіч называе 1460 год, калі «у памяць выратавання каралевы Елісаветы ад утаплення 20 ліпеня ў дзень прарока Ільі Казімір загадаў пабудаваць у Беларусі некалькі цэркваў праваслаўных па берагах рэк Дзвіны, Дняпра і Сажа: у Віцебску, Бешанковічах, Магілёве, Крычаве, Оршы і Чэрыкаве, падараваў гэтым храмам у карыстанне перавозы»[8]. У пачатку XVI ст. вёска Бешанковічы ўваходзіла ў склад Крывінскай воласці Полацкага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага і належала Друцкім-Сакалінскім.
У 1605 годзе Бешанковічы перайшлі да Язерскіх, з 1615 года — у валоданні аршанскага маршалка М. Адравонжа. У 1630 годзе Бешанковічы набыў ваявода віленскі Казімір Леў Сапега, неўзабаве паселішча атрымала статус мястэчка, а ў 1634 годзе магдэбургскае права. Пры Сапегах Бешанковічы разбудаваліся, у мястэчку штогод праводзіліся 2 кірмашы, самы вядомы быў Петрапаўлаўскі, які пачынаўся 29 чэрвеня (дзень святых Пятра і Паўла) і стаяў 4 тыдні. Штогод на яго з’язджалася да 4—5 тысяч чалавек. У 1650 годзе Казімір Леў Сапега збудаваў тут касцёл.
У 1656 годзе пасля смерці Сапегі Бешанковічы перайшлі ў спадчыну яго стрыечнай пляменніцы Ганне Сапега, якая была жонкай Станіслава Нарушэвіча. З канца XVII ст. праз шлюб іх дачкі Яаны Тэадоры з Янам Агінскім Бешанковічы перайшлі ва ўласнасць Агінскім, пры якіх у мястэчку пабудаваны першыя камяніцы. У Паўночную вайну (1700—1721) у 1708 годзе тут размяшчаліся маскоўскія войскі, тры разы мястэчка наведаў маскоўскі цар Пётр I. З сярэдзіны XVIII ст. Бешанковічы — горад (места), у якім было каля 1,5 тысячы двароў; цэнтр ганчарнага і мылаварнага рамёстваў, вырабу гонты; працаваў гасціны двор. Князь Міхал Казімір Агінскі 2 лютага 1762 года выдаў мяшчанам ліст, якім вызваляў іх ад значнай часткі паншчыны, акрамя згону за млын. Міхал Казімір Агінскі збудаваў у горадзе палац, заклаў парк з некалькімі экзотамі, вадаёмамі, гаспадарчымі пабудовамі.
Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) Бешанковічы былі падзелены на 2 часткі, задзвінская частка Бешанковічаў з 500 дварамі апынулася ў складзе Расійскай імперыі. Граніца праходзіла па Дзвіне, праз што была пабудавана галоўная мытня. У 1783 годзе Агінскі зрабіў даравальны запіс, паводле якога Бешанковічы сталі ўласнасцю Іахіма Храптовіча. З 1785 года пачаўся эканамічны заняпад Бешанковічаў, прычынай былі некалькі пажараў і перавод галоўнай мытні ў Полацк і Талачын. На 1785 год на частцы Вялікага Княства Літоўскага было 1000 двароў, дзейнічалі касцёл і царква.
Пад уладай Расійскай імперыіПравіць
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Бешанковічы цалкам апынуліся ў складзе Расійскай імперыі. Расійскія ўлады панізілі статус паселішча да мястэчка Лепельскага павета Віцебскай губерні; у гэты час больш за чвэрць ягоных жыхароў займаліся толькі сельскай гаспадаркай. У вайну 1812 года з 11 ліпеня да 20 кастрычніка Бешанковічы займалі французскія войскі, некалькі дзён тут месціўся штаб Напалеона. У верасні 1821 года на агляд расійскай гвардыі ў мястэчка прыязджаў расійскі імператар Аляксандр I.
На 1868 год у Бешанковічах 392 будынкі; працавалі народнае вучылішча, 2 гарбарныя заводы, бровар, 115 крам, у наваколлі 17 вадзяных і ветраных млыноў. Ужо ў сярэдзіне XІХ стагоддзя галоўныя вуліцы былі брукаванымі. З 1881 года Дзвіной з Улы на Віцебск рэгулярна хадзіў параход, а з 1892 года — 4 параходы. Паводле вынікаў перапісу 1897 года, у мястэчку было 1099 будынкаў. У пачатку XX ст. — 7 мураваных і 1243 драўляныя дамы, пошта, тэлеграф, царкоўна-прыходская школа, 3 народныя вучылішчы, 127 крам, лякарня.
- Бешанковічы за часамі вайны 1812 года
Найноўшы часПравіць
26 лістапада 1917 года ўладу ў мястэчку захапілі бальшавікі. Пасля лютаўскага наступлення 1918 года нямецкіх войскаў Бешанковічы апынуліся ў прыфрантавой паласе. У сувязі з заняццем немцамі большай часткі Лепельскага павета яго выканаўчы камітэт часова быў пераведзены ў Бешанковічы.
25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай Бешанковічы абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 года згодна з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня маскоўскія бальшавіцкія ўлады адабралі мястэчка разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР; у Лепельскім (1919—1923) і Бачэйкаўскім паветах (1923—1924).
У 1924 годзе ў выніку першага ўзбуйнення Бешанковічы вернуты ў склад БССР. З 1924 года цэнтр Бешанковіцкага раёна Віцебскай акругі (да 1930 года), з 1938 года — гарадскі пасёлак у Віцебскай вобласці.
У Другую сусветную вайну, з 6 ліпеня 1941 года да 25 чэрвеня 1944 года пад акупацыяй Германіі.
7 чэрвеня 1966 года ў мяжу гарадскога пасёлка Бешанковічы ўключана вёска Стрэлка[9].
- Бешанковічы на старых здымках
НасельніцтваПравіць
ЭканомікаПравіць
Прадпрыемствы лёгкай (ільнозавод), харчовай прамысловасці (малочны завод), камбінат будматэрыялаў. Вядомыя як цэнтр традыцыйных ганчарных вырабаў, так званай бешанковіцкай керамікі (фабрыка мастацкіх вырабаў). Гасцініца (вул. Камуністычная, 22). Дом паляўнічага.
Культура і адукацыяПравіць
Дзейнічаюць Бешанковіцкі гісторыка-краязнаўчы музей і сярэдняя школа.
СлавутасціПравіць
- Палацава-паркавы ансамбль Храптовічаў (XVII — першая палова XVIII стагоддзя) — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 212Г000141
- Свята-Ільінская царква (1870) — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 213Г000143
- Касцёл Святых Пятра і Паўла (2011)
- Земляныя ўмацаванні вайны 1812 г.
- Памятны купальны крыж царквы Св. Мікалая
- Яўрэйскія могілкі
- Капліца на могілках
- Брацкая магіла (1941—1944) — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 213Д000142;
- Драўляны падвесны мост
- Пантонны мост, прыкладна да 2010 года на яго месцы размяшчалася паромная пераправа
- Курган Славы
- Дуб Напалеона
Страчаная спадчынаПравіць
Вядомыя асобыПравіць
- Віктар Васільевіч Аўчыннікаў (нар. 1952), беларускі ўрач і палітык.
- Іаакім Іванавіч Берасцень (1877—1926), палітык і рэвалюцыянер.
- Аркадзь Андрэевіч Гейнэ (1919—1942), беларускі паэт.
- Міхаіл Мікалаевіч Ткачэнка (1922—1948), лётчык-штурмавік, Герой Савецкага Саюза.
- Саламон Барысавіч Юдовін (1892—1954), беларускі графік.
- Майсей Ісакавіч Юдовін (1898—1966), беларускі паэт.
- Фёдар Іосіфавіч Нікановіч (1854—1911), святар і палітык.
- Эльвіра Ціханаўна Круцько (нар. 1949), беларуская спецыялістка ў галіне хіміі.
ЗноскіПравіць
- ↑ Численность населения на 1 января 2023 г. и среднегодовая численность населения за 2022 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типа — Национальный статистический комитет Республики Беларусь, 2023.
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Віцебская вобласць: нарматыўны даведнік / У. М. Генкін, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2009. — 668 с. ISBN 978-985-458-192-7 (DJVU).
- ↑ Архіўная копія (руск.)(недаступная спасылка). Бешенковичский районный исполнительный комитет. Архівавана з першакрыніцы 26 мая 2012. Праверана 8 снежня 2022.
- ↑ Жучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. Мн., 1974. Стар. 27-28.
- ↑ Алесь Мікус. Адкуль Бешанковічы // Arche. № 2. 2021. Стар. 50-53.
- ↑ Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Бешанковіцкага раёна / БелСЭ; [Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.; Мастак А. М. Хількевіч]. — Мн.: БелСЭ імя П. Броўкі, 1991. — 423 с.: іл. — С. 18. — ISBN 5-85700-053-X.
- ↑ Витебская губерния: историко-географический и статистический обзор / Сост. по программе и под ред. В. М. Долгорукова. Вып. 1: История. Природа. Население. Просвещение. — Витебск: Губернская типография, 1890. — [2], 387 с., [16] л. ил., цв. карт. — С. 32.
- ↑ Турчинович, И. В. Обозрение истории Белоруссии с древнейших времен / сочинение О. Турчиновича. — СПб.: издание В. А. Исакова, 1857. — XII, 303 с. — С. 115.
- ↑ Рашэнне выканкома Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 7 чэрвеня 1966 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1966, № 22 (1142).
- ↑ а б в Беларусь: Энцыклапедычны даведнік / Рэдкал.: Б. І. Сачанка і інш. — Мн.: БелЭн, 1995. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
- ↑ Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2016 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2015 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (30 сакавіка 2016). Праверана 3 красавіка 2017.
- ↑ Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2017 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2016 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (29 сакавіка 2017). Праверана 3 красавіка 2017.
ЛітаратураПравіць
- Беларусь: Энцыклапедычны даведнік / Рэдкал.: Б. І. Сачанка і інш. — Мн.: БелЭн, 1995. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
- Долготович Б. Д. Почётные граждане белорусских городов: биограф. справочник / Б. Д. Долготович. — Мн.: Беларусь, 2008. — С. 71—72. — 368 с. — 2 000 экз. — ISBN 978-985-01-0784-8. (руск.)
СпасылкіПравіць
Бешанковічы на Вікісховішчы |
- Геаграфічныя звесткі па тэме Бешанковічы на OpenStreetMap
- Бешанковічы на сайце Radzima.org
- Бешанковічы на сайце Глобус Беларусі (руск.)