Блакітныя азёры (заказнік, Мядзельскі і Пастаўскі раёны)

Блакі́тныя азёры — дзяржаўны ландшафтны заказнік рэспубліканскага значэння ў Мядзельскім раёне Мінскай вобласці і Пастаўскім раёне Віцебскай вобласці.

Заказнік «Блакітныя азёры» размешчаны ў паўночна-заходняй частцы Мядзельскага раёна і займае плошчу 1500 га (15 км²). Функцыянуе на тэрыторыі нацыянальнага парку «Нарачанскі».

Заказнік быў створаны ў 1972 годзе з мэтай аховы каштоўнага азёрна-марэннага ландшафту і ўнікальных спалучэнняў прыродна-раслінных комплексаў. Лясы паўднёва-таежныя хваёвыя і яловыя, пераважаюць бары і ельнікі-зеленамошнікі кіслічнага, чарнічнага, бруснічнага, верасовага, арляковага тыпаў. На вяршынях вялікіх узгоркаў трапляюцца лішайнікавыя хвойнікі, у падлеску — ядловец і бружмель. На невялікіх участках растуць бяроза павіслая, асіна, дуб, вяз. У флоры заказніка 538 відаў вышэйшых раслін, у т.л. каля 40 рэдкіх ахоўных відаў, адзінае на Беларусі месца, дзе растуць меч-трава звычайная, цюльпан лясны і чарнакорань голы.

На тэрыторыі заказніка размяшчаецца Балдуцкая група азёр — Блакітныя азёры. Рэльеф заказніка прадстаўлены складанай сістэмай озавых градаў і камавых узгоркаў, якія чаргуюцца з глыбокімі ўпадзінамі азёр (Балдук, Глубля, Глубелька, Ячмянец, Імшарац, Вільчынія і іншыя). Кожнае з іх своеасаблівае і непаўторнае.

Рэльеф — складаная сістэма озавых градаў і камавых узгоркаў, якія перамежваюцца запоўненымі вадой глыбокімі ўпадзінамі. На тэрыторыі заказніка знаходзіцца Балдуцкая група азёр, якія, уласна кажучы, і завуцца Блакітнымі азёрамі. Азёры адметныя глыбокімі катлавінамі і чыстай вадой.