Абраз Маці Божай Вастрабрамскай

(Пасля перасылкі з Божая Маці Вострабрамская)

Абраз Ма́ці Бо́жай Вастрабра́мскай — адна з галоўных хрысціянскіх святынь Беларусі і Літвы, цудатворны абраз Маці Божай, тытул нададзены Рымска-каталіцкай і Праваслаўнай Цэрквамі Блаславёнай Панне Марыі, Маці Ісуса Хрыста, цудатворная ікона якой знаходзіцца ў капліцы Вострай брамы ў Вільнюсе.

Хромалітаграфія ХІХ стагоддзя
Маці Божая Вастрабрамская

Абраз адносіцца да рэдкага тыпу выявы Багародзіцы без дзіцяці на руках. Шануецца хрысціянамі ўсіх канфесій. Днём асаблівага шанавання Іконы Маці Божай Вастрабрамскай, Маці Міласэрнасці стала 16 лістапада.

Гісторыя

правіць

Арыгінал Іконы Маці Божай Вастрабрамскай памерам 163 x 200 см быў намаляваны, верагодна, у XVI стагоддзі. Пасля ікона была зачынена каля 1671 года срэбнай і залатой сукенкамі.

Хто намаляваў абраз, невядома. Некаторыя прыпісваюць аўтарства кракаўскаму мастаку Лукашу, які намаляваў падобны абраз у 1624 годзе для касцёла Божага Цела ў Кракаве. Па адной з версій, абраз адлюстроўвае знакамітую прыгажуню XVI стагоддзя Барбару Радзівіл. Гісторык Тэадор Нарбут ва ўласцівай яму манеры, са спасылкай на невядомы нікому рукапіс, выказаў у 1839 годзе здагадку, што абраз быў прывезены вялікім князем Альгердам з Крыма. Гэта дало падставу рускім гісторыкам і праваслаўным пісьменнікам развіваць гіпотэзу аб праваслаўным паходжанні абраза, быццам бы вывезенага з царквы ў Корсуні.

Дэталёвае даследаванне і кансервацыя іконы былі праведзены Янам Руткоўскім у 1927 годзе перад яе каранацыяй. Па тэхніцы, грунтоўцы і саставу фарбаў вызначана, што ікона створана ў другой палавіне XVI стагоддзя, верагодна, італьянскім мастаком.

2 ліпеня 1927 Ікона Маці Божай Вастрабрамскай была каранавана пазалочанымі каронамі і названая Блаславёнай Дзевай Марыяй Маці Міласэрнасці.

Апісанне

правіць

Абраз змешчаны ў капліцы Вострай брамы ў пачатку XVII стагоддзя. Праслаўлены вобраз Мадонны намаляваны на дубовых дошках таўшчынёй 2 см тэмпернай тэхнікай на клеева-крэйдавай аснове. Памер 165 × 200 см.

Постаць Маці Божай цалкам закрыта бліскучай залатой сукенкай каля 1671 года. Відаць толькі выразны твар і складзеныя накрыж рукі. На самой іконе Вастрабрамская Маці Божая намалявана ў чырвонай туніцы. Шыя закручана шалем, а на галаве белая хустка. Усю постаць Марыі ўкрывае зеленавата-блакітны плашч, свабодна накінуты на галаву і плечы. Фон абраза мае бронзавае адценне. Сярэбраны паўмесяц з выгравіраваным надпісам «Дзякуй Табе Маці Божая за мае выслуханыя просьбы і прашу Цябе Маці Міласэрнасці захавай мяне ў ласцы», які знаходзіцца ў ніжняй частцы абраза, — вота з 1849 года. На галаве ў Багародзіцы дзве пазалочаныя кароны са срэбра, накладзеныя адна на другую: адна барочная, другая ў стылі ракако.

Каранацыя

правіць

Урачысты акт каранацыі па дэкрэту папы рымскага Пія XI, які ў 1920 годзе ў якасці апостальскага нунцыя служыў святую імшу ў капліцы Вострай брамы, адбыўся 2 ліпеня 1927 года перад кафедральным саборам у Вільні ў прысутнасці іерархаў каталіцкай царквы і дзяржаўных кіраўнікоў Польшчы, у склад якой у той час уваходзіў Віленскі край. У 1928 годзе ікона Маці Божай Вастрабрамскай змешчана ў адмысловы кантэйнер, які ахоўвае яе ад пажараў і злодзеяў.

Малітвы

правіць

Існуе мноства разнастайных малітваў і набажэнстваў да Маці Божай Вастрабрамскай, што тлумачыцца яе вялікім шанаваннем хрысціянамі і дзейснасцю, як яны вераць, дапамогі Маці Міласэрнасці.

Самы распаўсюджаны варыянт малітвы:

Будзь вітаная, Каралева, Маці Міласэрнасці, жыццё, суцяшальніца і надзея наша! Мы — выгнаннікі, сыны Евы — просім Цябе, на Цябе спадзяемся, плачучы ў гэтай даліне слёз. О, Заступніца наша, глянь на нас літасціва! А Ісуса — блаславёны плод улоння Твайго — пасля гэтага выгнання дазволь нам бачыць, о Ласкавая, о Літасцівая, о Найсвяцейшая Панна Марыя.

Іншая малітва да Маці Божай Вастрабрамскай:

Беззаганная Маці Божая, Каралева неба, Маці Міласэрнасці, Заступніца і Прытулак грэшнікаў! Вось я, натхнёны ласкамі, якія Ты так шчодра выпрасіла для мяне сваёю Мацярынскаю ласкавасцю са скарбаў любові Божай, пастанаўляю цяпер і назаўсёды аддаць у Твае рукі сваё сэрца, каб Ты прысвяціла яго Ісусу. Амэн.

Сёння святы абраз распаўсюджаны сярод вернікаў у многіх краінах свету, уключаючы Літву, Беларусь, Польшчу, а таксама ў іх дыяспарах.

У Літве каля 15 цэркваў прысвечаны Маці Божай Вастрабрамскай, Маці Міласэрнасці, а таксама літоўскія рымска-каталіцкія парафіі Нью-Ёрка, Манрэаля і Буэнас-Айрэса.

У Беларусі культ Маці Божай Вастрабрамскай распаўсюджаны сярод усіх традыцыйных хрысціянскіх канфесіяў. Асабліва шмат храмаў і капліц, у якіх змешчаны копіі Іконы Маці Божай Вастрабрамскай, знаходзіцца ў памежных з Літвой раёнах, у тым ліку ў Гродна, Ашмянах, Вілейцы і іншых населеных пунктах.

У Польшчы буйнейшым храмам, прысвечаным Маці Божай Вастрабрамскай, з’яўляецца касцёл Святой Марыі ў Гданьску. Іншыя цэрквы са святой іконай знаходзяцца ў Беластоку, Кэнтшыне, Ольштыне, Уроцлаве, Варшаве і іншых гарадах. Таксама існуе некалькі польскіх парафій Маці Божай Вастрабрамскай у Вялікабрытаніі, ЗША, Аўстраліі.

Пад канец 90-х гадоў ХХ стагоддзя вялікае развіццё атрымаў звязаны з Маці Божай Вастрабрамскай і Вільняй культ Божай Міласэрнасці, які пачаў пашырацца дзякуючы святой Фаўстыне Кавальскай, манахіні Ордэну Сёстраў Маці Божай Міласэрнасці.

Творы мастацтва

правіць

Маці Божая Вастрабрамская і Вострая брама ўслаўлены ў вершах (напрыклад, пачатак паэмы «Пан Тадэвуш») і карцінах беларускіх, літоўскіх, польскіх паэтаў і мастакоў.

Гл. таксама

правіць

Літаратура

правіць

Спасылкі

правіць