Бой за Міхалішкі (1944)
Бой за Міхалішкі — аперацыя 16-й Смаленскай партызанскай брыгады па захопу моста ў Міхалішках (Астравецкі раён). Населены пункт займаў вялікае стратэгічнае палажэнне на перасячэнні тракту Вільня – Полацк каля ракі Вілія.
Бой за Міхалішкі | |||
---|---|---|---|
Асноўны канфлікт: Вялікая Айчынная вайна | |||
Дата | 4—5 ліпеня 1944 | ||
Месца | Міхалішкі, Астравецкі раён, Вілейская вобласць, БССР | ||
Вынік | захоп моста праз Вілію партызанамі | ||
Праціўнікі | |||
|
|||
Камандуючыя | |||
|
|||
Сілы бакоў | |||
|
|||
Страты | |||
|
|||
Ход бою
правіцьПартызанская брыгада пад камандаваннем палкоўніка Івана Шлапакова, якая налічвала 637 партызан, у канцы чэрвеня 1944 года рушыла ў напрамку на Вільню і вызваліла пасёлак Свір. Далей, 4 ліпеня, тры атрады і 60 конных разведчыкаў узялі Міхалішкі і мост праз Вілію. Узначаліў групу намеснік камандзіра брыгады па разведцы Дублёных (партызанская мянушка «Уральскі»).
Партызаны чакалі, што сустрэнуць у Міхалішках супраціў праціўніка, але паліцэйскі гарнізон яшчэ раніцай пакінуў населены пункт і лясамі адышоў у бок Пабрадзе. На месцы байцы выявілі кінутыя баракі і пустыя кулямётныя дзоты паабапал моста. Дублёных даў загад паслаць конную разведку на Газу. Нечакана з таго боку з’явіліся 3 грузавікі з нямецкімі салдатамі, якія спяшаліся ўзарваць мост праз Вілію. Партызаны хутка замаскіраваліся і вырашылі зрабіць немцам засаду, а потым адкрылі агонь. Пачаўся бой. Сам мост прыкрывала аддзяленне Івашкевіча, якое цалкам загінула, але і немцы, страціўшы шмат забітымі і параненымі, вымушаны былі адступаць.
Пазней над Міхалішкамі праляцеў самалёт-разведчык Fw-189, які, пакружыўшыся над вёскай, паляцеў. Неўзабаве пачаўся авіяцыйны налёт. Партызаны спрабавалі біць па самалётах з вінтовак і кулямётаў. Падчас атакі партызаны страцілі некалькі чалавек забітымі. Пасля бою іх пахавалі ля касцёла Святога Міхаіла на левым беразе Віліі.
Ноччу пачаўся новы авіяналёт з ужываннем асвятляльных бомб на парашутах. Адна бомба прабіла дах касцёла і ўпала на алтар, але не выбухнула. Пад раніцу нямецкім самалётам удалося знішчыць некалькі пралётаў моста.
Наступствы
правіць6 ліпеня да партызан у Міхалішкі падышлі рэгулярныя часці Чырвонай Арміі, а менавіта сілы 277-й стралковай дывізіі 72-га корпуса. Фарсіраваць раку праз пашкоджаны мост вайскоўцы не адважыліся. Частка байцоў накіравалася ў бок Кемелішак і Пабрадзе, а да навядзення пантоннага моста праз Вілію прыступіў 562-і асаблівы сапёрны батальён. Яму дапамагалі партызаны 2-га, 4-га і 6-га атрадаў 16-й Смаленскай брыгады і мясцовыя жыхары. Новы мост таксама бамбілі. У ходзе бамбёжкі загінулі пяць і былі параненыя шэсць партызан. Вялікія страты панеслі і сапёры 562-га батальёна.
Памяць
правіць2 ліпеня 1978 года рашэннем выканкама Міхалішкаўскага сельсавета камандзіру партызан Шлапакову прысвоілі званне «Ганаровы грамадзянін вёскі Міхалішкі Астравецкага раёна».
Літаратура
правіць- Т.С. Сямёнава. Гісторыка-дакументальная хроніка Астравецкага раёна «Памяць» // Мінск, 2004 — с. 207-341.
- А.В. Мальдзіс. Астравеччына, край дарагі… // Мінск, 1977. — с. 28-33.
- Переправа под Михалишками // СБ. Беларусь сегодня : газета. — 3 июня 2014.
- Маргарыта Ушкевіч. Як партызаны праз тры гады адказалі на нямецкі «бліцкрыг» // Звязда : газета. — 1 ліпеня 2024.