Брандэнбург (правінцыя)
Брандэнбург (ням.: Brandenburg) — правінцыя каралеўства Прусія і Вольнай дзяржавы Прусія. З’яўляючыся калыскай прускай дзяржавы, Брандэнбургскае курфюрства афіцыйна стала правінцыяй Прусіі толькі пасля распаду Свяшчэннай Рымскай імперыі ў 1806 годзе. У 1815 годзе ў выніку прускіх адміністрацыйных рэформ правінцыя была рэарганізавана і атрымала новыя граніцы. Пасля 1945 года большая частка Брандэнбурга была перададзена Польшчы. На астатняй тэрыторыі ў 1947 годзе была створана зямля Брандэнбург.
Брандэнбург Brandenburg | ||||
---|---|---|---|---|
| ||||
Брандэнбург у граніцах 1815 года |
||||
Даведкавая інфармацыя | ||||
Сталіца |
Патсдам (1815—1827), Берлін (1827—1843), Патсдам (1843—1918), Берлін (1918—1946) |
|||
Плошча | 38 274 км² (1939)[1] | |||
Насельніцтва | 3 007 933 чал. (1939)[1] |
Гісторыя
правіцьЯдро прускай дзяржавы
правіцьБрандэнбург з самага пачатку з’яўляўся неад’емнай часткай прускай дзяржавы. Яшчэ ў 1618 годзе брандэнбургскія Гогенцолерны атрымалі ў спадчыну прускае герцагства, у выніку чаго была ўтворана асабістая унія Брандэнбург-Прусія і курфюрсты Брандэнбурга адначасова станавіліся герцагамі Прусіі. Пасля таго як брандэнбургскі курфюрст Фрыдрых III у 1701 годзе абвясціў сябе каралём Прусіі, тым самым ператварыўшы прускае герцагства ў каралеўства, назва «Прусія» паступова распаўсюдзілася і на ўсе ўладанні Гогенцолернаў як у граніцах Свяшчэннай Рымскай імперыі, так і за яе межамі, хоць фармальна яна тычылася толькі ўладанняў прускага караля за межамі Свяшчэннай Рымскай імперыі. Пры гэтым іншыя ўладанні прускага караля, якія ўваходзілі ў Свяшчэнную Рымскую імперыю, аж да яе развалу ў 1806 годзе фармальна не з’яўляліся тэрыторыямі Каралеўства Прусія.
Рэарганізацыя правінцый
правіцьУ 1815 годзе па выніках Венскага кангрэса па заканчэнні вызваленчых войнаў тэрыторыя Прусіі была значна павялічана. Для лепшай арганізацыі тэрыторыі дзяржавы ў Прусіі была праведзена адміністрацыйная рэформа, якая прадугледжвала поўную перабудову правінцыйнага падзелу і заснаванне пасады обер-прэзідэнта ў правінцыях.
Правінцыя Брандэнбург у яе новых граніцах стала адной з дзесяці новаарганізаваных правінцый і ўключала курфюрства Брандэнбург разам з Ноймаркам на ўсход ад Одэра, але без Альтмарка на захад ад Эльбы (які быў уключаны ў склад правінцыі Саксонія). Акрамя таго, у новую правінцыю Брандэнбург таксама ўвайшла і Ніжняя Лужыца. Рэзідэнцыя ўрада спачатку знаходзілася ў Патсдаме, затым у 1827—1843 гадах — у Берліне, у 1843—1918 гадах — ізноў у Патсдаме, затым да 1945 года ў Шарлотэнбургу, які ў 1920 годзе стаў берлінскім раёнам.
На тэрыторыі правінцыі ў 1815/1816 гадах былі створаны тры адміністрацыйныя акругі:
- Адміністрацыйная акруга Франкфурт, цэнтр — Франкфурт-на-Одэры
- Адміністрацыйная акруга Патсдам, цэнтр — Патсдам
- Адміністрацыйная акруга Берлін, цэнтр — Берлін
Аднак ужо ў 1821 годзе акруга Берлін была скасавана і далучана да акругі Патсдам. У 1881 годзе Берлін фармальна выйшаў са складу правінцыі Брандэнбург, атрымаўшы правінцыйныя правы на самакіраванне, тым не менш афіцыйна ён усё ж лічыўся як пазараённы горад у складзе акругі Патсдам. У 1920 годзе частка паселішчаў з акругі Патсдам была таксама перададзена ў склад Берліна.
1 красавіка 1881 года Берлін выйшаў з правінцыйнага саюза з Брандэнбургам і атрымаў правы правінцыі, хоць афіцыйнага статусу правінцыі горад так і не здабыў. У 1920 годзе прылеглыя да Берліна тэрыторыі ўвайшлі ў межы горада новага Вялікага Берліна, у тым ліку і горад Шарлотэнбург, у якім размяшчаўся ўрад правінцыі Брандэнбург.
У Трэцім рэйху
правіцьПасля прыходу да ўлады нацыянал-сацыялістаў і пачатку палітыкі гляйхшальтунга правінцыі фактычна страцілі сваё значэнне. Функцыі обер-прэзідэнта Брандэнбурга з гэтага часу былі перакладзены на гаўляйтараў партыйнага гау Брандэнбург.
Пасля ліквідацыі ў 1938 годзе правінцыі Позен-Заходняя Прусія ў правінцыю Брандэнбург былі ўключаны раёны Шверын-на-Варце, Мезерыц і часткова Бомст, а Брандэнбург адпаведна перадаў правінцыі Памеранія раёны Фрыдэберг і Арнсвальдэ. З 21 сакавіка 1939 года правінцыя стала афіцыйна насіць гістарычную назву Брандэнбургская марка (ням.: Provinz Mark Brandenburg).
Пасля Другой сусветнай вайны
правіцьУ адпаведнасці з рашэннямі Патсдамскай канферэнцыі 1945 года ўсходняя частка Брандэнбурга (большая частка акругі Франкфурт) па лініі Одэр — Найсэ дасталася Польшчы і ў наш час уваходзіць у склад Любушскага ваяводства.
Заходняя частка былой правінцыі Брандэнбург (без Берліна) у 1946 годзе ўтварыла зямлю Брандэнбург у складзе савецкай акупацыйнай зоны, якая ў 1949 годзе стала адной з зямель Германскай Дэмакратычнай Рэспублікі. Аднак ужо ў 1952 годзе ў выніку адміністрацыйнай рэформы ў ГДР усе землі былі ліквідаваны, а на іх месцы былі ўтвораны 15 акруг. Пасля уз’яднання Германіі ў 1990 годзе была зноў утворана сучасная зямля Брандэнбург, якая, аднак, трохі адрозніваецца ў граніцах ад сваёй папярэдніцы. Ні ва ўтвораным у 1946 годзе, ні ва ўзноўленым у 1990 годзе Брандэнбургу адміністрацыйныя акругі больш не ствараліся.
Геаграфія і эканоміка
правіцьУ рэльефе Брандэнбурга вельмі ясна выступалі два рады ўзвышшаў і два рады нізін. Паміж абедзвюма нізінамі — шырокая, плоская, ледзь прыпаднятая раўніна, зрэзаная мноствам рэк і каналаў і пакрытая балотамі і азёрамі. Шырокія прасторы займалі хваёвыя лясы і верасасовішчы. Пераважалі пясчаныя глебы; на ўзвышшах — глеба гліністая з лёгкай прымешкай чарназёму. Найбуйнешай ракой правінцыі з’яўляўся Одэр са сваімі прытокамі Варта, Нетцэ, Стобераў (Stobberow), Вельзэ, Фінаў (Finow), Найсэ і Бобер. Усяго на тэрыторыі правінцыі знаходзілася да 600 азёр з агульнай вадзяной плошчай у 580 кв. км. Па развіцці вадзяных шляхоў зносін Брандэнбург займаў першае месца сярод іншых прускіх правінцый[2].
Важнымі галінамі здабыўной прамысловасці Брандэнбурга з’яўлялася здабыча торфу, бурага вуглю, вапны, гіпсу, каменнай солі і гліны. Вялікія лясы — пераважна хваёвыя, але таксама і ліставыя, давалі мноства ляснога матэрыялу. Галоўнымі земляробчымі прадуктамі правінцыі былі ячмень і жыта, часткова пшаніца, затым грэчка і кармавая трава. Таксама культывавалася бульба, цукровы бурак, лён, пянька, марэна і фарбоўнік, а таксама, пераважна ў вялікіх маёнтках — рапс. Апрацоўваўся і тытунь. Значнай галіной сельскай гаспадаркі таксама з’яўлялася жывёлагадоўля. Брандэнбург з’яўляўся асноўным пастаўшчыком шэрсці ў Прусіі. Значна былі развіты рыбалоўства, паляванне і пчалярства. Таксама вялікага значэння дасягнула шаўкаводства[2].
Фабрычная дзейнасць правінцыі атрымала ў найноўшы час незвычайнае развіццё. Акрамя Берліна, цэнтрамі апрацоўчай прамысловасці з’яўляліся гарады Патсдам, Шпандау, Брандэнбург, Ратэнаў, Ораніенбург, Нойштат-Эберсвальдэ, Прэнцлау, Лукенвальдэ, Ютэрбаг, Франкфурт, Ландсберг, Штэрнберг, Зомерфельд, Котбус, Лукау, Фінстэрвальдэ, Калау і Зорау. Самымі значнымі галінамі фабрычнай дзейнасці ў правінцыі з’яўляліся шарсцяная, суконная і палатняная вытворчасці, фабрыкацыя шаўковых і паўшаўковых матэрый і афарбоўванне іх. Таксама ў правінцыі мелася мноства фабрык, якія выраблялі пазументавы тавар, хусткі, набіваны паркаль, папяровыя тканіны. Значнымі былі таксама гарбарні, тытунёвыя фабрыкі, паравыя млыны, машынабудаўнічыя заводы, фабрыкі бронзавых вырабаў, чыгуналіцейныя і жалезаапрацоўчыя заводы, заводы меднакацельныя і латуневых вырабаў, шкляныя і фарфоравыя фабрыкі, заводы па вытворчасці гліняных вырабаў, хімічныя лабараторыі, мылаварныя і свячныя фабрыкі. Вельмі значным было таксама і вінакурэнне, асабліва бульбяное[2].
Насельніцтва
правіцьСтатыстычныя даныя
правіцьУ 1881 годзе горад Берлін быў вылучаны з правінцыі Брандэнбург у самастойную адміністрацыйную адзінку, хоць і не быў збудаваны ў ранг самастойнай правінцыі. Такім чынам, тэрыторыя Брандэнбурга без Берліна склала ў 1881 годзе 39.838 км² (разам з Берлінам — 39.893 км²). Насельніцтва Брандэнбурга (без Берліна) у 1885 годзе складала 2.342.411 чалавек, большасць з якіх складалі немцы за выключэннем каля 45 тысяч вендаў у Ніжняй Лужыцы. Пераважная большасць насельніцтва (амаль 2,3 мільёна чалавек) правінцыі належала да пратэстантаў. Таксама мелася каля 58 тысяч каталікоў і 12 тысяч яўрэяў[2].
Тэрыторыя і насельніцтва правінцыі Брандэнбург у 1900 годзе:[3]
Административный округ | Площадь, км² | Насельніцтва, чал. | Колькасць раёнаў | |
---|---|---|---|---|
сельскіх | гарадскіх | |||
Акруга Патсдам | 20.639,66 | 1.929.304 | 14 | 6 |
Акруга Франкфурт | 19.198,18 | 1.179.250 | 17 | 5 |
Усяго па правінцыі | 39.837,84 | 3.108.554 | 31 | 11 |
У 1920 годзе тэрыторыя Берліна была значна пашырана за кошт навакольных раёнаў. Да насельніцтва старога Берліна ў 1,9 млн чалавек дадалося яшчэ каля 1,9 млн жыхароў, у тым ліку 1,2 млн чалавек з 7 былых самастойных гарадоў, такіх як, напрыклад, Шарлотэнбург, Шпандау, Шонеберг і Кёпенік. Такім чынам, Вялікі Берлін ахапіў тэрыторыю ў 878 км².
Тэрыторыя і насельніцтва правінцыі Брандэнбург у 1925 годзе:[4]
Адміністрацыйная акруга | Плошча, км² | Насельніцтва, чал. | Колькасць раёнаў | |
---|---|---|---|---|
сельскіх | гарадскіх | |||
Акруга Патсдам | 19.836 | 1.299.894 | 14 | 5 |
Акруга Франкфурт | 19.200 | 1.292.525 | 17 | 5 |
Усяго па правінцыі | 39.036 | 2.592.419 | 31 | 10 |
Рэлігійны склад насельніцтва ў 1925 годзе: 92,1 % — пратэстанты; 5,3 % — каталікі; 0,1 % — іншыя хрысціянскія канфесіі; 0,3 % — яўрэі; 2,1 % — іншыя канфесіі[4].
Плошча і колькасць насельніцтва правінцыі і асобных яе адміністрацыйных акруг станам на 17 мая 1939 года ў граніцах на 1 студзеня 1941 года і колькасць раёнаў на 1 студзеня 1941 года:[1]
Адміністрацыйная акруга | Плошча, км² | Насельніцтва, чал. | Колькасць раёнаў | |
---|---|---|---|---|
сельскіх | гарадскіх | |||
Акруга Патсдам | 19.886,25 | 1.691.343 | 14 | 5 |
Акруга Франкфурт | 18.387,96 | 1.316.590 | 17 | 5 |
Усяго па правінцыі | 38.274,21 | 3.007.933 | 31 | 10 |
Гарадское і сельскае насельніцтва
правіцьРазмеркаванне насельніцтва па розных тыпах населеных пунктаў у залежнасці ад іх велічыні па агульнай колькасці жыхароў, паводле даных перапісу насельніцтва 1925 года[4] і станам на 17 мая 1939 года[1]:
Год | Доля насельніцтва па катэгорыях населеных пунктаў па колькасці жыхароў | ||
---|---|---|---|
менш за 2.000 жыхароў | 2.000 — 100.000 жыхароў | больш за 100.000 жыхароў | |
1925 | 50,6 % | 49,4 % | 0,0 % |
1939 | 38,7 % | 56,8 % | 4,5 % |
Найбуйнейшымі гарадамі правінцыі Брандэнбург з’яўляліся (паводле даных 1925 года):[4]
- Франкфурт-на-Одэры (акруга Франкфурт) — 70.884 чал.
- Патсдам (акруга Патсдам) — 64.203 чал.
- Брандэнбург (акруга Патсдам) — 59.297 чал.
- Котбус (акруга Франкфурт) — 50.432 чал.
- Ландсберг (акруга Франкфурт) — 43.303 чал.
- Губен (акруга Франкфурт) — 40.636 чал.
- Форст (акруга Франкфурт) — 35.962 чал.
Обер-прэзідэнты
правіцьПасада обер-прэзідэнта ўведзены ў Прусіі паводле ўказу ад 30 красавіка 1815 года пра паляпшэнне арганізацыі правінцыйнага кіравання (ням.: Verordnung wegen verbesserter Einrichtung der Provinzial-Behorden).
Гады | Обер-прэзідэнт | Партыя |
---|---|---|
1815—1824 | Георг Крысціян фон Гайдэбрэк | |
1825—1840 | Фрыдрых Магнус фон Басевіц | |
1840—1848 | Аўгуст Вернер фон Медынг | |
1848—1849 | Роберт фон Патаў | |
1849—1850 | Клеменс фон Вольф-Метэрніх | |
1850—1862 | Эдуард фон Флотвел | |
1862—1862 | Вернер фон Зельхаў | |
1862—1879 | Густаў фон Ягаў | |
1879—1899 | Генрых фон Ахенбах | |
1899—1905 | Тэабальд фон Бетман-Гольвег | |
1905—1909 | Аўгуст фон Трот цу Зольц | |
1909—1910 | Фрыдрых Вільгельм фон Лёбель | |
1910—1914 | Альфрэд фон Конрад | |
1914—1917 | Рудальф фон дэр Шуленбург | |
1917—1919 | Фрыдрых Вільгельм фон Лёбель | |
1919—1933 | Адольф Маер | НДП |
1933—1936 | Вільгельм Кубэ | НСДАП |
1936—1945 | Эміль Шцюрц | НСДАП |
Зноскі
- ↑ а б в г Fläche und Bevölkerung der größeren Verwaltungsbezirke (S. 8), Zahl der Gemeinden und Kreise (S. 21), Bevölkerung nach Gemeindegrößenklassen (S. 22) (ням.). Statistisches Jahrbuch für das Deutsche Reich 1939/40 (Digitalisat).
- ↑ а б в г Бранденбург, провинция // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.). — СПб., 1890—1907.
- ↑ Provinz Brandenburg // Gemeindeverzeichnis Deutschland 1900 (ням.)
- ↑ а б в г Die Provinz Brandenburg im Uberblick (ням.)
Літаратура
правіць- Pestalozziverein der Provinz Brandenburg (Hrsg.): Die Provinz Brandenburg in Wort und Bild, Berlin W 9, Verlag von Julius Klinkhardt, 1900; (Reprint: Weltbild Verlag GmbH, Augsburg 1999, ISBN 3-86047-209-7)
- Fabian Scheffczyk: Der Provinzialverband der preußischen Provinz Brandenburg 1933—1945. Regionale Leistungs- und Lenkungsverwaltung im Nationalsozialismus, Mohr Siebeck, Tübingen 2008, ISBN 3-16-149761-9
Спасылкі
правіць- Deutsche Verwaltungsgeschichte: Preußische Provinz Brandenburg Архівавана 28 лютага 2018. (ням.)
- Territoriale Veränderungen in Deutschland: Provinz Mark Brandenburg (ням.)
- Provinz Brandenburg (Markgrafschaft Brandenburg) (ням.)