Адкрыць галоўнае меню

Браслаўскі павет (Вялікае Княства Літоўскае)

павет Віленскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага

Брасла́ўскі паве́т — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Віленскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. Плошча 5525 км². Сталіца — горад Браслаў.

Браслаўскі павет
Краіна Вялікае Княства Літоўскае
Уваходзіць у
Адміністрацыйны цэнтр Браслаў
Дата ўтварэння 1566
Старосты Старосты браслаўскія
Насельніцтва гл, Дэмаграфія
Плошча 5 525 км²
Браслаўскі павет на карце

Гарады і мястэчкі: Відзы, Друя, Дрысвяты, Езяросы, Замошша, Іказнь, Опса, Плюсы, Слабодка, Угар, Шаркаўшчына.

ГісторыяПравіць

 
Павятовая пячатка, 1792

Упершыню згадваецца ў пачатку XV ст. падчас ваенных дзеянняў Інфлянцкага ордэна супраць Вялікага Княства Літоўскага. У XV — пачатку XVІ стст. існавала буйное Браслаўскае дзяржаўнае ўладанне ў Віленскім ваяводстве, вядомае пад раўназначнымі назвамі «павет», «намесніцтва», «дзяржава», «староства»[1].

У 1504 г. староста браслаўскі І. Сапега заклаў Іказненскі замак. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (15651566) Браслаўскі павет атрымаў органы шляхецкага самакіравання — соймік, земскі суд і інш.

Ваеннае ліхалецце (сярэдзіна XVII ст.) прычыніла павету моцнае спусташэнне. Сойм ВКЛ 1661 г. характарызаваў стан павета як «ушчэнт разбураны ворагам»[2], а колькасць дымаў скарацілася на 53%[3].

23 студзеня 1793 г. у выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай частка павета (разам з паселішчамі Друя, Іказнь, Замошша, Казяны) апынулася ў складзе Расійскай імперыі. У верасні 1793 г. згодна з пастановай Гарадзенскага сойма з астатняй часткі Браслаўскага, а таксама Свянцянскага і Вількамірскага паветаў утварылася асобнае Браслаўскае ваяводства (ваяводай прызначылі М. Касакоўскага).

11 мая 1794 г. на вуліцах Браслава адбыўся бой паміж паўстанцамі Т. Касцюшкі і расійскімі акупацыйнымі войскамі, падчас якога горад згарэў. Сталіцу Браслаўскага ваяводства перанеслі ў Відзы[4]. У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) павет спыніў сваё існаванне разам з Браслаўскім ваяводствам.

ДэмаграфіяПравіць

У сярэдзіне XVII ст. налічваў 5613 дымоў. Паводле сучасных падлікаў, да Трынаццацігадовай вайны (16541667) колькасць насельніцтва складала каля 39 тыс. чал., пасля вайны яно скарацілася да 17 тыс. чал.[5]

Паводле люстрацыі 1775 года мелася каля 5888 дымоў[6]. Станам на 1790 год налічваў 85 932 жыхары.

ГеаграфіяПравіць

На паўночным захадзе межаваў з Інфлянтамі, на захадзе — з воласцю Дрысвяцкага замка, на поўдні ўздоўж ракі Дзісна — з Мядзельскім паветам (пазней увайшоў у Ашмянскі павет), на паўночным усходзе і ўсходзе — з Полацкай зямлёй, са складу якой, відаць, вылучыўся ў больш ранні час[7]. Ахопліваў, імаверна, большую частку сучаснага Браслаўскага і меншыя часткі сучасных Міёрскага і Шаркаўшчынскага раёнаў.

У склад павета ўваходзіла тэрыторыя Браслаўскага гродавава, Дрывяцкага і Опскага старостваў (у пач. XVІ ст. аб'ядноўваў Апескую, Гарадзіскую, Друйскую, Укольскую і іншыя воласці[7]) і прылеглыя прыватнаўласніцкія маёнткі.

Станам на 1790 год у складзе павета знаходзіліся 21 горад і мястэчка (у межах сучаснага Браслаўскага раёна іх было 10: Браслаў, Друя, Відзы, Дрысвяты, Іказнь, Опса, Слабодка, Угар, Замошша, Плюсы; Магдэбургскае права мелі Браслаў, Друя, Угар[8]).

УраднікіПравіць

У Браславе размяшчаліся падкаморскі, земскі і гродскі суды, склікалася паспалітае рушанне. Павятовыя соймікі збіраліся на Замкавай гары, там жа, паводле пастановы сойму 1590 года, збудавалі дом для пасяджэнняў суда і зберажэння архіва[4]. Мясцовая шляхта абірала двух паслоў на Вальны сойм і двух дэпутатаў на Галоўны Трыбунал.

На Гарадзенскім сойме 12 студзеня 1793 дзеля павелічэння колькасці сенатараў ад ВКЛ быў намінаваны кашталян браслаўскі шляхам павышэння да кашталянскай годнасці мясцовага павятовага маршалка, якім на той момант быў князь Міхал Агінскі. Ён атрымаў прывілей 26 кастрычніка 1793, а ўжо ў снежні таго ж года новая адміністрацыйна-тэрытарыяльная рэформа Рэчы Паспалітай утварыла Браслаўскае ваяводства з адпаведным кашталянам.

ГалерэяПравіць

Зноскі

  1. Мікалай Камінскі, Вячаслаў Насевіч. Браслаўскі павет // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. С. 69.
  2. Volumina legum: przedruk zbioru praw staraniem xx. pijarow w Warszawie od r. 1732 do r. 1782 wyd. T. 4. — Petersburg: J. Ohryzko,1859. — 518 s. — S. 386—389.
  3. Morzy, J. Kryzys demograficzny na Litwie i Białorusi w II połowie XVII wieku / Józef Morzy. — Poznań: Uniwersytet im. Adama Mickiewicza, 1965. — 405 s. — Tabl. 22, 24. — (Prace Wydziału Filozoficzno-Historycznego - Uniwersytet im. Adama Mickiewicza w Poznaniu. Historia 21).
  4. 4,0 4,1 м. Браслаў. Radzima.org. Праверана 7 кастрычніка 2010.
  5. Насельніцтва Беларусі ў сярэдзіне ХVII ст. па паветах // Г. Сагановіч. Невядомая вайна: 1654—1667 / Генадзь Сагановіч. — Мн.: Навука і тэхніка, 1995.
  6. Powiat brasławski // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich.Tom V: Kutowa Wola — Malczyce. — Warszawa, 1884. S. 338.
  7. 7,0 7,1 Вячаслаў Насевіч. Браслаўскі павет // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 342.
  8. Гісторыя Браслава. Прыдзвінскі край: Гісторыя і сучаснасць. Праверана 7 кастрычніка 2010.

ЛітаратураПравіць