Братаўка лугавая

Братаўка лугавая, Жаруха[3] (Melampyrum pratense) — аднагадовая травяністая расліна, від роду братаўка (Melampyrum) сямейства заразіхавыя (Orobanchaceae).

Братаўка лугавая

Агульны выгляд расліны, Нарвегія
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Melampyrum pratense L., (1753)


Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
NCBI  52725
EOL  5672972
IPNI  805713-1
TPL  tro-29200344

Батанічнае апісанне правіць

 
Батанічная ілюстрацыя з кнігі О. В. Тамэ «Flora von Deutschland, Österreich und der Schweiz», 1885
 
Суквецце

Расліна 15-30(60) см вышынёй.

Сцябло голае або апушанае ў верхняй частцы рэдкімі, кароткімі, белымі, звернутымі ўніз валасінкамі, прамое, простае або галінастае, з 1-2 парамі тонкіх галін.

Лісце яйкападобна-ланцэтнае або лінейна-ланцэтнае, 4-9 см даўжынёй і 0,5—1,2 см шырынёй, доўга завостранае, звужанае ў хвосцік 1-1,5 мм даўжынёй або з месцамі, цэльнакрайняе або верхняе часам ля аснавання рэдка-зубчастае, голае або з абодвух бакоў рассеяна-валасістае і па краі пакрытае кароткімі, жорсткімі валасінкамі.

Кветкі на голых кветаножках 1-2 мм даўжынёй, прамыя, пазней гарызантальна адхіленыя і звернутыя ў адзін бок, у рэдкім гронкападобным суквецці, 2-7 см даўжынёй і 1 см шырынёй. Прыкветкі падобныя па форме з лісцем, яйкападобныя або лінейна-ланцэтныя, 1,7 см даўжынёй, 0,4 см шырынёй, ніжнія ля аснавання круглявыя, цэльнакрайнія або слаба выемкава-зубчастыя, верхнія ля аснавання клінаватыя, з 1-2 некалькі шылападобна-лінейнымі зубцамі або цэльнакрайнія. Чашачка 7 мм даўжынёй, амаль голая, з доўгай трубкай 3 мм даўжынёй, па жылках часам рэдка валасістай і з лінейна-шылападобнымі, уверх адцягненымі, амаль роўнымі зубцамі 4(5) мм даўжынёй, карацей трубкі вяночка, па краі з рэдкімі, кароткімі, цвёрдымі валасінкамі. Вяночак ў 1½—2½ разы даўжэй чашачкі, лімонна-жоўты, белы, бураваты або спачатку жаўтлявы, пазней светла-ружовы з пурпуровымі палоскамі, з прамой, белай трубкай, у зеве больш-менш замкнёнай, ніжняя губа слаба адхіленая ад пляскатай верхняй. Тычынкі з пылавікамі 2,5 мм даўжынёй, з няроўнымі, востраканцовымі прыдаткамі, ніжнія даўжэй астатніх. Завязь яйкападобная, 2-3 мм даўжынёй, 1,5 мм шырынёй, голая. Слупок ў 3 разы даўжэй завязі, наверсе загнуты, гладкі.

Каробачка яйкападобная, завостраная, амаль прамая, 0,8—1 см даўжынёй, 0,4—0,5 см шырынёй, трохі або на 1/3 даўжэй кубачкі, голая, коса завостраная, шчыліна ўскрывання голая. Насенне даўгаватае, 5,5—6 мм даўжынёй, 2,5 мм шырынёй, гладкае. Цвіце з мая па ліпень.

Від апісаны з Заходняй Еўропы.

Распаўсюджванне правіць

Від шырока распаўсюджаны ў лясной зоне Еўропы і ў Заходняй Сібіры, даходзячы на ўсходзе да басейна Енісея. Еўропа: лясная паласа, Скандынавія, уключаючы Арктычную Скандынавію, горы Сярэдняй Еўропы, Кольскі паўвостраў, Карэлія, Прыпалярны Урал, Паўночны Урал (гара Сабля); Арктычная частка Расіі, поўдзень Каніна, паўднёвае ўзбярэжжа Чошскай губы, Мурман; Заходняя Сібір: поўдзень; Усходняя Сібір: сярэдняе цячэнне Енісея; Малая Азія.

Расце ў хвойных, лісцяных і змешаных лясах, у тундрах, на палянах, лясных, рознатраўных лугах, на ключавых і сфагнавых балотах, па берагах азёр і мораў.

Зноскі

  1. Ужываецца таксама назва Пакрытанасенныя.
  2. Пра ўмоўнасць аднясення апісанай у гэтым артыкуле групы раслін да класа двухдольных гл. артыкул «Двухдольныя».
  3. Киселевский А. И. Латино-русско-белорусский ботанический словарь. — Мн.: «Наука и техника», 1967. — С. 83. — 160 с. — 2 350 экз.