Бронзавы век на Беларусі
Бронзавы век — другі перыяд у гісторыі чалавецтва (пасля каменнага веку). На тэрыторыі Беларусі пачаўся ў пачатку 2-га тысячагоддзя да н. э. і працягваўся да канца VIII ст. да н. э.
Характарызаваўся з'яўленнем вырабаў з металу — медзі і бронзы. Аднак аддаленасць тэрыторыі Беларусі ад старажытных цэнтраў здабычы медзі і вытворчасці бронзы была прычынай таго, што тут захоўвалася і выкарыстанне каменных прылад працы, хоць апрацаваны яны былі значна лепш: шырока выкарыстоўваліся шліфаванне, свідраванне, пілаванне. У бронзавым веку адбыўся першы вялікі падзел грамадскай працы на земляробства і жывёлагадоўлю.
Перыядызацыя
правіцьБронзавы век падзяляюць на 3 перыяды:
- ранні (2000 — 1600 г. да н. э.),
- сярэдні (1500 — 1200 г. да н. э.),
- позні (з 1100 г. да н .э.).
Характарыстыка
правіцьЗ пачатку бронзавага веку на тэрыторыі Беларусі рассяляліся плямёны індаеўрапейцаў. Яны змешваліся з ранейшым насельніцтвам, у выніку чаго сфарміраваліся новыя індаеўрапейскія плямёны — балты. Асноўным тыпам паселішчаў былі неўмацаваныя селішчы, але ў бронзавым веку пачалося і ўзвядзенне ўмацаваных гарадзішчаў.
Асноўную ролю ў гаспадарчым і грамадскім жыцці роду і племя паступова пачалі адыгрываць мужчыны. Складваўся патрыярхальна-родавы лад — позняя родавая абшчына, для якой характэрна вялікая патрыярхальная сям’я, альбо бацькоўскі род (патрыярхат). Пераход да патрыярхату адбываўся ў працэсе значнага развіцця прадукцыйных сіл і павышэння прадукцыйнасці працы ва ўсіх формах гаспадаркі: земляробстве, жывёлагадоўлі, паляванні і рыбалоўстве.
У гаспадарцы людзей склаліся заняткі вытворчага тыпу: земляробства, якое прайшло 3 ступені развіцця (матыжнае, падсечна-агнявое і ворыўнае), і жывёлагадоўля. Вырошчвалі пшаніцу, ячмень, проса. Выкарыстоўвалі такія земляробчыя прылады працы, як матыка, барана-сукаватка (вершаліна)[1], рала, крамянёвыя сярпы. Драўлянае рала перыяду бронзавага веку знойдзена ля вскі Капланавічы (Красназвёздаўскі сельсавет, Клецкі раён, Мінская вобласць). Жывёлагадоўля ўключала ў сябе развядзенне буйных (каровы) і дробных (авечкі, козы) рагатых жывёл, а таксама бортніцтва. Узнікаюць рамёствы — ткацтва, ганчарства, здабыча і апрацоўка каменя на абмен. Крэмнездабыўныя шахты часоў бронзавага веку выяўлены ля г. п. Краснасельскі (Ваўкавыскі раён, Гродзенская вобласць).
Да прысвойваючага тыпу заняткаў, як і ў каменным веку, адносіліся паляванне, збіральніцтва і рыбалоўства.
Пачалося выкарыстанне глінянага посуду з плоскім дном, а таксама мэблі: лаваў, сталоў.
Развіццё вытворчасці абумовіла рост абмену і ўзнікненне прыватнай уласнасці. У сваім далейшым развіцці патрыярхат прывёў да маёмаснай дыферэнцыяцыі, замены родавай абшчыны сельскай, узнікнення патрыярхальнага рабства і зараджэння падзелу грамадства на класы.
У мастацтве бронзавага веку характэрна арнаментаванне глінянага посуду, выраб ювелірных ўпрыгажэнняў. У рэлігійных вераваннях пашырыліся касмаганічныя культы, культ продкаў. На месцах пахаванняў людзей пачалі насыпаць курганы.
Археалагічныя культуры на тэрыторыі Беларусі
правіцьУ раннім бронзавым веку на тэрыторыі Беларусі існавала некалькі варыянтаў археалагічных культур шнуравой керамікі. На паўднёвай яе тэрыторыі жылі плямёны культуры шнуравой керамікі Палесся, якія карысталіся сякерамі-клінамі, свідраванымі матыкамі і серпападобнымі нажамі. Тэрыторыю сучасных Гомельскай і Магілёўскай абласцей насялялі плямёны сярэднедняпроўскай культуры (выяўлены стаянкі ля населеных пунктаў Струмень, Лучын, Сябровічы), што карысталіся гаршкамі з круглаватымі бакамі і высокай яйкападобнай шыйкай, нябожчыкаў хавалі на курганных і бескурганных могільніках з пахавальным абрадам трупапалажэння і трупаспалення. У Панямонні паявіліся плямёны прыбалтыйскай культуры (знойдзены толькі рэшткі паселішчаў і адзінкавыя пахаванні).
У сярэднім бронзавым веку на паўднёвай тэрыторыі Беларусі пашыраліся плямёны тшцінецкай культуры, якія аздаблялі посуд наразным арнаментам, нябожчыкаў хавалі ў бескурганных і курганных могільніках. Усходнія помнікі гэтай культуры часта вылучаюць у самастойную сосніцкую культуру. Свой посуд (высокія пласкадонныя гаршкі) яны нярэдка арнаментавалі па ўсёй паверхні. Іх пахавальны абрад — трупаспаленне на бескурганных могільніках. Значны ўплыў на мясцовае насельніцтва аказалі плямёны катакомбнай культуры, культуры шматвалікавай керамікі (на паўднёвым усходзе Беларусі) і лужыцкай культуры (на паўднёвым захадзе Палесся). Большасць даследчыкаў звязваюць носьбітаў тшцінецкай, сосніцкай, лужыцкай і прыбалтыйскай культур з продкамі балтаў і славян.
Позні бронзавы век на тэрыторыі Беларусі вывучаны недастаткова. Вядома, што на поўначы мясцовыя плямёны выраблялі гладкасценную, у Цэнтральнай Беларусі і Панямонні — штрыхаваную кераміку.
Пасля завяршэння бронзавага веку пачаўся жалезны век.
Крыніцы
правіць- ↑ Сукаватка // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 258. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
Літаратура
правіць- Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыклапедыя / Рэдкал.: В. В. Гетаў [і інш.]. — Мінск: БелЭн, 1993.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Бронзавы век на Беларусі