Бруна фон Кверфурт
Бруна фон Кверфурт або Бруна Кверфурцкі, Бруна-Баніфацый з Кверфурту (ням.: Bruno von Querfurt; 974 — 9 сакавіка 1009) — місіянер, прылічаны да святых каталіцкай царквой.
Бруна фон Кверфурт | |
---|---|
| |
Дата нараджэння | 970 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 14 лютага 1009 |
Месца смерці | |
У ліку | святы |
Дзень памяці | 9 сакавіка |
Бацька | Бруна Старэйшы[d] |
Маці | Ida[d] |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Раннія гады
правіцьСын Бруна Старэйшага, графа кверфурцкага, і Іды, нашчадак саксонскага арыстакратычнага роду, які быў у сваяцтве з імператарскім домам. Апроч Бруна ў сям'і было трое сыноў — Гебхард, Дзітрых і Вільгельм. Выхоўваўся ў школе пры кляштары Св. Яна ў Магдэбургу, школай кіравала магдэбургскае архібіскупства, установа вядома вучобай у розныя часы шмат каго з славянскіх біскупаў і місіянераў, у тым ліку Адальберта-Войцеха. У 995 годзе Бруна атрымаў сан каноніка, троху пазней быў прадстаўлены да двара імператара Атона III і ў 997 годзе стаў яго капеланам.
У 998 годзе з імператарам прыехаў у Рым. У Італіі даведаўся пра мучаніцкую смерць у Прусіі Адальберта-Войцеха і пад уражаннем пакінуў двор, пайшоў у кляштар бенедыкцінцаў на Авенціне дзе прыняў імя Баніфацый. У 1001 годзе ў Монтэ-Касіна пазнаёміўся з пустэльнікам Рамуальдам, заснавальнікам Ордэна камедулаў і ўступіў у яго брацтва. Некаторы час Бруна жыў у кляштары Рамуальда ў Перэі каля Равены дзе і прыняў пострыг. Рамуальд, адзін з ярчэйшых прадстаўнікоў радыкальнага манаска-аскетычнага руху таго часу, меў кантакты з польскім каралём Баляславам, рамуальдава брацтва брала ўдзел у місіях у Польшчу для хрысціянізацыі славян. Імаверна, менавіта ў рамуальдавым манастыры, пад уражаннем аповедаў місіянераў у Бруна з'явілася ідэя паўночнай місіі. У адну з такіх місій разам з Бенедыктам і Янам ён і адправіўся.
У 1002 годзе Папа Рымскі Сільвестр II надаў Бруна тытул Archiepiscopus gentium для місійнай дзейнасці сярод паганскіх народаў і выдаў яму дазвол на пасвячэнне, тады ж быў выдадзены і дазвол на місію Бенедыкту і Яну. У 1002 годзе Бруна са спадарожнікамі прыбыў да двара караля Баляслава. Кароль, імаверна, хацеў скіраваць місіянераў на хрышчэнне славян паміж Лабай і Одрай, каб далучыць гэтую тэрыторыю да сваіх уладанняў. Аднак, памкненні польскага караля непакоілі імператара Генрыха II, які таксама прэтэндаваў на гэтыя землі, таму Бруна, які ўзімку 1002 года прыбыў у Магдэбург для пасвячэння ў сан, доўга не мог яго атрымаць. За гэты час Бруна наведаў родавы замак Кверфурт, дзе ў 1002 годзе асвяціў новую царкву, адным з апекуноў якой быў святы Пётр.
Бенедыкту і Яну, якія засталіся ў Польшчы, Баляслаў даў зямлю пад кляштар, неўзабаве ў іх з'явіліся мясцовыя паслушнікі — родныя браты Язэп і Мацвей, а таксама Варнава і кухар Крысцін. У 1003 годзе, калі Варнаву адправілі ў Рым, астатнія пяць братоў — Бенедыкт, Ян, Язэп, Мацвей і Крысцін былі забіты.
Дзейнасць
правіцьТолькі ў 1004 годзе Бруна быў пасвечаны і атрымаў паліюм з рук магдэбургскага архібіскупа Тагіна. Пасвячэнне верагодна было здзейснена ў абмен на абяцанне не прапаведаваць на землях паміж Лабай і Одрай. Бруна вярнуўся ў Польшчу, перад гэтым пасвяціўшы аднаго з сваіх людзей у біскупы і адправіўшы яго з місіяй у Швецыю, дзе і сам некаторы час хацеў прапаведаваць. План Баляслава па хрышчэнні славян паміж Лабай і Одрай сарваўся.
Місія ў Венгрыю
правіцьПольскі кароль знайшоў для Бруна новую справу — прапанаваў адправіцца з пропаведдзю ў Венгрыю. Верагодна Бруна адбыў у Венгрыю не толькі з хрысціянскай, але і з дыпламатычнай місіяй. Вядома, што ён прапаведаваў сярод чорных мадзьяр у даліне Мараш ва ўладаннях князя Айтаня. Айтань быў хрысціянінам усходняга абраду і ў той час меў доўгачасовы канфлікт з каралём Іштванам І, такі жа канфлікт меў і польскі кароль Баляслаў. Некаторыя даследчыкі лічаць, што Айтань быў звязаны з Уладзімірам І Кіеўскім. Кароль жа Іштван быў цесна звязаны з імператарам Генрыхам, той быў яго шваграм і саюзнікам у барацьбе за вяртанне захопленых Баляславам венгерскі земляў. Прысутнасць Бруна ў Венгрыі выклікала вялікае раздражненне венгерскага караля, якое змусіла місіянера—дыпламата пакінуць гэтую краіну, вярнуцца ў Польшчу і некаторы час жыць пры двары караля Баляслава — дакладная храналогія гэтых падзей невядомая.
Місія да печанегаў праз Русь
правіцьУ канцы 1007 года Бруна адправіўся праз Русь нібы прапаведаваць да печанегаў. Аднак верагодней за ўсё хрысціянская місія да печанегаў была толькі прыкрыццём дыпламатычнай місіі Бруна да Уладзіміра ад Баляслава. У пачатку 1008 года Бруна сустрэўся з rex Russorum Уладзімірам і некаторы час жыў пры яго двары. У канцы лютага 1008 года Бруна ў суправаджэнні Уладзіміра адправіўся да печанегаў, ахрысціў 30 чалавек і пасвяціў для іх біскупа са сваіх людзей, а таксама наладзіў мір паміж печанегамі і кіеўскім князем. Закладнікам на падмацаванне міру ў печанегаў застаўся сын кіеўскага князя, у якім некаторыя даследчыкі бачаць Святаполка.
Вяртанне ў Польшчу
правіцьУ тым жа 1008 годзе Бруна вярнуўся ў Польшчу і зноў нейкі час жыў пры двары Баляслава. Там Бруна напісаў Жыціе Адальберта-Войцеха, Жыціе пяці братоў мучанікаў (сваіх былых спадарожнікаў), а таксама вядомы ліст да імператара Генрыха. У гэтым лісце, Бруна папракае імператара за тое, што ў саюзе з паганцамі — абадрытамі ваюе з Польшчай, замест таго каб у саюзе з Баляславам займацца іх хрышчэннем.
Прусія або зноў Русь?
правіцьСупярэчнасці паміж Баляславам і Генрыхам увесь час толькі абвастраліся, наспяваў канфлікт. У кан. 1008, перад самым пачаткам вайны паміж Польшчай і Імперыяй, Бруна, па меркаванні некаторых даследчыкаў пайшоў з Польшчы ў Прусію, дзе прапаведваў, а пасля гэтага пайшоў адтуль праз Літву на Русь. Іншыя даследчыкі лічаць, што Бруна пайшоў не ў Прусію, а зноў адправіўся на Русь у свіце дачкі Баляслава, якая выхадзіла замуж за тураўскага князя Святаполка. У той жа свіце быў і калабжэгскі біскуп Райнберн — духоўнік каралеўны. Невядома, які быў маршрут падарожжа, ці мог быць зноў Бруна ў Кіеве або шлюб адбыўся ў Тураве.
Сума дзейнасці
правіцьБруна быў уражлівым чалавекам, гэтая асаблівасць характару практычна вызначыла яго лёс. Пад уражаннем ад смерці Адальберта-Войцеха ён пайшоў у кляштар. Пад уражаннем аповедаў аб пропаведзях паганцам — прыняў пастрыг і рашыў адправіцца прапаведаваць. Пад уражаннем ад перашкод у хрышчэнні палабскіх і надодраўскіх славян, з боку імператара і імперскага духавенства — стаў прыхільнікам Баляслава і праціўнікам Генрыха. У той жа час Бруна быў прыхільнікам хрышчэння паганцаў з дапамогай сілы і заклікаў да гэтага. Аднак ніхто не жадаў яму аказваць у гэтым рэальнай дапамогі — ні Генрых, ні Баляслаў, ні Уладзімір, ва ўсіх былі свае больш надзённыя праблемы.
Баляслаў пры пасрэдніцтве Бруна спрабаваў стварыць саюз супраць імперыі, ў яго гэта ў некаторай ступені атрымалася. У 1008 годзе чорныя мадзьяры Айтаня паднялі паўстанне ў Венгрыі, аднак яно было падушана каралём Іштванам. Шлюб жа дачкі Баляслава з сынам Уладзіміра таксама з'яўляецца ўскосным пацверджаннем нейкай дамовы паміж імі. Падрабязнасці і ўмовы гэтых пагадненняў невядомы, пра іх толькі здагадваюцца.
Апошняя місія ў Прусію або Літву
правіцьНекаторыя даследчыкі лічаць, што Бруна адправіўся з місіяй у Прусію, а менавіта ў адну з яе частак — Яцвезь, па даручэнні караля Баляслава. Але гэта даволі сумнеўна, бо з 983 года яцвягі былі кіеўскімі даннікамі, а Баляславу тым часам не патрэбен быў канфлікт яшчэ і з кіеўскім князем Уладзімірам. Магчыма менавіта ад Уладзіміра Бруна атрымаў дазвол прапаведаваць на землях падуладных Кіеву паганцаў і з Русі, магчыма з Турава, адправіўся ў сваю апошнюю місію. Такі маршрут падарожжа — з Русі ў Літву, а не з Літвы на Русь, ускосна пацвярджае апісанне месца яго гібелі — на памежжы Русі і Літвы (in confinio Rusciae et Lituae). Зыходзячы з гэтага не ясна ці праўда Бруна збіраўся ў Яцвезь — хоць магчыма ён і хацеў трапіць туды праз Літву, прапаведуючы паганцам на шляху.
Як толькі Бруна са спадарожнікамі ступіў на зямлю паганцаў (прусаў або літоўцаў), то быў схоплены і прыведзены да тамтэйшага князька Нецімера і стаў угаворваць таго ахрысціцца. Атрымаўшы адмову Бруна спаліў паганскіх ідалаў, за што быў асуджаны да спалення. Аднак распаліць вогнішча пад Брунам паганцы не здолелі і палічылі гэта за знак — Нецімер вызваліў Бруна і разам з 300 набліжанымі, напэўна дружынай, ахрысціўся. Праз гэтага ў яго адбыўся канфлікт са сваякамі. Магчыма, сваякі былі супраць хрышчэння і патрабавалі пакарання Бруна, а хутчэй Нецімер пад уплывам Бруна настойваў на хрышчэнні сваякоў — нават загадаў забіць свайго брата, які адмовіўся ахрысціцца.
Далейшая місія Бруна склалася няўдала. З уладанняў Нецімера ён накіраваўся далей і апынуўся ва ўладаннях іншага князька — Зебедэна. Там 9 сакавіка 1009 года Бруна схапілі і загадам князька адсеклі галаву, а яго 18 спадарожнікаў павесілі. Галаву Бруна кінулі ў раку. Вельмі познія крыніцы раку называюць Алстрай (*Alstros), некаторыя даследчыкі атаясняюць яе з Ятрай (цяпер Ятранкай), прытокам Моўчадзі. Хоць слушнасць назвы ракі як Алстара і атаяснення яе з Ятрай неверагодная, у Дараўскай парафіі Ляхавіцкага дэканату Пінскай дыяцэзіі лічаць, што Бруна загінуў менавіта ў іх мясцовасці.
Пра далейшыя падзеі крыніцы разыходзяцца, адны сцвярджаюць, што рэшткі Бруна і яго спадарожнікаў былі выкуплены нейкім рускім князем, які над імі пабудаваў царкву і што Бруна шанаваўся як святы рускай царквой. Іншыя, што рэшткі выкупіў польскі кароль Баляслаў. Магло аднак адбыцца і першае і другое — спачатку рэшткі Бруна і яго спадарожнікаў трапілі да рускага князя, магчыма тураўскага Святаполка, калі Бруна на праўдзе пайшоў з місіяй з Русі і яго горада Турава, дзе да таго ж знаходзіўся біскуп Райнберн. А пасля рэшткі выкупіў кароль Баляслаў. Неўзабаве (да 13 ліпеня 1024) Бруна быў кананізаваны, ва ўрачыстай імшы ўдзельнічаў імператар Генрых.
Памяць у каталіцкай царкве — 15 кастрычніка. У Польшчы святы Бруна з'яўляецца патронам Ломжыцкай дыяцэзіі — дзень памяці 12 ліпеня.
Зноскі
- ↑ Deutsche Nationalbibliothek Record #118674749 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 13 снежня 2014.
Літаратура
правіць- Berg D. Brun von Querfurt // Die deutsche Literatur des Mittelalters: Verfasserslexikon. Bd. 1. — Berlin, 1978. — Sp. 1053—1056. (бібліяграфія);
- Lotter F. Bruno von Querfurt // Lexikon des Mittelalters. Bd. 2. — Munchen, 1983. — Sp. 755—756. (бібліяграфія);
- Voigt H.G. Bruno von Querfurt… 1907;
- Bruno als Missionar der Ostens. 1909;
- Petri Damiani Vita beati Romualdi / A cura di G. Tabacco. — Roma, 1957. Cap. 27 (=Fonti per la storia d'Italia; Vol. 94);
- Meysztowicz W. Szkice o świętym Brunie-Bonifacym // Sacrum Poloniae Millennium. Rzym, 1958. T.5. S. 445—501;
- Vita Quinque Fratrum Eremitarum. Epistola Brunonis ad Henricum regem / Rec. Hedvigis Karwasińska. — Warszawa, 1973. — P. 77-106 (=Monumenta Poloniae Historica; Ser. nova; T. IV. Fasc. 3);
- Гильфердинг А. Ф. Неизданное свидетельство современника о Владимире Святом и Болеславе Храбром // Русская беседа. — 1856. — Т. 1. — С. 1-34;
- Кібінь А. С. Лёс і роля лацінскіх місій у хрысціянізацыі заходнебеларускіх зямель у ХI ст. // Хрысціянства ў гістарычным лёсе беларускага народа. Ч. 1. — Гродна: ГрДУ, 2009. — С. 86-91;
- Латиноязычные источники по истории Древней Руси / Сост. и пер. М. Б. Свердлов. — М., 1989. — С. 45-56;
- Назаренко А. В. Древняя Русь на международных путях. — С. 339—361;
- Назаренко А. В. Немецкие латиноязычные источники IX—XI вв. — С. 314—315.