Брылёўскі скарб — адзін з найбольш адметных манетна-рэчавых комплексаў эпохі вікінгаў на тэрыторыі Беларусі. Скарб адлюстроўвае падзеі, якія адбываліся на беларускіх землях у канцы IX стагоддзі: фарміраванне гандлёвых шляхоў, якія злучылі паміж сабой першыя гарады, — цэнтры дзяржаваўтваральных працэсаў, месцы сувязяў паміж прадстаўнікамі розных народаў. Прысутнасць у складзе скарбу арабскіх манет і франкскага мяча паказвае, наколькі шырокімі былі гандлёвыя зносіны нашых продкаў ужо ў тыя далёкія часы.

Гісторыя правіць

Быў знойдзены на Брылёўскім поле каля вёскі Брылі Барысаўскага раёна, вядомым як месца пераправы праз раку Бярэзіну войскаў Напалеона падчас вайны 1812 года. Вясной 2000 г. у пошуках дэталей вайсковага рыштунку і ўзбраення мастак-рэстаўратар Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Сяргей Захараў у пойме ракі выявіў фрагменты мяча, моцна пашкоджанага карозіяй. Мяркуючы, што да яго ў рукі трапілі дрэнна захаваныя матэрыялы 1812 года, мячу не было нададзена першапачаткова асаблівай увагі, але, калі высветлілася, што знаходка мае значна большы ўзрост, прадоўжыў раскопкі[1]. У 2002 годзе ўзровень вады ў Бярэзіне моцна ўпаў, і з'явілася магчымасць абледваць затопленыя ўчасткі. Знойдзены скарб быў рассыпаны авальнай плямай каля 2-3 м на глыбіні 30-35 см. Асобныя прадметы ў гэтай жа мясцовасці былі пазней выяўлены Валянцінам Рабцэвічам і Алегам Іовым. Паступіў у фонды Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі ў 2003 годзе.

Апісанне правіць

Брылёўскі скарб складаецца з 290 сярэбраных арабскіх манет дырхамаў і іх фрагментаў, фрагментаў шыйнай грыўні, франкскага мяча IX ст. і набору з дзесяці гірак для ўзважвання срэбра. На падставе аналізу манетнай часткі Валянцін Рабцэвіч прыйшоў да высновы, што найстарэйшая манета адчаканена ў 125 г. мусульманскага летазлічэння, што адпавядае 742 ці 743 году нашай эры, а найноўшая, адпаведна, - 890 ці 891 году. Такім чынам, гэта дазваляе датаваць скарб 890 - 892 гг[1].

Лічыцца, што Брылёўскі скарб быў г.зв. вотыўным дарам — тыповай скандынаўская старажытнагерманская традыцыяй ахвярапрынашэння багам у абмен на дапамогу. Меч пры гэтым звычайна ламаўся ў некалькіх месцах, што рабіла яго непрыдатным для будучага выкарыстання.

Зноскі

Спасылкі правіць