Будынак Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта

Вучэбны корпус № 3 Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка — будынак у Мінску. Уваходзіць у комплекс будынкаў БДПУ.

Славутасць
Будынак Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта
Галоўны корпус БДПУ. Від з боку Дома ўрада, 1930-я гг.
Галоўны корпус БДПУ. Від з боку Дома ўрада, 1930-я гг.
Краіна
Месцазнаходжанне
Архітэктурны стыль канструктывізм[d]
Архітэктар Іван Кузьміч Запарожац
Будаўніцтва 19281930 гады

Гісторыя правіць

Праектаваўся і будаваўся ў комплексе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У адпаведнасці з пастановай ЦВК Беларусі ад 25 лютага 1919 г. у 1921 г. быў заснаваны Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт у складзе факультэтаў: рабочага, медыцынскага і грамадскіх навук. Першапачаткова для патрэб універсітэта былі прыстасаваны розныя будынкі ў цэнтры горада: на рагу вул. Універсітэцкай (сучасная вул. Кірава) і Чырвонаармейскай, 42/8 (рабфак), вул. Універсітэцкай, 29 і Энгельса, 50 (інтэрнаты), вул. Шырокай, 28 (сучасная вул. Куйбышава, хімлабараторыя), вул. Энгельса, 36 (інтэрнат), на рагу вул. Ленінскай і Універсітэцкай, 29/35 (аўдыторыі), на рагу вул. Універсітэцкай і Валадарскага, 5/30 (аўдыторыі), на рагу вул. Савецкай і Камсамольскай, 66/36 (інтэрнат), на вул. Савецкай, 33 (праўленне БДУ), на зав. Земляробчым, 4 (педфак). На падставе пастановы СНК Беларусі ад 06.12. 1924 г. загадам Наркамасветы ад 22.12.1924 г. № 222 была створана камісія пад старшынствам С. Некрашэвіча, якая павінна была займацца пытаннямі будаўніцтва «гмахаў» БДУ. На пасяджэнні ад 20.11.1925 г. (пратакол № 2) яе члены пастанавілі: «Лічыць неабходным, каб вучастак Універсітэта разам з вучасткам, які цяпер належыць, увайшла плошча, абмежаваная Земляробскім завулкам, Яўрэйскімі могілкамі, Бабруйскай вуліцай, Савецкай вуліцай да будынка № 14 уключна і адмяжованая перпендыкулярам з вуглу дома № 14 на Лагерны перавулак». Участак, плануемы пад будаўніцтва ўніверсітэта, быў забудаваны жылымі драўлянымі дамамі, якія зносіліся, часткова заняты яўрэйскімі могілкамі[1].

У конкурсе на лепшы праект Універсітэцкага гарадка перамог маскоўскі архітэктар Іван Кузьміч Запарожац. Праект складаўся з генеральнага плана, на якім былі паказаны ўсе будынкі, і праектаў асобных будынкаў: галоўнага корпуса, медыцынскага корпуса, хімічнага і біялагічнага карпусоў, будынка бібліятэкі, карпусоў для адпачынку студэнтаў, інтэрнатаў, жылых дамоў для выкладчыкаў, будынкаў для тэхнічнага персаналу, гаспадарчых пабудоў, лазні і агарода з садовым участкам. Да канца 1927 г. І. К. Запарожац прадставіў у Наркамасветы ўсе чарцяжы. Архітэктурнае рашэнне праектуемых будынкаў было ўзгоднена, некаторыя заўвагі ўзніклі па функцыянальным выкарыстанні памяшканняў і іх размяшчэнні. Таму было прапанавана праект універсітэта дапрацаваць. У пачатку 1928 г. праекты ўніверсітэцкіх карпусоў былі гатовыя. У 1928-29 гг. планавалася пабудаваць галоўны, анатамічны, хімічны, прыродазнаўчы карпусы і цэнтральную кацельню. Так як І. К. Запарожац жыў у Маскве, нагляд за будаўніцтвам выконваў Г. Лаўроў, які працаваў на пасадзе галоўнага архітэктара ў Наркамасветы[1].

Завершана будаўніцтва было ў 1930 г. З усіх запраектаваных 11 будынкаў узвялі пяць карпусоў. Усе яны пабудаваны ў характэрным для таго часу стылі канструктывізму. Былі размешчаны па свабоднай павільённай сістэме. Мелі складаную форму плана і асіметрычную аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю. Рытм фасадаў стваралі розныя па велічыні вокны[1].

У 1931 г. на на базе педфака ўніверсітэта быў створаны педагагічны інстытут. Перад гэтым у 1930 г. на базе медфака быў заснаваны медыцынскі інстытут. Паміж ВНУ былі падзелены пабудаваныя для ўніверсітэта вучэбныя карпусы. Галоўны корпус універсітэта быў перададзены педагагічнаму інстытуту[1].

Архітэктурнае рашэнне галоўнага фасада падкрэслівала яго першаснае значэнне ў ансамблі. Цэнтральны аб’ём рашаўся сіметрычна. На першым паверсе знаходзіліся тры шырокія дзвярныя праёмы галоўнага ўвахода, якія вышэй працягвалі высокія аконныя праёмы. Па гарызанталі іх падзяляў балкон-казырок з глухім парапетам. Завяршаў цэнтральную частку галоўнага корпуса павільён з адкрытай пляцоўкай. Асіметрыя агульнай пабудовы была падкрэслена рашэннем бакавога ўвахода з вуглавой высокай лесвіцай. На другім паверсе галоўнага корпуса знаходзілася актавая зала, асветленая высокімі на 2 узроўні аконнымі праёмамі. Інтэр’еры залы таксама мелі рысы стылю канструктывізму[1].

У гады Вялікай Айчыннай вайны будынак атрымаў пашкоджанні і разбурэнні ў выніку пападання авіяцыйнай бомбы і пажару. Найбольш пацярпелі цэнтральная частка і бакавое крыло. Згарэлі ўсе драўляныя элементы будынка, муроўка сцен месцамі дэфарміравалася. Праектныя работы па аднаўленні будынка інстытута пачаліся ў 1947 г. у інстытуце «Белдзяржпраект» і праходзілі ў некалькі стадый. Каробка былога інстытута была ўмоўна падзелена на цэнтральнае, бакавое і тыльнае крыло. У 1947-48 г. А. Зысман выканаў абмерныя чарцяжы і тэхна-рабочы праект аднаўлення тыльнага крыла былога галоўнага корпуса (І чарга будаўніцтва). Замест плоскага даху на ўзроўні трэцяга паверха былі запраектаваны аўдыторыі, таму меркавалася ўзвесці вышэй цагляныя сцены ў плоскасці існуючых, таксама на фасадах вокны прыводзіліся да аднаго памеру 207х238 см, на трэцім паверсе ў аўдыторыях захоўваліся вокны ранейшых памераў 387х319 см. Наружная аддзелка фасадаў на гэтай стадыі не разглядалася, а павінна была вырашацца пры рэканструкцыі ўсяго будынка цалкам[1].

У 1948—1951 гг. архітэктар Г. Заборскі распрацаваў праект будаўніцтва цэлага комплекса будынкаў, які ўключаў педагагічны інстытут імя Горкага, інстытут змежных моў і навукова-даследчы інстытут (ІІ чарга будаўніцтва). Праектам прадугледжвалася разборка часткі бакавога крыла старога будынка ў сувязі з выпрамленнем вул. Савецкай. Захаваную частку будынка педінстытута планавалася з трох бакоў забудаваць новымі карпусамі, такім чынам яна апыноўвалася ўнутры своеасаблівага інстытуцкага двара. Па сутнасці, ствараўся новы комплекс будынкаў педінстытута з уключэннем існаваўшай каробкі ў агульную кампазіцыю. Г. У. Заборскі імкнуўся спалучыць архітэктуру комплекса інстытута з Домам урада ў адзін арганічны ансамбль. Таму ён надаў комплексу педінстытута рысы як дэкаратыўнасці, так і манументальнасці, выкарыстаўшы з гэтай мэтай матыў вертыкальнага члянення фасадаў пілястрамі і трохчвэртнымі калонамі з капітэлямі іанічнага ордара. Для таго, каб яшчэ больш падкрэсліць вертыкальнасць матыву, яго стройнасць, былі ўведзены канелюры. З боку плошчы Леніна фасад рашаўся вялікім ордарам з 3/4 канеліраванымі калонамі. На восі галоўных уваходаў у існаваўшую частку будынка былі размешчаны тры вялікія аркі, аформленыя каланадай і барэльефамі. У афармленні фасадаў педінстытута выкарыстоўвалася ляпніна, скульптуры. Праект гэты быў рэалізаваны не цалкам. Як прызнаваўся Заборскі, пэўныя цяжкасці ўзніклі пры рэканструкцыі галоўнага фасада старога будынка, які захоўваў рысы канструктывізму. Давялося істотна перапрацаваць аконныя праёмы, тры ўваходныя праёмы пад вялікім балконам, сцены ўпрыгожыць лепкай. Існаваўшыя 2 вялікія пілоны па баках цэнтральнага ўвахода былі ўзбагачаны скульптурнымі бюстамі пісьменнікаў В. Бялінскага і К. Ушынскага ў круглых нішах. На першым паверсе на месцы існаваўшых невялікіх акон запраектаваны паўцыркульныя вокны, апрацаваныя шырокай ліштвай і лепкай. Вянчальны карніз зроблены больш магутны і з кранштэйнамі, пад карнізам уведзены ляпны фрыз. У цэнтральнай частцы над уваходам фрыз узбагачаны алегарычнымі барэльефамі «Атрыбуты навук». Уваход вырашаны порцікам на 8 спараных калонах. Замест жалезнай рашоткі на плоскім даху запраектаваны суцэльны цагляны парапет. У ніжняй частцы будынка быў зроблены цокаль. Звонку будынак рэкамендавалася апрацаваць тынкоўкай з мармуровай крошкай цёплага светлага тона з расшыўкай рустам ніжняга паверха з цокалем і часткова верхніх паверхаў. Педінстытут быў запраектаваны трохпавярховы з цокальным паверхам. На цокальным паверсе планавалася размясціць кацельню і кнігасховішча, на першым паверсе размяшчаліся гардэроб з вестыбюлем, бібліятэка з чытальнай залай, музей, спартыўная зала. Існуючая цэнтральная лесвіца заставалася ў сваіх ранейшых габарытах, аднак аддзелка замянялася на сучасную. На другім паверсе захоўвалася актавая зала ў існуючых габарытах на 600 месц з эстрадай і балконам, але цалкам рэканструяваная. Змяншаліся аконныя праёмы, часткова рабіўся вышэйшым узровень падлогі, існаваўшы збоку балкон замяняўся балконам на 200 месц у тарцы залы, а на месцы старога балкона прапаноўвалася зрабіць 3 паўкруглыя балконы на 5-7 месц. У зале была запраектавана кесонная столь і высокаякасная аддзелка сцен з ляпным дэкорам. Перад залай прадугледжвалася фае з буфетам. На трэцім паверсе размяшчаўся балкон залы і кінабудка з самастойнай лесвіцай, аўдыторыі. На 4-м паверсе — вучэбныя памяшканні. У выніку рознасці высот існаваўшай каробкі з цокальным паверхам і новаўзводзімай часткі будынка, якая не мела цокальнага паверха, у канцы калідора запраектаваны лесвіцы, кожны марш якіх вядзе на розны ўзровень калідора[1].

У 1963, 1964-68 гг. па праекце Г. Заборскага да галоўнага корпуса прыбудавалі вучэбна-лабараторныя карпусы. У 1970 г. па праекце В. Марцьянава пабудаваны спартыўны корпус. У 1986—1988 гг. перад галоўным фасадам старога галоўнага корпуса па праекце архітэктараў І. Марчанкі і В. Нікіціна пабудаваны 14-павярховы новы корпус. Ён злучаны са старымі карпусамі цэнтральным пераходам і двума бакавымі несіметрычнымі крыламі[1].

Зноскі

Спасылкі правіць