Будынак былога жаночага епархіяльнага вучылішча (Віцебск)
Будынак Полацкага жаночага епархіяльнага вучылішча — будынак у г. Віцебску. Помнік грамадзянскай архітэктуры пачатку XX стагоддзя. Помнік рэспубліканскага значэння.
Славутасць | |
Будынак Віцебскага жаночага епархіяльнага вучылішча | |
---|---|
55°11′24″ пн. ш. 30°12′39″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Горад | Віцебск |
Архітэктар | А. К. Паўлоўскі, П. А. Вінаградаў |
Дата пабудовы | 1902 год |
Статус | Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 212Г000012 |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Гісторыя
правіцьБудынак быў пабудаваны спецыяльна для вучылішча ў 1901—1902 гадах на Духаўскай набярэжнай (сучасная вул. Гогаля, 6).
Аўтар праекта галоўнага корпуса — грамадзянскі інжынер Паўлоўскі Аляксандр Кандратавіч, аўтар праекта дапаможных службаў — цывільны інжынер Вінаградаў Пётр Андрэевіч. Як сведчыць аналіз плана 1872 года, новы будынак вучылішча быў узведзены на падмурках старога манастырскага корпуса. З усяго архітэктурнага комплексу зберагліся толькі галоўны корпус вучылішча і гаспадарчы флігель. Галоўны корпус займае самае высокае месца на гары. Ён быў звязаны закрытай галерэяй з Духаўскай царквой (не захавалася). 3-павярховы з паўпадвальным паверхам будынак у плане Е-падобнай формы, галоўным фасадам выходзіць на вул. Гогаля.
Падчас Першай сусветнай вайны ў будынку вучылішча знаходзіўся ваенны шпіталь. У 1930-я гады ў будынку размяшчаўся штаб Віцебскай авіябрыгады.
У 1948 годзе ў Віцебскім філіяле інстытута «Белдзяржпраект» распрацаваны праект аднаўлення будынка былога вучылішча. Аўтары праекта Катакін і Жылка. Пры аднаўленні стылістыка фасадаў была захавана, часткова перамуравана фасадная сцяна левага крыла, знізу замураваны аконныя праёмы.
У 1970-я гады да асноўнага будынка была зроблена прыбудова, на месцы царквы Св. Духа пабудавана вежа з гадзіннікам.
У будынку размешчаны Віцебскі аблвыканкам.
Архітэктура
правіцьМураваны трохпавярховы Е-падобны ў плане будынак. Галоўны фасад вылучаны цэнтральным рызалітам з балконам актавай залы на другім паверсе, які падтрымліваюць чатыры слупы. Сцены аздобленыя рустам, ліштвамі і завершаныя развітым прафіляваным карнізам. Афарбоўка фасадаў двухколерная.
Інтэр’ер
правіцьПланіроўка галерэйная. У цэнтры былі парадны вестыбюль і трохмаршавая лесвіца, на першым і другім паверхах — класы, на трэцім — спальныя пакоі, у цокальным паверсе — сталовая і кухня.
Літаратура
правіць- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
- Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, [1984—1988].
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Будынак былога жаночага епархіяльнага вучылішча (Віцебск)
- Будынак былога жаночага епархіяльнага вучылішча (Віцебск) на сайце Radzima.org
- Будынак былога жаночага епархіяльнага вучылішча (Віцебск) на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- Артыкул пра вучылішча ў Віцебскай энцыклапедыі
- Будынак былога жаночага епархіяльнага вучылішча (Віцебск) на сайце «Архіварта»