Будынак былога мужчынскага духоўнага вучылішча (Віцебск)

Будынак былога мужчынскага духоўнага вучылішча — будынак, змешчаны на рагу вуліц Суворава (№ 44; былой Афіцэрскай) і Чэхава (№ 11; былой Ветранай) у Віцебску. Пабудаваны для мужчынскага духоўнага вучылішча ў 1892 годзе, цяпер з'яўляецца адным з карпусоў Віцебскага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава.

Будынак
Будынак былога мужчынскага духоўнага вучылішча
55°12′13″ пн. ш. 30°12′19″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Месцазнаходжанне
Архітэктурны стыль неакласіцызм
Архітэктар А. М. Кляменцьеў
Будаўніцтва 1890[1] — 1892[2]
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гісторыя

правіць
 
Віцебскае мужчынскае духоўнае вучылішча на паштоўцы пачатку 1910-х гадоў
 
Галоўны ўваход

Будаўніцтва было пачатана месцы былога ўладання купцоў Баруновых у 1890 годзе[1].

Праз два гады будаўніцтва было скончана[1]. Трэці паверх быў надбудаваны пазней, прыкладна ў 20‑х гадах ХХ стагоддзя. Падчас Першай сусветнай вайны ў будынку вучылішча размяшчаўся ваенны шпіталь[1].

Пасля муніцыпалізацыі ў 1918 годзе ў пабудове паслядоўна змяшчаліся саўпартшкола імя Энгельса, педвучылішча, Рабфак і 2‑месячныя педагагічныя курсы. Падчас Вялікай Айчыннай вайны будынак быў пашкоджаны пажарам. У 1947 годзе рашэннем выканкама Віцебскага гарадскога Савета дэпутатаў працоўных за № 277 памяшканне і ўчастак былі перададзеныя для аднаўлення Віцебскаму мастацка-графічнаму педагагічнаму вучылішчу[1].

У пачатку 1960-х гадоў мастацка-графічнае педвучылішча было ператворана ў мастацка-графічны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута імя С. М. Кірава. Будынак быў перададзены гэтай вышэйшай навучальнай установе Віцебска[1].

Архітэктура

правіць

Помнік архітэктуры неакласіцызму[3]. Узведзены з цэглы як мужчынскае духоўнае вучылішча[3]. Згодна з праектам епархіяльнага архітэктара А. М. Кляменцьева будынак павінен быў быць досыць вялікім: па Афіцэрскай (цяпер Суворава) вуліцы займаў 22 пагонных сажняў, па 1‑й Ветраной (цяпер Чэхава) вуліцы — 17 пагонных сажняў. У ім меркавалася зладзіць 5 класаў, дамавую царкву, актавую залу, сталовую і спальныя пакоі на 100 і больш вучняў, кватэры кіраўнікам, наглядчыку, аканому, памяшканні для праўлення і бібліятэкі, а ў падвальным паверсе — кухню, памяшканні для служыцеляў[1].

Будынак былога мужчынскага духоўнага вучылішча ўяўляе сабой манументальны чатырохпавярховы Г-падобны ў плане будынак, абодва яго фасады па вул. Суворава і Чэхава насычаны дэкаратыўнымі элементамі. Фасад па вуліцы Чэхава выдзелены адным цэнтральным рызалітам, завершаным трохвугольным франтонам, больш працяглы фасад па вуліцы Суворава мае 2 бакавыя рызаліты, таксама завершаныя трохвугольнымі франтонамі. Усе паверхі па фасадах падзелены прафіляванымі карнізнымі паяскамі і маюць разнастайную аздобу. Першы паверх з гладкімі сценамі трактуецца як цокальны. Сцены другога паверха пакрыты рустам, сцены трэцяга аздоблены плоскімі пілястрамі, яго паўцыркульныя аконныя праёмы дэкараваны арачнымі ліштвамі. Паміж аконнымі праёмамі чацвёртага паверха размешчаны шырокія лапаткі. Аконныя праёмы ўсіх паверхаў акрамя трэцяга прамавугольныя. Цэнтральны рызаліт фасада, дзе знаходзіцца галоўны ўваход у будынак, больш насычаны дэкаратыўнымі элементамі: ляпныя накладныя дэталі, канелюраваныя калонкі, паўцыркульныя нішы і інш. У дэкаратыўнай аздобе фасадаў праявіліся эклектычныя матывы. Унутраная планіроўка калідорная, з боку галоўнага ўваходу — парадны вестыбюль і цэнтральная лесвіца, на трэцім паверсе — актавая зала[4].

Зноскі

Спасылкі

правіць