Будынкі Магілёўскай духоўнай семінарыі

Комплекс канца XVIII — сярэдзіны XIX стст. Духоўная семінарыя ў Магілёве створаная архіепіскапам Георгіем Каніскім (пры ім распачата будаўніцтва асноўнага вучэбнага корпуса і дома-інтэрната).

Вучэбны корпус семінарыі ў пачатку XX ст.
Комплекс пабудоў духоўнай семінарыі і рэзідэнцыя архірэя ў першай палове XIX ст.

У 17801785 гг. узведзены вучэбны корпус семінарыі паводле праекту архітэктара М. Львова (не захаваўся). Размешчаны ўздоўж землянога валу, галоўным фасадам павернуты да вул. Ветранай (сучасная вул. Ленінская); уваходзіў у ансамбль Спаскага манастыра. Мураваны двухпавярховы будынак у стылі класіцызму. У цэнтральнай частцы — парадная лесвіца з вестыбюлем і круглае ў плане памяшканне, у якім знаходзілася на першым паверсе бібліятэка, на другім — зала для сходаў («круглая зала»), дэкарыраваная пілястрамі іанічнага ордара. У бакавых частках былі класныя памяшканні. Галоўны фасад вылучаў порцік дарычнага ордара, завершаны франтонам, з трыма прамавугольнымі нішамі.

Насупраць вучэбнага корпуса размешчаныя двухпавярховы дом для настаўнікаў і казённых выхаванцаў (пабудаваны да 1795 г.). Уяўляў сабой тып багатага гарадскога дому: асіметрычнае аб'ёмна-прасторавае рашэнне, спалучэнне мураванага масіўнага каркаса з сістэмай драўляных галерэй, высокі дах.

Дом для рэктара і прэфекта. Чарцёж. Архітэктар Васіль Іванавіч Зражэўскі

З 1797 г. будаўніцтва семінарыі працягваў архіепіскап Анастасій Братаноўскі. Ён набыў зямельны ўчастак з дзвюма драўлянымі аднапавярховымі жылымі корпусамі для выхаванцаў і аднапавярховы мураваны дом на вул. Ветранай — дом для рэктара і прэфекта. Уяўляў сабой тып гарадскога жылога дому, пабудаваны ў стылі ранняга класіцызму: плоскі, гарызантальна выцягнуты фасад раўнамерна прарэзаны вокнамі, тонкая графічная прарысоўка, дэкаратыўныя дэталі (руст, падаконныя нішы, ліштвы, ляпныя драпіроўкі, злучэнне франтона са ступеньчатым атыкам).

Да канца 1820-х гадоў будынкі семінарыі былі аб'яднаны ў асобны комплекс. Паводле архіўных чарцяжоў губернскага архітэктара Заржэўскага, ён быў аддзелены ад Спаскага манастыра і архірэйскага падвор'я садам і службовымі пабудовамі; быў зроблены ўваход з боку вул. Ветранай. На чарцяжы нанесеныя два невялікія корпусы новага тыпу гарадской забудовы. Адзін з іх — драўляны П-падобны ў плане будынак у стылі ранняга ампіру, у ім знаходзіліся бальніца з лазняй і свіран.

Дом купца Кітаева
Будынкі па вул. Ветранай у пачатку XX ст.

Да пачатку 1850-х гадоў, паводле архіўных чарцяжоў губернскага архітэктара Пятрова, склалася новая забудова комплексу семінарыі. Уключаў два новыя двухпавярховыя мураваныя флігелі для жылля настаўнікаў і выхаванцаў, былы дом купца Кітаева (набыты для семінарыі, захаваўся па вул. Ленінскай, 15). Дом — невялікі кампактны двухпавярховы будынак, прамавугольны ў плане, з высокім цокальным паверхам, у ім размяшчаўся семінарскі архіў; з боку дваровага фасада знаходзіцца галерэя — уваход у пакоі другога паверху, дзе былі кватэра аканома і кладоўка.

Паводле плана 1853 г. праведзеная рэканструкцыя ансамбля семінарыі, які набыў замкнёную кампазіцыю. Цэнтрам яго па-ранейшаму заставаўся вучэбны корпус, перад ім сфарміравалася трапецападобная плошча, якая знаходзілася нібыта ў сярэдзіне кварталу. Фарміраванне фронту забудовы вул. Малая Садовая (былая вул. Ветраная) завяршылася пабудовай уязной брамы.

Літаратура правіць

Спасылкі правіць