Бульбамуві
Бульбамувi, або Bulbamovie — фестываль беларускіх відэа- і кінафільмаў, які праводзяць з 2011 года па ініцыятыве часткі беларускіх кінематаграфістаў і культуролагаў як альтэрнатыву дзяржаўным кінафестывалям у Беларусі. Пляцоўка для сустрэч вытворцаў прыватнага беларускага кіно і кінакрытыкаў, зацікаўленых у асэнсаванні стану і шляхоў развіцця сучаснага беларускага кінамастацтва. Сімвал фестываля — бульба.
Заснавальнік і арганізатар, дырэктар кінафестываля — беларус Януш Гаўрылюк (нар. 1975), жыхар і грамадзянін Польшчы, выпускнік факультэта беларускай філалогіі ў Варшаўскім універсітэце, журналіст тэлеканала «Белсат», які хацеў арганізацыяй такога мерапрыемства дапамагчы развіццю беларускага кіно.
Фестывалі 2011, 2012, 2013 і 2014 гадах праходзілі ў Варшаве (Польшча) з удзелам беларускай і польскай творчай супольнасці. У 2015 гадах фестываль прайшоў у дзвюх краінах — Беларусі і Польшчы.
З 2012 года пераможцы конкурсу атрымлівалі прызы — статуэтку «бронзавая бульба» (і 1000 польскіх злотых), «срэбная бульба» (1500 злотых) і галоўная ўзнагарода «залатая бульба» (2500 злотых).
Гісторыя задумкі і назвы
правіцьАўтарам ідэі фестываля быў беларус Януш Гаўрылюк (нар. 1975), ураджэнец Бельска Падляскага і грамадзянін Польшчы, выпускнік факультэта беларускай філалогіі ў Варшаўскім універсітэце. Януш Гаўрылюк з дзяцінства любіў здымаць на відэакамеру дамашняе відэа і, калі дарослым пачаў вывучаць культуру Беларусі, зацікавіўся, якое кіно здымаюць у цяперашняй Беларусі[1]. Неўзабаве нарадзілася ідэя зладзіць паказ беларускага кіно ў Польшчы, хаця думкі пра тое віталі ў культурным асяроддзі Беларусі даўно[1].
Прыдумваючы назву новаму фестывалю, аўтар натхняўся выразам «спагеці-вэстэрн» і выкарыстаў адзін з сімвалаў Беларусі — бульбу. Некаторыя беларусы на працягу некалькі год падыходзілі да Януша Гаўрылюка і казалі, што фестываль — выдатны, але назва — не вельмі ўдалая. Януш Гаўрылюк распавёў журналістам, што ў аргументацыі на карысць пазітыўнасці назвы яму дапамог Міхал Анемпадыстаў, які неяк доўга тлумачыў аднаму беларусу, што «бульба» — гэта не «бульбаш», і што сама бульба — вельмі і вельмі прыгожая гародніна[1]. Менавіта ў 2011 годзе (з года пачатку фестываля) Міхал Анемпадыстаў дэбютаваў як фатограф, прэзентаваўшы сваю фотавыстаўку «Under Ground»: у фотапрацах Анемпадыстаў засяродзіўся на беларускай гародніны, каб такім спосабам адкрыць глыбейшае вымярэнне беларускай культуры[2]. Выбар сваёй тэматыкі патлумачыў тым, што беларусы, на думку Анемпадыстава, як гародніна, хаваюць цікавыя рэчы ў сабе, не паказваюць іх навонкі — нацыя заглыбленых у сябе людзей: выглядаюць звычайна, а ўнутры фантастычныя — пад запэцканай (ад глебы) скуркай бульбы схавана «залатое сонца»[2]. З 2013 годзе удаласць назвы фестываля ніхто не аспрэчваў[1].
9 верасня 2015 г. дырэктар фестываля Януш Гаўрылюк адносна фармата адзначыў: «Мы не ставім такога патрабавання, каб кіно было толькі на беларускай мове. Галоўны прынцып для нас — кіно павінна быць цікавым»[3].
Фестываль спрыяе распаўсюджанню беларускай культуры, дае мажлівасць заявіць пра сябе маладым творцам.
Бульбамуві 2011
правіцьПершы кінафестываль «Bulbamovie», які праходзіў 22-23 кастрычніка 2011 года ў кінатэатры «Luna» у самым цэнтры Варшавы, быў своеасаблівай справаздачай пра фільмы, зробленыя ў Беларусі за апошнія дзесяць гадоў. Праект фінансаваўся Mіністэрствам замежных спраў Польшчы[3].
Арганізатары паспрабавалі сканцэнтравацца на беларускам сучасным недзяржаўным кіно. Сваю творчасць паказалі каля 1500 кінааматараў. Арганізатары кінафестывалю толькі паказвалі фільмы і не выяўлялі пераможцаў.
Кінапрагляд быў падзелены на некалькі блокаў. Між іншага, былі прадстаўлены фільмы «Выпадак з пацаном» Сяргея Лобана, фільмы маладых творцаў Арцёма Лобача («Дом»), Сяргея Каласоўскага, Асмялоўскага і іншых, а таксама дакументальныя стужкі «Беларусьфільма», тэлеканала «Белсат» (напрыклад, адна з лепшых «Aсколкі» і «Свята на нашай вуліцы» і г.д.) і аўтараў-аматараў (Куцілы і інш.).
Падчас фестывалю былі арганізаваны дыскусійныя панэлі з удзелам польскіх і беларускіх кінакрытыкаў, аўтараў і гледачоў. Галоўнай тэма абмеркавання было пытанне пра тое, як зрабіць беларускае кіно канкурэнтаздольным на рынку і цікавым на міжнародных кінафестывалях.
За два з паловай дні кінафестываль наведалі каля 1500 чалавек, большасць з іх — палякі і беларусы (тыя і тыя — галоўным чынам, жыхары Варшавы і Падляшша).
Бульбамуві 2012
правіцьЧасткай праграмы фестывалю «Bulbamovie», які праходзіў 26-28 кастрычніка 2012 года зноў у кінатэатры «Luna» у Варшаве (Польшча), стаў конкурс для маладых творцаў беларускага кіно. Праект фінансаваўся Mіністэрствам замежных спраў Польшчы[3]. Уваход для гледачоў быў вольным.
У конкурсе прымалі ўдзел мастацкія і дакументальныя стужкі, створаныя за апошнія пяць гадоў. У склад журы ўвайшлі сярод іншых культуролаг і крытык Максім Жбанкоў (Беларусь), кінакрытык Лукаш Мацяеўскі (Польшча), эксперт Польскага інстытута кіно і мастацтва Пётр Келяр (Польшча), беларускі сцэнарыст Андрэй Курэйчык (Беларусь), якія выбіралі пераможцаў сярод 19 кароткаметражных фільмаў гульнёвай і дакументальнай формы.
27 кастрычніка 2012 года адбылося афіцыйнае ўзнагароджанне пераможцаў конкурсу.
- «залатая бульба»: галоўны прыз было вырашана не прысуджаць.
- «срэбная бульба»: журы вызначыла адразу двух срэбных прызёраў — мастацкі фільм рэжысёра Андрэя Палупанава «Жыццё ў торбе ў клетку» (гісторыя пра жанчыну, якая жыве ў гармоніі з светам, хоць і здаецца дзіўнай) і дакументальны фільм рэжысёра Арцёма Лобача «Простыя рэчы» (спроба зразумець душу простага беларускага мужыка).
- «бронзавая бульба»: дакументальны фільм пра вандроўніка Кірыла Краўцова, які аб’ехаў куткі Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі, але вярнуўся ў Беларусь, каб даць новае жыццё вымерлай вёсцы, перайсці на беларускую мову і проста прымаць гасцей.
Бульбамуві 2013
правіцьПрайшоў 19-20 кастрычніка 2013 года ў Варшаве ў кінатэатры «Luna». Праект фінансаваўся Mіністэрствам замежных спраў Польшчы[3]. Прыярытэтамі фестываля сталі папулярызацыя беларускага кіно ў Польшчы і дапамога маладым беларускім стваральнікам кіно праз узнагароды. На конкурс было пададзена 34 заяўкі, з якіх арганізатары фестываля адабралі 16.
Навацыяй мерапрыемства сталі майстар-класы ў фае кінатэатра, дзе гледачоў яшчэ і частавалі печанай бульбай з селядцом і маслам, а таксама прэзентацыя фотавыстаўкі, вядучым і мадэратарам быў Аляксандр Памідораў.
Членамі журы сталі: кінакрытык Пётр Чэркаўскі (Польшча), кінажурналіст Яцэк Дзідушка (Польшча), адзін беларускіх журналістаў, кінакрытык Максім Жбанкоў (Беларусь), адзін беларускі рэжысёр, рэжысёр Юрый Kаліна (Польшча).
У суботу 19 кастрычніка адбыўся паказ конкурсных фільмаў і журы падвяло вынікі конкурсу.
- «залатая бульба»: 5-хвілінны анімацыйны фільм «Фокус», рэжысёрам якога з’яўляецца Марыя Матусевіч, — пра тое, як белы кролік прыбірае сваё жытло — здыманы цёмны «пакойчык» (капялюш), поўны розных сюрпызаў.
- «срэбная бульба»: 35-хвілінная дакументальная стужка, своеасаблівае дакументальнае даследаванне калятэатральнай прасторы сучаснай Беларусі і спроба асэнсавання прафесійнай мастацкай адукацыі.
- «бронзавая бульба»: 4-хвілінная анімацыйная стужка «Горад», якая мае двух рэжысёраў — Андрусь Такінданг і Дзяніс Мяжуй, якія ў творы расказалі аб уплыве мастацтва на людзей, а пляцоўкай стаў Мінск. У стужцы гучыць і ўласная музыка рэжысёраў (творчасць гурта «RECHA»).
Спецыяльную прэмію тэлеканала «Белсат» атрымала 15-хвілінная стужка «Чорны і белы» рэжысёра Сяргея Каласоўскага (пра маладую маці Таню і яе сына Даніка, якая шукае, дзе мяжа паміж чорным і белым, дабром і злом, балансуючы паміж даглядам сына, начнымі забавамі і небяспечным хобі).
Прыз глядацкіх сімпатый атрымаў 90-хвілінны мастацкі фільм пра тое, што перашкоды існуюць толькі ў галовах людзей і замінаюць ім кахаць, марыць і быць свабоднымі. Фільм раней перамог у другім конкурсе Нацыянальных кінапраектаў, які праводзіла Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.
Дзень скончыўся дэманстрацыяй мастацкага фільма «У тумане» (2012) рэжысёра Сяргея Лазніцы, а таксама музычным канцэртам груп «Akute» і «NO LOGO» у Цэнтральным доме культуры у Варшаве.
У нядзелю 20 кастрычніка адбыўся пазаконкурсны паказ беларускіх фільмаў: «Goodbye бацька» (2004) рэжысёра Паўла Kанавальчыка; іншыя фільмы беларускіх рэжысёраў; «Жыве Беларусь» (2012) рэжысёра Kшыштафа Лукашэвіча; адзін з першых беларускіх нямых фільмаў «Кастусь Каліноўскі» (1927) рэжысёра Уладзімiра Гардзіна, з жывым музычным суправаджэннем у выканнані Сяргея Пукста.
Трэці фестываль «Бульбамуві» яшчэ больш, чым папярэднія, вызначыў лінію, што фестываль набыў фармат фестываля пачаткоўцаў, фестываля стартаў[4].
Бульбамуві 2014
правіцьПрайшоў 24-26 кастрычніка 2014 года ў Варшаве ў кінатэатры «Muranów». Праект фінансаваўся таксама Mіністэрствам замежных спраў Польшчы ў рамках конкурсу «Польска-беларускія супольныя дзеянні 2014».
На конкурс было пададзена 69 заявак (фільмаў), з якіх арганізатары фестываля адабралі 20 беларускіх каротка- і поўнаметражных, мастацкіх і дакументальных фільмаў для ўдзелу ў конкурсе. Заявак прыйшло дастаткова, каб падзяліць іх на дзве катэгорыі — дакументальныя і мастацкія фільмы.
Вядучым і мадэратарам быў Максім Жбанкоў (Беларусь). Членамі журы сталі: дакументаліст Яцэк Блавут (Польшча), супрацоўніца Польскага інстытуту кінамастацтва Аляксандра Ружджыньская (Польшча), рэжысёр Юрый Kаліна (Польшча), трое беларускіх кінадзеячаў.
24 кастрычніка дэманстраваліся трэйлеры 13 паўнаметражных дакументальных фільмаў, створаных ранейшымі лаўрэатамі фестывалю «Бульбамуві», а таксама польскімі і ўкраінскімі творцамі (Яцэк Блавут, Мацей Дрыгас, Мацей Лазіньскі, Мірак Дэмбіньскі і іншыя) у 2014 годзе ў рамках дакументальнага кінапраекта польскіх дакумэнталістаў «Маладыя пра маладых». Большая частка гэтых прац была прысвечана бягучым падзеям на Украіне і Еўрамайдану (2014). Беларускія дакументалісты (і лаўрэаты «Бульбамуві 2012») зрабілі стужкі на беларускую тэматыку: фільм пра двух маладых беларусаў, якія ездзяць па вёсках Беларусі і паказваюць мясцовым жыхарам кіно; Арцём Лобач — фільм пра арт-вёскі ў Беларусі і Украіне. Тым самым днём рамках фестывалю дэманстраваўся дакументальны фільм «Майдан. Рэвалюцыя годнасці» (2014) рэжысёра Сяргея Лазніцы і аднаго беларускага фільма.
25 кастрычніка на фестывалі быў конкурсны паказ (11 фільмаў).
- «залатая бульба»: 30-ці хвілінны беларускі мастацкі фільм.
- «срэбная бульба»: беларуская мастацкая стужка, якая таксама атрымала яшчэ адну ўзнагароду фестывалю — Прыз сімпатый гледачоў.
- «бронзавая бульба»: кароткаметражная стужка «Рэканструкцыя бяссонніцы» (рэжысёр — Нэла Васілеўская).
Спецыяльную прэмію тэлеканала «Белсат» атрымала стужка «Пра любоў: Іра» (рэжысёр — Любоў Зямцова) — пра праблемы штодзённага жыцця жанчын у сучаснай Беларусі, але ў першую чаргу пра любоў. Спецыяльную ўзнагароду ад журы атрымаў анімацыйны фільм «А што ў лузе?» (рэжысёр — Марыся Тульжанковая ў суаўтарстве): у аснове анімацыі — запісы галасоў бабуль, зробленыя рэжысёрамі падчас фальклорна-этнаграфічнай экспедыцыі ў 2013 года ў вёсцы Дзербічы Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай вобласці Беларусі.
26 кастрычніка фэстываль скончыўся паказам старога беларускага фільму «Усходні калідор» (1966) Валянціна Вінаградава. У фінале мерапрыемства гасцей фестывалю пачаставалі стравай са 150 печаных бульбін.
Бульбамуві 2015
правіцьПрайшоў 23-25 кастрычніка 2015 года адначасова ў дзвюх краінах — Беларусі і Польшчы: у Мінску (Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў); у Варшаве (у кінатэатры «Muranów») і Кракаве. Праект не фінансаваўся ўжо Mіністэрствам замежных спраў Польшчы[3]. Фундатарам фінансавых прызоў фестываля стаў тэлеканал «Белсат».
На конкурс было пададзена 47 заявак (фільмаў). Меншая колькасць заявак, чым у папярэднія гады, тлумачылася меншай рэкламай фестываля ў гэтым годзе ў Беларусі[1].
Адкрыццё фестываля адбылося 23 кастрычніка ў варшаўскім кінатэатры «Muranów», які прапанаваў арганізатарам залю бясплатна[5]. 23-24 кастрычніка 2015 года ў кінатэатры «Muranów» (Варшава) у рамках пазаконкурснай праграмы дэманстраваліся нямецкая і італьянская дакументальныя стужкі пра сучасную Беларусь: «Капусны касмічны карабель» нямецкага рэжысёра Роберта Экштэйна (пра гастролі лужыцкага калектыву «Берлінская дарога» па Беларусі) і «Made in BY» італьянскага рэжысёра Луіджы Мілардзі (пра культурны працэс у сучаснай Беларусі)[5]. Быў паказаны таксама дакументальны фільм Анастасіі Мірашнічэнкі «Скрыжаванне»[3].
У конкурснай частцы фестываля прымалі ўдзел 16 фільмаў, 12 з якіх былі паказаны ў Мінску 23-24 кастрычніка[6]. У Польшчы 25 кастрычніка дэманстраваліся (з-за абмежаванасці фінансавых сродкаў — для стварэння польскамоўных тытраў і інш.) толькі тры фільмы — якія перамаглі ў конкурсе фестываля[3].
У склад журы ўвайшлі: (старшыня) культуролаг і крытык Максім Жбанкоў (Беларусь); адзін беларускі кінарэжысёр і беларускі кінакрытык.
- «залатая бульба»: 13-ці хвілінны беларускі дакументальны фільм-дослед, чаго чакаюць, на што спадзяюцца і што знаходзяць людзі ў Вялікдзень[7].
- «залатая бульба»: 15-ці хвілінны беларускі мастацкі фільм пра вулічныя пратэсты і адзін дзень двух братоў, якія сутыкнуліся за розныя палітычныя погляды. Таксама фільм атрымаў яшчэ адну ўзнагароду фестывалю — Прыз сімпатый гледачоў.
- «срэбная бульба»: не прысуджалася, бо былі прысуджаны дзве «залатыя бульбы».
- «бронзавая бульба»: 9-ці хвілінны мастацкі фільм «Кансьерж», рэжысёрам якога з’яўляецца Роберт Сенека: камедыя пра выбары новага кансьержа ў ЖЭСе жыхарамі пад’езда[7].
Закрыў пазаконкурсную праграму фестываля амерыканска-украінскі мастацкі фільм «Міна», які здымаўся на Данбасе ў час ваенных дзеянняў. Раней (у 2015) фільм быў паказаны на фестывалі ў Канах (Францыя)[8].
Кінакрытык Максім Жбанкоў ацаніў фестываль гэтага года так: «Змяніўся якасны ўзровень работ, гэта больш не аматаршчына з большага, не студэнцкія работы. Фаварыты нашага сённяшняга конкурсу — гэта вельмі аўтарскія, моцныя, вельмі стылёвыя стужкі і самае галоўнае: яны актуальныя не ў сэнсе нейкіх палітычных разважанняў і гэтак далей. Яны актуальныя як адлюстраванне пэўнага стану беларускай супольнай свядомасці»[9].
Акрамя паказаў фільмаў адбыліся сустрэчы з аўтарамі, музычныя канцэрты гуртоў «Akute» і «No Logo», майстар-класы і традыцыйнае частаванне бульбай. У Варшаве ў ходзе дыскусіі на фестывалі была выказана думка, што фестываль «Бульбамуві» набывае рысы DIY-з’явы: дэмакратычнай культурнай падзеі без сціслага рэгламенту, сцэнарыя і раскладу[5].
Цэнзура
правіцьУ межах пераследу грамадзянскай супольнасці ў Беларусі 18 студзеня 2024 года Facebook старонка «Bulbamovie» прызнана экстрэмісцкім матэрыялам[10].
Зноскі
- ↑ а б в г д Дырэктар «Бульбамуві»: Указам кіно не спыніць. Будзе бунт! . web.archive.org (19 чэрвеня 2018). Архівавана з першакрыніцы 19 чэрвеня 2018. Праверана 20 студзеня 2024.
- ↑ а б Край у колеры Зямлі . Polskie Radio dla Zagranicy. Праверана 20 студзеня 2024.
- ↑ а б в г д е ё Ік. Bulbamovie-2015 упершыню пройдзе ў Менску, Варшаве і Кракаве . Радыё Свабода (9 верасня 2015). Праверана 20 студзеня 2024.
- ↑ «Бульбамуві» — перспектыўны міжсабойчык? Архівавана 21 лістапада 2013.
- ↑ а б в 4 высновы пра «Бульбамуві»
- ↑ Bulbamovie-2015 упершыню пройдзе ў Менску, Варшаве і Кракаве; Кінакрытык Антон Сідарэнка: «Галоўная перавага „Бульбамуві“ — імпэт і энергія аўтараў» Архівавана 20 красавіка 2016.
- ↑ а б Кінакрытык Антон Сідарэнка: «Галоўная перавага „Бульбамуві“ — імпэт і энергія аўтараў» Архівавана 20 красавіка 2016.
- ↑ Адкрыты прыём заявак на «BULBAMOVIE» 2015(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 17 студзеня 2024. Праверана 24 студзеня 2024.
- ↑ На пяты год існавання фестываль беларускага кіно «Бульбамуві» даехаў у Менск
- ↑ BYSOL, "Bulbamovie", "Смоленская Республика" — очередное пополнение списка экстремистских материалов: хроніка пераследу 18 студзеня . Праваабарончы цэнтр «Вясна» (18 студзеня 2024). Праверана 20 студзеня 2024.
Спасылкі
правіць- Афіцыйны сайт фестывалю «Bulbamovie»
- Першы фестываль беларускага кіно ў Варшаве 2011(недаступная спасылка) //dzedzich.org
- (недаступная спасылка) Второй Фестиваль белорусского кино Bulbamovie 2012 // БелаПАН
- Победители «Bulbamovie 2012»(недаступная спасылка). partisanmag.by. Архівавана з першакрыніцы 23 ліпеня 2024. Праверана 23 ліпеня 2024.
- Bulbamovie — наша кіно ў Варшаве (руск.). Стартовая страница Беларуси. 21.by. Праверана 23 ліпеня 2024.
- «Бульбамуві». Першы Варшаўскі прагляд беларускага кіно 22-23 кастрычніка Архівавана 6 сакавіка 2016. // budzma.org
- «Бульбамуві» — перспектыўны міжсабойчык? Архівавана 21 лістапада 2013. // style.bel.biz
- Людзі «Bulbamovie» // bulbamovie.pl
- На «Вulbamovie» узнагародзілі найлепшыя беларускія незалежныя фільмы // belsat.eu
- Ік. Bulbamovie-2015 упершыню пройдзе ў Менску, Варшаве і Кракаве . Радыё Свабода (9 верасня 2015). Праверана 23 ліпеня 2024.
- Ік. Bulbamovie-2015 упершыню пройдзе ў Менску, Варшаве і Кракаве . Радыё Свабода (9 верасня 2015). Праверана 23 ліпеня 2024.
- Ік. Bulbamovie-2015 упершыню пройдзе ў Менску, Варшаве і Кракаве . Радыё Свабода (9 верасня 2015). Праверана 23 ліпеня 2024.
- Тры высновы пра «Бульбамуві» . belsat.eu. Праверана 23 ліпеня 2024.
- Фестываль "Бульбамуві" пашырыцца і верне нацыянальны конкурс – DW – 18.07.2024 (руск.). dw.com. Праверана 23 ліпеня 2024.