Буры мядзведзь у Беларусі

Буры мядзведзь для Беларусі — абарыгенны чырванакніжны від сысуноў, самы буйны драпежнік Беларусі, адзіны прадстаўнік беларускай фаўны мядзведзевых (Ursidae), значны аб’ект навуковых даследванняў і важны культурны сімвал.

Мядзведзь у Мінскім заапарку
Мядзведзь у Мінскім заапарку

Гісторыя правіць

 
Статуя мядзведзя ў Смаргоні

Мядзведзі з’яўляюцца абарыгенным відам лясоў Еўропы, у тым ліку і на тэрыторыі Беларусі. Як аб’ект палявання вядомы з часоў верхняга палеаліту. Косці знойдзены на Бердыжскай стаянцы чалавека[1].

Звычайны від у беларускіх лясах у XVI стагоддзі[1]. На мядзведзяў палявалі як дзеля мяса, так і для паляўнічай доблесці і здабычы каштоўнага футра. Напрыклад, дэлія з шырокімі рукавамі і футравым каўняром, падшытая футрам мядзведзя, упамінаецца як адзенне шляхціца Гарадзенскага павета[2].

З XVII да канца XVII стагоддзя, паводле іншых звестак — да пачатку ХІХ стагоддзя існаваў промысел па адлову і дрэсіроўцы мядзведзяў дзеля забаў шляхты, гэтак званая «Смаргонская мядзведжая акадэмія».

Да XIX стагоддзя мядзведзь быў распаўсюджаны на ўсёй тэрыторыі, якая адпавядае сучасным межам Беларусі, але часцей сустракаўся ў Віцебскай губерні[1]. У 1915 годзе гэты від рэгістраваўся ва ўсіх цяперашніх абласцях рэспублікі. Колькасць мядзведзя ў 1927 годзе ацэньвалася ў 100 асобін[3].

У XX стагоддзі ў сувязі з павелічэннем шчыльнасці насельніцтва і інтэнсіўнасці гаспадарчай дзейнасці адбылося рэзкае памяншэнне плошчы пасялення мядзведзя. В. Васількоў і Б. Галадушка ў 60-я гады XX стагоддзя ацэньвалі колькасць віду на тэрыторыі рэспублікі не больш за 60-80 асобін[4].

У 1970—1980 гадах рэдкі від, захаваны амаль толькі на паўночным захадзе, але адзначаліся асобныя экземпляры ў некаторых раёнах усходняй часткі краіны, на Палессі[1].

Даследаванні паляўніцтвазнаўца У. Муравіцкага (1990) аб стане папуляцыі бурага мядзведзя ў канцы 80-х гадоў XX стагоддзя паказалі, што яго прасторавая структура на тэрыторыі Беларусі з 1970-х гадоў не змянілася, і вылучаюцца чатыры асноўныя ўчасткі пражывання, названыя пазней Б. Савіцкім (2005) «тэрытарыяльнымі групоўкамі»: бярэзінская, бабінавіцкая, суражская, паўночная[5].

Да 1970-х гадоў колькасць мядзведзя знізілася да 50-60 асобін. Але, пачынаючы з сярэдзіны 1970-х гадоў, з’явілася тэндэнцыя да яе павольнага павелічэння, і ўжо да канца 1980-х гадоў колькасць віду склала каля 130 асобін[5].

Сучасная папуляцыя правіць

Па дадзеных П. Р. Козлы (2004) у 2000—2002 гадах колькасць мядзведзя ацэньвалася прыблізна ў 100—110 асобін пры скарачэнні арэалу на дзве траціны[6].

Па асабістай ініцыятыве галоўнага паляўніцтвазнаўца Віцебскага ДВЛГА У. Муравіцкага ў 2005 годзе высвятлялася пытанне аб колькасці мядзведзя ў вобласці на падставе анкетных дадзеных. Сумаванне атрыманых звестак дало лічбу 156—159 асобін, якая паказвае на тэндэнцыю росту папуляцыі віду ў галіне[7]. Мядзведзь стаў наносіць шкоду не толькі паляўнічай фауне, але і жывёлагадоўлі, і пчалярству. Пытанне рэгулявання колькасці мядзведзя ўздымалася ў 2005 годзе Гарадоцкай раённай інспекцыяй Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, але гэтаму запярэчылі супрацоўнікі «ДНВА „НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах“» (доктар біялагічных навук В. Я. Сідаровіч)[6].

Навуковы ўлік мядзведзя ў сучаснай Беларусі не вядзецца, а збор звестак з дапамогай анкетавання ці лакальных назіранняў мае шмат хібаў і не дазваляе дакладна выявіць колькасць мядзведзяў на гэтай тэрыторыі[6].

Аналіз літаратурных публікацый пра стан рэсурсаў бурага мядзведзя сведчыць, што за стогадовы перыяд, пры значным скарачэнні вобласці распаўсюджання бурага мядзведзя ў Беларусі, адэкватнага памяншэння колькасці віду не адбылося. За гэты перыяд назіраецца павышэнне шчыльнасці гэтага драпежніка на адзінку плошчы. Таму нельга звязваць скарачэнне вобласці распаўсюджвання мядзведзя ва ўгоддзях рэспублікі з уздзеяннем антрапагеннага фактару на асяроддзе пражывання. Асноўны фактар, які лімітуе колькасць віду і перашкаджае яго распаўсюджанню — браканьерства[6].

У 2012 годзе, пасля больш чым пяцідзесяцігадовай адсутнасці, буры мядзведзь вярнуўся ў Налібоцкую пушчу. На 2015 год папуляцыя складала 4 асобіны[8].

Дадзеныя ўліку па анкетаваннях правіць

Дадзеныя анкетаванняў аспрэчваюцца як супрацоўнікамі Мінпрыроды, так і навукоўцамі, але іншых афіцыйных дадзеных бракуе[9].

Колькасць мядзведзяў ва ўзятых пад ахову паляўнічых угоддзях правіць

Дадзеныя паводле афіцыйнага статыстычнага зборніка "Ахова навакольнага асяроддзя ў Рэспубліцы Беларусь".

Утрыманне ў няволі правіць

 
Мядзведзь у Магілёўскім заасадзе

Мядзведзі жывуць у Віцебскім, Гродзенскім, Жлобінскім і Мінскім заапарках і ў Магілёўскім заасадзе.

Ахова правіць

 
Памятная манета «Буры мядзведзь» з серыі «Ахова навакольнага асяроддзя»

У Беларусі паляванне на мядзведзя забароненае з 30-х гадоў XX стагоддзя. Мядзведзь быў уключаны ў першае (1981), другое (1993) і трэцяе выданні Чырвонай кнігі Рэспублікі Беларусь і аднесены да 2-й катэгорыі аховы. Яе крытэрамі з’яўляюцца неспрыяльны міжнародны або еўрапейскі ахоўны статус, нізкая колькасць, тэндэнцыя да няўхільнага скарачэння колькасці і арэала і прагназуемае ў найбліжэйшай будучыні пагаршэнне статусу.

Біялогія правіць

Ва ўмовах Беларусі аддаюць перавагу глухім гушчарам лесу, перасечаным рэчкамі, азёрамі, балотамі, поймавымі лугамі і ляснымі палянамі, дзе рэдка ступае нага чалавека. Участак пасялення мядзведзя заўсёды ўключае комплекс біятопаў, якія маюць дастатковыя запасы і разнастайнасць корму, а таксама характарызуюцца высокімі ахоўнымі ўласцівасцямі на працягу ўсяго гадавога перыяду іх актыўнага жыцця. У межах арэалу мядзведзь аддае перавагу іглічным і сталым лісцяным лясам — дубовым, букавым, але апошніх захавалася вельмі мала. Рэдкалессе або аднастайныя чыста лісцяныя насаджэнні мядзведзь пазбягае, заходзячы ў іх толькі ў пошуках ежы. Упадабаных месцаў ён прытрымліваецца на працягу ўсяго года і толькі ў галодную пару здзяйсняе нязначныя перамяшчэнні ў пошуках корму.

У культуры правіць

У міфалогіі правіць

На Беларусі культ мядзведзя прасочваецца з неаліту. Значнага распаўсюджання ён дасягнуў у жалезным веу, асабліва ў цэнтральнай і паўночнай частках Беларусі. Амулеты з іклаў мядзведзя трапляюцца на гарадзішчах культуры штрыхаванай керамікі і днепра-дзвінскай культуры[10].

У славянскай міфалогіі мядзведзь быў адным з самых ушанаваных звяроў. У беларусаў існаваў культ гэтай жывёлы як гаспадара лесу і дзікай прыроды, як увасабленне паганскага бога Вялеса[11].

У культуры беларусаў мядзведзь быў татэмным знакам і абярэгам роду. Жывёла стаяла на мяжы дзікай прыроды і свету чалавека і ахоўвала сваё царства. Выява звера сустракаецца таксама ў выглядзе гліняных статуэтак ці фігурак, вылітых з бронзы[11].

У літаратуры і фальклоры правіць

У беларускіх народных казках сустракаецца матыў воза, запрэжанага мядзведзем[10].

Матыў ператварэння чалавека ў мядзведзя выразна звязваецца з суперніцтвам з Богам. Такую здольнасць прыпісвалі ведзьмакам і шаманам[10].

У беларускіх вясельных песнях маладых часам называюць «мядзведзем» і «мядзведзіцай», а іх вясельную дружыну (шафераў) — мядзведнікам[10].

У арнаменце правіць

Асаблівае месца жывёле адводзіцца ў народным арнаменце, традыцыя якога вылічаецца тысячагоддзямі[11]. Сімвал мядзведзя ў арнаменталістыцы беларусаў атрымаў назву «вядзмедзь». Ён прадстаўляе сабой ромб з адросткамі на працягу бакоў[12].

У геральдыцы і баністыцы правіць

У філатэліі правіць

Зноскі

  1. а б в г П. Р. Козла. Мядзведзь буры // Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 3. Катэнарыя — Недайка / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1984. — 588 с., іл. — 10 000 экз.
  2. АВАК  (руск.). Т. XVII. С. 442
  3. Федюшин, А. В. Динамика и географическое распространение охотничьей фауны БССР. Мн., 1929
  4. Васильков В. В., Голодушко Б. З. Пушные звери Белоруссии и их добыча. Минск: Урожай, 1969. 159 с. с ил.
  5. а б Савицкий Б. П. Млекопитающие Беларуси / Б. П. Савицкий, С. В. Кучмель, Л. Д. Бурко; под общ. ред. Б. П. Савицкого. — Минск: БГУ, 2005. — 319 с.
  6. а б в г Кононов С. И. Спасет ли бурого медведя Красная книга Республики Беларусь? Архівавана 13 снежня 2020.//«Охота — национальный охотничий журнал», № 12. декабрь 2012
  7. Растет поголовье медведя [] / Е. Муравицкая // Лесное и охотничье хозяйство : научно-производственный журнал. — 2006. — № 2. — С. 40-41
  8. Козорез А. И. Ревайлдинг в Налибокской пуще// Труды БГТУ. 2015. № 1. Лесное хозяйство (руск.)
  9. Пискунов А. В. ТАК НРАВИТСЯ ЛИ МЕДВЕДЯМ В БЕЛАРУСИ? Архівавана 11 снежня 2020.
  10. а б в г Зайкоўскі Э. Санько С. Мядзведзь//Міфалогія беларусаў. Энцыклапедычны слоўнік — Мінск: Беларусь, 2011. С. 333—336
  11. а б в Месца мядзведзя ў традыцыйнай культуры беларусаў Архівавана 13 снежня 2020.
  12. Арнаменты Падняпроўя/аўт. тэкстаў Г. Р. Нячаева [і інш.]; навук. рэд. Я. М. Сахута. — Мінск: Беларус. навука, 2004. —

Літаратура правіць

  • Козло П. Г. «Медведь бурый»/ Звери: Популярный энциклопедический справочник (Животный мир Беларуси). Минск, 2003. С.194-201
  • Козло П. Г. «Бурый медведь»/ Красная книга Республики Беларусь. Животные: редкие и находящиеся под угрозой исчезновения виды диких животных. 4-е изд. Минск, 2015. — 320 с.

Спасылкі правіць