Буэнас-Айрэс

горад, сталіца Аргенціны

Буэнас-Айрэс (ісп.: Cuidad de la Santísima Trinidad y Puerto de Nuestra Señora de Santa María de los Buenos Aires — «Горад Прасвятой Троіцы і Порт Нашай Дзевы Марыі Добрых Вятроў») — горад, сталіца Аргенціны, адміністрацыйны, культурны і эканамічны цэнтр краіны і адзін з найбуйнейшых гарадоў Паўднёвай Амерыкі. Буэнас-Айрэс размешчаны ў цэнтральна-ўсходняй частцы краіны, на заходнім беразе ракі Рыа-дэ-ла-Плата, у рэгіёне пампас.

Горад
Буэнас-Айрэс
Buenos Aires
Герб[d] Сцяг[d]
Герб[d] Сцяг[d]
Краіна
Рэгіён
Каардынаты
Кіраўнік
Заснаваны
11 чэрвеня 1580[1]
Першая згадка
Плошча
203 км²
Вышыня цэнтра
25 м
Водныя аб’екты
Насельніцтва
3,8 млн. чалавек (2008)
Часавы пояс
Тэлефонны код
011
Паштовыя індэксы
C1000-14xx
Афіцыйны сайт
Буэнас-Айрэс на карце Аргенціны
Буэнас-Айрэс (Аргенціна)
Буэнас-Айрэс

Горад Буэнас-Айрэс быў заснаваны двойчы. Першы раз яго заснаваў у 1536 годзе Педра дэ Мендоса. Пры нападзе індзейцаў у 1541 годзе горад быў спалены, а ў 1580 годзе адноўлены Хуанам дэ Гараем (па патрабаванні юрыста Хуана дэ Мацьенса). У момант заснавання і пасля аднаўлення горад уваходзіў у склад віцэ-каралеўства Перу, якое з’яўлялася часткай Іспанскай імперыі. У 1776 годзе Буэнас-Айрэс стаў сталіцай зноў створанага віцэ-каралеўства Рыа-дэ-ла-Плата.

Падчас першага брытанскага ўварвання, якое адбылося ў 1806 годзе, горад на працягу некалькіх месяцаў быў акупаваны брытанскімі войскамі. У 1810 годзе адбылася Майская рэвалюцыя, падчас якой у горадзе быў зрынуты іспанскі намеснік і сфарміраваны часовы ўрадавы орган — Першая хунта, якая стала першым нацыянальным урадам Аргенціны. У пачатку XX стагоддзя Вялікі Буэнас-Айрэс стаў адным з асноўных цэнтраў іміграцыі ў Паўднёвую Амерыку. У 1913 годзе ў горадзе пачалося будаўніцтва метро, якое стала першым у Лацінскай Амерыцы.

Буэнас-Айрэс таксама з’яўляецца федэральнай сталіцай, у якой знаходзіцца ўрад Аргенціны. Буэнас-Айрэс не з’яўляецца часткай аднайменнай правінцыі, а ўяўляе сабой асобны адміністрацыйны раён, заснаваны ў 1880 годзе, які ўваходзіць у лік 24 правінцый Аргенціны. Афіцыйна горад падзяляецца на 48 раёнаў, такі падзел горада зацверджаны ў XIX стагоддзі. Пасля канстытуцыйнай рэформы 1994 года горад атрымаў права на самакіраванне, і кіраўнік горада абіраецца прамым галасаваннем. Паводле перапісу 2010 года, колькасць насельніцтва горада 2.891.082 жыхароў, а ў межах Вялікага Буэнас-Айрэса пражывае 12.801.364 жыхароў. Буэнас-Айрэс — найбуйнейшы горад у Аргенціне, восьмы ў Паўднёвай Амерыцы.

Горад Буэнас-Айрэс з’яўляецца галоўным адукацыйным цэнтрам краіны. Сярод яго вядомых інстытутаў Colegio Nacional de Buenos Aires (Нацыянальны інстытут Буэнас-Айрэса) і Універсітэт Буэнас-Айрэса. Буэнас-Айрэс стаў адным з гарадоў Аргенціны, дзе былі праведзены матчы Чэмпіянату свету па футболу 1978.

Гісторыя

правіць

Буэнас-Айрэс быў заснаваны іспанскай экспедыцыяй, якая шукала золата, пад кіраўніцтвам Педра дэ Мендоса. У 1541 горад быў пакінуты, але ў 1580 адноўлены. З 1617 — сталіца калоніі «Ла-Плата», з 1826 — Рэспублікі Аргенціна.

Каланіяльныя часы

правіць

Іспанскі мараплаўца Хуан Дыяс дэ Саліс быў першым еўрапейцам, які дасягнуў берагоў Рыа-дэ-ла-Плата ў 1516 годзе. Яго экспедыцыя была перапынена, калі ён быў забіты падчас нападу мясцовага племені чаруа ў месцы, дзе сёння знаходзіцца Уругвай. Буэнас-Айрэс быў упершыню створаны ў якасці горада 2 лютага 1536 года пад назвай Сьюдад-дэ-Нуэстра-Сеніёра-Санта-Марыя-дэль-Буэна-Айрэ[3] (у літаральным сэнсе «Горад Маці Божай Святой Марыі Добрых Вятроў») у гонар заступніцы вострава Сардзініі, падчас іспанскай экспедыцыі, ачоленай Педрай дэ Мендосай. Гэты пасёлак, заснаваны Мендосай, знаходзіўся ў тым месцы, дзе сёння размяшчаецца раён Сан-Тэльма ў Буэнас-Айрэсе, на поўдні ад цэнтра горада. З-за нападаў карэнных народаў пасяленцы былі вымушаны бегчы прэч, і ў 1541 годзе пасяленне было спустошана. Другое і сталае пасяленне было заснавана ў 1580 годзе Хуанам дэ Гараем, які прыбыў на парусных караблях уніз па рацэ Парана з Асунсьёна, які зараз з’яўляецца сталіцай Парагвая. Ён назваў пасёлак «Сантысіма Трынідад».

З самых першых дзён Буэнас-Айрэс залежаў перш за ўсё ад гандлю. На працягу большай часткі XVII і XVIII стагоддзяў іспанскія караблі, якія накіроўваліся ў горад, часцяком з’яўляліся аб’ектам нападу з боку піратаў, таму каланіяльныя ўлады распрацавалі складаную сістэму, дзе судны разам з ваеннай падтрымкай накіроўваліся ў Цэнтральную Амерыку, перасякаючы зямлю, падыходзілі да Лімы ў Перу, а потым тавары праходзілі праз гарады цэнтральнай часткі віцэ-каралеўства. З-за гэтага перавозка прадукцыі займала вельмі шмат часу, пакуль яна прыбывала ў Буэнас-Айрэс, а падаткі на транспарт рабілі яе кошт значна вышэйшым. Гэтая схема расчаравала многіх гандляроў, з-за чаго ў горадзе бурна пачала развівацца кантрабанда. Гэта таксама выклікала глыбокае абурэнне пасяленцаў да іспанскіх уладаў.[3]

Паступова іспанскі кароль Карл III палегчыў гандлёвыя абмежаванні, і нарэшце ў канцы XVIII стагоддзя Буэнас-Айрэс быў аб’яўлены адкрытым портам. Захоп Парта Бела сіламі брытанскага флоту паказаў неабходнасць умацавання Атлантычнага маршруту, што падарвала манаполію Лімы на гандаль з Буэнас-Айрэсам. Згодна з каралеўскай пастановай, ад адзінай амерыканскай калоніі віцэ-каралеўства Перу быў аддзелены паўднёвы рэгіён, які стаў віцэ-каралеўствам Рыа-дэ-ла-Плата са сталіцай у горадзе Буэнас-Айрэс. Тым не менш, нягледзячы на такія дзеянні каралеўскага ўрада, многія жыхары горада пранікліся ідэямі французскай рэвалюцыі, становячыся яшчэ больш перакананымі ў неабходнасці незалежнасці ад Іспаніі.

Вайна за незалежнасць

правіць
 
Майская рэвалюцыя

Падчас брытанскага ўварвання ў Рыа-дэ-ла-Плата брытанскія войскі атакавалі Буэнас-Айрэс два разы. У 1806 годзе брытанцы паспяхова высадзіліся ў Буэнас-Айрэсе, але дапаможнае іспанскае войска, што прыйшло з Мантэвідэа на чале з Санцьяга дэ Ліньесам, здолела выгнаць агрэсараў. У кароткі перыяд брытанскага панавання віцэ-кароль Рафаэль Сабрамонтэ збег у Кордабу і прызначыў гэты горад у якасці сталіцы віцэ-каралеўства. Аднак Буэнас-Айрэс зноў стаў сталіцай пасля свайго вызвалення, а Сабрамонтэ быў скінуты са сваёй пасады. Санцьяга дэ Ліньес быў абраны ў якасці новага віцэ-караля і адразу пачаў умацоўваць горад з-за магчымага новага нападу брытанцаў, які і быў зроблены ў 1807 годзе. Мілітарызацыя горада прывяла да змен у грамадстве, што спрыяла сацыяльнаму становішчу крэолаў. Спроба гандляра Марціна дэ Альцага выдаліць Ліньеса і замяніць яго хунтай пацярпела паражэнне ад войскаў крэолаў. Аднак у 1810 годзе тое ж самае войска падтрымала новую рэвалюцыйную спробу і паспяхова скінула новага віцэ-караля Бальтасара Ідальга дэ Сіснераса. Гэтая падзея вядомая як Майская рэвалюцыя, якая ў цяперашні час адзначаецца як нацыянальнае свята. З гэтай падзеі пачалася аргенцінская вайна за незалежнасць, калі паўстанцкія войскі змагаліся супраць раялістаў з рознай ступенню поспеху. Фармальная незалежнасць ад Іспаніі была абвешчана ў 1816 годзе кангрэсам Тукумана. Жыхары Буэнас-Айрэса здолелі вытрымаць барацьбу за незалежнасць, не падпадаючы зноў пад уладу раялістаў.

Гістарычна склалася так, што Буэнас-Айрэс быў самым ліберальным і свабодным месцам у Аргенціне, у той час як многія з правінцый, асабліва на паўночным захадзе, выступалі за больш кансерватыўны каталіцкі падыход да палітычных і сацыяльных пытанняў. Вялікая частка ўнутранай напружанасці ў гісторыі Аргенціны XIX стагоддзя пачыналася з канфліктаў сталіцы і правінцый, якія па розных пытаннях мелі розныя пункты гледжання. На працягу некалькіх месяцаў адразу ж пасля рэвалюцыі 25 мая ў Буэнас-Айрэсе паўстанцкі ўрад накіраваў шэраг ваенных пасланнікаў у правінцыі з мэтай атрымання іх адабрэння. Многія з гэтых місій скончыліся жорсткімі сутыкненнямі, што прывяло да значнай напружанасці ў адносінах паміж сталіцай і правінцыямі. У XIX стагоддзі горад быў двойчы блакіраваны ваенна-марскімі сіламі — першы раз французскім флотам з 1838 па 1840 гады, а потым і сумеснай англійска-французскай экспедыцыяй з 1845 па 1848 гады. Абедзве блакады не здолелі прымусіць горад да здачы, таму замежныя дзяржавы ў канчатковым выніку спынілі агрэсіўныя дзеянні супраць горада.

Сучаснасць

правіць
 
Вуліца Карыентэс, паўсталая падчас другога будаўнічага буму

На працягу большай часткі XIX стагоддзя палітычны статус горада заставаўся нявырашанай тэмай. Горад быў сталіцай правінцыі Буэнас-Айрэс, а таксама паміж 1853 і 1860 гадамі ён быў сталіцай асобнай дзяржавы штата Буэнас-Айрэса. Гэтае пытанне вырашалася на поле бою, пакуль канчаткова не было вырашана ў 1880 годзе, калі гораду быў дадзены статус федэральнай адзінкі. Ён таксама стаў рэзідэнцыяй урада, а яго мэр з гэтага часу прызначаўся прэзідэнтам Аргенціны.

У дадатак да багаццяў, атрыманых дзякуючы гарадской мытні і выкарыстанню ўрадлівых земляў, у горадзе развівалася чыгуначная сістэма ў другой палове XIX стагоддзя, а таксама павялічылася колькасць прадпрыемстваў і заводаў. Горад стаў месцам прыбыцця шматлікіх імігрантаў з Еўропы, у прыватнасці, з Італіі і Іспаніі. З 1880 па 1930 гады Буэнас-Айрэс стаў шматнацыянальным горадам. На пачатку XX стагоддзя быў адчынены сусветна вядомы оперны тэатр «Калон», а горад да таго ж стаў рэгіянальным цэнтрам радыё, тэлебачання, кінаіндустрыі і тэатра. Асноўныя вуліцы горада былі пабудаваны ў тыя гады, і ў першыя дзесяцігоддзі XX стагоддзя Буэнас-Айрэс меў высотныя сучасныя будынкі і метрапалітэн. Наступны будаўнічы бум праходзіў з 1945 па 1980 гады, ён значна змяніў цэнтр і вялікую частку горада.

Буэнас-Айрэс таксама прыцягваў мігрантаў і з правінцый Аргенціны і суседніх краін, з-за чаго вакол прамысловых раёнаў пачалі расці шматлікія трушчобы на працягу 1930-х гадоў, што прывяло да павелічэння сацыяльных праблем і сацыяльных кантрастаў. Гэтыя працоўныя сталі палітычнай базай пашырэння перанізму, які ўзнік у Буэнас-Айрэсе ў ходзе дэманстрацый ад 17 кастрычніка 1945 года на плошчы Плаза-дэ-Маё[4]. Аднак 16 чэрвеня 1955 года пераністы, знаходзячыся на гэты момант ужо ва ўладзе, бамбардзіравалі плошчу, калі там зноў праводзіліся страйкі, у выніку чаго загінула 364 грамадзянскія асобы. Праз тры месяцы пасля таго ваенны ўрад змясціў з пасады прэзідэнта Хуана Перона. У 1970-х гадах горад пацярпеў ад баявых дзеянняў паміж левымі рэвалюцыйнымі рухамі і правымі ваенізаванымі групоўкамі пры падтрымцы Ізабелы Перон, якая стала прэзідэнтам Аргенціны ў 1974 годзе пасля смерці свайго мужа Хуана Перона. У выніку ваеннага перавароту ў сакавіку 1976 года на чале з генералам Хорхэ Відэла ў краіне ўсталявалася жорсткая ваенная дыктатура[5].

Горад двойчы наведваў Папа Рымскі Ян Павел II: у 1982 годзе, калі распачалася вайна за Фалклендскія астравы, і ў 1987 годзе, у якім у мерапрыемствах з нагоды візіту прыняла ўдзел значная колькасць жыхароў горада. Вяртанне да дэмакратыі ў 1983 годзе супала з культурным адраджэннем, а з 1990-х гадоў і эканамічным адраджэннем, асабліва ў сферы будаўніцтва і фінансавым сектары. 17 сакавіка 1992 года ля пасольства Ізраіля выбухнула бомба, забіўшы 29 чалавек і параніўшы 242. Другі выбух быў здзейснены 18 ліпеня 1994 года, знішчыўшы будынак, які змяшчаў некалькі яўрэйскіх арганізацый, забіўшы пры гэтым 85 чалавек і параніўшы многіх іншых. Гэтыя інцыдэнты паклалі пачатак ісламскага тэрарызму ў Паўднёвай Амерыцы.

Пасля пагаднення 1993 года ў аргенцінскую канстытуцыю былі ўнесены папраўкі, які надавалі Буэнас-Айрэсу статус аўтаноміі і скасоўвалі, сярод іншага, права прэзідэнта на прызначэнне мэра горада. 30 чэрвеня 1996 года выбаршчыкі Буэнас-Айрэса абралі свайго першага выбарнага мэра.

Геаграфія

правіць
 
Фотаздымак Рыа-дэ-ла-Плата са спадарожніка

Буэнас-Айрэс размяшчаецца на адлегласці 275 км ад Атлантычнага акіяна ў добра абароненай бухце заліва Ла-Плата, на левым беразе ракі Матанца-Рыачуэла. Сталіца знаходзіцца ў паўночна-ўсходняй частцы Аргенціны, на раўніннай мясцовасці, у субтрапічным прыродным поясе з субтрапічным мусонным кліматам. Натуральная расліннасць наваколляў горада прадстаўлена тыповымі для лугавых стэпаў і саван пародамі дрэваў і травы. У склад вялікага Буэнас-Айрэса ўваходзяць 18 прыгарадаў, агульная плошча складае 3646 км².

Буэнас-Айрэс знаходзіцца ў рэгіёне пампасы, якія ўваходзяць у экалагічны запаведнік Буэнас-Айрэса. З горадам суседнічаюць аэрапорт імя Хорхэ Нейберы, які быў пабудаваны на меліяраваных землях уздоўж узбярэжжа Ла-Плата — эстуарыя, утворанага пры зліцці рэк Уругвай і Парана[6].

У гэты рэгіён уваходзяць розныя землі і лагуны. У іх лік уваходзяць Мальданада, Вега, Медрана, Кільданес і Уайт. У 1908 годзе пачаліся працы па змене рэчышчаў дробных рэк з мэтай выправіць сітуацыю са штогадовымі паводкамі горада. Ужо ў 1919 годзе кірунак плыні большасці рэк быў зменены. Характэрна, што на месцы ракі Мальданада ў 1954 годзе была пабудавана вуліца.

Клімат

правіць

Буэнас-Айрэс мае вільготны субтрапічны клімат з чатырма выразна выяўленымі сезонамі і сярэдняй гадавой тэмпературай 17,7 °C. Самым цёплым месяцам з’яўляецца студзень пры сярэднядзённай 25,1 °C. Вялікую частку часу тэмпература вагаецца ў межах 28—31 °C удзень і 16—21 °C ноччу. Цеплавыя хвалі з Бразіліі могуць павысіць тэмпературу вышэй за 35 °C. Горад падлягае халодным франтам, якія прыносяць кароткія перыяды прыемнага надвор’я, асабліва свежымі начамі. Адносная вільготнасць з’яўляецца ўмерана высокай (64—70 %) у летні перыяд. Самая высокая тэмпература за ўсю гісторыю склала 43,3 °C, яна была зафіксавана 29 студзеня 1957 года[7]. Вясна (з верасня па лістапад) і восень (з сакавіка па май), як правіла, з’яўляюцца мяккімі, з сярэднімі тэмпературамі каля 17 °C і частымі навальніцамі, асабліва ў перыяд вясны.

Зіма ўмераная, аднак у прыгарадных раёнах часцяком назіраецца мароз з мая па верасень, у адрозненне ад цэнтра Буэнас-Айрэса, дзе назіраецца такая з’ява толькі некалькі разоў на сезон. Адносная вільготнасць паветра складае ў сярэднім 70 %, што азначае, што горад схільны да існавання цяжкіх туманаў у асенне-зімовы перыяд[8]. Ліпень з’яўляецца самым халодным месяцам, з сярэдняй тэмпературай 10,9 °C. Халодныя франты, якія прыходзяць з Антарктыды, назіраюцца амаль кожны год, і ў спалучэнні з высокай вільготнасцю зімой мароз адчуваецца нашмат халаднейшым. Горад атрымлівае каля 1242,6 мм ападкаў на год. Дажджы назіраюцца ў любы час года, а град не з’яўляецца чымсьці незвычайным.

Насельніцтва

правіць
Рост насельніцтва Буэнас-Айрэса з 1740 да 2005 года
Год Насельніцтва
1744 11.000
1770 22.000
1800 40.000
1813 46.000
1825 55.000
1838 65.000
1857 99.000
1864 140.000
1869 180.329
1880 248.700
1884 295.000
1887 466.300
1895 661.205
1903 865.000
Год Насельніцтва
1906 1.057.000
1914 1.582.884
1923 1.780.000
1928 2.079.000
1931 2.195.000
1938 2.345.200
1943 2.595.900
1947 2.981.043
1960 2.966.634
1970 2.972.453
1980 2.922.829
1991 2.965.403
2001 2.768.772
2005 2.746.761
 

Адукацыя

правіць

Гарады-пабрацімы

правіць
 
Буэнас-Айрэс

Вядомыя жыхары

правіць

Гл. таксама

правіць

Крыніцы

правіць
  1. RESOL-2020-409-APN-MSG Праверана 5 студзеня 2021.
  2. https://data.iana.org/time-zones/tzdb-2021e/southamerica
  3. а б «Argentina: A Short History» by Colin M. Lewis, Oneworld Publications, Oxford, 2002. ISBN 1-85168-300-3
  4. «Guía visual de Buenos Aires centro histórico», Clarín Viajes, 2001. ISBN -X
  5. «We are Millions: Neo-liberalism and new forms of political action in Argentina», Marcela Lópéz Levy, Latin America Bureau, London, 2004. ISBN -X
  6. «Cuenca del Plata». borello.com.ar
  7. «Monthly Information of the city of Buenos Aires, January in the city of Buenos Aires, Servicio Meteorológico Nacional». Argentine National Meteorological Service
  8. «Atlas Ambiental de Buenos Aires» Архівавана 6 ліпеня 2011.. AABA.

Спасылкі

правіць