Быстрыца (Астравецкі раён)

вёска ў Астравецкім раёне Гродзенскай вобласці Беларусі
(Пасля перасылкі з Быстрыца, Астравецкі раён)

Бы́стрыца[1] (трансліт.: Bystryca, руск.: Быстрица) — вёска ў Астравецкім раёне Гродзенскай вобласці. Уваходзіць у склад Варнянскага сельсавета.

Вёска
Быстрыца
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Насельніцтва
  • 154 чал. (2014)
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 1591
Паштовыя індэксы
231221
Аўтамабільны код
4
Быстрыца на карце Беларусі ±
Быстрыца (Астравецкі раён) (Беларусь)
Быстрыца (Астравецкі раён)
Быстрыца (Астравецкі раён) (Гродзенская вобласць)
Быстрыца (Астравецкі раён)

Знаходзіцца на р. Вілія. За 29 км на поўнач ад Астраўца, 34 км ад чыгуначнай станцыі Гудагай. Насельніцтва 251 чал., 86 двароў (1991).

Гісторыя правіць

Упершыню Быстрыца ўспамінаецца пад 1390 годам, як уладанне вялікага князя Ягайла, дзе ён заснаваў касцёл Узвышэння Святога Крыжа канонікаў рэгулярных і запісаў яму фундуш. У канцы XIV — пачатку XVI стагоддзяў пры касцёле дзейнічаў кляштар белых аўгусцінаў. Затым Быстрыца была ва ўласнасці вялікага князя Вітаўта, з якой ён у 1407 годзе даў трох рыбакоў і возера Віленскаму кафедральнаму касцёлу.

Да пачатку XVI стагоддзя быстрыцкія вялікакняскія ўладанні сфарміраваліся як Быстрыцкае староства («дзяржава») Віленскага ваяводства. Цэнтрам староства быў «двор» Быстрыца, які знаходзіўся паміж мястэчкам Быстрыца і ракой Віліяй на самым яе беразе. Пры ўездзе на «двор» з боку мястэчка стаяла вялікая драўляная брама з двума турэмнымі памяшканнямі па баках. Насупраць брамы, над самой Віліяй, узвышаўся вялікі сядзібны дом. Апроч гэтага на дзядзінцы былі стары флігель, свірны, новая і старая пякарні, сырніца, а каля ракі — бровар. Побач з дваром асобна знаходзілася гумнішча з гаспадарчымі пабудовамі.

З пачатку XVI стагоддзя ў Быстрыцы знаходзілася мытня для сплаву лесу, збор мыта быў уведзены віленскім ваяводам Мікалаем Радзівілам. За кожны плыт з будаўнічага дрэва назначалася аплата ў 3 грошы, а за плыт з дроў — 1,2 гроша (12 пенязяў), іншы тавар спагнанню мыта ў Быстрыцы не падлягаў.

Упершыню Быстрыца як горад («места») згадваецца ў дакуменце 1547 года. Галавой гарадской адміністрацыі, якой падпарадкоўваліся мяшчане і іншыя каралеўскія падданыя, што жылі ў горадзе, быў войт. У дакументах на працягу 1541—1559 гадоў быстрыцкім войтам фігуруе Андрэй Гроцкі.

Пасля адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы 1565—1566 гадоў Быстрыцкае староства ўвайшло ў склад Віленскага павета.

З другой паловы XVII стагоддзя і цягам усяго XVIII стагоддзя Быстрыца як і раней цэнтр староства, якое ўвесь гэты час трымалі ад караля Бжастоўскія.

Станам на 1612 год у Быстрыцы 56 двароў. Паводле інвентара 1624 года, у цэнтры мястэчка размяшчалася Рыначная плошча, ад якой адыходзілі тры вуліцы — Папоўская (на ёй стаяў касцёл, што даў назву вуліцы), Трокская і Віленская; агулам у мястэчку было 72 мяшчанскія дамы. Войтам Быстрыцы быў Юргель Навіковіч.

Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Быстрыца ў складзе Расійскай імперыі — цэнтр Быстрыцкай воласці Віленскага павета, дзяржаўная ўласнасць.

У 1851 годзе у Быстрыцы адкрыта сельскае вучылішча, дзе вучылася 47 вучняў, пры вучылішчы была бібліятэка (204 кнігі). У 1861 годзе ў казённым мястэчку Быстрыца — 33 двары, 247 жыхароў, на працягу года праходзілі 4 кірмашы. У 1865 годзе Быстрыцкі Крыжаўзвіжанскі касцёл перадалі пад праваслаўную царкву. Станам на 1886 год у мястэчку дзейнічала народнае вучылішча, прытулак, крама, 2 карчмы.

У 1-ю сусветную вайну Быстрыцу занялі нямецкія войскі. У 1918—1926 гадах будынак касцёла вернуты каталікам і рэканструяваны па першапачатковым прызначэнні. З кастрычніка 1920 года мястэчка ўваходзіла ў склад Сярэдняй Літвы, а з 1922 года — міжваенннай Польскай Рэспублікі.

Пасля пачатку Другой сусветнай вайны ў 1939 годзе Быстрыца ўвайшла ў БССР, з 12 кастрычніка 1940 года — цэнтр Быстрыцкага сельсавета Астравецкага раёна. З чэрвеня 1941 да ліпеня 1944 года Быстрыца знаходзілася пад нямецкай акупацыяй.

З 17 студзеня 1969 года[2] (пасля пераносу цэнтра сельсавета ў Трокенікі) да 2013 года вёска ўваходзіла ў склад Трокеніцкага сельсавета[3].

Насельніцтва правіць

 
Касцёл. К. Тышкевіч, XIX ст.
  • XIX стагоддзе: 1880 год — каля 103 чал.[4]
  • XX стагоддзе: 1901 год — каля 405 чал.; 1971 год — 295 чал., 91 двор; 1990 год — 251 чал., 86 двароў[5]

Інфраструктура правіць

У Быстрыцы працуе няпоўная сярэдняя школа.

Славутасці правіць

Крыніцы правіць

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9 (DJVU).
  2. Рашэнне выканкома Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 17 студзеня 1969 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1969, № 9 (1239).
  3. Решение Гродненского областного Совета депутатов от 26.02.2013 N 224 О некоторых вопросах административно-территориального устройства Островецкого района Гродненской области Архівавана 5 сакавіка 2016.
  4. Bystrzyca // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom I: Aa — Dereneczna (польск.). — Warszawa, 1880. — S. 510.
  5. Шаблюк В. Быстрыца // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1994. — С. 143. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-142-0.

Літаратура правіць

  • Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Гродзенскага раёна / Рэдкал. У. П. Верхась і інш. — Мн., 1993.

Спасылкі правіць