Бюргеры Шры-Ланкі

Бюргеры Шры-Ланкі (ад гал. burgher, "гараджанін", саманазвы Hollandsche і Tupass) — этнічная група, якая склалася на Шры-Ланцы ў выніку шлюбаў партугальскіх, галандскіх і брытанскіх перасяленцаў з мясцовым насельніцтвам. Агульная колькасць на Шры-Ланцы - 39599 чал[1]. (перапісы 2001 - 2007 гг). У выніку эміграцыі бюргерскія абшчыны склаліся ў Аўстраліі, ПАР, Вялікабрытаніі і г. д.

Бюргеры Шры-Ланкі
(Hollandsche і Tupass)
Бюргерскія жанчыны, мал. 1786 г.
Агульная колькасць 39599 чал.
Рэгіёны пражывання Шры-Ланка
Мова англійская
Рэлігія каталіцызм, пратэстанцтва
Блізкія этнічныя групы сінгалы, тамілы, партугальцы, галандцы
Колькасць бюргераў на Шры-Ланцы (у працэнтных суадносінах)

Гісторыя правіць

Бюргерская абшчына пачала складвацца ў XVI ст. у выніку каланізацыі ўзбярэжжа Шры-Ланкі выхадцамі з Партугаліі, сярод якіх былі як партугальцы, так партугальскія яўрэі, немцы, італьянцы, галісійцы і інш.

У XVII ст., калі ўзбярэжжа была акупавана Нідэрландамі, большасць партугальцаў была вымушана пакінуць калонію, аднак частка нашчадкаў ад сумесных шлюбаў перасялілася на землі, што кантраляваліся сінгальскімі ўладарамі. Выключэнне было зроблена для партугальскіх яўрэяў. Галандская Ост-Індская кампанія садзейнічала прыцягненню перасяленцаў з Еўропы, якія займаліся мясцовым кіраваннем, плантацыйнай гаспадаркай, рамяством і гандлем.

Пасля захопу Шры-Ланкі Вялікабрытаніяй у кан. XVIII - пач. XIX ст. па-еўрапейску адукаваныя крэолы галандскага і партугальскага паходжання заахвочваліся да працы ў каланіяльнай адміністрацыі, мелі фармальныя і нефармальныя прывілегіі. Колькасць бюргерскага насельніцтва стала расла. У 1899 г. была сфарміравана арганізацыя галандскіх бюргераў "Галандскі саюз", а ў 1907 - 1908 гг. - Саюз галандскіх бюргераў Цэйлона. З 1908 г. выдаваўся часопіс Саюза на англійскай мове.

Абвяшчэнне незалежнасці Шры-Ланкі (1948 г.), дзяржаўнасці сінгальскай мовы (1956 г.) і нацыяналізацыя часткі эканомікі прывялі да выдалення бюргераў з адміністрацыйных пасад і бізнесу. З 1950-ых гг. назіраецца сталая бюргерская эміграцыя ў іншыя, перш за ўсё англамоўныя краіны. Іх колькасць на Шры-Ланцы паступова скарачаецца. Пад час грамадзянскай вайны 1983 - 2009 гг. некаторыя бюргеры высоўвалі патрабаванне стварэння бюргерскай дзяржавы на Шры-Ланцы, але ні ўладамі, ні самой бюргерскай абшчынай яно не было ўспрынята ўсур'ёз.

Асаблівасці культуры правіць

Традыцыйна бюргеры арыентаваліся на каланіяльныя ўлады, таму будавалі паўседзённую культуру ў адпаведнасці з патрабаваннямі, якія накладвала на іх метраполія. Характэрна, што ўжо ў XIX - перш. пал. XX стст. большасць з іх адмовілася ад партугальскай і галандскай крэольскіх гаворак на карысць англійскай мовы.

Хаця большасць належала да нашчадкаў ад шлюбаў еўрапейцаў з сінгаламі і таміламі, яны імкнуліся трымаць дыстанцыю ад тубыльцаў. Больш за тое, сярод саміх бюргераў назіралася няроўнасць у вызначэнні статуса. Так галандскія бюргеры Hollandsche лічыліся вышэй за партугальскіх бюргераў Tupass, а тыя ў сваю чаргу за "чорных бюргераў", што жылі ў сельскай мясцовасці і радніліся з мясцовымі хрысціянамі. Само слова "бюргер" часам мела негатыўнае адценне. Упершыню афіцыйна яно было ўжыта брытанскай адміністрацыяй пад час перапісу 1871 г.

Вернікі - пратэстанты і каталікі.

Зноскі

Спасылкі правіць