Бюро дапамогі Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі

Бюро дапамогі Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі пры ЦК КП(б)Б (мела таксама назву «закардоннае бюро». Дзейнічала з ліпеня 1924 да 21 лютага 1925 у Мінску. Створана пры садзейнічанні прадстаўніцтва ЦК Камуністычнай рабочай партыі Польшчы пры Выканкаме Камінтэрна з мэтай арганізацыі дапамогі Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі.

У розны час у Бюро ўваходзілі Я. А. Адамовіч, А. А. Асаткін-Уладзімірскі, У. М. Ігнатоўскі (да кастрычніка 1924 кіраваў тэхнічнай работай і арганізоўваў выкананне задач), А. І. Крыніцкі, І. К. Лагіновіч (П. Корчык), А. С. Славінскі (агульнае кіраўніцтва), А. Р. Чарвякоў.

Бюро вяло перапіску па пытаннях палітычнага і арганізацыйнага характару з ЦК КПЗБ, які знаходзіўся ў падполлі, аказвала яму дапамогу ў выданні падпольнай літаратуры, рабоце друкарняў, фінансавала яго культурна-асветніцкую дзейнасць, рыхтавала кадры для падпольнай партыйнай работы ў Заходняй Беларусі і інш.

Да лістапада 1924 правяло 8 пасяджэнняў, на якіх было разгледжана каля 40 арганізацыйных, кадравых, палітычных і тэхнічных пытанняў. У сувязі з утварэннем у ЦК КПЗБ у лістападзе 1924 фракцыйнай групы інтэнсіўнасць работы Бюро значна павялічылася. Дзейнасць Бюро была спынена як вычарпаўшага свае функцыі рашэннем Бюро ЦК КП(б)Б.

Літаратура

правіць
  • Ладысеў, У. Ф. Бюро дапамогі Кампартыі Заходняй Беларусі / У. Ф. Ладысеў // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. / Беларуская Энцыклапедыя; Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. Т. 2: Беліцк—Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелЭн, 1994. — 536 с. — С. 154. — ISBN 5-85700-142-0.