Адкрыць галоўнае меню

Бярозаўскі гісторыка-краязнаўчы музей — музей, адкрыты ў 1963 г. у г.Бяроза паводле распараджэння Брэсцкага аблвыканкама як гісторыка-рэвалюцыйны музей. Рашэннем Бярозаўскага райвыканкама ад 23.11.1993 г. перайменаваны ў гісторыка-краязнаўчы. Музеем кіравалі Я. Ф. Бажок, М.Дз. Сікорын, Г. А. Ракіцкая, Г. С. Пуцыковіч. З 1999 г. дырэктар Л. М. Ківатыцкая.

Асноўны фонд музея (2008) налічвае 18 808 адзінак захоўвання, навукова-дапаможны — 10 689 адзінак Плошча экспазіцыі 156 м², размешчана ў 5 залах.

ЭкспанатыПравіць

Музейныя экспанаты сабраны ў 19 калекцый: археалогія, нумізматыка, скарбы, баністыка, фалерыстыка, зброя, прадметы этнаграфіі і побыту, графіка, скульптура, жывапіс, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, музычныя інструменты, дакументы, друкаваныя выданні, фотадакументы, рукапісы, кінафотадакументы, прадметы з гісторыі тэхнікі, прыродазнаўчая калекцыя. Найбольш значныя і рэдкія сярод іх: манетны скарб 16 ст. Вялікага княства Літоўскага; прадметы, выяўленыя ў час археалагічных раскопак на тэрыторыі картэзіянскага манастыра: керамічны посуд, фрагменты пластычнай паліхромнай кафлі, жалезныя вырабы (усе 17 ст.) і інш.; алтарная драўляная манастырская скульптура 17 ст.; калекцыі абразоў 17 — 19 ст. (47 адзінак); кавалак бурштыну вагой 518 г., знойдзены на тэрыторыі Бярозаўскага камбіната сілікатных вырабаў; унікальныя фотаздымкі Бярозаўшчыны 1930-х г. Ю.Шыманчыка; малюнкі ваеннай пары (1942) палітрука 345-га партызанскага атрада С. М. Бельскага; калекцыі размалёвак па шкле і вышыўкі.

Асноўная тэма экспазіцыі залы «З глыбіні стагоддзяў» — помнікі археалогіі Бярозаўшчыны. Тут прадстаўлены матэрыялы раскопак са стаянак каля вёсак Зарэчча, Спорава, Стрыгінь, аб самых старажытных населеных пунктах — вёсках Здзітава (1005), Сялец (1397), Малеч (1427), г. Бяроза (1477), помніку архітэктуры правінцыяльнага класіцызму, неаготыкі і садова-паркавага мастацтва пейзажнага стылю 19 ст. — сядзібе графаў Пуслоўскіх, манастыры ордэна картэзіянцаў (г. Бяроза), пабудаваным у 1648-89 гг. У зале «Гісторыя і людзі» 1920-30-х гг. зберагаюцца фота і дакументальныя матэрыялы, звязаныя з жыццём і дзейнасцю знакамітых людзей Бярозаўшчыны: гісторыкаў В. Д. Друшчыца, акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі П. В. Горына, аднаго з кіраўнікоў рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі, публіцыста А. А. Альшэўскага, генерал-лейтэнанта С. І. Любарскага, Героя Савецкага Саюза І. І. Валасевіча. Асобны раздзел расказвае пра Бярозу-Картузскую — канцэнтрацыйны лагер, рэжым і знаходжанне ў ім вязняў. У экспазіцыі залы «Народныя рамёствы і промыслы» адлюстраваны старадаўнія промыслы беларусаў: ткацтва і саломапляценне, ганчарныя вырабы, кераміка, лозапляценне і бондарства, калекцыя музычных інструментаў майстра Я. І. Шаўчука, унікальныя фотаздымкі Палесся 1934-37 гг. Ю.Шыманчыка. У зале «Вялікая Айчынная вайна на Бярозаўшчыне» матэрыялы аб масавым расстрэле ў 1942 г. нямецка-фашысцкімі акупантамі больш за 60 тыс. мірных жыхароў з Еўропы на чыгуначнай станцыі Бронная Гара, пра партызанскую барацьбу, Блудзенскае антыфашысцкае падполле, лясныя партызанскія школы, Здзітаўскую абарону, вызваленне ад акупантаў Бярозаўшчыны ў 1944 г. Афармляецца зала «Бяроза і сучаснасць».

Галерэя мастацтваў горада БярозаПравіць

Музей мае філіял «Галерэя мастацтваў» у г. Бяроза. Адкрыты 16.07.2004 г. у дзень 60-годдзя вызвалення Бярозаўскага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў паводле рашэння Бярозаўскага райвыканкама ад 27.01.2004 г.

Плошча экспазіцыйных залаў галерэі 307 м². Мае калекцыі: размалёўка па шкле, выцінанка, ручнікі, нацыянальныя строі, нумізматыка, іканапіс, карціны мастакоў Бярозаўшчыны, унікальныя вырабы і сувеніры з саломкі, дрэва і керамікі, мастацкае пляценне з лазы, эксклюзіўныя пано. Пастаянна дзеючыя экспазіцыі: «Картэзіянскі манастыр у жывапісе», «Бярозаўскі кірмаш», «Птушка шчасця Сяргея Юркевіча», «Абаронцы неба Бярозаўшчыны», «Воінам-інтэрнацыяналістам прысвячаецца». У галерэі адбываюцца выстаўкі майстроў і мастакоў Бярозаўшчыны, з фондаў гісторыка-краязнаўчага музея, міжнародныя выстаўкі, дадзеныя ў часовае карыстанне замежнымі пасольствамі ў Беларусі.